Камень, які гаворыць... "Прабачце..."

12 верасня 1995 года ўсю Беларусь узрушыла паведамленне аб трагедыі, што здарылася на Бярозаўшчыне: беларускімі ваеннымі лётчыкамі па загаду "зверху" быў збіты паветраны шар з дзвюма грамадзянамі ЗША. Загінулі зусім ужо немаладыя былыя лётчыкі Джон Сцюарт Джэрвіс і Алан Бернард Дрэнкел. Можна спрачацца наконт неабходнасці стрэлаў, але гэта справа міждзяржаўнай камісіі. Адно можна сказаць дакладна: людзей не вернеш.

Паветраны шар ва ўсім свеце лічыцца сімвалам свята, міра, вандроўкі. На жаль, у наш час і ў нашай краіне гэтая сімволіка невядомая.

Каб хоць неяк супакоіць душу і зрабіць усё па-людску, у гадавіну здарэння на месцы гібелі паветраплавальнікаў некалькі гараджанаў з Бярозы пахавалі рэшткі карзіны і шара, якія яшчэ там заставаліся. На насыпе замацавалі вялікі камень, дзе бронзай свецяцца крыж, дата трагедыі і надпіс: "ПРАБАЧЦЕ..." Гэты помнік стаіць у ляску ля дачнага пасёлка паблізу вёскі Круглае. Ён - напамін аб тым, як мала мы наблізіліся да Боскіх ідэалаў дабра, любові і справядлівасці.

Палажы, прахожы, кветку ля помніка, спыніся, падумай і глянь у неба...

Алесь Здзешчыц