На галоўную старонку
 


Ушанаваць памяць вайскоўцаў

Беларусь знаходзіцца і заўсёды знаходзілася на скрыжаванні гістарычных шляхоў, якія злучалі Ўсход і Захад, Поўнач і Поўдзень. Па гэтых дарогах ішлі не толькі цывільныя людзі, але, на жаль, і войскі. І таму даволі часта тут адбываліся як шматлікія невялікія ваенныя сутычкі, так і даволі буйныя бітвы. Вядома, гэтыя вайсковыя падзеі пакідалі свае сумныя сляды - месцы пахавання вайскоўцаў.

Адно з іх - гэта вядомыя ў жыхароў нашага раёна так званыя "аўстрыйскія могілкі". Людзі мелі нейкую рацыю, калі назвалі іх аўстрыйскімі, але больш дакладней гэтае месца каля вёскі Навасёлкі было б назваць так: вайсковыя могілкі ахвяр першай сусветнай і савецка-польскай 1920 года войнаў. На гэтым невялікім кавалку зямлі пад лістоўніцамі пахавана больш за 600 рускіх, нямецкіх, аўстрыйскіх, венгерскіх салдат. Ніжэй прыводзяцца больш дакладныя лічбы:

Якой армііДата смерціКолькасць салдат
Рускай1915-1918144
Нямецкай1915-1918304
Аўстрыйскай1915-191683
Венгерскай191514
Чырвонай192080
Невядомай191635
Усяго 660

Хацеў бы дадаць, што гэтыя лічбы не канчатковыя, і колькасць пахаваных на гэтым месцы вайскоўцаў значна большая.

Пахаваннем (а дакладней перапахаваннем) у адно месца вайскоўцаў розных армій, загінуўшых у розныя гады, займаліся польскія ўлады ў перыяд 1928-29 гадоў. На тэрыторыі сённяшняй Брэсцкай вобласці ёсць некалькі такіх вайсковых могілак, якія ўпарадкавалі ў 20-30-я гады польскія ўлады незалежна ад прыналежнасці салдат да той ці іншай краіны.

Сёння ў Бярозаўскім раёне існуе спіс помнікаў і месц гісторыі і культуры, у якім адсутнічае дадзенае месца пахавання. Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 1992 года "Аб увекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў" мясцовыя ўлады павінны ўзяць на ўлік усе вайсковыя могілкі і месцы пахавання ахвяр войнаў.

Што тычыцца пахаваных салдат рускай і Чырвонай армій (агульная колькасць іх 224 чалавекі), то абавязкова патрэбна неяк упарадкаваць месца іх пахавання і перш-наперш паставіць гэтае месца пад ахову дзяржавы. Дарэчы, сярод загінуўшых салдат рускай арміі шмат прозвішчаў яўна беларускага паходжання: Быкоўскі, Чайкоўскі, Івановіч, Каліноўскі, Карповіч, Міхновіч, Ніцэвіч, Сіўчук, Стасюк і гэтак далей.

А вось, што тычыцца пахаванняў нямецкіх, аўстрыйскіх, венгерскіх, то і тут ёсць магчымасць прывесці іх да належнага стану. Мною перададзены спіс нямецкіх салдат прадстаўніку Чырвонага Крыжа Германіі пану Даме. Такі ж спіс цераз вядомага беларускага вучонага Адама Мальдзіса перададзены нямецкаму паслу ў Беларусі. На Беларусі існуе прыватная фірма "Апошняя спадчына", якая робіць па дамоўленасці з замежнымі краінамі аднаўленне і захаванне такіх могілак.

Мой дзед Андрэй Кучарэнка загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны і пахаваны ў Польшчы. Я спадзяюся, што яго апошні прытулак знаходзіцца ў належным стане, што ёсць добрыя людзі, якія не дазволяць саромецца за могілкі савецкіх салдат, сярод якіх быў і мой дзед, Менавіта адносіны да такіх месц высвятляюць сапраўдны ўзровень культуры і маральнасці народа ці дзяржавы.

Гэты артыкул прашу лічыць афіцыйным дэпутацкім зваротам з прапановай унесці месца пахавання вайскоўцаў пад назвай "Вайсковыя могілкі ахвяр першай сусветнай і савецка-польскай 1920 года войнаў" у спіс помнікаў і месц гісторыі і культуры, якія ахоўвае дзяржава.

Сяргей Кныревіч,
народны дэпутат Мінскага гарадскога Савета.
"Маяк", №67 за 24.08.1993 г.

На галоўную старонку