Ствараецца рэгіянальная арганізацыя краязнаўцаў "Палессе"

7 лютага 1999 года ў офісе Берасцейскага абласнога цэнтра падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў "Вежа" працаваў "круглы стол" краязнаўцаў і гісторыкаў Брэсцкай вобласці з удзелам гасцей з Гродна. На ім былі абмеркаваны пытанні краязнаўчай работы, заслухана інфармацыя выкладчыка Брэсцкага дзяржуніверсітэта Сафронія Жлобы пра праект "Палессе-геас", а таксама іншыя міжнародныя праекты. Пад канец сустрэчы было вырашана стварыць краязнаўчае грамадскае аб'яднанне "Палессе", асноўнымі мэтамі якога будуць: комплекснае навуковае даследаванне Палесся і распаўсюджванне ведаў аб гэтым рэгіёне, захаванне помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры мясцовага насельніцтва, ландшафтных, геаграфічных, экалагічных помнікаў Палесся. На думку удзельнікаў сустрэчы, краязнаўцы і гісторыкі павінны мець прафесійныя зносіны, дзяліцца матэрыяламі, стварыць сваю базу даных, што зробіць іх працу больш эфектыўнай. "Нам патрэбна няўрадавая арганізацыя, якая будзе каардынаваць гэтую працу, таму мы і ствараем "Палессе",- адзначыў С.Жлоба. Паводле рашэння краязнаўцаў, устаноўчая канферэнцыя аб'яднання павінна адбыцца у другой палове красавіка бягучага года.

Кантактны адрас для ўсіх зацікаўленых асоб ці жадаючых даслаць свае прапановы:
224008, Беларусь, г.Брэст, вул. Сярэдняя, 16.