На галоўную старонку
 


Лёс нашчадкаў Войцэха Пуслоўскага маёнтка Пескі

Аднойчы, у №2(6) "Гістарычнай брамы", мы ўжо знаёмілі чытачоў з прадстаўнікамі вядомага магнацкага роду Пуслоўскіх. Сёння - працяг гэтай тэмы.

Родны кут. Зямля бацькоў, зямля, дзе чалавек робіць свае першыя крокі. Яна заўсёды мае асаблівую прывабнасць, чароўную сілу. Усё на гэтай зямлі - самае дарагое, самае блізкае. І куды б чалавека ні закінуў лёс, ніколі не парвецца душэўная сувязь з яго роднай зямлёй . У пацвярджэнне гэтых слоў можна прывесці вытрымку з пісьма графа Ксаверыя Пуслоўскага з Лондана: "Я атрымаў многа віншаванняў і пажаданняў на маё 90-годдзе: з Амерыкі, Англіі, Канады, Аргенціны, Польшчы. Але ні адно не зрабіла мне столькі прыемнасці, як ліст ад пана. Віншавані і пажаданні на свята з Песак, дзе я 90 год таму з'явіўся на свет, была такая радасная неспадзяванка для мяне." Так адрэагаваў 90-гадовы чалавек на ліст, які ён атрымаў з Радзімы праз 56 гадоў, як пакінуў яе, і не меў ніякіх звестак аб лёсе свайго маёнтка Пескі.

I

Маёнтак Пескі вядомы з 16 стагоддзя. Тады ім валодаў Аляксандр Ягелончык. Пазней Якуб Пуслоўскі адкупіў частку і стаў новым уладальнікам гэтага маёнтка. І з таго часу Пескі становяцца фамільнай рэзідэнцыяй сям'і Пуслоўскіх.

Род графаў Пуслоўскіх - адзін з багацейшых на Беларусі. Яны былі вялікімі землеўладальнікамі і мелі таксама шмат маёнткаў, сядзіб і палацаў.

Значную цікавасць прадстаўляе сядзіба Пуслоўскіх у в. Пескі на Бярозаўшчыне, што захавалася да сённяшняга дня. Гэта помнік сядзібнай архітэктуры і садова-паркавага мастацтва пейзажнага стылю. Сядзіба пачала фарміравацца яшчэ пры Казіміры Пуслоўскім. А свой непаўторны выгляд набыла пры жыцці самага знакамітага і заможнага з Пуслоўскіх - Войцэха Пуслоўскага (1762-1833), які часта наведваў дварцовыя балы ў Пецярбургу, але стала жыў усё ж у Песках, дзе пабудаваў выдатны палац. Палац аздабляла калекцыя карцін еўрапейскага жывапісу, а таксама зборы іншых твораў мастацтва. Быў у маёнтку і свой аркестр з уласных слуг, а таксама вельмі добрая кухня. Акрамя палаца ў ансамбль маёнтка ўваходзілі дзве брамы, якія захаваліся да нашага часу, двухпавярховая каменная аранжэрэя "Павільён роз", спіртзавод, вялікі вятрак і жылыя пабудовы для прыслугі і рабочых завода. Палац стаяў на пакатым узгорку, ад якога бярэ пачатак парк, закладзены ў 18 стагоддзі. Парк спланаваны па пейзажнай схеме з алеямі і сажалкамі, у якіх разводзілася рыба. Непадалёку было Чорнае возера, і з яго ў вадаёмы ўвесь час па сістэме каналаў цякла свежая вада. У парку і па сённяшні дзень захаваліся рэдкія для нашай мясцовасці пароды дрэў. Першапачатковы палац Войцэха згарэў у пажары, што адбыўся ў 1843 годзе. У той час маёнтак належаў сыну Войцэха Пуслоўскага - Францішку Пуслоўскаму (1800-1859). Згарэўшы палац не сталі адбудоўваць. У новы сядзібны дом перабудавалі стайню, якая размяшчалася крыху воддаль ад палаца. Гэты дом таксама захаваўся і ўяўляе сабой прамавугольны будынак, складзены з магутных брусоў лістоўніцы і накрыты вальмавым дахам. Асноўным архітэктурным элементам будынка з'яўляецца чатырохкалонны класічны порцік у цэнтры галоўнага фасада. У франтоне была размешчана галава сабакі, што сведчыла аб схільнасці ўладальніка да палявання. Дом складаўся з жылых пакояў, кухні, сталовай, малельні, гаспадарчых памяшканняў і абаграваўся печамі і камінамі.

Галоўны ўезд у сядзібу аформлены велічнай цаглянай уязной брамай, збудаванай у выглядзе стральчатай аркі. Круглыя вежы і розныя ўпрыгожванні надаюць ёй старажытны выгляд. Да заходняга боку брамы прымыкае каравульнае памяшканне, у якім і цяпер жывуць людзі. Другая, заходняя брама, пабудавана ў тым жа стылі, але амаль поўнасцю разбурана часам і людзьмі. Не захавалася да нашага часу аранжэрэя, ветраны млын і капліца. Спіртзавод, пабудаваны ў 1870 годзе Францішкам Пуслоўскім (1846-1901), быў шматразова рэканструіраваны, апошні раз у 1939 г Францішкам Пуслоўскім (1903-1988). Сёння завод значна пашырыўся, дабудаваны новы цэх. Зараз на ім выпускаецца гарэлка "Старапескаўская". У свой час былі прапановы адзін з гатункаў гарэлкі назваць "Граф Пуслоўскі" - у гонар заснавальніка спіртзавода.

II

І вось некалькі год таму, прыклаўшы шмат намаганняў, мне ўдалося знайсці аднаго з нашчадкаў славутага роду - графа Ксаверыя Пуслоўскага, які жыў у Лондане. Між намі ўсталявалася перапіска. Ён быў вельмі ўзрушаны і ўдзячны лёсу за тое, што ў 90-гадовым узросце атрымаў ліст з месца, дзе нарадзіўся і вырас. А пражыў граф у Песках 29 год і, зразумела, яму было вельмі цікава даведацца, што сталася з сядзібай пасля вымушанай эміграцыі. Асаблівую цікавасць граф праявіў да месца, дзе пахаваны ўсе продкі Пуслоўскіх - касцёла св. Войцэха у в. Альшэва. Касцёл пабудаваў у 1809 г. Войцэх Пуслоўскі, а ў 1833 г. яго разам з жонкай пахавалі ў труннай капліцы гэтага касцёла. На вялікі жаль, на сённяшні дзень нічога з гэтага не захавалася. Царква, у якую быў перабудаваны касцёл, узарвана ў 1960-х гадах савецкай уладай.

Зацікавіўся Ксаверый Пуслоўскі і сваімі сямейнымі фотаздымкамі, якія былі пакінутыя ў маёнтку, а потым захоўваліся ў мясцовых жыхароў. Праз прэзідэнта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў А. Мальдзіса большая частка з іх была перададзена іх уладальніку Ксаверыю Пуслоўскаму. Для старога графа гэта была радасная падзея. Прыемнай нечаканасцю для яго з'явілася вестка пра тое, што яшчэ жыве жанчына-карміцелька, якая сваім малаком выкарміла апошняга з Пуслоўскіх, народжанага ў маёнтку Пескі. Мамка Аляксандра жыве ў сваёй вёсцы Лісічыцы і па сённяшні дзень. У 1997 годзе атрымала ад Пуслоўскага фотаздымак Ксаверыя (1934) і пасылку з падарункамі. Цікавую гісторыю аб тым, як Аляксандра трапіла ў сям'ю да графаў Пуслоўскіх расказаў жыхар вёскі Пескі Іван Чапырка, які працаваў у той час у маёнтку садоўнікам:

"Гэта адбылося ў 1934 годзе. Сям'я Францішка Пуслоўскага чакала нараджэння другога дзіцяці. Першая дачка Францішка - Марылька памерла ў малым узросце. У чэрвені 1934 года ў бальніцы г. Варшавы графіня Ірэна Моль-Пуслоўская нарадзіла сына. У Песках граф пачаў шукаць для сына карміцельку. З трох жанчын дактары г. Брэста выбралі Аляксандру. Гэта была маладая жанчына з вёскі Лісічыцы, якая толькі што нарадзіла дачку. Сама яна не была замужам, бо бацькі хлопца, з якім яна сябравала, не дазвалялі жаніцца на ёй. Аляксандра жыла ў вельмі беднай сям'і. Граф падарыў бацькам Аляксандры самую лепшую карову са свайго статка, каб яны маглі гадаваць сваю ўнучку, а Аляксандра перайшла жыць у маёнтак Пескі, дзе і выкормлівала нованароджанага графскага сына Ксаверыя. Яна была ўсім забяспечана, жыла шыкоўна. Аднойчы ля Аляксандры прысела графіня і спытала, што яна хацела б ад Пуслоўскіх за тое, што корміць іх дзіця. Аляксандра адказала, што самае вялікае яе жаданне - выйсці замуж за бацьку сваёй дачкі. Пра самае вялікае жаданне карміцелькі графіня расказала графу. Праз некаторы час граф паехаў да хлопца Аляксандры і запрасіў яго да сябе на работу аб'едзчыкам, паабяцаўшы добры заробак. Міша, так звалі таго хлопца, згадзіўся і стаў працаваць і жыць у графа. Мішыны бацькі таксама былі задаволеныя такой прапановай. Міша працаваў старанна, у яго ўсё атрымлівалася і, акрамя таго, з'явілася магчымасць часта сустракацца са сваёй каханай дзяўчынай. Праз некаторы час графіня, сустрэўшыся з Мішам, гаворыць яму: "Міхал, а чаму б табе не ажаніцца на нашай Аляксандры? Граф дасць табе за яе добры пасаг." Міша вельмі ўзрадаваўся. І бацькі далі дазвол на жаніцьбу. Хутка зрабілі вяселле, граф сапраўды даў добры пасаг і Міхал з Аляксандрай сталі самымі заможнымі ў вёсцы. Праз нейкі час у іх з'явілася другая дачка. Аляксандра гадавала сваіх дочак, а Міхал працаваў у Пуслоўскіх. Так працягвалася да верасня 1939 года.

17 верасня 1939 года Пуслоўскія з'ехалі за мяжу, пакінуўшы маёнтак і прыслугу. Больш сюды ніхто і ніколі з іх не вяртаўся. А Аляксандра з Міхалам працягвалі жыць заможна, мелі дом, зямлю, карову, яшчэ нейкую жывёлу на зайздрасць аднавяскоўцам. Затым было раскулачванне. Аляксандра, Міхал і дзве іх дачкі апынуліся ў высылцы. Умовы жыцця былі невыноснымі. Дочкі памерлі, Аляксандра з мужам выжылі, цудам засталіся жывымі. У сваю вёску вярнуліся ўжо ў сталым узросце. Тут у іх нарадзіліся яшчэ дачка і сын. З апошнім Аляксандра жыве і па сённяшні дзень."

А гэта ўжо з успамінаў самой Аляксандры: "Граф Францішак Пуслоўскі жыў вельмі заможна, добра ставіўся да сваіх слуг і рабочых. Яны былі забяспечаны ўсім неабходным. Да гаспадара ў госці часта прыязджаў з жонкай ягоны малодшы брат Ксаверы Пуслоўскі, які жыў у Целяханах. За сталом гаспадар піў гарэлкі вельмі мала. І мяне больш за ўсё здзіўляла тое, што ён часта еў хлеб з маслам, пасыпаны бярозавым вуголлем. Напэўна, у яго быў хворы страўнік. А вось яго брат, так наадварот, любіў добра выпіць і смачна паесці.

Успамінаецца і такі выпадак. Аднойчы прырэўнавала графіня свайго "хворага" графа да адной вельмі прыгожай служанкі Марыі і загадала звольніць яе з работы. Але праз некаторы час Марыя зноў працавала ў графа, але ўжо на другой рабоце."

6 студзеня бягучага года граф Ксаверы Пуслоўскі, які жыў у Лондане, памёр ва ўзросце 93 год. Там засталася яго жонка Сафія, з якой ён пражыў 67 год. Дзяцей яны не мелі.

Апошні з Пуслоўскіх - Ксаверы (1934), які нарадзіўся ў маёнтку Пескі, жыве зараз у Амерыцы ў Вашынгтоне. Яму 64 гады. Мае двух сыноў - Ксаверыя і Марка. Жыхарка в. Пескі Надзея Мікалаеўна Дайновіч успамінае: "Мая маці працавала ў графіні служанкай і мне часта даводзілася бываць разам з маці ў графскім доме. Мне тады было гадоў дзесяць. Маленькі граф рос на маіх вачах. Я часта гуляла з ім па садзе. Аляксандры ў маёнтку ўжо не было і мая маці глядзела яго, калі ім не займаліся выхавацелькі. У 39-ым, калі сям'я Пуслоўскіх назаўсёды пакідала маёнтак, запомнілася, як як гэты пяцігадовы хлопчык гаварыў маёй маці: "Пані Марыя, я абавязкова вярнуся дадому."

Такі вось лёс склаўся ў нашчадкаў Войцэха Пуслоўскага, якія жылі калісь у маёнтку Пескі.

Іван Данілавіч Новік, настаўнік, краявед.
В. Пескі, Бярозаўскі р-н.

На галоўную старонку