На галоўную старонку
 


Маёнтак Пескі

Дваровы комплекс у даўнім маёнтку Пуслоўскіх, якім яны валодалі з ХVІІ ст. да 1939 года. Галоўная сядзіба Пуслоўскіх - палац ХVІІ ст., выкананы ў стылі класіцызму, згарэў у 1843 годзе. Пасля пажару ў жылы дом была перабудавана даўняя драўляная стайня ХVІІ ст., якой таксама надалі форму тыповага маёнтка стылю класіцызму. Гэта аднапавярховы будынак, на плане мае выгляд падоўжанага прамавугольніка. Сцены тынкаваныя, зробленыя з брусоў лістоўніцы. Накрыты дом высокім чатырохсхілевым дахам. На абодвух даўжэйшых фасадах знаходзяцца крыху ўзвышаныя порцікі з дзвюма парамі калон, увенчаныя трохвугольнымі франтонамі. Фасады аздобленыя шырокімі паясамі рустыкі і падстрэхавым плітачным карнізам. Ззаду, за домам, знаходзіцца яшчэ адна пабудова ў форме асабняка. Яна атрымала такую форму, найверагодней, пасля першай сусветнай вайны ў выніку перабудовы даўняга гаспадарчага будынка 2-ой паловы ХІХ ст.

Па некаторых звестках, у міжваенны перыяд тут жыў апошні ўладар маёнтка - граф Францішак Пуслоўскі (што тычыцца дрэннага стану папярэдняй сядзібы, то, цалкам магчыма, збудаванні маёнтка моцна пацярпелі ў выніку падзей першай сусветнай вайны). Гэта трынаццацівосевы аднапавярховы будынак са скромным вонкавым дэкорам. Пры ўваходзе - порцік а чатырох калонах, на які абапіраецца трохвугольны франтон. З гаспадарчых пабудоў уцалела двухярусная вінакурня, перабудаваная ў другой палове ХІХ ст. з даўняй, стылю позняга класіцызму, палацавай аптэкі. Вельмі цікавымі аб'ектамі з'яўляюцца дзве неагатычныя брамы з сярэдзіны ХІХ ст., што вядуць на тэрыторыю рэзідэнцыі. Лепей захаваная і большая - паўночная. Яна выконвае функцыю галоўнай уязной брамы. Утворана дзвюма высокімі круглымі вежамі, увенчанымі зубцамі. Паміж сабой вежы злучаныя сцяной з такімі ж зубцамі і фрызамі. У сцяне - стральчатая арка з падвешанымі жалезнымі кратамі. Па абодва бакі ад веж знаходзяцца прадаўгаватыя каравульныя памяшканні, выкананыя ў тым жа самым стылі. Заходняя брама меншая і без веж, а стральчаты праход ў яе сярэдзіне замураваны (выкарыстоўвалася як склад). Яна ўвенчана зубцамі і пінаклямі. Па баках знаходзяцца два каравульныя памяшканні. Паводле паданняў, у час студзеневага паўстання 1863 года ў адной з брам упарта абараняўся атрад паўстанцаў.

Ад забудаванняў да берага Чорнага возера (абведзенага зараз валам) ляжыць пейзажны парк, які мае плошчу каля 10 га (сёння часцёва забудаваны). Ён закладзены вакол двух прудоў, звязаных паміж сабой і з возерам сістэмай каналаў. Праз каналы перакінутыя каменныя мосцікі. У парку захавалася таксама сістэма алеяў. Адна з іх вядзе да пагорка на паўднёвым краю парку, дзе знаходзяцца руіны магільнай капліцы Пуслоўскіх. Сёння на тэрыторыі даўняга маёнтка месціцца школьная турыстычная база.

G. Rakowski "Ilustrowany przewodnik po zabytkach kultury na Bialorusi"
Пераклад з польскай мовы Сінкевіча М.

На галоўную старонку