На галоўную старонку
 


Пінскі гітаріст аднавіў
сапраўдную лютню на Беларусі

Упершыню за трыста гадоў на Беларусі створана сапраўдная лютня. Менавіта гэты музычны інструмент быў надзвычай папулярным на Беларусі ў XVI-XVIII стагодзях. У тыя часы на нашай зямлі ў Слуцку, Нясвіжы, Гародні, Навагрудку існавалі цэлыя капэлы лютністаў. Добра валодала лютняй каралева Бона, а таксама некаторыя Радзівілы.

На жаль, імены вядомых беларускіх музыкантаў-лютністаў на сваёй зямлі па большасці забытыя альбо прыпісаныя да музычнай спадчыны Польшчы і Італіі. І вось у старажытным Пінску зроблена першая лютня. Гэты інструмент стварыў 36-гадовы пінскі гітарыст-прафесіянал, педагог і гітарны майстра Юрый Дубнавіцкі. Вядомы мінскі гітарыст і даследчык Валеры Жывалёўскі подчас прыезду ў Пінск ужо назваў стварэнне лютні "падзеяй веку ў культурным жыцці Беларусі". P Юрасём Дубнавіцкім - шчырым, таленавітым, адданым сваёй справе чалавекам, - наша гутарка.

- Юрый, чаму Вы зацікавіліся лютняй?
- Лютня - папярэдніца гітары, якая была вядомая ў Егіпце ўжо у IX стагоддзі. Росквіту гэтае мастацтва, у тым ліку і ў Вялікім княстве Літоўскім, дасягнула ў ХІІІ-ХVІ стагодзях. Цяпер сучасныя гітарысты з усяго свету часта выкарыстоўваюць рэпертуар, які калісьці гралі лютністы. Дарэчы, творы для лютні пісалі такія вядомыя кампазітары, як Бах. Мне было вельмі цікава асвоіць гэты цудоўны інструмент. А, па-другое, тут прысутнічае нейкі элемент рамантыкі - сапраўдную лютню на Беларусі ўжо больш за тры стагоддзі таму.

- А як Вы змаглі аднавіць тэхналогію выраблення інструмента?
Мой сябра, вядомы мінскі гітарыст Яўген Грыдзюшка падчас свайго знаходжання ў Германіі ў архівах знайшоў працу пачатку нашага стагоддзя з дэталёвым апісаннем тэхналогіі выраблення лютні. Акрамя гэтага, летась нам пашчасціла - Пінск з канцэртам наведаў англійскі лютніст-філосаф Брайан Райт і мне ўдалося зрабіць неабходныя здымкі і замеры арыгінальнага інструменту.

- Якое дрэва Вы выкарыстоўвалі?
- Для лютні спатрэбілася рэзанансная ель, а таксама некаторыя віды чырвонага дрэва махагоні.

- Мы ведаем, што Ваша лютня - пакуль адзіная на Беларусі. А як у іншых еўрапейскіх краінах?
- Наколькі мне вядома, у некаторых еўрапейскіх краінах, а таксама ў ЗША і Аўстраліі, ёсць некалькі майстроў, якія займаюцца вырабленнем лютні. Зараз у еўрапейскіх краінах праводзяцца спецыяльныя летнія школы па адраджэнні музыкі барока, дзе людзі з усяго свету збіраюцца, каб перадаць адзін аднаму свае веды і майстэрства. Сярод асноўных інструментаў, якія вывучаюцца ў гэтых школах, - лютня.

- Вы працуеце ў вельмі маленькай майстэрні, у хаце саіх бацькоў. Ці звярталіся Вы да мясцовых улад з прапановай дапамагчы Вам з памяшканнем?
- За ўвесь час я адзін раз звярнуўся ў выканкам. Але тое, што яны мне прапанавалі, я палічыў непрымальным.

- Самі Вы збіраецеся граць на лютні?
- Зараз акрамя выкладчыцкай дзейнасці і вырабу інструментаў я граю ў Пінскім квартэце сучаснай музыкі. Мае калегі - вельмі таленавітыя музыканты. Думаю, што мы зможам арганічна ўвесці лютню ў наш ансамбль.

- Як Вы лічыце, гэтая лютня - апошняя?
- Вядома ж - не. Акрамя лютняў я зараз рыхтую матэрыялы для вырабу яшчэ аднаго інструмента - неапалітанскай мандаліны, які будзе зрабіць больш складана, чым лютню.

- На Ваш погляд, ёсць будучае ў лютні на Беларусі?
- Зноў хачу ўспомніць майстэрства Брайана Райта, які быў літаральна да слёз расчулены тым, як яго прымалі ў Пінску: на працягу паўтары гадзіны поўная зала без адзінага шораху слухала даволі цяжкую для ўспрымання лютневую музыку. Па яго словах, нідзе ў Еўропе ён не бачыў такой добразычлівай і ўважлівай публікі. А калі ёсць слухач, будзе і будучае ў інструмента.

Гутарыў Аляксей Дзікавіцкі
"Народная Воля" 2.06.99

На галоўную старонку