На галоўную старонку
 


Летапісец айчыннай гісторыі

Багата талентамі зямля Беларусі. Тут нарадзіліся многія вучоныя, якія навуковымі працамі праславілі свой народ, даследавалі яго гістарычнае мінулае. Дастойнае месца сярод іх займае Васіль Данілавіч Друшчыц - гісторык, прафесар БДУ, грамадскі дзеяч, вучоны шматграннага таленту. Гісторыя сялянства і гарадоў, кнігадрукавання і беларускай мовы, гісторыяграфія і гісторыя філасофіі - усё гэта стала прадметам даследавання ў нввуковых працах В.Д. Друшчыца. На жаль, мы вельмі мала ведаем аб жыцці і дзейнасці гэтага чалавека. Вучонаму, які стаяў ля вытокаў савецкай гістарычнай навукі, Беларуская Савецкая Энцыклапедыя прысвяціла толькі 11 радкоў.

Аўтар гэтага артыкула пазнаёміўся з асабістай справай прафесара Друшчыца, якая захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР, зрабіў спробу прааналізаваць яго навуковую спадчыну.

Вёска Блудзень Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер гэта вёска Першамайская Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Тут 100 год назад у сялянскай сям'і нарадзіўся Васіль Данілавіч Друшчыц. Цяга да навукі праявілася ў хлапчука ўжо з маленства. Дзе толькі мог, Васілёк даставаў кнігі і, як кажуць, глытаў іх. Асабліва вабілі народныя паданні, легенды, апавяданні аб мужных людзях, аб гераічным мінулым.

У 1907 г. Васіль Друшчыц заканчвае сярэднюю школу і паступае на гістарычнае аддзяленне Юр'еўскага (цяпер Тартускага) універсітэта. Гэты універсітэт, заснаваны ў 1802 г., адыграў відную ролю ў гісторыі рускай навукі і культуры. Сярод выкладчыкаў юнага Друшчыца былі вядомыя вучоныя-гісторыкі А.М. Ясінскі і І.І. Лапо. Праз 20 год - у 1928 г. прафесар БДУ Антон Мікітавіч Ясінскі стане адным з першых акадэмікаў Беларускай акадэміі навук. Васіль Друшчыц бліскуча праявіў сябе на семінарскіх занятках. Іменна ў студэнцкія гады ён пачаў работу па вывучэнні становішча сялян Беларусі ў XVI стагоддзі.

І вось скончаны Юр'еўскі універсітэт. Праца выкладчыкам у Вільні і Шаўлі. Першая сусветная вайна і вяртанне ў родную Беларусь. Ішоў 1915 год.

Куды толькі ні кідаў лёс Васіля Друшчыца! Выкладанне гісторыі ў Рэчыцкай і Бабруйскай гімназіях, праца настаўнікам у м. Бацэвічы каля Бабруйска. Лекцыі па гісторыі Беларусі на летніх настаўніцкіх курсах.

Скупыя радкі справы прафесара па кафедры гісторыі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Адказы на пытанні рэгістрацыйнай анкеты. "На якіх мовах, акрамя рускай, гаворыце, чытаеце і пішаце". І хоць Васіль Данілавіч добра ведаў шэсць моў, на гэтае пытанне ён сціпла адказваў: "Чытаю на польскай, нямецкай і лацінскай мове". За пяць год працы ў БДУ (1922-1927) Друшчыц прайшоў шлях ад асістэнта пры кафедры гісторыі Беларусі да прафесара гэтай кафедры.

А цяпер пра напісанне яго прозвішча. У навуковай літаратуры і нават БелСЭ пішуць прозвішча вучонага праз літару "ж". На самой справе прозвішча Васіля Данілавіча пішацца праз "шч". Аб гэтым сведчаць розныя дакументы ў асабістай справе прафесара, якія напісаны яго рукой. Так што дакладнае прозвішча гісторыка "Друшчыц", а не "Дружчыц".

Васіль Данілавіч пакінуў пасля сябе даволі багатую навуковую спадчыну. І хоць не ўсе яго даследаванні былі апублікаваны, можна смела гаварыць аб значным укладзе вучонага ў развіццё навукі і культуры нашай рэспублікі.

Да цяперашняга часу не страціў сваёй каштоўнасці артыкул В.Д. Друшчыца "Галоўныя моманты гісторыі беларускага народа". апублікаваны ў 1924 г. у зборніку "Беларусь". У гэтай рабоце значная ўвага ўдзяляецца асвятленню становішча беларускага сялянства ў XIV-XVII стагоддзях. І хоць мы не можам згадзіцца з усімі вывадамі вучонага, трэба адзначыць, што Друшчыц быў адным з першых савецкіх гісторыкаў, які глыбока даследаваў такую выключна важную праблему. Цікава, што ён выказаў думку, што на панскіх і шляхецкіх землях ужо ў сярэдзіне XV ст. значная частка сялянства фактычна была запрыгонена. Акрамя таго, Васіль Данілавіч у гэтым артьікуле паказаў, што становішча беларускага сялянства ў эпоху феадалізму з цягам часу не паляпшалася, а пагаршалася.

Адным з першых Друшчыц пачаў распрацоўваць праблему класавай барацьбы сялянства Беларусі. Ён адзначыў, што першае паўстанне пачалося ў 1595 г. на тэрыторыі Надпрыпяцця і Падняпроўя і было пратэстам супраць узмацнення прыгону. Асабліва моцны паўстанцкі рух, падкрэсліваў вучоны, падняўся ў Беларусі ў сярэдзіне XVII ст.

Значнае месца ў навуковай спадчыне В.Друшчыца займаюць даследвванні па гісторыі гарадоў Беларусі ў эпоху феадалізму. Сярод іх "Места Мінск у канцы XV і пачатку XVI ст." (1926), "Нарысы сацыяльна-эканамічнага жыцця места Навагрудку ў XVI ст." (1927), "Войты і іх улада ў беларускіх гаспадарскіх местах з майдэборскім правам" (1928), "Магістрат у беларускіх местах з майдэборскім правам XV-XVII стст." (1929).

На падставе аналізу жалаваных грамат гарадам Беларусі Друшчыц прыйшоў да заключэння, што адміністрацыйны лад у іх не прадстаўляў сабой літаральнай копіі нямецкага і польскага ўзораў. У Беларусі, падкрэслівае вучоны, склаўся ўласны варыянт самакіравання, які адпавядаў канкрэтнай абстаноўцы і ўмовам. Вельмі важна, што Друшчыц адзначыў ролю мясцовых умоў у фарміраванні гарадскога самакіравання нават у тых выпадках, калі зыходным матэрыялам з'яўлялася жалаваная грамата таму ці іншаму гораду Беларусі на магдэбургскае права.

Сталіца нашай рэспублікі Мінск мае даўнюю і багатую гісторыю. У будучым годзе мы будзем адзначаць 920-годдзе горада. У савецкі час аб Мінску напісаны тоўстыя навуковыя працы, шматлікія артыкулы. Але мы не будзем забываць, што В. Друшчыц быў першым савецкім гісторыкам, які заняўся дас- ледаваннем гісторыі Мінска ў феадальную эпоху. І хоць яго артыкул носіць назву "Места Мінск у канцы XV і пачатку XVI ст." ён фактычна асвятляе гісторыю горада на працягу XV-XVI стагоддзяў.

У артыкуле "Магістрат у беларускіх местах з майдэборскім правам XV-XVII сталеццях" Васіль Данілавіч акцэнтуе ўвагу на пытаннях класавай барацьбы супраць гарадской вярхушкі. На прыкладзе выступлення рамеснікаў Магілёва ў 1606 г. ён робіць вывад, што "выступленне і чыннасць паўстанцаў маюць выразна класавы характар", што "класавая барацьба набывае надзвычайна востры і ўпарты характар, дасягаючы ў некаторыя моманты рэвалюцыйнага ўздыму".

Цяжка ўявіць сабе развіццё беларускай савецкай гісторыяграфіі 20-х гадоў без работ В. Друшчыца. Яго артыкул "Беларускія месты ў гістарычнай літаратуры" стаў першым гісторыяграфічным аглядам гарадоў Беларусі ў эпоху феадалізму. Іменна В. Друшчыц быў аўтарам змястоўных рэцэнзій на кнігі вядомага савецкага гісторыка У.I. Пічэты "Гісторыя Беларусі" ч.1 (1924) і "Гісторыя сельскай гаспадаркі і землеўладання ў Беларусі" (1928).

...Артыкул В. Друшчыца "Казімір Лышчынскі - беларускі бязбожнік XVII веку (З гісторыі светапогляду XVII в. на Беларусі)", апублікаваны ў другім нумары часопіса "Полымя" за 1927 год. Пасля гэтай работы апублікавана ўжо нямала даследаванняў аб жыцці і дзейнасці беларускага мысліцеля-атэіста і матэрыяліста XVII ст. Мала хто з даследчыкаў не адзначае, што артыкул В. Друшчыца быў першай пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі работай, дзе аналізаваліся матэрыялістычныя і атэістычныя погляды К. Лышчынскага.

Васіль Данілавіч быў цікавым лектарам, таленавітым педагогам, добрым выкладчыкам. Сярод тых, хто з захапленнем слухаў яго лекцыі ў Беларускім універсітэце, былі будучыя вядомыя беларускія пісьменнікі і літаратуразнаўцы Кузьма Чорны і Андрэй Александровіч, Алесь Дудар і Адам Бабарэка, Анатоль Вольны і Янка Бобрык, Язэп Пушча і Яўген Рамановіч, Васіль Барысенка і Іван Гутараў.

З 1933 г. Васіль Данілавіч працуе навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН БССР, а потым прафесарам кафедры гісторыі народаў СССР у Літаратурным інстытуце імя Герцэна ў Маскве.

Навуковая спадчына вучонага паспяхова выкарыстоўваецца і гісторыкамі Літвы. Мы маем на ўвазе артыкул В. Друшчыца "Места Вільня ў першай палове XVI сталецця", напісанага ў сувязі з гісторыяй беларускага кнігадрукавання і апублікаванага ў 1926 г. у кнізе "Чатырохсотлецце беларускага друку".

Э. Іофе, кандыдат гістарычных навук.
"ЛІМ" 14.02.86
Друкуецца са скарачэннямі.

P.S. Застаецца адзначыць, што В.Д.Друшчыц быў рэпрэсіраваны і 20 снежня 1937 г. у Маскве яго жыццё абарвалося...

На галоўную старонку