На галоўную старонку
 


2 месца

Пытлякова Алена, 13 год, г. Брэст

Падарожжа ў мінулае, або
палёт скрозь стагоддзі

Я адчуваю, як па маім твары слізгаюць цеплыя, першыя, ранішнія промні сонейка, яны нібы гавораць, паведамляюць мне, што пачынаецца новы дзень, а я заспалася. Я ўсміхаюся і з прыемным настроем падымаюся, расчыняю акно і бачу людзей, якія кудысьці спяшаюцца, відаць на работу. Усё жыве сваім паўсядзённым жыццём: і дрэвы, і машыны, і тралейбусы, што мітусліва спяшаюцца кудысьці, а мне здаецца, што сёння ўсё не такое, а незнаёмае, незвычайнае і цудоўнае. І нездарма: сёння вельмі ўрачысты дзень - я іду на экскурсію ў музей "Бярэсце" з маёй сяброўкай. Чаму я лічу гэта ўрачыстым? Як чаму? Мне заўсёды было цікава мінулае. На ўроках гісторыі я нібы пераношуся ў іншы сусвет, галактыку, вечнасць, уважліва слухаючы ўсё, што гаворыць настаўнік, і я не разумею тых людзей, якія не шануюць гісторыю і старажытнасць.

Я даўно збіралася схадзіць у "Бярэсце", але ўсё не было на тое часу і вось цяпер... я дачакалася і стаю тут, унутры, у самым сэрцы музея, і душа, здаецца, зараз не вытрымае і выскачыць з грудзей. Я адчуваю нейкі незнаёмы, незвычайны, але прыемны пах старажытнасці, які адурманьвае мяне.

І вось экскурсія пачынаецца... Нейкая маладая жанчына расказвае пра гісторыю Брэста, і разам з ёю, з памяшкання ў памяшканне ходзяць замежныя турысты, якіх таксама цікавіць мінулае. Мы з сяброўкай не адстаем ад іх. Я бачу старажытныя кнігі, упрыгожванні, прылады працы, рамесныя вырабы. І з кожнай залай я захапляюся ўсё больш і больш, здаецца, тут кожная рэч валодае нейкай таямнічай, невядомай і цудоўнай сілай, якая вабіць, прыцягвае і акунае цябе ў пацёмкі, туманы і таямніцы старажытнасці, вечнасці.

Вось мы абыйшлі ўсе залы і цяпер экскурсавод падводзіць нас да раскопак гарадзішча і пачынаецца самае цікавае - расказ пра гісторыю горада. І кожнае яе слова, здаецца, нібы тая казка, чароўна ўзлятае ў паветра і замілоўвае тваю душу:

"Радзіма... Беларусь... Якія простыя і святыя словы для нашага народа. Яны жывуць у кожным з нас, у самой душы, у сэрцы. Праз лютыя, бязлітасныя стагоддзі гісторыі нашай Бацькаўшчыны мы, яе сыны, неслі, хавалі ў сябе гэтыя родныя і мілыя словы, яны надавалі сілы, абуджалі нашыя шматпакутныя сэрцы на подзвігі, грэлі цяплом у лютыя завеі. І цяпер, беларус, азірніся вакол і ты ўбачыш, адчуеш усю прыгажосць Радзімы. Цяпер твая душа, нібы той бусел, вольная, шчырая, узлятае над шырокім Палессем. А вакол бяскрайні блакіт небасхілу, срабрыстая прахалода сінявокіх рэк і азёр і бязмежныя прасторы нашай Радзімы. І ўвесь гэты цудоўны дарагі скарб дастаўся нам, нашчадкам, сынам Беларусі. Скрозь мінуўшчыну, стагоддзі нашыя далёкія дзяды і прадзеды бераглі гэтае багацце, шанавалі і хавалі для нас,"- пачала экскурсавод. А я была зачараваная гэтымі словамі, яны ўліліся ў маю душу і кожны гук зайграў цудоўнай і мілагучнай мелодыяй. Экскурсія працягвалася далей:

"На Беларусі існуе шмат гарадоў. І ўсе яны незвычайныя, прыгожыя, кожны мае сваю непаўторнасць і цікавую гісторыю. I, менавіта, кожны чалавек лічыць, што яго горад самы лепшы. Мне хочацца расказаць пра свой горад. Пра яго незвычайнае, цудоўнае мінулае і сучаснасць.

Я нарадзілася ў Брэсце і ганаруся гэтым. Бывае, ідзеш па вуліцах і ўсё навокал вабіць сваёй утульнасцю і прыгажосцю. I, нават, назва майго горада з самой старажытнасці сімвалізуе мілае і светлае для людскіх сэрцаў слова "бяроста", якое адлюстроўвае чысціню і прыгажосць славянскай душы.

У Брэсце цудоўная прырода. Часам, праходзіш па вуліцах і ўглядаешся ў ледзь-ледзь пералівісты ў залацістых сонечных водблесках, гладкі блакіт, услухоўваешся ў таямнічы шэпт бархацістага лісця, адчуваеш лёгкі, ледзь чутны подых цёплага паветра і мне пачынае здавацца, што ўсё навокал ажывае, пачынае гаварыць, толькі па-свойму і ў кожнага лісточка, дрэва, каменя свая непаўторная і цікавая, як лёс усёй планеты, гісторыя.

У гэтым горадзе ўсё натхняе, узбагачае душу і прываблівае ўвагу: утульныя паркі, скверы, плошчы, прыгожыя расліны, старажытныя помнікі гісторыі.

І гэта ўсё багацце - мая Радзіма. Гэта паветра - чыстае, лёгкае, свежае, якім я дыхаю з першых дзён майго жыцця.

"Радзіма - гэта ўсё... Гэта - адчуванне гонару за мінулае і прадчуванне светлай будучыні, якую мы нікому не аддадзім", - так сказаў выдатны рускі пісьменнік, аматар прыроды і ўсяго цудоўнага - Канстанцін Паўстоўскі.

Але мы часам не задумваемся аб мінулым нашага краю. А калі ж як след падумаць, то пачынаеш усве-дамляць, якою неймаверна дарагой цаною дасталася нашым продкам прыгажосць, як за гэту шчаслівую сінь, што раскідала свае бязмежныя абшары над галавою нашай свабоднай, незалежнай Беларусі, заплацілі непамернай цаною - жыццём, бясстрашныя і адважныя воіны, абаронцы Брэста ад часоў Яраслава Мудрага і да Вялікай Айчыннай вайны. Як яны цанілі і разумелі, што Радзіма - гэта святыня, гэта беспамерна дарагі, каштоўны скарб, спадчына, якая перадаецца нам з пакалення ў пакаленне спакон веку і мы павінны зберагчы гэты дар нашых продкаў, змагаючыся да апошняга і не падаючы духам, абараняючы Айчыну і гонар свайго народа.

Ёсць у Брэсце адно свяшчэннае і памятнае для ўсіх пакаленняў гараджан месца - Брэсцкая крэпасць. Кожны раз, калі я сюды прыходжу, то ўсё вастрэй і глыбей гучыць у маім сэрцы той далёкі водгалас мінулых жудасных дзён, якія ракавой птушкай пранесліся над нашай Радзімай. Здаецца, што зусім нядаўна тут праляталі, нібы віхры і ўраганы, смяротныя, бязлітасныя баі, грукаталі стрэлы і выбухі, палілі гарматы. Тут кожны камень, кожная пясчынка абмыта бязвіннай кроўю брэсцкіх абаронцаў. О, калі б адбылося дзіва - і камяні загаварылі! Колькі б яны нам расказалі, колькі б паведамілі пра тыя далёкія і незабыўныя часы.

Але нават зараз, калі ўсе беды і няшчасці ўжо далёка ззаду, адна толькі думка, што гэта можа паўтарыцца, мімаволі прымушаедушу скалынуцца. Я ўражана мужнасцю, адвагаю і самаадданасцю воінаў, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне і якія засталіся жывымі. Мяне натхняе, пабуджае разгарнуць старонкі сваёй душы на чысты ліст паперы, выказаць свае перажыванні. Заклікаць людзей да абароны Айчыны.

І зараз у Брэсцкай крэпасці спыніўся час, яна непадуладна стагоддзям. Усе руіны напамінаюць нам аб мінулым. Гэта і Холмскія вароты, і мемарыяльная алея, якая вядзе ў крэпасць і паўстае, як памяць аб героях, і надпісы салдат на сценах казематаў, а таксама помнік "Смага", які нагадвае пра лета 1941 года.

Брэсцкая крэпасць - гэта свяшчэнная зямля, якая стала школай мужнасці не толькі для нашага народа, але і для многіх дзяржаваў свету. Яна незабыўная, як Вечны агонь," - працягнула экскурсавод. І далей пачалося самае цікавае. А што? Вось паслухайце далей:

"У гэтым цудоўным горадзе мяне натхняе яго прыгажосць, хараство і чароўнасць роднай прыроды, гераічнае мінулае маёй маленькай Радзімы, лёс Бацькаўшчыны, усё цудоўнае і таямнічае ў горадзе Брэсце ўзнімае маю душу з шэрасці і паўсядзённасці, узбагачае мае ўяўленні аб навакольным свеце і надае ўпэўненасці пры поглядзе ў будучыню. Але, каб ісці ў будучыню, трэба добра ведаць гісторыю. Чалавек жа без мінулага - гэта чалавек без шляхоў у жыцці. Дык давайце ж звернемся да самых глыбокіх каранёў старажытнасці," - скончыла экскурсавод і пачала расказваць легенду аб заснаванні Брэста:

"З даўніх часоў бяроста іграла важную ролю ў матэрыяльнай вытворчасці старажытных славян (берасцянка, берасцяны посуд, берасцяныя граматы і г.д.). Пазней, па магчымасці выкарыстання дравеснай кары, атрымалі свае назвы і расліны.

Вось недзе там, даўным-даўно, і адбыліся тыя падзеі, што дайшлі да нашчадкаў можа ў пятнаццатым ці дваццатым калене.

Паданне гаворыць, што ў тыя часы нейкі купец, відаць, надта багаты, вырашыў паехаць з нямецкай ці яшчэ далейшай зямлі ажно ў Балтыю, каб прадаць там свае заморскія тавары. Сабраўся ён з сябрамі, уладкавалі яны абоз, нанялі вялікую ўзброеную варту. Грошы, неабходныя на закупку тавараў у Балтыі, запакавалі па розных цюках, каб у выпадку нападу рабаўнікі знайшлі не ўсё. Пасядзелі разам з сем'ямі, прыгадалі мінулыя паездкі, выпілі віна за поспех і паляглі спаць.

На золку ўсталі купцы, развіталіся з роднымі, узялі абразы, што адводзілі небяспеку, ды рушылі ў няблізкі свет. Яшчэ колькі вёрстаў ішлі побач з імі родзічы, але потым адсталі, толькі чуваць быў енк-плач жанчын, якія праводзілі мужоў сваіх нібыта не гандляваць, а ваяваць. Розніца тады ў гэтым была не надта вялікая.

У хуткім часе прапалі за дрэвамі абрысы родных гарадскіх сцен, шпілі хрысціянскіх храмаў, і сярод купцоў запанавала добра вядомае ім за многія гады вандраванняў пачуццё дарогі. Адчайна вішчалі-скрыпелі калёсы, раз-пораз чуліся зычныя галасы возчыкаў. Часам, пралятаў уздоўж расцягнутага ланцуга павозак вершнік, нешта кідаў ахове, і тая адразу пачынала бразгаць, разбіраць шчыты ды даставаць з похваў доўгія цяжкія мячы. І так з раніцы да вечара, з першага промня сонца да ранняй зоркі ў небе, вярста за вярстою, дзесятак за дзесяткам.

Ехалі ўжо не адзін дзень па ледзьве пралазных, амаль што першастваральных пушчах. Сонца і тое не магло прабіць сваімі промнямі густую лясную засень, што спляталася ў маналітную сцяну. Здарожыліся гандляры, коні ледзьве ногі перастаўлялі. Але падарожныя ўсё ж спадзяваліся выбіцца на больш-менш добры, уезджаны шлях, знайсці мясціны, дзе можна было б даць добры адпачынак людзям і коням.

Ды не тут-та было! Справы купцоў не паляпшаліся, а, наадварот, пагаршаліся. Аднага дня, калі ўжо, здавалася, пачыналі выбівацца на добры шлях, убіліся ў дзікае, непралазнае балота. То тут, то там у абозе гучалі жаласлівыя ўскрыкі аб неадкладнай дапамозе. Памагчы паспявалі не ўсім. Колькі коней разам з таварамі і вазамі ўтапіліся ў бяздонных "чортавых вокнах", што затаілі свае пашчы ў самых нечаканых месцах.

Непрыкметна і ноч прыспела з яе нейкімі страшнымі, сурывістымі гукамі, ад якіх на душы рабілася жудасна. Змрочны, вадзяністы туман зацягнуў, прыкрыў купіны і кустоўе, дрэвы і вазы. Зрэдку фыркалі коні, але і тыя, нібыта адчуваючы складанасць абставін, адразу ж заціхалі. Сядзелі і дрыжэлі прамоклыя да ніткі купцы, ваяры, возчыкі. Сядзелі на тых самых месцах, дзе іх прыспеў змрок, бо баяліся ступіць крок-другі, каб не паўтарыць памылкі сваіх загінуўшых сяброў. Нават вогнішча ніхто не разводзіў - баяліся. Вельмі ж месца страшнае, ды яшчэ невядома, чым заўтра ўсё скончыцца. Да таго ж, іх заядалі камары і сляпні. I, калі людзі хоць неяк маглі абараніцца, то жывёла была бяссільная.

Маўчалі людзі. Ніхто, напэўна, у гэтую ноч не спаў. А навокал спявалі жабы свае бесперапынныя песні ды нехта невядомы раз-пораз заліваўся, рагатаў так, што аж ногі ад страху дрыжэлі. Ледзьве да ранку вытрымалі. Калі сонца ўзышло, людзі паспрабавалі знайсці ўчорашні шлях, каб неяк выбіцца назад, а затым пайсці ў абход. Але нічога не атрымлівалася і яны ашалела азіраліся. Ні слядоў колаў, ні ранейшай дарогі. Усё за кароткую летнюю ноч зацягнула, зараўняла твань, якая, здавалася, ажно дыхала пад нагамі - гэтак усё калацілася і дрыжэла.

Цэлы дзень яны прамучыліся і ўвечары зноў паваліліся ля вазоў. Усе прыгнечана маўчалі, большасць - маліліся. Шапталі словы, звяртаючыся да Бога. Ледзь варушыліся вусны, што шапталі малітвы. Возчыкі, воіны і купцы развітваліся з жыццём, бо добра ведалі, што яшчэ суткі-другія - і іх тут напаткае смерць. Спалохаліся падарожныя. Другую ноч не закрывалі вачэй. У што самае дзіўнае - спаць не хацелася, хоць ад стомы не варушыліся нават пальцы.

Апошнюю надзею людзі звязвалі з гаспадаром, які таксама сядзеў пасярод балота ля аднаго з вазоў. Асунуўся купец, счарнеў увесь, перажываў надта за ўсё, што здарылася, бо, калі і надалей так справа працягнецца, то ні толькі аніякага прыбытку не будзе, але і ўласнае жыццё можна страціць. Чалавек ён быў хоць яшчэ малады, але ўжо вопытны, бо дарог, шляхоў з'ездзіў нямала. Здагадалася яму жонка любая, маленькі сынок, маці родная, бацька, якога ледзь памятаў, бо той таксама займаўся гандлем і згінуў дзесьці ў далёкіх землях.

Гэтак непрыкметна і задрамаў. У сне яму падалося, што бачыць перад сабою матулю ў бялюткай вопратцы, якая нешта трымае ў руках і гаворыць ціха: "Сынок! Паслухай мяне, дастань тое, што я табе ў дарогу заўсёды давала!"

Падхапіўся купец і кінуўся да воза. Ліхаманкава стаў варочаць цюкі. Вось яна, жаданая знаходка - невялікі абраз Маці Боскай трохручніцы. Укленчыў перад ёю падарожны: "Маці Боская! Дапамажы ты мне, выратуй і маё жыццё, і маіх людзей! Пашкадуй ты сірот-дзяцей, што застануцца пасля нас, над жонкамі злітуйся! Як жа яны будуць! Маці Боская! Дапамажы, не адвярніся! Колькі разоў свяціла ты мне, была маёй надзеяй! Дапамажы і на гэты раз! Дапамажы... Калі мы выратуемся, то на гэтым месцы пабудуем царкву ў твой гонар. Дапамажы, Маці Боская трохручніца!"

Здалося людзям на балоце, што нейкая магутная асоба з жаночым абліччам з'явілася над імі ў небе, завісла на працяглы час і гэтак жа нечакана знікла. Але малады купец добра запрыкмеціў, у якім накірунку яна адыходзіла. Цяпер ён зразумеў, што выйсце - на ўсходзе. Заставалася чакаць раніцы.

Нарэшце і сонейка зайграла, паказалася з-за верхавін дрэваў. А за гэтым і зычны голас старшага купца, гаспадара абозу, раздаўся:

- Людзі! Усе, хто мяне чуе, а хто далей - то перадайце! Прабівацца будзем не ўперад, а ўбок. Бачыце вунь той магутны дуб, на яго і кіруемся. Дзесьці ж павінен быць канец гэтаму праклятаму балоту! Цяпер паслухайце яшчэ вось што: палова людзей будзе да дуба напросткі гаць гаціць, а другая - драць бяросту і гаць ёю ў шмат слаёў высцілаць, каб коні не так правальваліся ў твань, ды і палохацца багны не так ужо будуць. Усе чулі?

- Чулі! - адгукнулася балота шматлікімі галасамі.

- Тады за працу! За працу - інакш згінем! - выгукнуў купец і першым, ухапіўшы вострую сякеру, пачаў сячы разгалісты лазовы куст і гаціць гаць.

Застукалі-заляскалі сякеры ў іншых мясцінах, пачуліся павесялелыя галасы людзей. Нездарма ж кажуць, што калі чалавек працуе, ён жыве. І сапраўды так. Паціху-патроху пачалі з'яўляцца сярод балотных купін абрысы шырокай гаці, пакрытай бяростай, таму здавалася яна чорна-белай стужкай. Калі возчык першай фурманкі загарлаў на коней, хутчэй за ўсё з адчаю: "Гэй, родныя! Пайшлі! Ад смерці не ўцячэм, але да жыцця наблізімся! Гэй, родныя!" - то коні рэзка ірванулі, ажно зарыпела вупраж і воз паціху пасунуўся па гразі.

Толькі да дуба было яшчэ надта далёка. Таму зноў узяліся за працу, яшчэ больш самааддана, і ўвесь час азіраліся на выцягнуты роўны шнурочак абозу, як гэта заўсёды бывала пад час язды па дарогах. Доўгія тры дні прабіваліся людзі і, нарэшце, усё ж выбіліся да высачэзнага дуба, які быццам бы весела пагойдваў галлём, вітаючы іх. Бяздушнае балота, якое ледзь не загубіла іх, засталося ззаду. Людзі распраглі і прывязалі да дрэваў коней, і тыя, дапаўшы да маладой, сакавітай травы, скублі яе, не адрываючыся. Самі ж падарожныя храплі тым часам ва ўсю моц. Малады купец таксама спаў, шырока раскінуўшы рукі і нечаму пасміхаючыся ў сне.

Колькі спалі - ніхто дакладна не ведаў, але прачнуліся ўсе бадзёрыя і вясёлыя. Твары свяціліся і сонейка, здавалася, не спякотна паліла, а ласкава абагравала. Таропка перавязалі вазы, запраглі коней, паелі і чакалі загаду старшага купца рушыць наперад. Ахова, як заўсёды, ачапіла абоз. Але тое, што пачулі, было нечаканым і непрадбачаным.

- Людзі! Усю бяросту, якую мы гэтыя дні на гаць клалі, пазбіраць трэба і сюды, на ўзвышша, да дуба пакласці! Будзем ехаць назад, калі ўсё добра складзецца, то на гэтым месцы пабудуем капліцу, прысвечаную Маці Боскай трохручніцы!

Заціхлі ўсе, задумаліся. І сапраўды, цудам выжылі, нават не падумалі, што нехта ж, відаць, дапамагаў ім з нябеснай вышыні. Не аддзячылі. Такая ўжо натура людская. Кінуліся па балоце збіраць бяросту і зносіць у адну гурбу. У хуткім часе, калі ўсё зрабілі, сабраліся і рушылі далей.

Кажуць, калі назад вярталіся, то ўсё так і зрабілі, як загадаў гаспадар абозу. З'явілася спачатку звычайная невялічкая капліца, потым, з цягам часу, вакол яе пачалі сяліцца людзі, вырасла ўмацаванае паселішча, бо месца было надзвычай выгаднае з абарончага пункту гледжання. А назва так і засталася - Бярэсце. Гэта ўжо значна потым, калі паселішча стала горадам, назву перайначылі на Брэст. Яшчэ людзі кажуць, што той дуб магутны, да якога падарожныя выйшлі і дзе потым капліцу ўзвялі, яшчэ ці не ў мінулым стагоддзі стаяў, але ў адну з віхурных восеньскіх начэй упаў, толькі водгулле пранеслася па навакольных абшарах. Так памёр апошні сведка тых далёкіх падзей," - такімі словамі скончыла легенду экскурсавод. І далей:

"Вось такая легенда пра ўзнікненне Брэста. Згадзіцеся, вельмі цікава, але гэта толькі легенда. А магчыма і не, можа ўсё было на самой справе: і купцы, і балота, і дуб, і незвычайнае з'яўлене Маці Боскай? Не нам з вамі судзіць і разважаць. Гэтую легенду склалі шмат гадоў таму нашыя продкі і трэба адзначыць, што хоць яна і вымысел, але ёсць у ім доля праўды. Нездарма народ беларускі, які прайшоў сотні, тысячы перашкод на сваім шляху, паказаў у легендзе, якой цаною стваралася наша Бацькаўшчына. Яе творцы - рукі, душа і шчырае сэрца нашага народа.

А цяпер мы з вамі здзейснім яшчэ адно цікавае падарожжа. Уявім сабе, што нясемся мы на цудоўным кіліме-самалёце над адным з прыгажэйшых гарадоў Вялікага княства Літоўскага ХІ-га стагоддзя - Берасцем, які ўпершыню згадваецца ў летапісах ад 1019 года..."

... І вось я таксама лячу,.. апускаюся ніжэй на сваім кіліме-самалёце, каб лепей разглядзець горад. Вось нізенькія хаткі, і толькі адна, пасярод горада, стаіць з навесам для скаціны, невялічкім дворыкам, што агароджаны частаколам, па ўсім відаць - хата нейкага заможнага чалавека. Хаткі стаць вельмі цесна адна ад другой, так, што мне трэба хадзіць па вуліцах "бокам", інакш нельга. Самі хаткі драўляныя (каменных у той час не было), з вузенькімі вокнамі, праз якія глядзяць на дворык, на мітуслівых прахожых, купцоу, сялян спуджанымі вочкамі маленькія дзеці. А вось праз маленькія (у два разы меней сучасных) дзверы выходзіць жанчына з доўгай, амаль да пят русай касою, відаць сялянка. Апранутая ў шэрую ільняную сукенку, у скураныя самазробленыя боты. Мабыць, менавіта вобраз гэтай жанчыны ўліўся ў гісторыю Беларусі і шмат стагоддзяў жыў у славянскіх сэрцах, як ідэал беларускай жанчыны.

А цяпер я раблюся невідзімкай і пранікаю ў адну з хатак. Відаць, яе гаспадары вельмі добрыя і акуратныя людзі. Усё прыбрана, стаіць на сваіх месцах. Да сцяны з бярвенняў крэпяцца некалькі вялікіх паліц для адпачынку пасля цяжкай работы. На невялікім стале збаночак з малаком, штосьці ў гліняных талерках. За сталом на вялікай лаве сядзяць дзеці, а маці дастае з маленькай закуранай печкі свежы румяны каравай хлеба. Відаць, мы патрапілі ў хатку ў час снедання. А вось на адной з паліц перад святымі абразамі, пакрытымі белымі, чысценькімі рушнікамі, ляжыць тоўстая, у скураным пераплёце з жалезнымі замкамі адна з самых галоўных для чалавецтва кніг - Біблія. Паблізу стаіць патушаная лучына, якая мабыць не дагарэла ўначы. Падлога ў хаце драўляная, з тоўстых колатых дошак, невялічкія вакенцы выглядаюць накшталт сучасных, але замест шкла яны зацягнуты тонкай плёнкай бычага пузыра. Мне было б вельмі смешна ўявіць такія вокны ў сучасных дамах-хмарачосах. Мяне мімаволі агортваюць думкі аб тым, як жа такія магутныя старажытныя волаты як беларусы, былі на самой справе такімі маленькімі, што нам з вамі трэба было б сагнуцца ўдвая, каб прайсці ў дзверы хаткі.

А цяпер я зноў сядаю на кілім-самалёт і назіраю за вулічным жыццём горада. Вуліцы ў той час складаліся з дарог, якія вядуць ад хаты да хаты і нагадваюць сучасныя мосцікі праз рэчку. А вось і галоўная дарога - дзядзінец, што жыве сваім мітуслівым жыццём. Па ёй едуць купцы на павозках, поўных тавару: шкляных бранзалетаў, гліняных пісанак з Кіева, амфар, самшытавых вырабаў, кольцаў і іншых патрэбных рэчаў.

А вось нейкі, відаць заможны купец, у белай ільняной сарочцы, шараварах з чырвоным поясам і ў прыгожай шапцы з узорамі сварыцца з нейкім селянінам. Я бачу, што купец вельмі хітра ашуквае простага чалавека, які трымае ў руках нейкую кнігу і штосьці спрабуе сказаць. Нарэшце, спрэчка скончылася, купец аддае грошы селяніну, з незадаволеным тварам садзіцца ў павозку і едзе далей, грукаючы коламі па скрыпучаму дзядзінцу.

Яшчэ адна дзіўная карціна. Нейкі стары раззлаваны мужык з расклочанымі, відаць са сну, валасамі, у замызганай шэрай сукенцы, басы, ганяецца з бізуном у руцэ за маленькім чорнавалосым, з перапэцканым тварыкам, хлопчыкам. Хлопчык, мабыць, правініўся і яго чакае пакаранне. Мне становіцца шкада малога і я пакідаю гэтае месца.

Заўважаю мімаволі, што на двары вясна - час самых цяжкіх палявых прац. Яшчэ толькі раніца, але людзі выходзяць з рыдлёўкамі, сохамі. Вось яно тое, з чаго пачынаецца і на чым заснавана наша з вамі жыццё - праца і стараннасць. Нашыя продкі вельмі добра разумелі гэта і перадалі нам, таму мы таксама можам адчуць тое, з чаго складаецца гісторыя мінулых пакаленяў - праца!

Штосьці пачынае халаднець, сонейка аддае свае апошнія развітальныя прамяні людзям і, усміхаючыся, хаваецца за небасхіл. У кожнай хатцы запальваюцца дробненькія агеньчыкі дымных лучын, але ненадоўга, і вось яны меркнуць, адзін за другім, нібы гады і стагоддзі.

А заўтра распачнецца новы дзень, Радзіма, і жыццё пачнецца нанова, як і сёння, але я ўжо гэтага не ўбачу, таму што скончыўся час майго цудоўнага падарожжа. І зноў панясуся праз туманы вечнасці, разрываючы імглу стагоддзяў, і зноў вярнуся ў сучаснасць. Назад, у сённяшні дзень! - пачулася ў маім сэрцы і я вярнулася.

А што гэта было? Цуд ці гэта было на самой справе? І бачу, што стаю ў музеі "Бярэсце" каля раскапанага старажытнага гарадзішча. А мо гэта прывід? І тут да мяне падыйшла сяброўка і спытала: "Аленка, што з табою, ты ўжо цэлую гадзіну тут стаіш, глядзіш на гарадзішча і ні з месца, пайшлі, экскурсія даўно скончылася і музей ужо зачыняецца, нас чакаюць. Ты ідзеш?"

"Гадзіна..."-думаю я, а мне падалося, што я прайшла скрозь вечнасць. Ды і не паспела азірнуцца, як ззаду засталіся стагоддзі. Дзіўна...

Усю дарогу да дому я разважала пра мае падарожжа: "Ці не цуд гэта? - Не." І ўсё ж цікава пабыць хоць некалькі імгненняў у мінулым. І я радасна думаю: "Я пабыла там, я закранула старонкі гісторыі, я пабачыла продкаў, прайшла праз стагоддзі, праляцела амаль што цэлую эпоху і цяпер перад мною адкрыты новыя шляхі, толькі ўжо не ў мінулае, а ў будучыню!"

Пад уражаннем маіх "гістарычных прыгод" я напісала верш. Вось ён:

0, Беларусь, мой родны, мілы кут!
Свяціся ты цяплом у вачах паэта!
Шмат на вяку тваім ляжыць пакут,
І ты ўсё вынесла, прыйшла да нас скрозь леты.

Твой гонар, мову родную, каханне
Няслі мы скрозь гады, у сэрцах захаваўшы
Срабрысты водбліск рэчак на світанні,
Блакіт нябёс нікому не аддаўшы.

На галоўную старонку