На галоўную старонку
 


3 месца

Драчэнка Іра, 12 год, г. Белаазёрск

Мае карані...

Я вельмі часта думаю і цікаўлюся гісторыяй жыцця маіх продкаў. Яны для мяне самыя блізкія і родныя людзі. І вось па расказах маіх бацькоў, дзядоў і бабуль я вырашыла напісаць гэты ліст.

У гэтым цудоўным краі, сярод балот і лясоў Бярозаўшчыны ў невялічкай вёсачцы Сабалі жылі мае продкі.

Мой прапрадзед Пятрук са сваёю жонкай Аляксандрай былі беззямельнымі. На невялічкім кавалачку зямлі яны пабудавалі хатку і працавалі з ранку да вечара, каб пракарміць сваю вялікую сям'ю. А было ў іх 8 дзяцей (5 сыноў - Антон, Аляксандр, Якаў, Васіль, Аляксей; і 3 дачкі - Зося, Каця, Ганна). Летам працаваў прапрадзед на зямлі, а зімою ездзіў на заробкі (на капаніцы) пад Львоў. Назбіраўшы грошай, ён купіў сабе купчу.

Дзеці раслі, і трэба было гэтую зямлю падзяліць на дзевяць роўных кавалачкаў.

І вось адзін з гэтых зямельных надзелаў атрымаў мой прадзед Аляксей Пятровіч Грышчук. Па расказах майго дзеда Анатоля Аляксеевіча, прадзед быў здольны, працавіты, майстравы чалавек. Адукацыі ён меў 4 класы польскай школы. Але, нягледзячы на гэта, добра разбіраўся ў палітыцы, слухаў радыё-навушнікі, чытаў газеты, вывучаў кнігі Мічурына, чытаў Слоўнік Ожэгава. Кнігі засталіся да нашага часу. Я слоўнікам і зараз карыстаюся. У прадзеда быў вялікі пладовы пітомнік (там было 10000 дрэўцаў-саджанцаў - яблынь і груш). Але ў 1940 годзе была лютая зіма і дрэўцы, амаль усе, памерзлі. Прадзед і не прадаў іх. Яшчэ прадзед быў майстрам, цесляром. Ён умеў рабіць драўляныя дамы (заразаць вуглы ў хаце), вокны, дзверы, цаверкі, драўляныя ведры, умеў добра падкаваць каня, зрабіць драўляны воз ці барану.

Да прадзеда звярталіся сяляне, каб напісаць заяву ці якую-небудзь дзелавую паперу.

У 1941 годзе пачалася вайна. Прадзед разам з прабабкай Лізай прымалі актыўны ўдзел у вызваленні Беларусі ад фашыстаў (шылі для партызан белыя маск. халаты, хавалі міны, збіралі адзенне, пяклі хлеб для партызан).

Пасля вайны працавалі ў калгасе на розных работах. Прадзед памёр у 75 гадоў, а прабабка Ліза пасля яго жыла ў нашай сям'і. Я яе вельмі любіла. Яна была добрым, чулым, набожным чалавекам. Памерла ў 1997 годзе, у 88 гадоў, у гэты час мне было 9 гадкоў. Я па ёй вельмі плакала і сумавала.

Другі мой прадзед, Казак Рыгор Васільевіч, выбраў другі шлях свайго жыцця - шлях барацьбы за лепшае будучае. Жыў ён у вёсцы Равяцічы Бярозаўскага раёна. Працаваў на зямлі. З маладых гадоў цікавіўся тым, чаму чалавек, які працуе, жыве бедна, бяспраўна, яго зневажаюць, здзекваюцца. У 1929 г. па прапанове грамадзяніна Чыжа Міх. Сцяп. з вёскі Бармуты, прадзед быў залічаны ў шэрагі нелегальнай партыйнай арганізацыі КПЗБ (Камуністычная партыя Заходняй Беларусі), дзе і атрымаў першае заданне членаў Камуністычнай партыі - арганізаваць падпольныя партыйныя ячэйкі ў вёсках Равяцічы, Сабалі, Ястрабель, Зарэчча, Вінін, устанавіць паміж імі сувязь. Работа была наладжана па барацьбе з існуючым у той час парадкам панскай Польшчы. Але ў шэрагі камуністаў-падпольшчыкаў трапіў здраднік (якісьці Казак Цярэнцій), які выдаў падпольшчыкаў уладам тагачаснай Польшчы. Гэта быў 1932 год.

Прадзед і яго сябры-падпольшчыкі былі арыштаваныя і памешчаны ў турму г. Пружан. А потым Гродзенскі акружны суд прыгаварыў майго прадзеда да трох гадоў турэмнага зняволяння і пазбавіў грамадзянскіх правоў тэрмінам на 5 год за антыдзяржаўную дзейнасць. Свой турэмны тэрмін прадзед адбываў у г. Бяла-Падляска (1932-1935 гг.)

З прыходам на Зах. Беларусь Чырвонай Арміі ў 1939 г. актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі Савецкай улады ў Бярозаўскім раёне (быў членам часовага Валаснога камітэта па гаспадарчай частцы, займаўся падзелам панскай зямлі і перадачай яе беззямельным сялянам). Потым быў накіраваны на педагагічныя курсы ў г. Косава Івацэвіцкага р-на. З 1940-41 навуч. года працаваў настаўнікам пачатковых класаў вёскі Ястрабель Бярозаўскага р-на.

У першыя дні вайны разам з салдатамі Чырвонай арміі з баямі адступаў на ўсход. Выйшаўшы з акружэння пад г. Гомелем, прадзед вярнуўся тайна, ноччу ў сваю вёску.

Фашысты некалькі разоў арыштоўвалі яго, а потым, у 1942 г., разам з аднавяскоўцамі адправілі ў Германію на катаржныя работы, дзе ён утрымліваўся ў канцлагеры Андэршанцэ (г. Кіль) да 1945 г.

Пасля вызвалення прадзед вярнуўся дадому, дзе актыўна прымаў удзел у арганізацыі калгаса "Запаветы Леніна". У калгасе працаваў на розных работах (загадчыкам рэв. камісіі, быў членам праўлення калгаса, брыгадзірам будаўнічай брыгады, касірам, паляводам, фуражырам, загадчыкам фермы і г.д.).

У г. Бярозе ў гістарычным музеі ёсць зал "Барацьбіты за свабоду Зах. Беларусі". Там знаходзяцца матэрыялы камуністаў-падпольшчыкаў Бярозаўшчыны. Сярод іх ёсць імя майго прадзеда Казака Рыгора Васільевіча. Памёр прадзед у 1985 г. У канцы свайго жыцця ён зразумеў, што ягоны шлях барацьбы быў не той, што Савецкая ўлада дала чалавецтву толькі рабства. Я часта са сваёй мамай і дзедам бываю ў вёсках Сабалі і Равяцічы, дзе жылі мае продкі. Мы наведваем могілкі, дзе яны пахаваны, сядзіба з вялікім садам захавалася да гэтага часу.

Вёска Сабалі становіцца старой. Яна разбураецца, вымірае. Няма моладзі. Не гучаць дзіцячыя галасы. Дажываюць адзіныя пенсіянеры. А чаму? Я не ведаю.

Я ганаруся сваімі продкамі. Яны жыццё пражылі сумленна. Яны хацелі, каб наша Беларусь была вольнай, незалежнай краінай, каб чалавек жыў заможна і яго абараняў закон. Але такую дзяржаву яны не змаглі пабудаваць. Іх думкі, разважанні аб прававой дзяржаве перадаліся майму дзеду, бабулі, бацькам і мне. Я ўпэўнена, што маё пакаленне будзе жыць у незалежнай, раўнапраўнай дзяржаве, што з нашай Радзімай будуць лічыцца і паважаць яе ў свеце!

На галоўную старонку