На галоўную старонку
 


3 месца

Ліцкевіч Каця,
9 кл., в. Новая Мыш, Баранавіцкі р-н

Новая Мыш, у мінулым мястэчка, знаходзіцца непадалёку ад Баранавіч, і кожнаму, хто едзе па Маскоўска-Брэсцкай шашы, кідаецца ў вочы цудоўная панарама вёскі, цалкам размешчанай на амаль плоскім узвышшы, якое на некалькі метраў падымаецца над поймай р. Мышанка. Мясцінамі схілы ўзвышша больш крутыя, бо некалі рэчка цякла бліжэй да іх і сваімі хвалямі ўгрызалася ў высокія берагі. З паўночнага ад вёскі берага пралягла аб'яздная дарога, хоць нядаўна тут было балота. Гэтую мясціну жыхары і сёння называюць Балотам, або Брадком. На ўсход і поўдзень ад яе знаходзіцца некалі балоцістая пойма Мышанкі.

Беларускі вучоны В. А. Жучкевіч, складальнік "Кароткага тапанімічнага слоўніка Беларусі", выказвае думку, што назва вёскі паходзіць адрэчкі Мышанкі, якая, у сваю чаргу, утворана ад асновы "мыш" (жывёла). Некаторыя вучоныя лічаць, што назва рэчкі, а адпаведна і паселішча, паходзіць ад балцкіх слоў "машаз", "маша", што ў перакладзе азначае "маленькі", "мала".

Нашы продкі, славяне, пасяліліся тут пазней і выцеснілі карэнных жыхароў, або змяшаліся з імі. Але новае насельніцтва захавала старыя назвы рэк і азёр, і яны дайшлі да нашых дзён. Нават р. Шчара, прытокам якой з'яўляецца Мышанка, носіць неславянскую назву і перакладаецца як "вузенькая".

Існуюць народныя паданні пра ўзнікненне назвы ракі і мястэчка, якія дайшлі да нашага часу, дзякуючы беларускаму паэту Яну Чачоту. У суседнім Ляхавіцкім раёне яго бацька арэндаваў фальварак Рэпіхава, дзе і прайшла частка дзяцінства Яна. Шлях на вучобу ў Навагрудак, а потым у Вільню ляжаў праз Новую Мыш, дзе Ян мог пачуць ад тутэйшых сялян паданні, якія паклаў потым у аснову цудоўнай балады "Мышанка". Вось гэтыя паданні.

Калі маёнтак яшчэ не належаў панам Хадкевічам, праз яго ваколіцы працякала безымянная рака, на беразе якой жыў бедны баярын Мышка з прыгожай дачкой. Княжацкі леннік, сустрэўшы яе аднойчы, спрабаваў спакусіць. Ратуючыся, яна кінулася ў раку і загінула. Вестка пра яе смерць абляцела ўсе ваколіцы. Народ у памяць аб дзяўчыне назваў безымянную раку Мышанкай, а леннік, пакутуючы і перажываючы за свой учынак, пабудаваў на беразе мястэчка і назваў яго Мыш.

У другім апавяданні расказвацца аб тым, што нейкі шляхціц пабудаваў над ракой асаду і не ведаў, як яе назваць. Нарэшце, ён вырашыў даць ёй імя той істоты, якую назаўтра сустрэне першай. Раніцай, выехаўшы з асады, ён убачыў маленькую мышку.

Яшчэ два паданні аб узнікненні назвы вёскі мне прыйшлося пачуць зусім нядаўна ад яе жыхароў. Першае расказвае аб тым, што некалі тут жыў вельмі сквапны і пранырлівы пан, ад якога пакутавалі мясцовыя жыхары. Каб нейкім чынам адпомсціць пану, яны празвалі яго Пацам (пацуком). Але і пан быў хітры, і ў сваю чаргу празваў жыхароў мястэчка мышамі. З цягам часу гэтая назва замацавалася за паселішчам.

У другім паданні гаворыцца наступнае. Даўным-даўно вёску цалкам знішчыў пажар. Людзі ў той час жылі адной вялікай сям'ёй. І вось, калі яны талакой адбудавалі першую хату, сабраліся ў ёй, убачылі маленькую мышку. Ад радасці і вырашылі даць мястэчку новую назву - Мыш.

Невырашаным на сённяшні дзень застаецца пытанне аб узнікненні вядомага вызначэння "Новая" да асноўнай назвы вёскі.

Гістарычныя факты сведчаць аб тым, што назва Мыш згадваецца ў дакументах з XVI ст. і праіснавала да другой паловы XVIII ст. Так, падвоеная назва сустракаецца на "Карце Польшчы..." Я. А. Рызі-Заноні, выдадзенай у 1772 г. у Парыжы. У той жа час у геаграфічным слоўніку Эхарда (Варшава, 1782-1783 гг.) згадваецца аб Мышы.

Такім чынам, у прамежак часу з першай паловы XVIII ст. і па канец першай чвэрці XIX ст. для назвы мястэчка ўжываліся як аднакарэнная, так і падвоеная назвы. Магчыма, падвоеная назва мястэчка ўзнікла пасля вялікага пажару 1762 г., калі згарэў палац Сапегаў, але яшчэ доўгі час не магла прыжыцца ў якасці асноўнай.

Тое, што мястэчка Мыш узнікла тут даўно і на час будаўніцтва Я. Г. Хадкевічам замка з'яўлялася ўжо буйным паселішчам у акрузе, не павінна выклікаць сумневу. Замак і мястэчка не аб'ядноўваліся ў адзін комплекс, а знаходзіліся адзін ад другога на адлегласці 4 км. На аснове таго, што гэтыя абставіны былі невядомыя, пазней і ўзнікла версія, быццам мястэчка першапачаткова знаходзілася там, дзе сёння в. Старая Мыш. Хутчэй за ўсё, там узнікла рэзідэнцыя ўладальніка, або яго даверанай асобы. Такая планіровачная сітуацыя - горад сам па сабе, магнат сам па сабе - вельмі распаўсюджана сярод еўрапейскіх прыватнаўласніцкіх гарадоў і мястэчкаў таго часу. Пры гэтым "Хадкевіцкі замак", нягледзячы на моцныя абарончыя элементы, меў невялікія памеры і не мог змясціць усіх гаспадарчых пабудоў, таму яны былі вынесены за межы замка. Верагодна, в. Старая Мыш і ўзнікла пазней недалёка ад гэтага феадальнага двара.

На галоўную старонку