На галоўную старонку
 


Несцярук Ала, в. Хомск, Драгічынскі р-н

Гісторыя мясцовых назваў

Раённы цэнтр г. Драгічын. Сэнс гэтай назвы хутчэй за ўсё - "Горад пры дарозе". Другая частка слова, відаць, пайшла ад германскага "ціен" - валачыцца, цягнуцца. Праз Драгічын асабліва многа грузаў перавозілі зімой - з Пінска праз Гарадзец і Кобрын да Берасця і далей.

Р. Ясельда (Яцольда, Ацольда) - "рака асаў", багоў, якім пакланяліся індаеўрапейцы яшчэ ў часы свайго першага пранікнення да Балтыі. Частка слова - "альда" - у індаеўрапейцаў азначае "рака".

Р. Піна. Сэнс яе назвы ад літоўскага слова "пінус" - сасна. Але існуе такое меркаванне, што назва гэтай ракі пайшла ад грэчаскага слова "пінна" - пярловіца.

В. Хомск. Існуюць такія погляды на з'яўленне назвы гэтай вёскі. Гавораць, што яна пайшла ад імя "Хама". Гавораць таксама, што Хомск так называецца, таму што знаходзіцца на ўзвышшы ("холм" па-русску).

Вул. Сніткаў вёсцы Хомск. Названа так у гонар Івана Даміянавіча Снітка - военачальніка, контрадмірала, інжынера (1949). Нарадзіўся ён 7.06.1896 у в. Хомск Драгічынскага раёна. Служыў у Ленінградзе. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, медалямі. Памёр 9 лютага 1981 г.

Крэпасць Жабер

У Беларусі многа знамянальных мясцін, звязаных з падзеямі шведска-рускай вайны 1700-1721 гг., якая атрымала назву Паўночнай. Яна вялася за выход Расіі да берагоў Балтыкі. "Прорубить окно в Европу" - такую мэту паставіў перад сабой Пётр I. Гэтая палітыка сустрэла моцны адпор шведскага караля Карла XII.

Вайна значны час працягвалася на тэрыторыі Беларусі. Войскі Карла XII неаднаразова ўрываліся ў наш край, прыносячы бяду і разбурэнні. Аб жорсткіх бітвах напамінаюць астаткі былой крэпасці, якая знаходзілася на левым беразе ракі Ясельды, за 3 км ад вёскі Жабер. Тут да сярэдзіны 1706 года стаяў замак князёў Вішнявецкіх.

Па плошчы крэпасць займала болей 1,5 га, была абнесена высокім земляным валам з дубовай агародкай. З захаду крэпасць надзейна прыкрывала рака Ясельда і яе балоцісты правы бераг, а з паўночнага і ўсходняга бакоў - паўнаводны абвадны канал шырынёй 20 м і глыбінёй 5 м. У сярэдзіну ўмацавання можна было трапіць толькі па мосце, які ў выпадку небяспекі хутка мог быць разбураны.

13 мая 1706 года кароль Польшчы Станіслаў Ляшчынскі, прыхільнік і саюзнік Карла XII, акружыў крэпасць і прапанаваў яе абаронцам здацца. Гарнізон крэпасці з 700 чалавек на ўльтыматум адказаў гарматным агнём, Пасля некалькіх няўдалых спроб захапіць замак на дапамогу Ляшчынскаму прыйшло падмацаванне, якое ўзначальваў шведскі генерал Майерфельд. Аднак і ён не дабіўся поспеху. Тады Карл XII сам прыбыў сюды на чале войска. Шведы акружылі крэпасць. З Пінска яны падцягнулі цяжкую артылерыю, з дапамогай якой думалі разбурыць бастыёны,, імклівым штурмам авалодаць умацаваннем. Аднак справа да гэтага не дайшла. Камендант крэпасці немец Ботман, падкуплены за 2 тысячы дукатаў, адкрыў вароты і здаў крэпасць без бою. Тым не менш разгневаны Карл XII загадаў разбурыць крэпасць, а трафейныя гарматы ўтапіць. Крэпасць Жабер мела настолькі вялікае стратэгічнае значэнне, што пазней Карл XII яшчэ раз прыехаў сюды з Пінска, каб сваімі вачыма паглядзець, як выкананы яго загад аб знішчэнні крэпасці.

У пачатку XX стагоддзя тутэйшыя жыхары выцягнулі некалькі гармат з абваднога канала, пазней на гэтым месцы былі знойдзены польскія і шведскія манеты XVII і XVIII стагоддзяў. Скарб, у якім знаходзіліся саліды Рэчы Паспалітай і медзь быў захаваны дзесьці ў 1666 годзе.

Хомская мануфактура

Адна з буйнейшых мануфактур Беларусі, якая спецыялізавалася на вырабе сукна. Належала буйному памешчыку-прамыслоўцу Пуслоўскаму і знаходзілася ў мястэчку Хомск. Менавіта на гэтым прадпрыемстве ў 20-я гг. XIX ст. з'явілася адна з першых паравых машых. Заснавана гэтая мануфактура была яшчэ ў 1798 г. У 1828 г. яна дасягнула свайго найвышэйшага ўздымку вытворчасці. Аб гэтым захаваліся наступныя звесткі. На мануфактуры былі ўстаноўлены лепшыя па тым часе машыны, у тым ліку 35 прадзільных,

Тараканскі кляштар. Малюнак аўтара. Тараканскі кляштар.
Малюнак аўтара.

14 для крашплёўкі, 2 шліхтавальныя, 54 ткацкія станкі, паравая машына. Тут працавала 550 чалавек, у тым ліку 3 майстры, 1 інспектар, 1 пісар, астатнія рабочыя былі з прыгонных сялян. У 1828 г. на 54 станках было выраблена 41225 аршынаў сукна. Мануфактура пашыралася на працягу ўсяго часу існавання. Так, напрыклад, у 1809 г. тут працавала 168 рабочых, у 1815 г. - 276, а ў 1828 г. - 550 чалавек.

Хомская мануфактура спецыялізавалася на вырабе тонкага сукна і лічылася лепшай у гэтай галіне. Пра гэта гаворыць і ўзнагарода, якую атрымала фабрыка Пуслоўскага - залаты медаль на Усерасійскай прамысловай выставе 1829 г. у Пецярбургу.

Тараканскі манастыр

У жыцці ўніяцкай царквы вялікую ролю адыгрываў ордэн базыліян. Узнік ён у IV ст. у Малой Азіі. Пачаў сваю дзейнасць на Русі ў 988 г. Але найболей актывізаваўся на беларускіх і ўкраінскіх землях пасля Брэсцкай уніі.

У канцы XVIII ст. базыліянскі ордэн на Беларусі і на Украіне меў 83 манастыры. З іх тры на Драгічыншчыне - у Таракані, Антопалі і Хомску. На Драгічыншчыне яны з'яўляліся цэнтрамі асветы.

Помнікі гісторыі на тэрыторыі в. Хомск

За 3 км на паўночны ўсход ад вёскі ва ўрочышчы Гарадок (Гарадзец, Гарадзішча) выяўлена самае старажытнае паселішча на тэрыторыі Драгічыншчыны. Гэты помнік размяшчаецца на пагорку на вышыні 3-5 м, сярод поплаўных балацін. Стаянку выявіў і даследаваў у 1936 г. настаўнік мясцовай школы Г. Гааке. Пры раскопках здабыта 200 апрацаваных крамянёў, сярод якіх да 15 закончаных прылад працы, характэрных для арэнсбургскай культуры Х-VІІІ тысячагоддзяў да н.э. Бліжэйшы аналаг - стаянкі каля вёсак Опаль і Моталь Іванаўскага раёна.

Пазней на адзначаным месцы існавала паселішча бронзавага веку ХV-ХІ ст. да н.э. на пасяленні сабраны абломкі характэрнага для гэтага перыяду глінянага посуду, а таксама сякеры, наканечнік дроціка. Пазней тут узнікла ўмацаванае паселішча ранняга жалезнага веку - гарадзішча. Тут выяўлены прадметы ранняга жалезнага веку, у тым ліку дзве галоўкі жалезных фібул ІІІ-VІ ст. н.э., знойдзены таксама сярэднявяковыя рэчы - жалезныя нажы, наканечнікі стрэл, красалы, фрагменты замкоў, упрыгожанні, прасліцы і інш. Зараз помнік моцна пашкоджаны меліяратарамі. У вёсцы і наваколлі неаднаразова знаходзілі каменныя сякеры.

На рынкавай плошчы Хомска у 1936 г., калі капалі яму, на глыбіні 0,5 м разам з крамянёвымі вырабамі знайшлі гліняную свістульку.

Рэшткі першабытнага паселішча прыкметны ўздоўж паўночнай ускраіны вёскі. Там жа сустракаюцца апрацаваныя крамяні.

У 1980-х гадах каля Хомска выяўлена 4 курганы. Два з іх на паўночны ўсход ад вёскі, на полі каля балота. Захаваўся адзін. Вышыня яго 1,7 м, дыяметр 7 м, Курганы датуюцца VІІІ-Х ст.

На галоўную старонку