На галоўную старонку
 


Бардакоў Саша,
пас. Жамчужны, Баранавіцкі р-н

Спачатку я раскажу адну легенду.

Жыла калісьці дзяўчына-прыгажуня Мышанка. Аднойчы яе ўбачыў малады паніч, ды так моцна закахаўся, што захацеў на ёй ажаніцца. Але дзяўчына не хацела быць жонкай нялюбага чалавека. Тады пан пачаў дамагацца яе сілай. Дзяўчына, каб пазбегнуць ганьбы, кінулася ў раку, якая і зараз мае назву Мышанка. А на беразе гэтай ракі людзі пабудавалі паселішча Мыш.

Да XVI стагоддзя паселішча ўваходзіла ў склад уладання караля, але ў 1568 годзе кароль Жыгімонт II Аўгуст аддаў вёску Яну Хадкевічу за ваенныя заслугі. Недалёка ад Мышы быў пабудаваны замак. Яго заснаваў "граф на Мышы" Хадкевіч.

У 1654 годзе расійскія войскі падышлі да сцен замка. Яго абарону ўзначальваў ваявода Пётр Вятэвіч, які пры падыходзе ворага ўцёк у бок Слоніма з часткай войска. Другая частка, што засталася ў замку, не вытрымала аблогі і была перабіта, а замак зруйнаваны.

У Мышы было каля 13 рамесных спецыяльнасцяў, у той час як у другіх вёсках толькі 5-6. А ў другой палове XVII стагоддзя Мышская шкляная мануфактура была самым буйным прадпрыемствам на Беларусі.

У сённяшняй вёсцы Новая Мыш ёсць непрыкметны будыначак з пустымі вокнамі - гэта самае старое збудаванне ў вёсцы, былая сінагога. На самай старой частцы вёскі нярэдка знаходзяць манеты даўняй чаканкі. Адна з іх трапіла і ў мае рукі. Гэта манета наміналам у дзве капейкі 1801 года. Яшчэ ў мяне ёсць 10 капеек 1910 года, 3 капейкі 1903 года. А ў маёй сяброўкі ёсць знойдзеная ёю манета 1799 года.

У нашай мясцовасці многа адметных мясцін. Так, некаторыя вучоныя лічаць, што таямнічы горад князя Міндоўга Варута знаходзіўся на месцы пасёлка Гарадзішча. Згодна мясцоваму паданню, у час Паўночнай вайны ў Гарадзішчы спыняўся шведскі кароль Карл XII. Касцёл у Гарадзішчы быў пабудаваны ў 1494 годзе, ён быў драўляны. У мястэчку ў ХVІІ-ХVШ стагоддзях дзейнічаў уніяцкі базыльянскі манастыр. Тут жа ў 1612 годзе была збудавана і найстаражытная ў нашым раёне сінагога. Уладальнікам Гарадзішча з'яўляўся Ян Няміровіч.

У мястэчку Сталовічы з 1616 года існавала Сталовіцкае камандорства мальтыйскага ордэна. Першым камандорам быў тыт Жыгімонт Караль Радзівіл. Камандорства мела касцёл, кляштар, шпіталь для бедных.

У вёсцы Палонка дзейнічаў ордэн дамініканаў, у 1680 годзе яны будуюць там свой кляштар.

У 1442 годзе ў Крошыне быў пабудаваны касцёл, а праз 30 год будуецца цагляны касцёл у Ішкальдзі. У Мышы і Гарадзішчы былі ўтвораны рэзідэнцыі езуітаў. У Мышы рэзідэнцыя заснавана ў 1660 годзе.

Праз Сталовічы некалі праходзіў вялікі гасцінец з Полацка да Варшавы, і другі - з Пінска ў Вільню. Зараз яшчэ захаваліся рэшткі гэтай дарогі.

На тэрыторыі нашага раёна, зусім недалёка ад майго месца жыхарства, каля вёскі Палонка 27 чэрвеня 1660 года адбылася буйная бітва. Аб'яднанаму 15-тысячнаму беларуска-польскаму войску супрацьстаяла 46-тысячная армія рускага цара. Аб'ядным войскам камандаваў гетман Сапега. Рускія былі ўшчэнт разбітыя. А ваяводы Хаванскі і Трубяцкі ледзь уцяклі з рэштай конніцы. Было ўзята ў палон каля 18 тысяч пяхоты і вялікі абоз са зброяй і з 60 гарматамі.

Яшчэ адна буйная сеча адбылася ў 1506 годзе каля той жа Палонкі. Ворагам на гэты раз былі татары, якія таксама пацярпелі паразу і былі разбітыя.

У нашых мясцінах ля ваколіц Новай Мышы быў узгадаваны Ян Чачот. А ў Завоссі наш славуты пісьменнік Адам Міцкевіч. Я быў у Завоссі напярэдадні яго 200-годдзя са дня нараджэння. Там адбываліся апошнія прыгатаванні, і кожны прыехаўшы, ужо мог назіраць адноўленую сядзібу. Маёнтак Міцкевічаў быў невялікі. Хата, крытая камышом, і двухпавярховая клець, якая выконвала ролю каморы. Там захоўваліся харчы і ўсе астатнія рэчы, патрэбныя ў гаспадарцы. У Завоссі мы сустрэлі прафесара гісторыі, які расказаў нам шмат цікавых звестак, Так, напрыклад, двухпавярховы будынак быў любімым месцам адпачынку маладога пісьменніка. А калі яму прыходзілі ў галаву новыя творы, то Міцкевіч, каб занатаваць іх, рабіў надпісы на сценах. З цягам часу ўсе сцены пакрыліся запісамі і занатоўкамі. Нпадалёк знаходзіўся парк і пруд, якія затым паступова зніклі. Такія творы паэта, як "Свіцязянка", "Пан Тадэвуш", напісаны з яго любімых мясцін. Свіцязь знаходзіцца недалёка ад Завосся, а "Пан Тадэвуш" напісаны паводле судовай справы Міцкевічаў за права валодання Завоссем. Многія героі твораў з'яўляліся ў свой час рэальнымі людзьмі.

Першая сусветная вайна таксама пакінула свае сляды ў нашых краях - тут праходзіла лінія фронту. А ў другую сусветную адбываліся жорсткія баі за стратэгічны пункт горад Баранавічы. Раней, ды і зараз таксама, у нашых лясах знаходзяць шмат гільз, куляў, куляметных стужак і іншыя вайсковыя рэчы. Так адзін мой сябра знайшоў ля вё'скі Хаткі карманны пісталет, які быў ужо поўнасцю заіржаўлены. У лясах з вайны засталося шмат акопаў, траншэй і зямлянак. А пад час турыстычнага пахода наша група знайшла ў лесе помнік з надпісам па польску. Наколькі мы зразумелі, у надпісе гаварылася пра памяць студэнтаў, загінуўшых у час газавай атакі. Непадалёку знаходзіліся брацкія могілкі, дзе ляжаў вялізны, расколаты напалам камень. На ім была выява вянка з кайзераўскім крыжом у сярэдзіне.

Аднойчы я знайшоў у лесе нямецкую каністру 1940 года, але яна была ўжо такая іржавая, што рассыпалася пасля таго, як на яе наступіў мой сабака. Адметна тое, што каністры, вынайдзеныя немцамі, не змянілі ні свайго знешняга выгляду, ні ўстройства да нашых дзён.

Ёсць у мяне яшчэ адна цікавая рэч, прывезеная ад майго дзеда з Палесся. Гэта сякера даўжынёй болей за 30 см. Яна мае гравіроўку і, як кажа мой дзядзька, знаходзіцца ў нашай сям'і ўжо вельмі даўно.

На галоўную старонку