На галоўную старонку
 


Лішка Сяргей,
студэнт 4 курса БрДУ, в. Козікі, Івацэвіцкі р-н

Назвы Івацэвіцкага раёна

Шыбельная гара - месца, адметнае ў гісторыі паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. І Шыбельнай яна называецца невыпадкова.

Гара шыбеніц.

Калі ехаць з Івацэвіч у Косава, то направа за горадам знаходзіцца гэтая самая гара. Засталася толькі сама гара, а сосны па загаду ўладаў былі высечаны з той мэтай, каб вынішчыць народную памяць аб паўстанні і жорсткай расправе карнікаў над паўстанцамі.

А тыя дрэвы маглі многа паведаміць. Пасля паўстання царскія служкі вешалі на іх паўстанцаў К. Каліноўскага. Трагічнае месца засталося ў памяці людзей, хоць няма ўжо лесу на гары.

Але старыя людзі, якія жывуць у гэтай мясцовасці, могуць паказаць гару і расказаць пра тыя падзеі, бо яны перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Старыя людзі кажуць, што пасля Вялікай Айчыннай вайны дрэвы яшчэ стаялі і да кары кожнага з іх (з ліку тых, на якіх віселі людзі) былі прымацаваны іконкі. Дрэвы былі старыя, не вельмі высокія, галлё на іх было нізка ад зямлі; людзі шанавалі іх як памяць аб мінулым, пэўна і паўшла ад гэтай падзеі назва гары - Шыбельная.

Лес на гары мог бы жыць і зараз. Сасна - дрэва даўгавечнае. Шкада толькі, што памяць у нас кароткая. І шкада, што застаецца ўсё менш людзей, якія ведаюць шмат цікавага і маглі б расказаць пра наш край. Хочацца спадзявацца, што некалі на Шыбельнай гары будзе ўзведзены помнік, годны паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, якія змагаліся за сваіх дзядоў, іх мірную і спакойную будучыню.

Некалькі паданняў і легенд
пра паходжанне назваў населеных пунктаў
у Івацэвіцкім раёне

Адна з легенд назву горада Косава звязвае з імем Касы, які быў кавалём і ў часы набегаў татар каваў зброю, якую жыхарам часта прыходзілася пускаць у ход у бітвах з ворагам. Калі людзі ішлі да гэтага каваля, то казалі, што ідуць да Касога, і месца, дзе ён жыў, паступова сталі называць Косава.

У легендзе аб паходжанні назвы г.п. Целяханы гаворыцца пра вялікую бітву татар з русічамі каля паселішча на ўсходзе заходняга Палесся. У бітве загінуў татарскі хан. Татары пахавалі яго з вялікай пашанай і насыпалі высокі курган. І нібыта ад таго, што ў гэтым кургане пахавана цела хана, паселішча сталі называць Целяханы.

Легенда аб назве в. Гошчава

Жыў калісьці ваяр Гошча, быў ён быццам бы княжацкім дружыннікам. За нейкую крыўду схаваўся ў лесе. Вакол яго сабраліся такія ж адважныя хлопцы, і доўга яшчэ яны непакоілі княжацкіх дружыннікаў і купцоў. Нарэшце, Гошча распусціў сваю дружыну, але многія яго паплечнікі пасяліліся на ўзвышшы паміж рэчкамі недалёка ад свайго стана і пачалі гаспадарыць. Іх паселішча стала называцца Гошчава.

Яшчэ старажылы ўспамінаюць расказы сваіх продкаў, згодна якім у час напалеонаўскай вайны каля в. Гошчава стаяў са сваім штабам генерал Собалеў. Гара, дзе гэта адбылося, і цяпер носіць назву Собалеўка. Бітвы, праўда, тут не адбылося - рускім войскам прыйшлося спешна адыходзіць. А калі французаў гналі ад Масквы, наш край яны абмінулі. Але назва засталася.

На галоўную старонку