На галоўную старонку
 


Рудзь Юля, 8 кл., г. Бяроза

Помнік мінулага

Мінулае... А ці можна лічыць мінулым тое, што было дзесяць гадоў таму? А чаму б і не. Але, што датычыцца помнікаў, то найбольшыя ўражанні выклікаюць самыя старажытныя з іх. Да такіх можна аднесці кляштар ордэна картэзіянцаў або проста кляштар. Любы чалавек, апынуўшыся непадалёку ад гэтага месца, у глыбіні душы, нават не разумеючы таго, думае пра падзеі, што адбываліся тут тры-чатыры стагоддзі таму.

Картэзіянскі манастыр быў пабудаваны ў 1648-89 гт., валодаў 800 сялянскімі дварамі і быў асноўным горадабудаўнічым ядром горада, двойчы разбураўся ў час войн 1700-1721 гг. (Паўночнай) і 1812 (нашэсце Напалеона). У цяперашні час на месцы некалі прыгожага збудавання засталіся тры вежы (я чула, што іх было пяць) і некалькі сцен, таўшчынёй амаль 60 см. Яны сумна дажываюць, магчыма, сваё апошняе стагоддзе, з гонарам гледзячы на новыя, прыгожыя і багатыя дамы... Я добра не ведаю, хто і чаму пабудаваў гэты манастыр, але чула дзве легенды. Вось адна з іх.

Жыў некалі адзін вельмі добры і паважаны чалавек, які згубіў магчымасць бачыць. Ён быў ужо сталага ўзросту, і не меў ён надзеі ізноў пабачыць свет. Аднойчы пайшоў ён з хлапчуком-правадыром у нейкае падарожжа. Яны спыніліся каля маленькай рачулкі і вырашылі адпачыць. Сляпы заснуў, а хлопчык пабачыў дзяцей і пабег да іх. Калі сляпы прачнуўся, яго малады правадыр быў ужо далёка. Але стары не злаваў на хлопчыка,бо ведаў, што сам быў такім калісьці. Ён асцярожна пайшоў на пляск вады і, нахіліўшыся, папіў яе. Раптам нешта балюча пачало калоць у яго вачах і праз некалькі хвілін вочы старога ўжо ўспрымалі ўсе колеры асяроддзя. Здзіўлены такім цудам, ён паабяцаў, што пабудуе непадалёку манастыр і ўсім раскажа аб цудоўнай вадзе. Сваё абяцанне ён стрымаў. І дзякуючы яму, зараз на вуліцы Камсамольскай (а раней Кляштарнай), як абаронца будучыні, стаіць помнік мінулага.

Паводле другон легенды, сляпой была дачка князя. Яна зноў убачыла свет, дзякуючы той жа вадзе. Князь пабудаваў манастыр з прудом і садам. Наконт сада не ведаю, але пруд у цяперашні час там ёсць. А каля пруда нейкая ваенная часць. На беразе пруда астанкі старога дуба, адзін толькі ствол застаўся.

З акна маёй залы, за дахамі катэджаў бачна адна з веж, дажыўшых да нашага часу. Кажуць, што гэта была званніца...

Кожны чалавек мае права марыць. Вось і я мару аб тым, каб хто-небудзь, вельмі багаты чалавек або якая-небудзь арганізацыя адрэстаўравала кляштар, было б нешта накшталт Мірскага замка...

А цяпер на "варотах" кляштара вісіць шыльда "Картэзіянскі кляштар. Помнік архітэктуры XVII ст."

Што застанецца ад помніка праз некалькі дзесяткаў год?

На галоўную старонку