На галоўную старонку
 


Парады бабы Магдалены

Погляд на сучаснае жыццё вачыма фалькларыста са стажам

Жыву ля сельсавету,
А ні дроў, ні свету.
Далёка не ўнікальная сітуацыя, ці не так? Ёсць у гэтай частушкі і канкрэтны аўтар - бабуля Магдалена з Салігорскага раёна. А "адкрыў" яе таксама далёка не ардынарны чалавек - загадчык кафедры беларусазнаўства Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі Іван Крук. Дваццаць гадоў вандруе гэты апантаны фалькларыст па беларускіх сцяжынках. У пошуках прыказак, прымавак, замоў і, зразумела, самародкаў з народа.

- Так, бабуля Магдалена, - заўважае Іван Іванавіч (на вялікі жаль, згубілася недзе ў маіх запісях яе прозвішча: тая ж фальклорная экспедыцыя праводзілася ў пачатку дзевяностых гадоў), - цуд, а не жанчына. Хадзіў я за ёю па пятах і запісваў, запісваў. А яна ідзе і не гаворыць, а прымаўкамі сыпле:
Дайце сто грам -
Прыйду і заўтра к вам.

Ці:
Ішла з бальніцы, Несла хлеб у спадніцы.
Падзялілася бабуля і цікавымі парадамі. На кожны дзень.

Маўляў, печ не робяць і не мажуць падпоўню, бо разваліцца. Цыбулю садзяць і полюць толькі ў пятніцу. Капусту ставяць толькі на маладзік. А мо, і варта да тых парад, выпеставаных пакаленнямі, прыслухацца?

- Аднак (і гэта відавочна) цікавасць да народных абрадаў, культуры, усплёскякой назіраўсяяшчэ зусім нядаўна, згасае. У большай модзе - "агенты 007", мыльныя оперы.

- Я б сказаў, што ў нас цяпер склалася агульнастрэсавая сітуацыя. Мы спрабуем пераняць амерыканскі і японскі варыянты развіцця, не ўлічваючы нацыянальны менталітэт. Таму прабуксоўваем.

Многае сёння мяне засмучае. Наша культура трымаецца на сімвалах, якія выпрацоўваюцца гадамі. А я вось колькі ні прасіў сваіх студэнтаў прааналізаваць структуру фаты нявесты (з якіх яна складаецца кампанентаў, іх роля?) - ніводзін не адказаў. Відаць, цяпер паўстае неабходнасць падрыхтаваць адпаведны дапаможнік, відэафільм - ды дэманстраваць іх у нашых салонах "Шчасце". Для вашых жа чытачоў, калі яны гэтага не ведаюць, растлумачу. У фаты - тры кампаненты. Вянок сімвалізуе статус дзяўчыны. Доўгая частка фаты накідваецца на плечы, засцерагае ад сурокаў валасы. Кароткая - бароніць вочы, твар. Дадатковы кампанент убрання нявесты - хусцінка, пальчаткі: праз іх адорвалі маладых.

А паглядзіце, што робіцца ў дзіцячых і дарослых фальклорных калектывах! У народным хоры імя Цітовіча спявачкі апрануты ў белае. Хаця ў нашых продкаў такога быць не магло. У адзенні жанчыны заўжды павінен быць чырвоны колер. Нездарма нявеста на вяселлі ў першы дзень - у белым. Гэты колер сімвалізуе смерць дзяўчыны, пераход яе ў статус жанчыны. І цяпер яе атрыбуты - хусцінка, фартушок. Але ж фартушку не месца ў дзіцячым фальклорным калектыве.

- А можа, гэта не так і важна - белы, чырвоны колер, фартушок?

- Для маладых, на жаль, не так і важна. А вось для старэйшых пакаленняў вельмі важна. Трымаюцца старыя людзі за традыцыі продкаў. Мая бабуля ніколі не дазваляла пакласці на стол перавернуты бохан хлеба, перасцерагала, каб я не клаўся ніцма на зямлю. Маўляў, не да дабра. Па-рознаму ставяцца сёння людзі да гэтых папярэджванняў. Адны скептычна адмахваюцца, другія ўсміхаюцца: аджыло. Мне ж не верыцца, каб тое, што жыло стагоддзямі, перадавалася ад дзядоў унукам, стала нам непатрэбным.

- Аказваецца, да вайны ў нас было прынята на вяселле дарыць цотную колькасць кветак, на пахаванне прыносіць іх тры ці пяць. Ведаю, што вы вывучаеце такую праблему...

- Гэта адно з самых цікавых і няпростых пытанняў, звязаных з нашым жыццём. Уявім сабе падрыхтоўку святочнага стала. Расстаўлены сподачкі, мужчыны наразаюць хлеб, а жанчыны акуратна раскладваюць яго па два кавалачкі на кожны сподачак. Сваім дзецям, пляменнікам або дарослым гасцінна прапаноўваем цукеркі, прычым абавязкова падкрэсліваем: бяры ў пару.

На Радаўніцу мы ставім каля помніка або крыжа адзін сподачак, адну чарку, кладзём адно чырвонае яйка, але чамусьці прыносім... дзве кветкі.

Але ж парнасць з'яўляецца сімвалам жывых, а знакам умоўнай прысутнасці продкаў, памёршых аказваецца няпарнасць.

На заканчэнне нашай гутаркі мне хацелася б сказаць вось пра што. Мы павінны больш уважліва ставіцца да гістарычных крыніц, традыцый нашых продкаў. Я, напрыклад, прынцыпова не згодзен вось з такім рашэннем парламента. Спакон веку ў Беларусі Дзяды (ці Дзень памяці) адзначалі ў трэцюю суботу пасля Пакроваў і называлі яе бацькоўскай суботай. Дэпутаты ж усё пераблыталі і прывязалі Дзень памяці да канкрэтнай даты - 2 лістапада. І адзначаем мы яго цяпер то ў аўторак, то ў чацвер... вось так. Трэба, вельмі трэба ведаць сваю спадчыну!

Гутарыла Наталля Тумар

На галоўную старонку