На галоўную старонку
 


Беларуская хатка

Калі дакладней прыгледзецца, то можна уявіць, што пярэдняя частка хаты (фасад) - твар, шчыт - лоб, вочы - вокны. (Мал. 1)

Рубленая хата - гэта мадэль светазлучэння трох касмічных стыхій - неба, зямлі і падземнага свету. Нашы продкі. што жылі у цеснай садружнасці з прыродай, паказвалі свае прадстаўленні аб ёй у сімвалічных вобразах, як бы прызываючы у саюзнікі магутныя сілы прыроды.

Уявіце сабе сялянскую хатку. Тут парадак, як і ў прыродзе - усё гарманічна і дасканала. У самым светлым пакоі, у куце - Бажніца, абразы, упрыгожаныя зёлкамі, а ў святы - ручнікамі. Гэта - зара, зараніца. Кут (покуць) - самае ганаровае месца у хаце.

Столь была падобна небасхілу. Да яе падвешвалі драўлянуо птушку, зробленую з трэсак, лучнік для асвятлення, а калі было немаўля - люльку. Цэнтрам жытла, сімвалам дабра і цяпла была печ (труба). Яна, як нявеста - заўсёды белая, чыстая. Печ карміла сям'ю. На ей спалі, сушылі вопратку і абутак. Цяпло печы - як цяпло душы...

А цяпер паглядзім на вонкавы (знешні) бок хаткі. Колькі упрыгожанняў, цікавых дэталяў можна убачыць. Для чаго яны рабіліся? Для прыгажосці, ці неслі у сабе нейкі таямнічы сэнс і мелі магічную сілу?

І тое і другое. Для нашых продкаў арнаментальны ўзор быў складанай сістэмай знакаў, якія надзяляліся канкрэтным сэнсавым значэннем, (адлюстроўвалі адносіны чалавека і прыроды, грамадскія адносіны, уяўленні аб сусвеце).

Арнаментальныя упрыгожванні можна разглядаць як своеасаблівую пісьменнасць. Напрыклад:

  • сіметрычная ялінка - дрэва жыцця; (Мал. 2)
  • трохпялёсткавая кветка (крын) - сімвал жыцця; (Мал. 3)
  • трохпялёсткавая кветка са звернутымі да цэнтра фігурамі птушак - сімвал сямейнага шчасця і дабрабыту; (Мал. 4)
  • кола са шматпялёсткавай ці промнявай геаметрычнай разеткай - старажытны сымболь (сімвал сонца). (Мал. 5)

Кола - любая замкнутая сістэма. Успрымалася, як сімвал аховы жылля, людзей, жывёліны. Напрыкпад, кола пад страхой як бы абараняла курэй ад налетаў драпежных птушак.

Крыж у коле - грамавы знак. (Мал. 6)

Крыж у коле капцілі прынесенай з царквы свечкай, якая звалася "грамнічнай". Чатыры разы "мелі сілу" гэтыя крыжы: на шчодрыка (Стары Новы год), на "грамніцы", у "чысты" чацвер, перад Іванам Купалам.

Сімвалам аховы былі і фігуркі жывёл: адзінарныя і парныя галовы коней на перакрыжаванні закрылін (канёк), выявы рагоў і змей (канёк, ніз закрылін). А чэрап вала ці каня на грэбні "пужаў" злых духаў.

Стылізаваныя Фігуры рыб сімвалізавалі жыватворную сілу сонца. (Мал.7)

Для стылізацыі выкарыстоўвалі мясцовыя расліны (лісты папараці, рабіны, клёну, кветкі і г.д.)

Шчыты афарбоўвалі ў колер неба - блакітны. Аконны пояс шалёўкі - светлы колер (охра, аранжавы), зялёны (зеляніна дрэў). Ніжні - цёмна-карычневы. На вуглавой шалёўцы рабіліся ўзоры.

Дах звычайна рабілі з саломы, чароту. (Мал. 8)

Упрыгожвалі прыціскнымі рожкамі (козлікамі), якія густым ланцужком пакрывалі грэбні дахаў, надавалі ім стыльнасць. Вянчаўдах сімвал сонца ці сілуэт птушкі (пеўніка). (Мал. 9)

Пеўнік - прадвеснік добрага, светлага, новага дня, новага жыцця. Ён аберагаў ад дурнога вока, Дах мог вянчаць і збіты з дзвюх дошак "воўк" (Мал. 10).

Шчыт на Палессі плялі з лазы, рабілі ашалёўку. "Упрыгожвалі" стылізаваным сонцам. (Мал. 10)

Вокны ўпрыгожваліся стаўнямі і налічнікамі.

Вячаслаў Казубоўскі
"Пралеска" 10/1993 г.

На галоўную старонку