На галоўную старонку
 


Рылееў сталаваўся ў... Сталовічах

Святую справу рабілі дзекабрысты, але мы не павінны забываць і тое адмоўнае, што было ў іх руху. І тут дастаткова ўспомніць змову Паўла Іванавіча Песцеля (аднаго з кіраўнікоў дзекабрыстаў) з палякамі.Па яго з імі задуме ўся Гродзенская губернія і Беластоцкая вобласць, а таксама часткі Віленскай, Мінскай і Валынскай губерній павінны былі адысці пасля паўстання на карысць новастворанай Польскай дзяржавы.

У 1824 годзе Песцель будзе палка ўгаворваць Мікіту Мураўёва ў ажыццяўленні такой акцыі.

Але ў той час знайшоўся сапраўдны абаронца за правы Беларусі - гэта быў Кандрацій Рылееў. Вось што адзначыў пісьменнік-даследчык Сямён Букчын у сваёй кнізе "...Народ, издревле нам родной" (даецца ў перакладзе):

"Але як ускінецца, як люта паўстане супраць праекта Песцеля Рылееў! Трасучы картай, увесь дрыжачы ад крыўды і абурэння, ён заявіць на нарадзе ў Пецярбурзе:

Мы гатовы садзейнічаць палякам у іх барацьбе за свабоду. Але мы не маем права зацвярджаць падобныя ўмовы. Гэта можа быць вырашана толькі на Вялікім Саборы! Ад сябе ж скажу, што межы Польшчы пачынаюцца там, дзе канчаюцца дыялекты маларасійскі і рускі ці па-польску - хлопскі. Дзе ж большая частка народа гаворыць згаданымі дыялектамі і спавядаюць грэка-рускую альбо ўніяцкую рэлігію, там Русь, старажытная спадчына наша!"

Далей С.Букчын піша: "Дыялект па-польску хлопскі... Так абазначыў Рылееў беларускую мову. Ён помніў пра Беларусь, пра яе народ, кроўна звязаны з рускім народам."

Але вось тут пагадзіцца з шаноўным Сямёнам Букчыным я не магу. Хлопскую польскую мову вызначылі яшчэ ў Рэчы Паспалітай, дзе беларускіх мужыкоў ганебна звалі быдлам, і гэта па традыцыі перайшло і да расійскіх чыноўнікаў, пакуль цар Мікалай Палкін не ўвайшоў у справу, ён жа ў 1840 годзе забараніў нават і само слова "Беларусь". Так польскія і расійскія вярхі заўсёды знаходзілі дамоўленасць, каб рваць па-жывому наш народ. Ці не пра гэта гаворыць і Рыжская дамова, падчас якой Пілсудскі дамовіўся з Леніным праз сваіх прадстаўнікоў аб падзеле Беларусі на Заходнюю і Ўсходнюю, нават тады Менск хацелі падараваць палякам... Вось праз колькі гадоў выплылі дамоўленасці дзекабрыстаў з палякамі, якія ў Рызе былі б ужо замацаваны на паперах. Але ў гэты час ужо не знайшлося такога чалавека, як Рылееў...

Кандрацій Фёдаравіч Рылееў! Вялікі грамадзянін сваёй краіны! А яшчэ ваяр, паэт, камерсант, палітычны дзеяч! Так здарылася, што яго імя навекі паядналася з нашай зямлёй - Берасцейшчынай (Гродзенскай губерніяй. - М.М.) і Міншчынай. Ён некалькі разоў праязджаў праз Брэст-Літоўск (палякі пасля Рыжскай дамовы назавуць яго Брэст-над-Бугам. - М.М.), калі накіроўваўся ў замежны паход расейскай арміі і вяртаўся з яго.

А месца службы Кандрація Рылеева выпала на старажытнае беларускае мястэчка Сталовічы, якія сёння знаходзяцца амаль побач з маімі Баранавічамі (у тыя часы - Слонімскі павет Гродзенскай губерніі). Я некалькі разоў быў у ім, шукаў месцы, звязаныя з імёнамі Аляксандра Суворава, Міхала Казіміра Агінскага, нашчадка славутага арапа, пятроўскага паплечніка - Ісаака Ганібала, а таксама з імем ваяра-афіцэра Рылеева, але ці суродзіч ён Кандрація Рылеева - пакуль не выяўлена. Не дапамаглі мне і мае апытанні, "допыты" мясцовых жыхароў, аказалася - у іх памяць вельмі кароткая, не збераглі яны нічога і пра камандорства Мальтыйскага ордэна, якое некалькі стагоддзяў было тутака. Пачаўшы з роспытаў пра XVI-XVII стагоддзі, перайшоў затым да больш бліжэйшых часоў - канец XVIII і пачатак ХІХ стст., нават - пра падзеі першай сусветнай вайны. Як аказалася - сталавіччане нават не ведалі, што ў часы першай сусветнай імперыялістычнай вайны каля іх мястэчка, на заходнім напрамку, былі выкарыстаны атручальныя газы... Не ведалі яны, што ў 1889 годзе маёнткам у Сталовічах валодаў князь Антон Вільгельмавіч Радзівіл, які меў 981 дзесяціну зямлі: у Цюкантавічах -216, Малероўшчыне - 42, Бараўцах - 331, Маргах - 31, Заполлі - 12...

Верасень 1814 года ў Сталовічах быў досыць напружаны. Артылерыйская батарэя, у якой служыў Кандрацій Рылееў, прымала новых людзей, рыштунак, конскі састаў. І ўсё гэта патрабавала пільнага вока, вучобы, вучобы і вучобы... Але, як аказалася, Рылееў не любіў службу, саслужбоўцаў, не любіў, калі яму давалі нейкія парады. Што ж, бываюць і такія людзі, але адначасова ён знаходзіў час чытаць тым, з кім служыў, вершы, празаічныя творы. Акрамя ўспамінаў сябра па службе, А.І. Касоўскага, пра тую службу Рылеева, ніякіх звестак не захавалася, нават яго лістоў дадому да маці Анастасіі Мацвееўны. Вось што занатаваў яго сябра і саслужбовец: "... Рылеева можна было бачыць па большай частцы ў мужыцкай хаце з паўсвятлом, за простым рабочым сталом, на якім былі нагрувашчаны розныя кнігі, нават на лаўках займаемага ім пакоя, мноства раскіданых папер, сшыткаў, скруткаў, рознага хламу і ў асаблівасці пылу. Сам жа ён пастаянна насіў арыгінальны двухбортны сурдут светла-карычневага сукна, пад назвай паэтычнага, самым ім прыдуманага, даўжыня якога да кален, з шырокімі рукавамі, з двумя кішэнямі на грудзях, з некалькімі шнуркамі і кітасямі, а каўнер маленькі, адкладны, так што ўся шыя адкрыта; штаны светла-шэрага сукна, але без чырвонага канта і без штрыф, у якіх па рассеянасці адзін раз выехаў ва фрунт, за што і быў арыштаваны. Шапка ці картуз чорнага сукна асобага крою; боты насіў без падборкаў, але большай часткай стаптаныя, часцяком парваныя, нячышчаныя; туфляў і галош ён не меў..."

Як бачна з гэтай вытрымкі, вельмі непрывабна выглядаў баявы афіцэр Рылееў, той, хто ў гады вучобы ў Першым кадэцкім корпусе прасіў у бацькі выслаць грошы на пакупку кнігі пра жыццяпіс Аляксандра Суворава. І тым болей не зразумелы мне неахайны выгляд яго, таму што гэта адбывалася ў тым самым мястэчку, дзе будучы генералісімус (нікому тады не вядомы) адолеў вялікага гетмана Літвы Міхала Агінскага. 11 (22) верасня 1771 года Аляксандр Сувораў са сваім атрадам набліжаецца да Крашына, які сёння на польскі лад гучыць і называецца Крошын. Так-так, у той славуты Крашын, які адзначаны такімі прозвішчамі, як Мелік-баша, Дамейка, Адынец, Зан, Паўлюк Багрым - прыдуманы і міфалагізаваны паэт з народа, які, нібыта, напісаў верш "Зайграй, зайграй, хлопчэ малы..."

Як мяркуе вучоны-літаратуразнаўца Сямён Букчын, Кандрацій Рылееў напісаў у Беларусі (акрамя Сталовічаў ён служыў у Нясвіжы) два творы: "Вясна" і "Людміла", але гэта не адпавядае ісціне, бо першы твор адзначаны датамі 1816 ці 1817, а другі - 1817 альбо 1818.

Але вернемся да Сталовічаў, якія звязаны яшчэ і з такой асобай, як будучы ваенны міністр Іван Ануфрыевіч Сухазанет (1788-1861, выхаванец славутай слуцкай гімназіі). У 1814 годзе ён быў начальнікам штаба артылерыі 1-й арміі і па ўспамінах таго ж Касоўскага, "сур'ёзна прыняўся вучыць камандзіра батарэі падпалкоўніка Сухазанета (брата свайго роднага), пераведзенага з першай брыгады, роўна і ўсіх п. афіцэраў." Чаму я столькі ўвагі аддаю яму будзе бачна далей. Вось што я знайшоў у Аляксандра Пушкіна: "Тры рэчы асуджаюцца наогул - і па справядлівасці: 1) Выбар Сухазанета, чалавека заплямённага, выйшаўшага ў людзі цераз Яшвілі - педэраста і заўзятага гульца..."

А вось што піша Сямён Букчын: "14 снежня 1825 года яны зноў сустрэнуцца тварам да твару, Рылееў і генерал Сухазанет, ужо начальнік усёй гвардзейскай артылерыі. Сухазанет быў пасланы Мікалаем Першым аб'явіць паўстаўшым, "што калі зараз не пакладуць зброю" - дык у іх пачнуць паліць карцечам. Але генералу "гучнагалосна пракрычалі падлюгу, і ён вярнуўся да цара без султана на капялюшы."

Невялікая па часе службовая эпапея ў Беларусі (Сталовічы, Нясвіж) усё ж пакінула вялікі і адметны след у жыцці, у паэтычнай дзейнасці Кандрація Рылеева, асабліва гэта відавочна ў адной з творчых вяршынь - у думе "Рогнеда", якая з незвычайнай прыгажосцю апісвае гераічны ўчынак патрыёткі Бацькаўшчыны Рагнеды, славу і веліч Полацка, адкуль мы, беларусы, разам з Наваградкам пайшлі:

Воздвигая Полоцк, Рогволод
Приветливо и кротко правил
И, привязав к себе народ,
Власть князя полюбить заставил...
При Рогволоде кривичи
Томились жаждой дел великих;
Сверкали в дебрях их мечи,
Литовцев поражая диких.
Иноплеменные цари
Союза с Полоцком искали,
И чуждые богатыри
Ему служить за честь вменяли.

Выдатнейшы ірландскі гісторык Патрык О'Мара прысвяціў нашаму былому сталовіцкаму прапаршчыку вялікую кнігу "К.Ф. Рылееў. Паэтычная біяграфія паэта-дзекабрыста", дзе ў ліку яго вяршынных здабыткаў разглядае і твор, прысвечаны славутай гераіні з Полацка: "Нават у "Рогнеду" - думу, заснаваную на сямейнай трагедыі у княжацкім доме Х ст., - Рылееву ўдаецца ўвесці элементы, што адлюстроўваюць яго "грамадзянскую" патрыятычную афарбоўку."

У гэтых нататках мы амаль што зусім не закранаем дзекабрысцкі рух. Святую справу К. Рылееў з паплечнікамі рабіў, разам з ім на шыбеніцы загінулі Пётр Кахоўскі (ураджэнец Беларускай Смаленшчыны), Сяргей Мураўёў-Апостал (нёс службу ў Бабруйскай цытадэлі), Міхаіл Бестужаў-Румін (служыў тамсама) і дзяліцель з палякамі Беларусі - П.І. Песцель.

Адбылася гэтая жудасная падзея 13 ліпеня 1826 года. Святая зямля прыняла ў свае абдымкі святых вісельнікаў. Месца іх пахавання дасюль невядома... Гавораць зараз і пішуць, што трупы вісельнікаў-дзекабрыстаў былі закапаны на востраве Галадай, мо гэта і было так!

Міхась Маліноўскі

Рэдакцыйная заўвага. Праз некалькі год пасля знаходжання ў Сталовічах Кандрація Рылеева мястэчка наведаў Адам Міцкевіч.

У лістце да Юзэфа Яжэўскага (26 жніўня/7 верасня 1818 г.) вялікі польскі паэт піша: "Быў нядаўна на кірмашы ў Сталовічах, у шасці мілях ад сталіцы (Навагрудка)." Адзначым, што Сталовічы славіліся тады конскім кірмашом, які адбываўся 15 жніўня.

На галоўную старонку