На галоўную старонку
 


Некаторыя аспекты этнагенезу

(адносна артыкула А. Ільіна "Звідки пішов народ білоруський")

Усякая публікацыя па этнагенезу, з аднаго боку, выклікае несумненную цікавасць, з другога, - дае стымул для разважанняў. Адной з такіх публікацый з'яўляецца артыкул А.Л. Ільіна "Звідки пішов народ білоруський" (авторська версія) (Проблеми славістики. Луцьк, 1999, № 3-4. С. 56-59). У артыкуле закранаецца цэлы шэраг аспектаў, якія адносяцца да праблемы этнагенезу. На іх мы і спынімся.

1. У самым пачатку артыкула аўтар канстатуе, што існуюць розныя тэорыі паходжання беларусаў, называе некаторыя з іх і сцвярджае, што ніводная з гэтых тэорый не змагла даць станоўчага адказу на пастаўленае пытанне. Адразу паставім наступнае пытанне: а ці магчыма такое наогул, каб той ці іншы этнас выдзеліўся ў выніку рэалізацыі аднаго і толькі аднаго фактару? Інакш: ці дастаткова адной і толькі адной тэорыі для вырашэння праблемы этнагенезу пэўнага народа? Звернемся да асобных тэорый. Паводле балцкай тэорыі, беларускі этнас выдзеліўся, дзякуючы "накладанню" славянскага адстрату на балцкі субстрат. Балцкі субстрат, сапраўды, адыграў вялікую ролю ў этнагенезе беларусаў, пры даследаванні праблемы этнагенезу беларускага этнасу яго не ўлічваць нельга. Але, як сведчыць гідранімія, балты жылі і на тэрыторыі Расіі, уключаючы Падмаскоўе, і на тэрыторыі паўночнай Украіны, і на значнай частцы тэрыторыі Польшчы. Чаму ў гэтых рэгіёнах жывуць рускія, украінцы, палякі, а не беларусы? Даволі пашырана тэорыя Вялікага княства Літоўскага. Лічыцца, што аб нейкіх беларусах да эпохі Вялікага княства Літоўскага гаварыць нельга, што яны ўзніклі і сфарміраваліся ў эпоху існавання гэтай дзяржавы. Сапраўды, роля эпохі Вялікага княства Літоўскага ў гісторыі беларускага народа велізарная. Але ж гэтая дзяржава ўключала ў свой склад не толькі Беларусь, але і большую частку Украіны (Валынь, Палессе, Падолле, Кіеўшчыну і інш.), а таксама такі расійскі рэгіён, як басейн верхняй Акі.

Славянскі паселак. М.К. Рэрых.
Славянскі паселак. М.К. Рэрых.

Чаму ж на гэтых землях жывуць адпаведна ўкраінцы і рускія, а не беларусы? Існуе так званая тэорыя крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая. У ёй мы знаходзім цікавую рэч: арэалы дрыгавічоў, радзімічаў і смаленскіх крывічоў узятыя разам амаль у дэталях супадаюць з арэалам этнічных беларусаў ХІХ-ХХ стст., вызначаным вучонымі (Я.Ф. Карскі і інш.). Гэта, безумоўна, невыпадкова і гэта неабходна ўлічыць пры распрацоўцы праблемы этнагенезу беларусаў. Але звернемся да эпохі, калі існавалі дрыгавічы, радзімічы, крывічы і да асаблівасцей іх культуры. Культура крывічоў своеасаблівая ў сістэме ўсходнеславянскіх археалагічных культур. Культура ж дрыгавічоў блізкая да культур тых плямёнаў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Украіны. Зноў жа, асобную групу па асаблівасцях культуры складаюць радзімічы, вяцічы і севяране. Як бачым, "культурная арыентацыя" беларускіх плямёнаў у ІХ-Х стст. розная, адзінства агульнага жыцця ў тыя часы ў іх не было. А іх агульнасць - гэта, хутчэй за ўсё, спадчына ранейшых (!) часоў. Наогул, у ІХ-ХХ стст. мы не знаходзім тых умоў, якія спрыялі б выдзяленню беларускага этнасу з агульнаўсходнеславянскага адзінства, мы не знаходзім такой сітуацыі, якая адначасова спрыяла б і выдзяленню беларусаў (ці прабеларусаў) з усходнеславянскага адзінства, і іх кансалідацыі.

2. Адразу ж пасля пераліку тэорый аўтар называе самае галоўнае ў вырашэнні праблемы этнагенезу: якая прычына таго, што на тэрыторыі з розным этнічным складам насельніцтва склалася беларуская мова. Гэта надзвычай важна, калі даследчык ужо з самага пачатку даследавання ставіць мэту знайсці, адшукаць прычыну з'яўлення пэўнай рэаліі. Потым ужо пачынаюцца пошукі. Адразу ж трэба забыцца пра тое, што прычына будзе знойдзена. Справа гэта немаведама якая цяжкая. Гэта пошукі нечага ў цемраве невядомасці. Але такая ўжо доля навукоўца.

3. З пачатковых фраз артыкула вынікае, што аўтар прытрымліваецца палажэння, згодна якога, краевугольным каменем нараджэння этнасу з'яўляецца ўзнікненне яго мовы. Вельмі слушнае палажэнне. Такая супольнасць, якая яшчэ не выпрацавала асобнай мовы, - гэта яшчэ не этнас. Тут мы маем на ўвазе мову ў значэнні сістэмы роднасных гаворак. Літаратурна-пісьмовыя мовы фарміруюцца пазней. Бывае, што значная частка этнасу ў сілу пэўных гістарычных прычын губляе сваю мову. Але людзі доўга помняць, што іх продкі гаварылі на такой мове. Вось калі ўжо і памяць пра гэта знікае, тады частка этнасу (часам і ўвесь этнас) пераходзіць у склад этнасу іншага. Выдатны беларускі вучоны Я.Ф. Карскі, устанаўліваючы межы рассялення беларусаў, за аснову ўзяў тэрыторыю пашырэння беларускіх народных гаворак.

4. Аўтар гаворыць, што беларуская мова склалася хутка, "за дуже короткий час". "Кароткі час" можна па-рознаму разумець. Змены ў моўных сістэмах могуць сапраўды адбывацца або вельмі запаволена, або "імкліва". Але, у любым выпадку, фарміраванне асобнай мовы, нават дыялекту, - працэс надзвычай складаны. Прывяду адну цытату, якая датычыцца адзначанага палажэння. Мы яе бяром у В.Ю. Мурзіна, які, пры гэтым, спасылаецца на іншую працу: "... в этническом развитии конкретных народов существуют особые, переломные моменты, удачно названные в одной из работ этнографов "перерывами постепенности", среди которых наиболее важны начальный момент этногенеза определенного народа и его конечный момент, с которого этнос может считаться сложившимся" [В.Ю.Мурзин. Происхождение скифов: основные этапы формирования скифского этноса. Киев: Наукова думка, 1990. С. 15. М.В. Крюков, М.В. Сафронов. Н.Н. Чебоксаров. Древние китайцы: проблема этногенеза. М.: Наука, 1978.342 с.].

5. Аўтар прыводзіць некаторыя факты адносна блізкасці беларускай мовы да ўкраінскай і рускай моў, сцвярждае, што ступені іх блізкасці нельга растлумачыць з пункту погляду існуючых тэорый. Назіранне аўтара цікавае. Аўтар спрабуе яго вырашаць. Гэта добра. Праблему вырашаць трэба і пачынаць з нечага трэба.

6. Аўтар гаворыць, што ў VІ ст н.э. на тэрыторыі сучаснай Беларусі, акрамя Берасцейшчыны, славяне не жылі. Гэта адна з тэорый. Але ёсць і іншыя пункты погляду. Наконт прарадзімы славян таксама існуе некалькі тэорый. Л. Нідэрле - славуты вучоны. Але ён мог карыстацца меншаю колькасцю фактаў, чым вучоныя нашага часу.

7. Ці з'яўлялася Берасцейшчына прарадзімай славян? Выказваюцца такія думкі. Скажу некалькі слоў пра свой пункт погляду. Мяркую, што прарадзіма славян спачатку займала больш вузкі арэал, які потым пашырыўся. На маю думку, асноўная тэрыторыя Берасцейска-Пінскага Палесся першапачаткова ў склад прарадзімы славян не ўваходзіла, але пазней гэты край увайшоў у тую зону, дзе працягвалася фарміраванне праславянскага этнасу і яго кансалідацыя. Гэтая думка, праўда, папярэдняя, але я яе прытрымліваюся.

8. Наконт дзялення ўсходніх славян на паўднёвую і паўночную групы. Падзяляю гэтую думку. Лічу нават, што на паўночную і паўднёвую групы дзялілася не толькі ўсходняе славянства, але ўсё славянства наогул.

9. Аўтар прытрымліваецца агульнапрынятай у навуковым свеце думкі наконт субстратаў і адстратаў. Прытрымліваецца ён таксама даволі пашыранай думкі, што асноўным субстратам украінцаў з'яўляюцца іранскамоўныя народы (сарматы і інш.). З апошнім я не магу пагадзіцца. Безумоўна, роля іранцаў (скіфаў, сарматаў і інш.), балтаў у этнагенезе ўкраінцаў значная. Але асноўная роля ў выдзяленні паўднёва-ўсходняй групы праславян, якая лягла ў аснову ўкраінскага этнасу, на маю думку, належыць усходнебалканскім этнасам ("трыпольцам", фракійцам і інш.).

10. Не магу пагадзіцца з думкай І. Юшчука, якую прыводзіць аўтар і падтрымлівае яе: "єдина мова на великій території може утворитися лише [выдзелена намі - Ф.К.] завдяки тривалому існуванню племен в єдиній державі". Безумоўна, роля дзяржавы ў кансалідацыі этнасу і яго мовы велізарная. Але такое бывае ў тым выпадку, калі этнас існаваў да ўтварэння гэтай дзяржавы. Гэты этнас можа нават быць нешматлікім, ён можа потым асіміляваць іншыя этнасы ў межах той дзяржавы, у якой дадзены этнас пануе. Этнасы звычайна складваліся да ўзнікнення дзяржаў.

11. Наконт часоў узнікнення ўкраінскага этнасу і ўкраінскай мовы існуюць розныя погляды. Аўтар прыводзіць некаторыя з іх. Я ж магу паўтарыць многае з таго, што вышэй гаварыў пра ўзнікненне беларускага этнасу і беларускай мовы. У ІХ-ХХ стст. не існавала ўмоў для адначасовага выдзялення ўкраінскай (праўкраінскай) мовы з праўсходнеславянскага (ці праславянскага кантыніуму) і адначасовай яе кансалідацыі. Гэта адбылося раней.

12. Эпоха Кіеўскай Русі і Валынска-Галіцкай Русі - спрыяльныя часы для кансалідацыі (пра)ўкраінцаў. Але Кіеўская Русь ахоплівала амаль усе ўсходнеславянскія землі - у той час не на ўсёй тэрыторыі гэтай дзяржавы жывуць украінцы. Валынска-Галіцкая Русь ахоплівала не ўсе вобласці этнічнай Украіны, некаторыя ж з іх уваходзілі ў склад гэтай дзяржавы непрацяглы час.

13. Сапраўды, у старадаўніх крыніцах Белую Русь нярэдка размяшчалі на тэрыторыі Ноўгарадскай зямлі. Яе лакалізавалі і ў іншых месцах: у цэнтральнай Расіі, на поўдні Украіны і г.д. Але ўявіце сабе працу сярэдневяковага аўтара. Ён жа не едзе спецыяльна ў нейкую краіну, у нейкую вобласць, каб спытаць у мясцовых жыхароў, як яны называюць сябе, сваю мову, свой край. Гэты аўтар капашыцца ў мясцовых бібліятэках, адшуквае патрэбнае. Так, з кнігі ў кнігу пераходзіць адно й тое ж. Як гэта было з Белай Руссю ў розных аўтараў гл. кнігу А. Белага "Хроніка Белай Русі. Chroniccon Russiae Albae. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы". Мінск: Энцыклапедыкс, 2000. Але нідзе не зафіксавана, каб на тэрыторыі Ноўгарадскай зямлі мясцовыя жыхары называлі сябе беларусамі. Этнонім беларусы пачаў замацоўвацца ў якасці саманазвы, перш за ўсё, на паўночным усходзе беларускай этнічнай тэрыторыі. Затым пашыраўся і ў іншых рэгіёнах, дзе мова, культура і інш. былі (амаль) аналагічнымі асноўнай беларускай этнічнай адзінцы. У прыватнасці, яшчэ ў ХІХ ст. этнонім беларусы са значэннем "беларускі этнас, народ" стаў ужывацца як саманазва ў беларускім Панямонні (паралельна з этнонімам рускія са значэннем "ўсходнія славяне"). Адным словам, не магу згадзіцца з палажэннем аўтара, што перашапачатковыя беларусы - гэта насельніцтва раёнаў Полацка, Смаленска і суседніх (нашчадкі полацка-смаленскіх крывічоў), з аднаго боку, і раёну Ноўгарада (нашчадкі славен наўгародскіх), - з другога. Розная культура гэтых плямёнаў (хоць і агульныя рысы ёсць), рознае паходжанне, істотная розніца ў долі балтыйскага і фінскага субстрату, розная палітычная гісторыя ў будучым, назвы Белая Русь, беларусы толькі ў пісьмовых крыніцах на Ноўгарадчыне.

14. Сапраўды, беларускае Панямонне пэўны час знаходзілася пад уплывам або ў складзе Валынска-Галіцкай Русі. Сапраўды, акрамя іншых этнічных груп, у Панямонні пасялілася пэўная колькасць валынян і драўлян. Тут пасяляліся таксама крывічы і мазаўшане. Тут былі асіміляваны славянамі рэшткі мясцовых балцкіх этнасаў. У сучасных гаворках Панямоння можна знайсці пэўныя ўплывы і валынскага поўдня, і крывіцкага паўночнага ўсходу, і даўнія запазычанні з польскіх і балтыйскіх гаворак. У той жа час беларускія гаворкі Панямоння не ўтвараюць нейкай дзіўнай "кашы". Гэтыя гаворкі ўяўляюць частку кансалідаванага, з невялікімі адрозненнямі, дыялектнага масіву, які ахоплівае не толькі Панямонне, але і Случчыну і суседнія з ёю рэгіёны, інакш кажучы, рэгіёны першаснай кансалідацыі дрыгавічоў. Пры шматэтнічнасці сярэдневяковага

Софійскі собор у Ноўгарадзе.
Софійскі собор у Ноўгарадзе.

Панямоння ў далейшым перамагла тут дрыгавіцкая моўная стыхія. Дарэчы, пра міграцыі дрыгавічоў у Панямонне неаднаразова ў сваіх працах гаворыць В.В. Сядоў.

15. Аўтар канстатуе, што на тэрыторыі Ноўгарадскай зямлі, а таксама ў паўночна-ўсходняй і часткова цэнтральнай частцы Беларусі на пісьме, у справаводстве, летапісанні, ў выкарыстанні берасцяных грамат выкарыстоўвалася старажытнаруская (давньоруська) мова. Гэта кніжная мова, якую даследчыкі называюць старажытнарускай. Але яна ўжывалася і ў іншых рэгіёнах Кіеўскай Русі. У старажытнарускай кніжнай мове было два кампаненты: усходнеславянскі і паўднёваславянскі (царкоўнаславянскі). Доля апошняга была неаднолькавая ў розных помніках. Усходнеславянскі кампанент старажытнарускай кніжнай мовы пераважна "ігнараваў" тыя рысы, якія адрозніваюць сучасныя ўсходнеславянскія мовы (беларускае цеканне-дзеканне, беларуска-рускае аканне, украінскі ікавізм і інш.). "Ігнараванне" гэтых рысаў кніжнай мовай зусім не азначае, што яны адсутнічалі ў народных гаворках таго часу. Інакш, як сабе ўявіць, што гэтыя рысы "імгненна" з'явіліся ў ХІV ст. і адразу на вялізнай тэрыторыі.

16. Аўтар ставіць знакі роўнасці паміж такімі паняццямі: русінская (русинська) мова = старажытнаўкраінская (староукраїнська) мова = царкоўнаславянская (церковнослов'янська) мова з дамешкай украінскіх слоў. У літаратуры можна сустрэць такое атаясамліванне. Але калі выкарыстоўваць гэтыя паняцці ў этнагенетычных даследаваннях, неабходна даць грунтоўнае апісанне кожнага з іх і пералічыць, па магчымасці, усе значэнні гэтых паняццяў. Тады выявіцца, што знак тоеснасці паміж імі ва ўсіх выпадках паставіць нельга.

17. Стараславянская мова з дамешкай ўкраінскіх слоў - гэта мова стараславянская ў сваёй аснове. Творы, напісаныя на гэтай мове, могуць быць аднесены да помнікаў украінскай літаратуры. Але сама мова - не ўкраінская. Гэта стараславянская ў сваёй аснове мова, якая адносіцца да паўднёваславянскай падгрупы славянскіх моў. Мова гэтая не перамагла ні на захадзе, ні на ўсходзе Беларусі. Сярод усходнеславянскіх моў найбольшы ўплыў царкоўнаславянскай мовы (у аснове гэта тая ж стараславянская мовы) на мову рускую, найменшы - на мову беларускую.

18. Выказванне А. Міцкевіча пра "Літоўскі статут" заслугоўвае ўвагі. Але, каб сцвярджаць у гэтым плане нешта больш канкрэтнае, неабходна дадатковае даследаванне мовы помніка.

19. Блізкасць мовы ў пэўнай меры спрыяе працэсам асіміляцыі. Але не заўсёды гэта галоўнае.

20. Ці з'яўляецца цеканне-дзеканне балтыйскай моўнай з'явай? Часам даследчыкі адказваюць на гэтае пытанне станоўча. Але ж сярод гаворак сучасных балтыйскіх моў яго разнавіднасць існуе толькі ў дзукскіх гаворках літоўскай мовы. Не адлюстравана яно ў помніках прускай мовы. У той жа час гэтая з'ява характэрна для абсалютнай большасці гаворак беларускіх, польскіх, лужыцкіх, некаторых славацкіх, чэшскіх, рускіх. Магчыма, яно ўзнікла ў старадаўніх славянскіх гаворках пад пэўным уплывам балцкай стыхіі. Але гэта толькі дапушчэнне.

22. Сапраўды, Вялікае княства Літоўскае было моцнай дзяржавай, якая існавала працяглы час. Якая роля ў ім розных народаў? Папярэдне можна сказаць, што асноўная роля належыць тым этнасам, які потым атрымалі назву літоўцы (балтыйскі народ) і беларусы (ўсходнеславянскі народ). Роля іх неаднолькавая. У культурным плане пераважала роля беларусаў. У палітычным плане першапачаткова дамінуючую ролю, на мой погляд, адыгрывалі літоўцы.

23. На мой погляд, "Русь" і "ўласна Літва" ў эпоху Вялікага княства Літоўскага - гэта адзінкі больш адміністрацыйнага плану, чым этнічнага. Хоць само па сабе паходжанне такога дзялення не выпадковае і заслугоўвае ўвагі даследчыка. Звернем яшчэ ўвагу на такія факты. У часы Вялікага княства Літоўскага існавала яшчэ "Русь" на тэрыторыі сучаснай Украіны. У часы Кіеўскай Русі "Русь лакалізавалася" ў Сярэдім Падняпроўі, а трохі на захад - гэта ўжо была не "Русь".

24. Адносна ўсходнеславянскага этноніма літвіны. Ён захаваўся да нашых часоў або быў зафіксаваны ў першай палове ХХ ст. Гэта звычайна не саманазва. Так называюць прадстаўнікі адных этнаграфічных груп прадстаўнікоў другіх груп. Такі этнонім зафіксаваны ў Падляшшы, на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, у Ровенскай вобласці, на поўначы Кіеўскай, Чарнігаўскай, Сумскай абласцей, на ўсходзе Смаленскай вобласці. Цікава, што пояс, у якім ужываецца этнонім літвіны, з паўднёвага захаду, поўдня і ўсходу акружае тэрыторыю беларускага этнасу.

25. Войны ХVІІ ст. На тэрыторыі сучаснай Беларусі было знішчана каля палавіны насельніцтва. Ва ўсходніх рэгіёнах засталася трэць насельніцтва, на Берасцейшчыне - палавіна, на паўночным захадзе Беларусі - дзве трэці. Сапраўды, найбольшыя страты насельніцтва на ўсходзе Беларусі. Даследаванню міграцыйных рухаў на тэрыторыі ўсходняй Магілёўшчыны шмат увагі прысвяцўў І.Я. Яшкін. З яго прац вынікае наступнае. Перасяленні ва ўсходнюю Магілёўшчыну з іншых рэгіёнаў мелі месца. Часам гэта адбілася на гаворках. І ўсё ж аснову ўсходнемагілёўскіх гаворак складаюць традыцыйныя мясцовыя гаворкі, якія блізкія па сваёй структуры да гаворак віцебскіх, смаленскіх.

26. Ці можна параўноўваць у плане выцяснення мясцовага насельніцтва усходнюю Беларусь і Левабярэжную Украіну? Гледзячы якія рэгіёны. Ва ўсходняй Беларусі, як ужо гаварылася, аднаўлялася насельніцтва перш за ўся за лік тых людскіх рэзерваў, якія засталіся пасля войнаў ХVІІ ст. На Левабярэжнай Украіне аналагічная сітуацыя ў "сярэдняй" і паўднёвай частках Чарнігаўскай і на поўначы Сумскай абласцей, магчыма, на паўднёвым захадзе Чарнігаўшчыны і на паўночным захадзе Палтаўшчыны. У іншых, больш паўднёвых і паўднёва-ўсходніх рэгіенах аснову склалі перасяленцы з Правабярэжжа.

27. Такія сітуацыі, калі ў тых ці іншых абласцях пасля войнаў і эпідэмій заставалася толькі трэць насельніцтва была характэрна для многіх краін Еўропы і іншых кантынентаў. Насельніцтва аднаўлялася ў першую чаргу за лік рэштак сваіх людскіх рэсурсаў. Хоць, безумоўна, сляды такіх спусташэнняў заставаліся, часа значныя, часам у пэўных рэгіёнах адбывалася поўная змена насельніцтва.

28. Найбольш архаічнае і найбольш старажытнае аканне ў Верхнім Падняпроўі, на тэрыторыі сучаснай усходняй Беларусі і ў суседніх абласцях Расіі. Большасць даследчыкаў лічыць, што ў Панямонне аканне прышло пазней. Тут яно некалькі "спрошчанае" і няпоўнае (не ахоплівае паслянаціскных складоў).

29. Паўтарэнне адной тапанімічнай назвы яшчэ не дае права гаварыць аб перасяленнях насельніцтва. Дадатковыя факты абавязковыя. Вось калі ўжо паўтараецца комплекс назваў [аўтар прытрымліваецца такога пункту погляду], тады ёсць усе падставы звярнуць на гэта сур'ёзную ўвагу.

30. Фальсіфікацыі былі, ёсць і будуць. Спрыяе ім шавіністычная палітыка. Спрыяе ім таксама і патрыятызм заняволеных народаў, якія актывізуюць барацьбу за сваю бытнасць. Наша мэта выявіць па магчымасці ісціну. Але неабходна аргументацыя.

31. М. Ермаловіч выказаў думку, што колішняя Літва была размешчана ў паўднёва-ўсходнім Панямонні і ў суседніх рэгіёнах. Не ўсе даследчыкі згодны з такім палажэннем.

32. Аўтар артыкула прапануе такую групоўку народаў: 1) "литвины" (г.зн. беларусы), украінцы, литоўцы, палякі; 2) расіяне. У гэтым ёсць пэўны рэзон. Народы "першай" групы на працягу стагоддзяў уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. І гэта наклала на іх пэўны адбітак. Аднак сітуацыя значна больш складаная.

Этнагенез народаў - працэс складаны, адбываўся ён пераважна ў далёкім мінулым. Як усё было? Высвятляць гэта - значыць шукаць нейкіх фрагментаў ісціны ў цемраве невядомасці. Справа, як бачым, цяжкая, але высокародная. Аляксандр Ільін - вялікі малайчына, што гэтым заняўся.

Выказаныя мною палажэнні даволі сціслыя, нярэдка без аргументаў. Па розных прычынах цяпер няма магчымасці пісаць вялікую працу а гэтую тэму. А з другога боку, мною апублікавана пэўная колькасць прац, у якіх адзначаныя палажэнні разглядаюцца ў больш шырокім плане. Таму пасля артыкула А. Ільіна "Снова о происхождении белорусов" прыводжу спіс сваіх публікацый, у якіх разглядаюцца праблемы этнагенезу і этнічнай самасвядомасці.

Фёдар Клімчук

На галоўную старонку