На галоўную старонку
 


Спорава

Спораўскае возера, праз якое працякае рака Ясельда, акружанае калісьці амаль з усіх старон непраходнымі балотамі, геаграфічна цалкам належыць да палескага ландшафту. Аднак жа вёска і маёнтак Спорава, размешчаныя на паўночным і даволі сухім беразе гэтага возера, адміністрацыйна ўваходзілі ў склад старажытнага Слонімскага павету Навагрудскага ваяводства. На вынесеным мысе, аточаным водамі возера, знаходзіцца спораўскі маёнтак - спрадвечнае гняздо сям'і Шырмаў. Навакольныя землі былі ахвяраваныя кімсьці з Ягелонаў каралеўскаму двараніну венгерскага паходжання de Szirmay. Ягонае прозвішча з цягам часу спольшчылася на Шырму гербу Даленга з дадаткам Лях, бо ён быццам быў першым католікам у гэтым краі, у той час поўнасцю праваслаўным. Сям'я Шырмаў не распаўсюдзілася шырэй і жыла на тэрыторыі Палесся да канца ХІХ стагоддзя. Апошні яе мужчынскі патомак Ігнат Лях-Шырма быў дваюродным унукам Тадэвуша Касцюшкі. Сястра Начальніка, Зялкоўская, была нават пахаваная ў Спорава. Ігнацій Шырма меў тры дачкі, паміж якімі падзяліў свае тры маёнткі, прычым Спорава дасталося Марыі, якая была ў шлюбе за графам Ігнатам Красіцкім з Варакомля. Марыя Красіцкая мела двух дзяцей: дачку Алену Міхайлаўну Лубеньскую і сына Уладзіслава - апошніх нашчадкаў Спорава. Спораўскі маёнтак, які праіснаваў да 1939 года, быў пабудаваны ў другой палове XVIII ст. пінскім старастам Шырмаю з вялізных цёсаных бярвенняў. Быў ён моцна выцягнуты, трынаццацівосевы [трынаццацівосевы - г.зн. будынак, на фасадзе якога 13 праёмаў вокан і дзвярэй. - Рэд.] аднапавярховы будынак на досыць высокім падмурку. З боку ўезду яго падкрэсліваў ганак з двума парамі вельмі шырока расстаўленых мураваных калон.

Сядзіба Шырмаў у Спорава
Сядзіба Шырмаў у Спорава.

Трохвугольны верх ганку меў вялікае паўкруглае акно, якое асвятляла гарышча. Будынак быў крыты высокім, гладкім, чатырохсхілавым гонтавым дахам.

Унутранасць будынку ўяўляла сабой вялікія і светлыя пакоі з высокімі двухстворчатымі вокнамі, з вялікімі сенямі і залай на цэнтральнай восі. З 1880 г., з часу смерці апошняга Шырмы, у будынку ніхто не жыў. Уладальнікі жылі ў іншых сваіх маёнтках, наведваючы Спорава толькі ў час канікул альбо з нагоды палявання на дзікіх птушак. Таму не было ўжо ў спораўскім маёнтку зашмат твораў мастацтва. Яны былі часцёва раздзелены паміж трыма пераемніцамі, часткова былі спалены ў час першай сусветнай вайны. У некаторых пакоях з дубовымі паркетавымі падлогамі і пабеленымі мураванымі камінамі захавалася толькі некалькі адзінак цяжкай мэблі чырвонага дрэва, як мяркуецца мясцовай вытворчасці, а таксама некалькі сямейных партрэтаў Шырмаў. Усё гэта разам з будынкам было знішчана ў час другой сусветнай вайны.

Перад домам месціўся вялізны газон авальнай формы. Парк, у прамым сэнсе гэтага слова, у Спораве не існаваў. Аднак вакол дома расло многа старых дрэў: акрамя традыцыйных у польскіх дварах ліп, былі і разложыстыя старыя дубы. Адзіны флігель стаяў не збоку фасаднага газону, як то было звычайна, а з правага боку, з тылу дома. Служыў ён як памяшканне для абслугі і гасцей. З невядомых прычын празывалі яго жартоўна "візіткі". Будынак гэты, падобны на галоўны жылы дом, праўдападобна паходзіў з тых жа самых часоў, што і апошні.

Раман Афтаназы

На галоўную старонку