На галоўную старонку
 


Гаворка вёскі Спорава

Традыцыйная народная гаворка вёскі Спорава Бярозаўскага раёна адносіцца да брэсцка-пінскіх (загародскіх, заходнепалескіх) гаворак. Ёй, у прыватнасці, характэрны наступныя рысы, якія ўласцівы для адзначанай групы гаворак.

  1. Захоўваецца не пад націскам галосны [о]: голова', доро'га, молоко', ко'лос, хо'лод (галава, дарога, малако, колас, холад).
  2. На месцы былога галоснага "яць" у націскным становішчы вымаўляецца гук [і]: сніг, сі'но, ліс, ді'ло, сві'тыть, бі'лый, на столі' (снег, сена, лес, дзела, свеціць, белы, на стале).
  3. Захоўваюцца мяккія зычныя [д], [т]: дід, ді'вчына, тінь, тя'жко, хо'дять (дзед, дзяўчына, цень, цяжка, ходзяць).
  4. Зычныя [д], [т], [з], [с], [н], [л] перад гістарычнымі галоснымі *е, *и вымаўляюцца цвёрда: дэнь, дэ'рэво, тэпло', стэ'лэцца, вэзэ', сэло', нэ'бо, ходы'ты, ды'во, ты'хо, зыма', сы'ла, ны'ва, вэлы'кый (дзень, дрэва, цяпло, сцелецца, вязе, сяло, неба, хадзіць, дзіва, ціха, зіма, сіла, ніва, вялікі).
  5. Зычныя губныя і сярэднеязычныя перад ненаціскным [і], які паходзіць з галоснага "яць", звычайна вымаўляюцца мякка: біло'к, біжы'ть, відро', вітра'к, нывідо'мо, міша'ють, на'ймічка, співа'е, пісо'к, шпількы', дівчу'к, дітэ'й, сіножа'ть, вы'січаный, гніздо', лісны'к, лішчы'на, сліпакы', сліпота' (бялок, бяжыць, вядро, млын-вятрак, невядома, мяшаюць, спявае, пясок, шпількі, дзяўчо, дзяцей, сенажаць, высечаны, гняздо, ляснік, ляшчына, сляпні, слепата).
  6. Пашыраны прыметнікавыя формы тыпу до'брый, но'вый, ты'хый, молоды'й, чужы'й (добры, новы, ціхі, малады, чужы).
    У брэсцка-пінскіх (загародскіх) гаворках выдзяляюцца чатыры асноўныя дыялектныя тыпы. Адзін з гэтых тыпаў - паўночназагародскі. Да гэтага тыпу адносіцца гаворка вёскі Спорава.
  7. Найбольш характэрная рыса гаворак паўночназагародскага тыпу - вымаўленне галоснага [у] на месцы гістарычнага *о ў пазіцыі, якую вучоныя называюць "новыя закрытыя склады": вун, вуз, бульш, пу'йдыш, зу'рно на нэ'бы, суль, году'вля, стул, нус, луй, пору'г, кунь, я найма'ла косару'в (ён, воз, больш, пойдзеш, зорна на небе, соль, гадоўля, стол, нос, лой, парог, конь, я наймала касцоў).
    Адзначым яшчэ некаторыя асаблівасці спораўскай гаворкі.
  8. У ненаціскных складах захоўваецца галосны [э] рознага паходжання: дэрэвы'на, тэпло', тэпэ'р, о'зэро, зэмня', сэло', прынэсу', забэрэ', бэро'за, пэнё'к (дзеравіна, цяпло, цяпер, возера, зямля, сяло, прынясу, забярэ, бяроза, пень).
  9. Губныя зычныя перад гістарычным галосным *е вымаўляюцца цвёрда, перад гістарычным галосным *и - цвёрда і мякка: бэ'рог, вэ'чор, вэрх, пэ'ршый, спэ'роду, робы'ты, зловы'в, напы'шэ, набіра'е, забіра'в, збіра'ты, уміра'ты, до Бара'новіч (бераг, вечар, верх, першы, спераду, рабіць, злавіў, напіша, набірае, забіраў, збіраць, уміраць, да Баранавіч).
  10. Зычныя [р], [ц] і шыпячыя звычайна вымаўляюцца цвёрда, часам трохі памякшана: пора'док, по рыі'ках, гаріы'лка, гарі'лка, хло'пэц, рукавы'ца, цыі'лый дэнь, споча'тку, ша'пка, головачыі' (парадак, па рэках, гарэлка, хлопец, рукавіца, цэлы дзень, шапка, воблакі).
  11. Захаваліся цвёрдыя заднеязычныя ў спалучэннях *гы, *кы, *хы: загы'нэ, но'гы, кы'даты, рокы'та, гуркы', хы'трый, му'хы (загіне, ногі, кідаць, ракіта, агуркі, хітры, мухі).
  12. Ужываецца прыстаўка-прыназоўнік пыд-/пыд: пыдо'йдэш, пыдстэ'лэ, пыдыйшла', пыд ха'тою, пыд столо'м (падойдзеш, падсцеле, падышла, пад хатай, пад сталом).
  13. Ужываецца зваротная форма "ля".

Прыведзеныя ніжэй тэксты пад назвай "Расказваюць жыхары Спорава" - на гаворцы вёскі Спорава. Мова тэкстаў "Споровськы'йі смыховы'ска" іншага характару. Гэта гаворка наваколляў Драгічына, але ў ёй ёсць "дамешка" спораўскай гаворкі. У дадзеным выпадку жыхары Драгічыншчыны, ужываючы сваю гаворку, імкнуцца дадаць нешта і па-спораўскаму, у прыватнасці, спораўскую інтанацыю і зваротнае слова "ля".

Фёдар Клімчук

На галоўную старонку