На галоўную старонку
 


Спорава - гэта вельмі здорава

Габрава, Адэса, Аўцюкі... - вядомыя сёння амаль кожнаму чалавеку цэнтры гумару. Адносна ня-даўна да гэтага спісу далучылася і вёска Спорава што ў Бярозаўскім раёне. І ўсё дзякуючы абласному фестывалю гумару, які ўпершыню адбыўся тут у 1996 г. А 14-16 ліпеня 2001 г. Спорава парадавала ўжо другім абласным фестывалем гумару. Тое, што тварылася на фестывалі, лепей было бачыць сваімі вачамі і чуць сваімі вушамі. З вамі ж падзеліцца ўражаннямі вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі, адзін з арганізатараў свята:

Журы фестывалю. У. Ліпскі - другі злева.
Журы фестывалю. У. Ліпскі - другі злева.

- Дзе я ні бываю на такіх святах - мне радасна ад таго, што ёсць працяг аўцюкоўскай вялікай справы. Тут я даўно хацеў пабываць, я даўно чуў пра Спорава. Мне здаецца, на гэтых двух фестывалях гумару - Аўцюкоўскім рэспубліканскім і Спораўскім абласным - вымалёўваецца спрэчка Аўцюкоў і Спорава: хто больш весялейшы, хто больш разумнейшы, можа, - хто больш дурнейшы. Прызнаць сябе дурнем - гэта таксама вялікая мудрасць. Таму я з вялікай радасцю прыехаў сюды і кажу вам, як работнік Міністэрства культуры, што мы на правільным шляху. Вы ўявіце, што дагэтуль гумарам валодалі гарады: Габрава - у Балгарыі, Адэса - на Украіне і г.д. І раптам з гэтымі гарадамі ўступаюць у спрэчку вёскі - Аўцюкі, Спорава.

- Вы бачыце за нашымі фестывалямі вялікую будучыню?

- Я думаю, што так і будзе. Я радуюся, што ў наш час на Беларусі нарадзілася такое свята. Яно блізкае людзям, яно патрэбнае людзям. Тут, у Спораве, сабралася багата людзей. А ў Аўцюках на такія фестывалі збіраюцца па 10 тысяч чалавек. Але там рэспубліканскі фестываль. Нам патрэбна гэта. Пакуль людзі жартуюць, пакуль людзі смяюцца, пакуль людзі святкуюць, умеюць гэта рабіць, датуль яны будуць жыць.

Паклоннікі Бахуса
Паклоннікі Бахуса

Спораўскае метро. "Электравоз".
Спораўскае метро. "Электравоз".

- А як Вы ацэньваеце гумар удзельнікаў фестывалю?

- Разумееце, гэтае свята носіць назву "Фестываль народнага гумару". Таму, перш за ўсё, гэта павінен быць гумар беларускі. Тут я чую шмат жартаў, прыпевак па-руску. Я паважаю рускую мову, люблю рускіх людзей, але гэта фэст народнага гумару. І мне думаецца, тут можна было б зрабіць заўвагу арганізатарам і ўдзельнікам. Проста яны гэта пакуль не ўлічваюць, але гэта важная дэталь. Прыехалі, напрыклад, дэлегаты з Украіны. Яны хочуць пачуць мову беларускую, наш гумар. Гэта не нейкая злая крытыка з майго боку, а проста добрыя пажаданні і падказкі на будучыню.

Прэтэндэнт на 1-е месца
Прэтэндэнт на 1-е месца

Госці "з Індыі"
Госці "з Індыі"

А гумар ацэньваю па-рознаму. Ёсць выдатныя калектывы. Мне падабаецца такі гумар, як кажуць, каб не ў лоб, а каб чалавек задумаўся. Трэба, каб гумар выхоўваў. У народным гумары нельга пераходзіць пэўную мяжу. Пяройдзеш яе - і замест гумару атрымаецца пошласць. Трэба гэта ўлічваць. А ў цэлым - здорава, што ёсць такія святы!

Запісаў Мікола Сінкевіч

На галоўную старонку