На галоўную старонку
 


Археалагічныя помнікі
Здзітава-Спораўскага мікрарэгіёну

Заварожваюць погляд непаўторныя краявіды Спораўскага возера: аксамітныя зараслі вербалозу, ціхае люстра вады, пясчаныя выспы. Спакойна і размерана цячэ тут жыццё. Людзі сеюць, ловяць рыбу, гадуюць жывёлу. Як сеялі, лавілі, гадавалі дзве, тры, чатыры тысячы гадоў таму...

... Спораўскае возера і прылягаючыя да яго тэрыторыі здаўна былі здатныя для пражывання чалавека. Рэкі Ясельда, Драгабуж, азёры Спораўскае, Чорнае давалі магчымасць шырокаму развіццю рыбалоўства. Большасць зямель, прыгодных для земляробства і жывёлагадоўлі, знаходзілася пад лясамі. А ў поймах рэк, па берагах азёр, на балотных нізінах былі прыродныя лугі. Гэта ўсё спрыяла развіццю гаспадарчай дзейнасці чалавека ля Спораўскага возера з даўніх часоў.

Неабходна таксама дадаць, што для развіцця Здзітава-Спораўскага мікрарэгіёну важным з'яўляецца яго месцазнаходжанне на перакрыжаванні старажытных шляхоў з Днепроўскага басейна ў Балтыйскі: Днепр-Прыпяць-Ясельда-Нараў-Вісла і Днепр-Прыпяць-Ясельда-Драгабуж-возера Чорнае-Жыгулянка- Бужанка-Зельвянка-Нёман. Гэтыя водныя шляхі выкарыстоўваліся, у асноўным, у час неаліту (4-3 тыс. г. да н.э.).

Карта размяшчэння археалагічных помнікаў Здзітава-Спораўскага мікрарэгіёну
Карта размяшчэння археалагічных помнікаў Здзітава-Спораўскага мікрарэгіёну. Мал. аўтара.

У самым канцы ледавіковай эпохі, калі адбывалася інтэнсіўнае пацяпленне, тэрыторыя Беларусі стала здатнай для пражывання чалавека. Гэты час стаў пачаткам рассялення чалавека на Заходнім Палессі. Да найболей старажытных помнікаў Палесся даследчыкі адносяць стаянкі Горбаў-1 і Опаль-1. Знаходкі з Горбава маюць яўна акрэсленыя свідэрскія рысы (8-7 тыс. г. да н.э.). А эпоха мезаліта прадстаўлена асобнымі знаходкамі са стаянак Горбаў-1, Спорава-2 (7-6 тыс. г. да н.э.).

Прыкладна шэсць тысяч год таму на тэрыторыі Беларусі назіраўся кліматычны оптымум, надзвычай спрыяльны для развіцця расліннасці. У такіх умовах чалавек не адчуваў неабходнасці нешта вырошчваць, траціць пры гэтым шмат сіл на расчыстку лясоў і апрацоўку глебы.Толькі ў позненеалітычны час з'яўляюцца жывёлагадоўля, земляробства, шліфаваныя каменныя і крамянёвыя сякеры. На працягу неаліта ў Здітава-Спораўскім мікрарэгіёне існавалі стаянкі нёманскай культуры. Паселішчы канцэнтруюцца вакол азёр. Даследчыкі вылучаюць на Ясельдзінскіх азёрах звыш 9 стаянак неалітычнага часу. Стаянкай Здзітава-1 прадстаўлены ранні этап нёманскай культуры. На паселішчы Какорыца-1 сярод іншых крамянёвых прылад знойдзена 16 грубаабабітых крамянёвых сякер. Гэтыя знаходкі адносяцца да сярэдняга этапа. А стаянка Спорава-2 прадстаўляе позні этап развіцця нёманскай культуры. На гэтых стаянках трапляецца і кераміка, упрыгожаная наколамі, насечкамі, глыбокімі круглымі ямкамі. Вучоныя датуюць нёманскую культуру IV тысячагоддзем да н.э.

З усталяваннем культур ранняга бронзавага веку вытворчая гаспадарка пачынае займаць вядучае становішча ў жыцці тагачасных людзей. Грамадства перажывала тады час бурных сацыяльных і палітычных пераўтварэнняў. У духоўным жыцці вялікае значэнне набываюць культы агню, сонца, воднай стыхіі. Фарміраванне вераванняў залежала ад прытоку новых індаеўрапейскіх традыцый. Сярод культур бронзавага веку можна вылучыць культуру палескай шнуравой керамікі, тшцінецкую культуру, якія прадстаўлены стаянкамі Горбаў-1 і Горбаў-2. Для керамікі шнуравікоў характэрны адбіткі шнура, што наносіліся пераважна на верхнюю частку гаршка. Шнуравікі з'явіліся на пачатку ІІ-га тысячагоддзя да н.э. Для іх былі характэрныя жытлы паўзямляначнага тыпу, па форме авальныя, памерамі 2,5х5 метраў пры глыбіні да 0,4 метраў. У 15-11 стагоддзях да н.э. шнуравікоў выцясняюць носьбіты тшцінецкай культуры. Іх асноўнымі заняткамі былі жывёлагадоўля і земляробства. Па берагах Спораўскага возера і р. Драгабуж знаходзяць часам шліфаваныя каменныя і крамянёвыя сякеры - рэшткі пахаванняў познебронзавага часу.

Жалезны век у Здзітава-Спораўскім мікрарэгіёне пачынаецца ў 6-4 стагоддзях да н.э. У Горбаве знойдзены сляды лужыцкага селішча. Унікальнасць яго ў тым, што ўсяго на тэрыторыі Беларусі знойдзена два лужыцкіх селішчы (яшчэ адно ў Брэсцкім раёне). Адна з цікавых знаходак гэтага паселішча - пара бронзавых бранзалетаў. У ІІІ стагоддзі да н.э. носьбіты зарубінецкай культуры пачалі рассяляцца па Ясельдзе. На берагах возера і ўверх па цячэнню ракі сустракаюцца рэшткі зарубінецкіх паселішчаў (ІІ ст. да н.э.- ІІІ ст. н.э.). Існуе думка, што носьбіты культуры складалі асобную дыялектную групу, якая займала прамежкавае становішча паміж праславянскай мовай і заходнебалцкімі гаворкамі. У далейшым зарубінцы адыгралі важную ролю ў станаўленні славянскага этнасу.

Славяне, носьбіты пражскай культуры, у 7-8 стагоддзях заснавалі каля Спорава сваё паселішча. Гэтае пасяленне - адзін з самых паўночных пунктаў пражскай культуры.

Падсумоўваючы сказанае, можна зрабіць вывад, што паселішчы Здзітава-Спораўскага мікрарэгіёну маюць вялікую навуковую каштоўнасць, адрозніваюцца разнастайным і багатым археалагічным матэрыялам. Спрыяльныя прыродна-кліматычныя і эканамічныя ўмовы рэгіёну абумовілі засяленне гэтых зямель з ранніх часоў.

Шкада, што на ахову археалагічных помнікаў звяртаецца так мала ўвагі. Так, на тэрытрыі ўнікальнай стаянкі Горбаў-1 размешчаны кар'ер, які, у дадатак, завалены смеццем. Захоўваючы стаянкі першабытнага чалавека, мы захоўваем нашу гісторыю, памяць пра продкаў, непаўторнасць свайго краю.

Андрэй Белавешкін

На галоўную старонку