На галоўную старонку
 


Старажытны горад Палесся

Прыблізна 850 гадоў назад летапісец засведчыў існаванне на Палессі горада Здзітаў. На поўначы сучаснага Драгічынскага раёна, на беразе Ясельды, бліз сучаснай вёскі Старамлыны на ўзвышшы быў пабудаваны самы старажытны на тэрыторыі сучаснага Бярозаўскага і Драгічынскага раёнаў горад Здзітаў. У Іпацьеўскім летапісе ўспамінаецца аб ім пад 1252 годам (аднак, першы раз засведчаны запіс пад 1005 годам ва "Устаўнай грамаце аб заснаванні Тураўскай епіскапіі"). Паводле археалагічных дадзеных, горад Здзітаў існаваў у XI-XIII стст. Ён уваходзіў у спіс 35 гарадоў рускіх зямель, што існавалі на Беларусі да 1300 года. Як на тэрыторыі знаходжання старажытнага г. Здзітаў, так і на месцы вёскі Здзітава-на-Дарагабужы канцэнтрыруюцца археалагічныя помнікі V-XIII стст. - курганы, селішчы, гарадзішчы. Хутчэй за ўсё, гэтыя гнёзды помнікаў адпавядаюць невялікім старажытным племянным групам, дыялекты якіх адрозніваліся паміж сабою, бо тэрыторыя сучасных паўночназагародскіх гаворак адпавядае хомска-здзітаўскаму гнязду.

Можна меркаваць, што горад меў выгаднае эканамічнае размяшчэнне, бо ў раёне летапіснага Здзітава разыходзіўся Дняпроўска-Нёманскі і Дняпроўска-Бугскі водныя шляхі. А яшчэ тут праходзіў старадаўні гасцінец "дорога великая Березинская и Здитовская, которая идетъ зъ Волыни до Вильна" (такая назва дадзена ў кнізе Р. Валовіча "Ревизия пущъ и переходовъ звериныхъ"). Гасцінец праходзіў праз Здзітава-Пескі-Дзяды-Косава-Слонім і далей на Вільню.

Месцазнаходжанне г. Здзітаў заставалася невядомым да 1938 года. Выявіў гарадзішча А. Цынкалоўскі, абследавалі яго М.А. Ткачоў (1970 г.), затым Я.Т. Звяруга. Горад месціўся сярод поплаўных балот і ўздымаўся над імі на 3-6 метраў, быў абнесены валамі і ровам. З поўначы да яго падступала Ясельда. Пад час раскопак знойдзены жалезныя наканечнікі стрэл, рыбалоўныя кручкі, абломкі кос і сярпоў, фібулы, спражкі, гліняны арнаментаваны посуд, грузілы для сетак, прасліцы.

На думку Ф.Д. Клімчука, назва горада паходзіць, хутчэй за ўсё, ад слова "зодчы" (будаўнік), у мове ванаў "задзі" - будаваць. Адсюль Здзітаў - "будоўля". У мове ванаў "Зьд" значыць "каменная сцяна". Можа, горад быў абнесены каменнай сцяной. Звяртае ўвагу, што вельмі падобная назва была тады ў сучаснага горада Дзятлава (Гродзенская вобласць) - Здзяцел. Прасочваецца сувязь і з назвамі возера Джыдзінне, што ў 17 кіламетрах ад Здзітава, і рэчкі Дзітва, што ў Лідскім раёне (Гродзенская вобласць). Па згаданых аб'ектах праходзілі старажытныя шляхі.

С. Амяльчук выказаў меркаванне, што назва вёскі Здзітава паходзіць ад р. Дзітва. Калі жыхароў вёскі пыталіся адкуль яны, тыя адказвалі - з Дзітвы, адсюль і назва - Здзітава.

Прыкладна ў канцы 40-х гадоў XIII ст. літоўскі князь Міндоўг авалодаў Здзітавам-на-Ясельдзе. У 1263 г. Войшалк (сын Міндоўга) выдаў сваю сястру за Шварня Данілавіча і даў у пасаг гарады Здзітаў і Слонім.

Прыкладна ў пачатку XIV ст. Здзітаў увайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага.

Недзе ў гэты перыяд горад Здзітаў спыніў сваё існаванне, але ўзніклі два новыя населеныя пункты з назвай Здзітаў. Першы з іх - у сямі кіламетрах ад старажытнага горада на рацэ Дарагабуж, зараз гэта в. Здзітава Спораўскага сельсавета. Другі - вёска Здзітава Углянскага сельсавета, якая знаходзіцца ў 22 кіламетрах ад г. Здзітаў. Відаць, у выніку ваенных дзеянняў кіеўскіх князёў супраць яцвягаў горад быў разбураны, а жыхары перасяліліся ў іншыя мясцовасці.

Пасля ўваходу рэгіёна ў Вялікае княства Літоўскае ўтварылася Здзітаўская воласць у новых межах (цэнтр - Здзітаў-на-Дарагабужы). У XV ст. (да 1430 г.) Здзітава атрымала правы мястэчка. У склад Здзітаўскай воласці ўваходзілі паўднёвы ўсход сучаснага Бярозаўскага раёна, цэнтр і ўсход Драгічынскага раёна, асноўная частка Іванаўскага. Здзітаўская воласць належала непасрэдна вялікаму князю літоўскаму. У 1452 годзе ён перадаў значную частку Здзітаўскай воласці пінскаму князю Юрыю Сямёнавічу.

Пачынаючы з другой паловы XVI ст. Здзітава ўваходзіла ў розныя адміністрацыйныя адзінкі: Слонімскі павет Навагрудскага ваяводства, Пружанскі і Слонімскі паветы Гродзенскай губерніі, Пружанскі і Косаўскі паветы Палескага ваяводства, Брэсцкую вобласць, з 1940 года - у склад Бярозаўскага раёна.

Лена Леванцэвіч

На галоўную старонку