На галоўную старонку
 


Таямніца назвы: да этымалогіі
тапонімаў Бярозаўшчыны

У спадчыну ад мінулых пакаленняў нам дасталася велізарная колькасць назваў населеных пунктаў, рэк, азёраў, балот, палёў і сенажацяў, урочышчаў і іншых геаграфічных аб'ектаў. Возьмем хаця б, для прыкладу, адну з самых старажытных вёсак Бярозаўшчыны - Здзітава (першы раз упамінаецца як горад Здзітаў у 1005 г. ва "Устаўнай грамаце аб заснавнні Тураўскай епіскапіі"). Адна вёска, а колькі найменняў-мікратапонімаў дзеліць ці, наадварот, "аб'ядноўвае" яе. Якая багатая і гаваркая карта атрымліваецца [У прыведзеных назвах апостраф выконвае ролю знака націска. - Рэд.]:

  • урочышчы: Чырэ'мушнэ, І'сорокі, Углы', Я'мы, Кошы'ль, Дубкі', Го'рбув, Ка'выч, Чырыды'н, Дво'рышча, Пы'жын;
  • хутары: Козлы'вка, Рычы'ца, Де'довэ, Місы'доровышчы, Плашч;
  • груды, палі: Чо'рны луг, Кала'шкув, Ботвы'нка, Мо'шчын, Чо'ртув круг, Она'нім, Бырыстовэ'ц, Ю'шув, Жу'ків, Она'ткув, Люды'мув, Борсу'кі, Дя'ковэ, Гра'дка, Остры'вкі;
  • балоты, лугі: Шчо'луб, Ту'рковэ, Зылё'нэ, Бырэ'ське, Грэ'цьке, Зако'зын, Клын, Зашэ'шнюв;
  • лес і яго часткі: Ны'вышчы (Сокі'рнэ, Лысы'чанка, До'вге По'лэ, Рычны'і, Пэ'ршы З'езд, за Цімінто'вым мостом і інш.)

Многае маглі б расказаць аб колішнім насельніцтве гэтыя народныя назвы, бо ўсе яны ўзніклі невыпадкова. Сам народ ніколі не даваў найменняў, якія ў чымсьці не адпавядалі б ісціне. Асабліва старажытныя сярод тапонімаў гідронімы - назвы рэк, азёраў. На Бярозаўшчыне - гэта рэкі: Вінец, Крэчэт, Чарняўка, Хатава, Ясельда, Жыгулянка, Дарагабуж; азёры: Белае, Чорнае і Спораўскае.

Спораўскае возера, Спораўскія балоты, вёска Спорава... На картах 16 - 17 стст. возера Спораўскае называлі Салман (1540 г.), Салмація, Салмаціка (1606 г.).У паведамленнях вядомага візантыйскага гісторыка VІ стагоддзя Пракопія Кесарыйскага ёсць сцвярджэнне, нібыта некалі плямёны склавенаў і антаў (славян) называлі "спорамі" (рассеянымі), відаць, з-за таго, што жылі "спорадзен" - рассеяна, асобнымі пасёлкамі. На поўначы Заходняга Палесся гэта былі крайнія славянскія аб'екты, а далей знаходзіліся балты. (Па Ясельдзе археолагі і лінгвісты (Ю.У. Кухарэнка, М.І. Талстой, В.У. Мартынаў і інш.) праводзяць старажытную этнічную мяжу паміж славянамі і балтамі.)

Рака Ясельда (варыянты Ясольда, Ясолка, Яцельда, Ясіолда). Хутчэй за ўсё гэта кантамінаваная, "гібрыдная" славяна-яцвяжская назва: бо тут славянскі корань *jasl і яцвяжскі фармант *da. На Піншчыне існуе мясцовая назва ракі - Ясэлька - "рака асаў", багоў, якім пакланяліся індаеўрапейцы яшчэ ў часы свайго першага пранікнення да Балтыі. Параўнаем, у індаеўрапейцаў рака - "альда", а ў балтаў човен - "алдзія". Культ асаў захоўвалі готы і ірландцы, таму, разглядаючы фармант "да", нельга прыпісваць назву толькі да яцвяжскай. У аснове назвы можа быць і славянскае слова "яслі" - кармушка для свойскай жывёлы, у якую, як у драбінкі, закладваюць сена.

У назве ракі Дарагабуж (прыток Ясельды) таксама знаходзяць як славянскую, так і балтыйскую аснову. У.М. Тапароў і А.М. Трубачоў мяркуюць, што гэтая назва з'яўляецца вытворнай на *ja ад славянскай формы "Дорогобудь, Dorogobud". У кельтаў слова "драгон" - кола, адсюль колавая павозка - "дрогі", а шлях для яе - дарога, або дрога.

Рака Жыгулянка - прыток Дарагабужы. Ф.Д. Клімчук параўноўвае з беларускім дыялектным словам "жыгала" - металічны прут для прапякання дзірак; старарускае "жигало, жегало" - кадильница. Назва, відаць, - праславянскае ўтварэнне ад *zigati, *zegati, зыходнае значэнне якога - апальваць, апякаць. З другога боку, літоўскае zigis - лугавы ручай. Гідронімы з кампанентамі *zag, zaug, ziog распаўсюджаны ў Літве.

Мост праз канал Вінец. Фота А. Маразюка
Мост праз канал Вінец. Фота А. Маразюка

Рака Венец - прыток Ясельды. Слова венец - агульнаславянскае, якое мае адпаведнік у літоўскай мове. Старарускае "вѕньць", украінскае "вінец", беларускае "венец" утворана суфіксальным спосабам ад той жа асновы, што і вянок - суфіксальнае вытворнае з заменай гукаў у корані ад дзеяслова "вить".

Рака Чарняўка - прыток р. Вінец. Назвы з суфіксам -явка утвараюць больш старажытны гідранімічны пласт, чым назвы з суфіксамі -овка, -увка. Гідронімы з названымі суфіксамі і генетычна блізкімі вядомыя ў розных месцах славянскай тэрыторыі. Назва Чарняўка звязана з прыметнікам, які абазначае колер.

Рака Крэчэт - прыток Ясельды. Параўнаем старарускае "кречет" - род сокола, лучший, благородный. Назва ўтворана па гукаперайманні, крыку (ад дзеяслова "кректать").

Рака Хатава - Прыток Ясельды. Існуе стараславянскі корань "хоть" - жаданне. Магчыма, існуе сувязь са словам "хата" славянскага паходжання.

Лена Леванцэвіч

На галоўную старонку