На галоўную старонку
 


Калі ўпершыню ўраджэнцы Бярозаўшчыны змагаліся з фашызмам

Агульнавядома, што самая жорсткая і кровапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва - Вялікая Айчынная вайна - пачалася 22 чэрвеня 1941 года, у якой самы актыўны ўдзел бралі і беларусы. Але не кожны ведае, што многім нашым зямлякам, у тым ліку і жыхарам Бярозаўшчыны, прыйшлося змагацца з фашызмам і адчуць моц нямецкай ваеннай машыны значна раней - у верасні 39-га года. Акрамя таго, некаторым з іх, па нейкай злой іроніі лёсу, давялося ваяваць і супраць сваіх жа братоў-беларусаў, служачых у Чырвонай Арміі. Як і чаму гэта здарылася? У той час Заходняя Беларусь знаходзілася пад уладай Польшчы, складаючы каля паловы яе тэрыторыі. І таму, натуральна, беларусам прыходзілася служыць у Войску Польскім (беларусы займалі трэцяе па колькасці месца ў польскай арміі - каля 50000 чалавек), а затым ваяваць у яго складзе супраць нямецкай арміі - на Заходнім фронце і супраць Чырвонай Арміі - на Усходнім. Каб лепей уявіць сабе, што гэта была за вайна і што прыйшлося прайсці салдатам-беларусам разам з палякамі, перанясемся ненадоўга ў другую палову 30-х гг. Сакавік 1936 г. - Гітлер збройнай сілай далучае да Германіі землі над Рэйнам, 1938 г. - Аўстрыю. Сакавік 1939 г. - занята Чэхаславакія і літоўская Клайпеда. А 23 жніўня 1939 г. ўрады Германіі і СССР падпісалі акт узаемнага ненападзення і сакрэтную дамову аб падзеле іх сфераў уплыву (пакт Молатава-Рыбентропа). Гэты пакт вырашыў лёс Польшчы: яе падзялілі на нямецкую і савецкую зоны і вызначылі мяжу паміж імі. А на досвітку 1-га верасня 1939 г. у 4 гадзіны 45 мін Германія пачала акупацыю "сваей" часткі Польшчы - фашысцкія войскі ўварваліся на польскую тэрыторыю на ўсім працягу мяжы. У ходзе агрэсіі Германія выкарыстала 2500 танкаў і 2000 самалётаў, па колькасці сухапутных сіл яна мела перавагу ў 1,5 раза, па артылерыі - у 2,8 раза. Галоўны ўдар наносіўся з паўднёвага захаду ў накірунку Варшавы нямецкай групай армій "Поўдзень". К 7-му верасня яна выйшла ў раён Лодзі, Тамашув-Мазавецкага, Кельцэ. Войскі нямецкай групы армій "Поўнач" таксама хутка прасоўваліся ўглыб краіны, дасягнуўшы к 7-му верасня ракі Нарэў, гарадоў Быдгошч, Торунь. На ўсіх участках фронту польскія войскі шалёна супраціўляліся. Рассечаныя танкавымі клінамі Гудэрыяна, яны навязалі немцам бітву на Дзуры і, стварыўшы пагрозу выхаду буйных кавалерыйскіх частак у тыл танкавым групоўкам, змаглі пазбегнуць акружэння і адвесці асноўныя сілы за Віслу.

Уся прэса свету, уключаючы і нямецкую, адзначала гераічны супраціў польскай арміі. Абарона Вестэрплятэ, Хеля, Гдыні і Варшавы выклікала захапленне свету, а бітву на Дзуры нават "Фолькішэр Беобахтэр" назвала "найбольш бязлітаснай у гісторыі". Гераічна, на працягу 20 дзён, абаранялася Варшава і была захоплена толькі 27 верасня. Нярэдка ў выніку контратак польскіх войск паніка ахапляла цэлыя нямецкія дывізіі. Савецкая прэса пра ўсё гэта маўчала і яшчэ, наадварот, адзначала, што палякі не аказваюць немцам ніякага супраціву. І вось 17 верасня Чырвоная Армія пачала выконваць сваю частку пакта - перайшла польскую мяжу на ўсім працягу ад Полацка да Камянец-Падольска. Уварванне савецкіх войскаў застала польскае камандаванне знянацку. Ніхто спачатку не зразумеў, што гэта: прыход саюзнікаў альбо ўварванне? Аднак адказ на гэтае пытанне далі савецкія бомбы і снарады, якія абрынуліся на польскія пазіцыі. Пераважная большасць баяздольных польскіх частак была нацэлена для ўдару па немцах. Чырвонай Арміі аказалі супраціў галоўным чынам часткі памежнай аховы. І тым не менш разгарнуліся буйныя баі пад Гроднам, Шацкам, Аранам і Перамышлем. Гераічны польскі гарнізон Брэсцкай крэпасці на чале з генералам К.Плісоўскім адбіў усе атакі Гудэрыяна. Гудэрыян нерваваўся. Выратавала цяжкая артылерыя камбрыга Крывашэіна, якая абстрэльвала крэпасць на працягу двух сутак няспынна. Разгарачаныя боем, абдымаліся на тэрэспаліскім мосце праз Буг "браты па зброі"-салдаты Кавалёва і Гудэрыяна. 3 нагоды слаўнай перамогі ў Брэсці адбыўся грандыёзны ваенны парад. Пад гукі Брандэнбурскага маршу крочылі савецкія і нямецкія салдаты. Прымаючы парад, на трыбуне разам стаялі генерал Гейнц Гудэрыян і камбрыг Сямён Крывашэін. "Сяброўства, змацаванае крывёю!" - скажа пазней Сталін у тэлеграме Гітлеру. 28 верасня, калі яшчэ дагаралі вогнішчы адкрытага супраціву фашызму ў Варшаве і на Балтыцы, была падпісана савецка-нямецкая дамова аб сяброўстве і межах.

Па рознаму склаўся лёс нашых суайчыннікаў - салдат польскай арміі. Адны з іх загінулі ў баях, другія папалі ў нямецкі палон, прайшлі канцлагеры, трэція былі інтэрніраваныя ў СССР, чацвёртым пашчасціла вярнуцца дамоў, каб ізноў узяцца за зброю ў 41-м. Пасля Вялікай Айчыннай вайны аб іх усе забыліся. Толькі з 1989 г., у сувязі з 50-годдзем ваенных падзей, Дзяржаўны Савет Польшчы сваімі пастановамі стаў узнагароджваць ветэранаў той вайны медалём "За ўдзел у абарончай вайне 1939 года" і прысуджаць некаторыя ільготы.

Пры напісанні артыкула часткова выкарыстаныя матэрыялы І.Кузняцова,
"Наша ніва" №24 за 1996 г.

На галоўную старонку