Казімер Леў Сапега

Скарочаны пераклад з "Sapiehowie".

Казімер Леў Сапега, сын Льва, ваяводы Віленскага, і князёўны Эльжбеты Радзівілаўны. Нарадзіўся пад час знаходжання каралеўскага двара ў Вільні 15 ліпеня 1609 года. Хрысцілі яго каралевіч, у будучым кароль Уладыслаў з каралевай Канстанцыяй, жонкай караля Зігмунта III.

Казімер Сапега вучыўся ў Віленскай акадэміі, а потым са старэйшым братам Кшыштафам, для працягнення навучання, выехаў за мяжу, дзе вучыўся ў езуітаў у Манахіуму, затым у акадэміі Інгальдштадскай у Баварыі.

Малады Казімер Сапега не змог вывучыцца да канца. Яго брат Кшыштаф захварэў на сухоты і гэтыя абставіны вымусілі братоў вярнуцца на радзіму. Па вяртанні абодва браты жылі ў Брэсце каля бацькі, які служыў там у касцельным сінодзе. У 1624 годзе Леў Сапега набыў для малалетняга сына Казімера маёнткі Вольпенскае і Дубенскае, а ў наступным годзе - стараства Любошанскае з Мястэчкам Бярэзіна. Казімер Сапега атрымлівае прывілей на вёску Гальшаны ў Ашмянскім павеце. У 1625 годзе два малалетніх Сапегі зноў паехалі за мяжу і там разам паступілі ў Лаваньскую акадэмію, дзе вучыліся гісторыі і палітыцы ў прафесара Путэануса. Скончыўшы курс па палітыцы ў Путэануса, маладыя Сапегі паехалі да Бруксэлю, сталіцы Брабанціі. Адтуль зноў па загаду бацькі вярнуліся ў Галандыю, каб прыглядзецца да вайсковых змен, што адбываліся пад кіраўніцтвам Спінолі. У 1629 годзе Казімер, стараста Вольпенскі, выехаў праз Францыю ў Італію, дзе наведаў Фларэнцыю, Рым і Неапаль. Вярнуўшыся з замежнай паездкі на радзіму, заняўся вывучэннем навук і ваеннага майстэрства, авалодаў 8-ю мовамі. У Слоніме быў выбраны дэпутатам трыбуналу. То была яго першая грамадская праца.

У 1629 годзе Казімер Сапега атрымаў права на фальварак Каладзечна ў Вольпенскім старастве, а ў 1630 годзе - на далучэнне да гэтага стараства вёскі Тупічан. Вызваленае праз заўчасную смерць яго брата Кшыштафа, месца пісара ВКЛ дасталося Казімеру ў 1631 годзе разам са стараствам Гродзенскім. Адначасова яму было прапанавана прагледзець дзяржаўны архіў Рэчы Паспалітай, дзе захоўваліся арыгіналы грамадзянскага заканадаўства і важнейшыя дамовы з суседнімі дзяржавамі. Веды, набытыя тут, аказаліся вельмі патрэбнымі яму пры выкананні грамадскіх спраў.

Кароль Зігмунт III памёр у пачатку 1632 года. Пад час выбараў (seimu elekcyjnego), Казімер Сапега, пісар ВКЛ, прызначаны быў саветнікам і памочнікам prymas'а Я. Венжыкава. І ад імя прынца Ўладыслава выступіў на сейму, просячы карону. Сівы канцлер Леў Сапега толькі на год перажыў свайго манарха, якому вельмі аддана служыў усё жыццё. Значная спадчына, што засталася ад яго, перайшла да двух сыноў, жыўшых у той час. Аднак смерць Яна Станіслава Сапегі ў 1635 годзе зрабіла малодшага брата Казімера Льва адзіным спадкаемцам вялізных уладанняў. І не толькі спадчыны па продках, але і вялікіх уладанняў Хадкевічаўскіх, завешчаных жонкай яго старэйшаму брату Яну, маршалку ВКЛ.

Ідучы па слядах свайго бацькі-канцлера, які яшчэ будучы пісарам ВКЛ адбыў у Маскву ў складзе амбасады, малады Казімер Сапега, таксама ў якасці пісара ВКЛ, разам з другімі амбасадарамі быў накіраваны да цара Міхаіла Фёдаравіча. 14 чэрвеня 1634 года яны заключылі мірны дагавор, паводле якога кароль Уладыслаў адмаўляўся ад Маскоўскага прастолу. Цар аддаў Рэчы Паспалітай Смаленск, Чарнігаў, Дарагабуж, Старадуб, Інфлянты, Курляндыю і інш. Амбасадары, відавочна, прытрымваліся поглядаў нядаўна памерлага канцлера Льва Сапегі, які заўсёды казаў: "Лепей Смаленшчыну да Літвы дадаць, з Масквой ваюючы, чым прынца Ўладыслава абраць царом, на што Масква гатовая ахвяраваць."

Яшчэ ў час падарожжа ў Маскву у 1634 годзе, Казімер Сапега атрымлівае прывілей на Магдэбурскае права і ярмаркі ў належачых яму мястэчках Талочыне, Бялынічах і Бешанковічах.

Пасля вяртання з Масквы, кароль дарыць 13 красавіка 1635 года Казімеру Сапезе, за праяўленыя ім заслугі, працу і выдаткі пад час амбасады, уладанне Губске, якім раней валодаў яго бацька, а затым, да сваёй смерці, старэйшы брат. Вось што ўспамінае пра Сапегу К. Кагнавіцкі: "Найменьш хцівы і даволі заможны Сапега з каралеўскага прывілею, якім падкрэсліваліся яго асабістыя заслугі, цаніў болей гонар, чым узнагароды."

У канцы 1635 года Казімер Леў Сапега заключыў дамову з Г. Керлем аб пераходзе да яго, Сапегі, ва ўладанне мясцовасці Маладзечна і некаторых іншых на Літве, што раней належалі яго бацьку - Льву.

Вакантная пасля смерці К. Весялоўскага пасада маршалка ВКЛ у 1637 годзе была аддана Аляксандру Радзівілу, а на месца прыдворнага маршалка назначаны быў пісар ВКЛ Казімер Сапега. У 1639 г., прыкладна ў лютым, у Кракаве прыдворны маршалак Казімер Сапега ўзяў шлюб з Тэадорай Тарноўскай. Пасля некалькіх год плённай працы задаволенасць караля Ўладыслава IV і каралевы Цэцыліі Рэнаты сваім прыдворным маршалкам Казімерам павялічвалася. Каралеўская пара ўрачыста была прынята Сапегай у 1643 годзе ў наданам яму старастве Вольпе, а ў наступным годзе - ў радавым маёнтку Сапегі - Ружане. Кс. Кагнавіцкі так апісвае той прыём. Разахвочаны гаспадар падняў тост за здароў'е свайго манарха, скарыстаўшы старажытны шкляны келіх з дому Сапегаў, што меў уласную назву "Іван". Тым самым ён ушанаваў памяць быўшага калісь у Ружанскім замку караля Зігмунта І і свайго прадзеда Івана Багданавіча Сапегу, ваяводу Падляскага, у якога некалькі дзён гасціў кароль. Келіх, выкарыстаны тады, Зігмунт І назваў імем гаспадара. Уладыслаў IV , для ўшанавання гэтай незвычайнай бахусавай прылады, надаў "Івану" асаблівы прывілей. Паводле яго, "Іван" павінен заўсёды захоўвацца ў камодзе і выкарыстоўвацца толькі ў выпадку асаблівых урачыстасцяў, пры гуках вясёлай музыкі і гарматных стрэлах. У 1644 годзе ў гонар каралеўскіх візітаў над дзвярыма галоўнай замкавай залы была ўсталявана памятная мармуравая шыльда з надпісам на латыні. А ў 1643 годзе Казімер Леў Сапега становіцца падканцлерам ВКЛ, замяніўшы на гэтай пасадзе памерлага М. Трызну.

У тым жа годзе маршалак Сапега пры Віленскай акадэміі заснаваў фонд на ўтрыманне 4-х прафесараў і ахвяраваў на гэта 12500 злотых. Таксама назаўсёды перадаў гэтай жа акадэміі Ружанскую бібліятэку, сабраную яго бацькам і ім самым. Тая бібліятэка, названая як і акадэмія - Сапежынскай, налічвала 3000 тамоў і складалася з рэдкіх кніг. З вялікай любасці да навукі, Казімер Сапега выплачваў настаўнікам акадэміі па 3000 злотых штогод.

Акрамя дзяржаўных спраў, Казімер Сапега паспяхова вёў і свае ўласныя. Ён лічыўся адным з найбагацейшых магнатаў на Літве. Яго сучаснік, французскі пісьменнік Laboureur, пісаў, што Сапега быў вельмі заможны, яго ўладанні прыносілі 500000 талераў штогод, яго двор і міліцыя налічвалі 4000 асоб, у большай частцы рыцарскага паходжання.

У 1646 годзе падканцлер Сапега, стараста Слонімскі, Вольпенскі і Любошынскі пацвердзіў свой фундацыйны запіс айцам бернардзінам, каторым за ўласныя грошы пабудаваў у сваім радавым маёнтку Сапежыне (інакш Друі) касцёл і кляштар. Сапега пастанавіў, каб бернардзіны пастаянна ўтрымлівалі тут капланаў і братоў закону, а ў касцёле адпраўлялі службу.

У 1648 годзе Сапега набыў у Слонімскім павеце мястэчка Бусяж. Тады ж кароль Уладыслаў IV па дарозе з Вільні да Варшавы моцна занямог. Адчуваючы хуткую смерць, ён вызваў з Ружаны падканцлера Сапегу. Той прыбыў своечасова і 10 мая, калі кароль памёр, застаўся выканаўцай каралеўскага завяшчання. У час сейму ў Варшаве, адразу пасля смерці Ўладыслава IV, шляхецкія станы выклікалі падканцлера Сапегу для дапамогі і парад. Дзякуючы сваім стасункам у ВКЛ, Сапега ў значнай ступені паўплываў на тое, каб новым каралём быў абраны Ян Казімер. У студзені 1649 года на Кракаўскім сейму Казімер Сапега ад імя Рэчы Паспалітай атрымаў падзяку за абарону Літоўскіх правінцый ад набегаў збунтаваных казакоў і сялянства, падмацаваных татарамі. Падканцлер Сапега, акрамя значных выдаткаў на абарону знаходзячайся пад пагрозай дзяржавы, даў прыклад асабістай адвагі ў бітвах пад Зборавам і Бярэстэчкам. Затым быў адным з вызначаных камісараў для падпісання пагаднення з казацкім гетманам Багданам Хмяльніцкім. Адразу пасля вызвалення Быхава ад казакаў, падканцлер Сапега ахвяруе сродкі на мясцовы касцёл Св. Казімера. За вялікія паслугі, аказаныя Сапегай Рэчы Паспалітай, ён быў узнагароджаны Рагачоўскім стараствам. У прывілеі, выданым у Варшаве у 1649 годзе, адзначалася, што стараства было дадзена "за выдаткі дзеля гонару і захавання цэласнасці Рэчы Паспалітай, у экспедыцыях ваенных і справах публічных, праз падканцлера Казімера Сапегу распачатых".

Канец будзе.

Пераклад з польскай Цэцыліі Трызны.

На галоўную старонку
  • Ад рэдактара
  • Калі ўпершыню ўраджэнцы Бярозаўшчыны змагаліся з фашызмам
  • Спіс воінаў-землякоў - удзельнікаў абарончай вайны 1939 года
  • Арышты; Бяроза і Воля
  • Казімер Леў Сапега
  • Да 600-годдзя Сяльца
  • Хто нас вучыў, хто нас лячыў...