На галоўную старонку
 


Хто нас вучыў, хто нас лячыў...

Што тычыцца гісторыі школы і бальніцы ў Сяльцы, то яна не багатая па часе, але пэўныя "зарубкі" і тут астаўлены.

Вядома, што навучальныя ўстановы ў мястэчку з'явіліся ў канцы XIX стагоддзя. На цвінтары, каля старой драўлянай царквы (Папоўшчына), стаяла звычайная хата, падзеленая на дзве часткі, з вялікай печчу, куды вучні ставілі гліняныя гаршочкі з няхітрай справай: капустай, бульбай, таўканіцай. Правініўшыхся, як гаварыў мой тата, ставілі на грэчку, голымі каленьмі. Гэта была школа для хлапчукоў, а для дзяўчынак заняткі былі арганізаваны асобна, там, дзе зараз стаіць старая школа. Веды даваліся добрыя, таму трэба ўспомніць тых, хто спрыяў гэтаму, настаўнікаў той пары.

У прыхадской школе доўгі час працаваў Аляксандр Антонавіч Тараскевіч, дапамагаў яму Аляксандр Восіпавіч Дзюрыч. Гэтая школа працавала з 1865 года, а міністэрскае вучылішча для дзяўчынак, адкрытае ў 1893 годзе, узначальвала Ніна Аляксандраўна Міхалоўская. Важную ролю ў абедзьвух школах адыгрываў мясцовы святар Антоній Накімавіч Катаркевіч.

Наступны этап - гэта магчымасць атрымаць адукацыю ў польскі час. І хаця тут былі складанасці, асабліва моўныя, адзначым тое, што ў памяці вучняў гэтай пары вызначаюцца з удзячнасцю кіраўнік школы Константы Калінскі і яго жонка Тэадора.

У 30-я гады XX стагоддзя была закладзена новая школа, якая павінна была адчыніць дзверы 1 верасня 1939 года, але пачалася вайна.

Пасля вайны ў Сяльцы спачатку была сямігодка, а з 1950 года сярэдняя школа. Асаблівую прыязнасць, удзячнасць і любоў у памяці выпускнікоў першых дзвюх дзесяткаў гадоў існавання сярэдняй школы выклікаюць імёны Яфіма Фёдаравіча Соладава, які ў цяжкі пасляваенны час узначальваў школу, і Пятра Андрэевіча Дзенісюка, выкладчыка матэматыкі. Трэба адзначыць, што было нямала і другіх выдатных настаўнікаў, але названыя - абсалютныя лідэры ў памяці жыхароў Сяльца. Відаць, было нешта такое, што нават пры пэўных чалавечых слабасцях гэтых людзей, дало магчымасць ім стаць сімвалам нашай сучаснай школы.

Школа працуе. Ці стане яна 12-годкай? Ва ўсякім разе, глядзіць з надзеяй у будучыню.

Гісторыя бальніцы прыблізна такая ж. З'явілася яна таксама ў другой палове XIX стагоддзя. Размешчана была каля будынка валасной управы (зараз сядзіба І.І. Круля), у садзе, які завецца і да дня сённяшняга - бальнічны сад. Пад час першай сусветнай вайны школа згарэла, як і ўправа, што была насупраць.

Пры Польшчы бальніцы не было. Лячыцца можна было ў прыватнага доктара Вольскага, які памёр у гады другой сусветнай вайны.

У час Вялікай Айчыннай медыцынскую дапамогу аказвалі работнікі Бярозаўскага ваеннага шпіталю, якія аказаліся ў акупацыі. Спачатку гэта была Ніна Белагуб, якая пасля падалася ў партызаны. Яе змяніла Надзея Іванаўна Крыпан (маці Алеся Разанава). Яна для сельчукоў з'яўляецца сімвалам служэння медыка чалавеку. Менавіта ёй прышлося пасля вайны ствараць стацыянарную лячэбніцу (будынак медінтэрната) і амбулаторыю (дом доктара). Пэўны час прыходзілі ёй на дапамогу кваліфікаваныя дактары - Ганна Андрэеўна Цорын і Юлія Андрэеўна Бурыгіна.

У 1948 годзе для бальніцы быў выкарыстаны будынак гміны (польскія ўлады для яе выкарысталі млын). Памятаюць людзі і першага доктара савецкага часу. Гэта быў нехта Рудзін, працаваў у 1939-40 гадах, прымаў хворых на кватэры. Але найбольшую павагу і добрую памяць аб сабе пакінуў Аляксандр Сцяпанавіч Сахарук, які валодаў усімі якасцямі доктара - ведамі, самаадданасцю, саперажываннем.

Сёння ў Сялецкай бальніцы працуюць новыя людзі, для яе пабудаваны новыя карпусы. Пішацца новая старонка гісторыі...

М.Пейган
"Маяк" №62, 1997 г.

На галоўную старонку