На галоўную старонку
 


З гісторыі Крупчыц

   Даследчыкі падлічылі: толькі за апошнія 40 гадоў у Беларусі згінулі назаўсёды каля дзесяці тысяч населеных пунктаў! Паселішчы мелі сваю гісторыю, своеасобныя назвы, традыцыі... І раптам - па волі лёсу - усё гэта знікае з людской памяці, губляецца за смугою стагоддзяў. І толькі рэдкі гісторык, улюблёны ў мінулае свайго краю, можа калі-нікалі звярнуць увагу на былыя часы забытай вёскі.

   Сённяшнія нашы ўспаміны пра складаныя часы былога сяла Крупчыцы, што месцілася некалі на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Ужо трыццаць гадоў, як паселішча з такою назваю не сустрэнеш на сучасных картах. І толькі карты гістарычныя ды старадаўнія дакументы пакрысе даносяць да нас ціхія водгукі пра некалі слаўную гісторыю Крупчыцаў ды іх наваколляў.

    Пачатак сягае ў ХVІІ стагоддзе. Цяпер ужо няведама з якой прычыны месцы ля рэчкі Трасцяніцы аблюбавалі тады манахі каталіцкага ордэна кармелітаў. Менавіта яны з дапамогаю мясцовага памешчыка Андрэя Асоўскага і ўзвялі прыгожы шматпавярховы будынак манастыра. Будаўніцтва цягнулася доўгі час. Увесь кляштарны комплекс, куды ўваходзіў і касцёл з гаспадарчымі пабудовамі (усяго каля 300 м. кв. плошчы), быў скончаны толькі да 1702 года. У 2002 годзе колішняму манастыру споўнілася б 300 гадоў, але ўжо даўно не гучыць прызыўна касцёльны звон...

   Амаль адразу недалёка ад кляштара ўзніклі каталіцкія могілкі, канчаткова пабураныя і вынішчаныя ў 60 гады ХХ стагоддзя.

   Менавіта ля сцен Крупчыцкага (іншая назва - Нелаевіцкага) манастыра 17 верасня 1794 года адбылася знакамітая бітва часоў Касцюшкавага паўстання, што на доўгія стагоддзі вырашыла лёс гэтай зямлі. У час бою кляштар і касцёл былі значна пашкоджаныя (некалькі паўстанцаў пад час бітвы схаваліся за манастырскімі сценамі і былі адтуль выбіты наступаючымі казацкімі аддзеламі; некалькі ядраў разарваліся на царкоўным двары). У гэты дзень, упершыню за сваю гісторыю, вёска Крупчыцы амаль цалкам згарэла.

   У 1797 годзе расійскі самадзержац Павел І сваім загадам перадаў Крупчыцкі манастыр пад начала Віленскай каталіцкай дыяцэзіі.

   Спадчыннік Паўла, Аляксандр І у восень 1823 года наведваў Крупчыцы, кіруючыся дарогаю да Брэст-Літоўскай крэпасці. Тагачасны крупчыцкі гаспадар, чалавек надзвычай адукаваны і таленавіты Ян Відацкі, меў ласку прымаць на сваёй, яшчэ не да канца дабудаванай паштовай станцыі, уладара вялізнай Расійскай імперыі. Самадзержац, відаць, застаўся задаволены гасціннасцю на Крупчыцкай станцыі. Пасля ад’езду Аляксандра, памешчык атрымаў высокую дзяржаўную ўзнагароду - ордэн святога Уладзіміра І-ай ступені. А шлях самога імператара быў нешчаслівы: прымаючы праз некалькі дзён парад у Брэсце Аляксандр Паўлавіч быў выпадкова паранены ў калена свавольным канём, гэтую рану імператарскія лекары не здолелі залячыць да самай смерці цара...

   Добрая адозва імператара пра становішча спраў на станцыі стала своеасаблівай візіткай для Яна Відацкага, якая дазволіла памешчыку давесці будаўніцтва да завяршэння. Аднак у хуткасці значэнне Крупчыцаў, як гандлёвага і паштовага цэнтра, амаль зусім знікла. З 1842 года пачалося будаўніцтва новай Маскоўска-Варшаўскай шашы, больш вядомай як "Варшаўка". Крупчыцы, пакінутыя ў баку ад яе, быццам прыпыніліся ў сваім развіцці.

   Тым больш, што і рэлігійнае жыццё пасля падаўлення паўстанняў 1831 і 1864 гадоў змянілася ў краі. Рэпрэсіі кранулі каталіцкае духавенства, якое было абкладзена падаткамі. Адразу пачалося гвалтоўнае закрыццё і касцёлаў. Найбольш яскрава трагедыя забароненых каталіцкіх праходаў на Берасцейшчыне прасочваецца на прыкладзе менавіта прыхадскога касцёла ў Крупчыцах. Ён хутка быў перароблены ў тыповую "мураўёўку" (гэтак у тыя часы называліся цэрквы, пабудаваныя ў неарускім стылі. Ад імя генерал-губернатара М.М.Мураўёва - Віленскага, сумнавядомага "вешальніка", які загадваў выдаткоўваць вялізныя сумы на праваслаўнае царкоўнае будаўніцтва, у тым ліку і праз жорсткія паборы з каталіцкіх храмаў).

   12 лістапада 1867 года новая Крупчыцкая царква была асвечана ў гонар святога Аляксандра Неўскага, абаронцы воінаў ды ратнай справы. Абрад здзейсніў ураджэнец суседняй вёскі Вялікія Сяхновічы епіскап брэсцкі Ігнацій Жалязоўскі.

   Аднак 9 верасня 1882 года ў Крупчыцах надарыўся вялікі пажар: за некалькі хвілін агнём былі вынішчаны ўсе жылыя і халодныя пабудовы. Згарэла і драўляная Аляксандранеўская царква.

   Праз месяц стварэнне каштарыса і праекта на новую царкву было даручана губернскім начальствам інжынеру А.Рэмеру. 18 лістапада той сумесна з настаяцелем Крупчыцкага прыхода Яўстафіем Маркевічам аглядаў мясцовасць і зрабіў патрэбнае апісанне стратаў. Але з-за хваробы А.Рэмера і ягоных частых раз’ездаў па іншых справах патрэбныя на будаўніцтва дакументы былі падрыхтаваны толькі на пачатак 1884 года.

   29 кастрычніка 1884 года справы былі перададзены малодшаму архітэктару Залатарову. А дазвол на пачатак работ быў атрыманы ад Міністэрства ўнутраных спраў толькі 25 чэрвеня 1886 года.

   Але закладка першага каменя ўсё адкладвалася. Сяляне з суседніх вёсак Мышчыц, Багданоў, Рыкавіч, Чыжэўшчыны (усяго 400 вернікаў), як адзначаў мясцовы святар, "вымушаны былі бадзяцца па чужых праходах для выканання хрысціянскага доўгу", усе найважнейшыя царкоўныя святы яны праводзілі дома ці ў карчме, сярод п’янага разгулу. Самыя сяляне адзываліся, "што без царквы яны і Бога забудуць".

   У 1883 годзе пасля смерці айца Яўстафія Маркевіча на крупчыцкую кафедру быў прызначаны Міканор Катовіч (1845-1938 гады). Гэта яму належала ідэя ператварэння новай царквы ў храм-помнік воінам, што загінулі ў бітве на Крупчыцкім полі. Настаяцель актыўна дамагаўся пачатку работ, і калі высветліўся недахоп неабходнага матэрыялу, паведаміў начальніку губерні генерал-губернатару А.М.Пацёмкіну, што "блізу сяла Крупчыцаў зусім няма камянёў, якія былі б годныя для будоўлі", але за 15 крокаў ад месца, дзе планавалася новая царква, "захавалася непарушаная аснова (фундамент) былога агромністага двухпавярховага манастырскага будынка ў 40 аршынаў даўжыні і 20 аршынаў шырыні, з масіўнымі ўнутранымі перагародкамі". Па заяве айца Міканора ў падмурку знаходзілася "агромністая маса булыжнага камяню", які быў выкарыстаны для будаўніцтва замест каменнага шчэбню.

   Так пад шуфлямі і кіркамі рабочых у лістападзе 1888 года зніклі апошнія рэшткі некалі заможнага кармеліцкага кляштара.

    У студзені наступнага 1889 года айцец Міканор Катовіч асабіста ездзіў у Вялікія Якаўчыцы, Пруск, Баяры, Вежкі і іншыя вёскі, каб дамовіцца з сялянамі аб продажы неабходнага для царквы каменя. Тыя згадзіліся на ягоныя прапановы і прывезлі ў Крупчыцы 50 кубічных сажэняў камяню, прыгоднага пад фундамент царквы. (Для гэтага нават на два тыдні была прыпынена дастаўка матэрыялу на будоўлю Маскоўска-Брэсцкай шашы). Малодшы памочнік кобрынскага павятовага спраўніка Ф.Ф.Рынейскага ў гэты час пабываў у вёсцы Азяты і дамовіўся з памешчыкам К.Ю.Выганоўскім аб вырабе неабходнай колькасці цэглы на мясцовай цагельні. Нарэшце, Міканору Катовічу пашанцавала ў вёсцы Гутава знайсці купца М.Ц.Піманава, які згадзіўся ў лютым 1890 года пачаць будаўніцтва Крупчыцкай царквы.*

   Пры афармленні ўнутранага ўбранства храма, пры вырабе іканастаса і алтара былі выкарыстаны работы лепшых пецярбуржскіх дойлідаў Жубера і Бенуа. Крупчыцкі храм з’яўляўся блізнём імператарскай царквы ў Белавежскай пушчы: яны былі выкананы па адзіным праекце.

   Будаўніцтва, распачатае ў 1891 годзе, цягнулася тры гады. 6 жніўня 1891 года пры сонечным надвор’і і вялікай колькасці прыхаджан і святароў, быў урачыста закладзены першы камень у падмурак храма, названага ў гонар святога князя Уладзіміра Хрысціцеля. (Хаця сярод тутэйшых ён быў вядомы як "Сувораўскі"). Асвячэнне Уладзімірскай царквы было аднесена да 100-годдзя Крупчыцкай бітвы. Напярэдадні Міканор Катовіч склаў і раздаў сялянам невялікую брашуру, у якой напамінаў ім пра "значную гістарычную падзею", што адбылася бліз Крупчыц. У дзень асвячэння настаяцель адслужыў абедню і ганаровую паніхіду па Аляксандру Сувораву "з абвяшчэннем вечнай памяці яму і ўсім загінуўшым у Крупчыцкім баі праваслаўным воінам".

    Сам святар доўгія гады аддана служыў у царкве, пабудаванай ягонымі клопатамі. Пражыў складанае жыццё, але, на шчасце, не застаў таго дня, калі на вароты Крупчыцкага храма быў навешаны агромністы замок. Пачынаючы з 1960 года, царква была ператворана ў калгаснае сховішча. І толькі напачатку 90-х, калі прыпыніліся ганенні і людзі пачалі паварочвацца тварам да царквы, прыгожы каменны сабор у колішніх Крупчыцах (цяпер гэтая вёска носіць назоў Чыжэўшчына) быў адноўлены і зноў адчыніўся для службы на карысць і людзям, і Богу.

   ... А Міканор Катовіч памёр у Крупчыцах і быў пахаваны ля свайго храма.

Анатоль Бензярук


* "Купец Моисей (Тимофеевич) Пимонов в начале февраля 1890 года случайно встретился в с. Гутове, Кобринский уезд, с Н. Котовичем, где он строил местную Гутовскую церковь, узнал от священника, что на постройку Крупчицкой церкви уже дважды назначались безрезультатные торги, дал согласие на это дело".
Далее: "М.Т. Пимонов рядился строить по контракту, заключённому 18.08.1890 года в Губернском Церковно-Строительном Присутствии" и т.д. (цитаты из документа 1890 года).

На галоўную старонку