На галоўную старонку
 


Архітэктурныя помнікі Заходняга Палесся
ў пейзажах Напалеона Орды

Варацэвічы - сядзіба Ордаў. Малюнак Н. Орды.
Варацэвічы - сядзіба Ордаў. Малюнак Н. Орды.

Напалеон Орда ў мастацкай творчасці вызначыўся і як вучоны- этнограф, краязнавец1, для якога малюнак - гэта гістарычны дакумент, у якім сабраны і сістэматызаваны звесткі пра архітэктурныя помнікі Беларусі (сядзібы, палацы, храмы). Але, найперш, цікавы Н.Орда як майстар архітэктурнага пейзажу2. Пейзажы – рознастылёвыя, напісаныя ў лірычным і эпічным плане, філасафічныя, напоўненыя патрыятычнымі пачуццямі, маюць культуралагічную значнасць.

На малюнках, прысвечаных палескаму краю (паўднёвая частка былых Гродзенскай і Мінскай губерній), Берасцейшчына паказана як прыгожая лясная краіна, дзе рамантычны "век" Напалеона Орды энергетычна злучаны з мінулымі гістарычнымі вякамі не толькі праз хараство манументальных будынкаў, але і праз вобразы паркавых дрэў. Жыццё адухоўленых палескіх дрэў (елак, дубоў, бяроз ... ) не аддзеленае ад жыцця сядзіб і іх насельнікаў: Ордаў, Скірмунтаў, Касцюшкаў, Ажэшкаў, Нямцэвічаў і інш.

Мастак з Варацэвічаў найбольш ярка праілюстраваў стыль класіцызму і барока ў архітэктуры гістарычнай Берасцейшчыны. Трэба думаць, што ўзнікненню святлаценевых пейзажаў Н.Орда, найперш, абавязаны класіцызму. Ён не толькі вывучыў, дасканала ведаў стыль класіцызму ў архітэктуры і перадаў гэтыя свае зацікаўленні праз малюнак, але і часта выкарыстоўваў класіцыстычны "прыём святлаценю".

Скокі - сядзіба Нямцэвічаў. Малюнак Н. Орды.
Скокі - сядзіба Нямцэвічаў. Малюнак Н. Орды.


Палац Скірмунтаў ў Моладава. Малюнак Н. Орды.
Палац Скірмунтаў ў Моладава. Малюнак Н. Орды.

Гульню святлаценяў на малюнках ("Сядзіба Ордаў", "Сядзіба Нямцэвічаў", "Сядзіба Касцюшкаў", "Кляштар картэзіянцаў", "Свята-Духаўскі касцёл", "Парафіяльны касцёл св.Крыжа" і інш.) сённяшні глядач можа тлумачыць па-свойму. Прааналізуем некаторыя малюнкі Н. Орды.

"Сядзіба Ордаў" - гэты малюнак Н.Орды (як і ўсе іншыя ) суправоджаны анатацыяй: На літаграфіі надпіс: "Варацэвічы 14 жніўня 1860. Месца нараджэння Напалеона Орды." Сядзібны дом пабудаваны ў другой палове XVIII ст. пад уплывам стыляў - барока і класіцызм. Сядзіба ўся нібы заліта "сімвалічным святлом". Вобраз "святла" прачытваецца як настальгія па ідылічным старабеларускім (патрыярхальным) жыцці; як вяртанне ў часы Рэчы Паспалітай3 і як успамін пра вольную Радзіму.

...У святле і шуме жнівеньскага лета. За агароджай пейзажны парк – як уваходзіны ў векавую даўніну. Дом і двор – у кальцы дрэў. Шырокалістыя верхаліны шчыльных дрэў, рухомыя ад ветру, арганізаваліся ў адну жывую масу. Прастора парку паветраная і настолькі напоўнена духам векавой даўніны, што, здаецца, перадае сваю энергію архітэктурным будынкам.

Трэба сказаць, што на многіх малюнках Н.Орды арганічная сувязь паркавага асяроддзя і сядзібаў менавіта такая... Можна ўявіць, як сядзібы напоўніліся галасамі сваіх насельнікаў... Як, напрыклад, у палац Нямцэвічаў, у вёску Скокі, паз’язджалася засцянковая шляхта. Былі і князі-магнаты Чартарыйскія. А Юльян Нямцэвіч4, дзевятнаццацігадовы кадэт, чытаў гасцям на памяць творы Авідыя; Юльян пакуль не ведае, што стане вядомым паэтам, перакладзе з лацінскай мовы на польскую "Жалобныя элегіі" Авідыя.

Можна ўявіць, як Варацэвічы, сядзібу Ордаў, наведала ў 1844 г. семнаццацігадовая, будучая скульптарка, Хелена Скірмунт, маці якой - Гартэнзія - даводзілася сястрой Н.Ордзе. З нагоды прыезду Хелены ў доме Ордаў адбылася "вячэра", якая пачалася "Паланэзам"...

...Ці як у палацы Скірмунтаў, што ў вёсцы Моладава, дзе пэўны час у 1867 г. жыў Н. Орда5. Адзначым таксама, што ў суседняй вёсцы Парэчча ў 1868 г. спраўлялі нарадзіны хлопчыка. Імя яму далі – Раман6. Ён стаў вядомым беларускім палітычным дзеячам.

Дубой - сядзіба Кужанецкіх. Малюнак Н. Орды.
Дубой - сядзіба Кужанецкіх. Малюнак Н. Орды.

Класіцызм у пейзажах Н. Орды выяўляецца і праз вобраз "ценю". "Цень" прачытваем як сімвал гістарычнага сну, забыцця, як сімвал страты нацыянальна-культурных каштоўнасцей.

...Дрэвы, будынкі, людзі, якія пакрыты ценем, нібыта самі ператварыліся ў вобразацені; яны - як "цені забытых продкаў", якія блукаюць па сцежках гістарычных шляхоў. Адчувальна, што на малюнках Н.Орды вобразацені, такія, як, напрыклад, у "Дзядах" А.Міцкевіча..., альбо ў імпрэсіяністычнай аповесці "Шчабятун" Федара Одрача7... Васіль, герой аповесці Одрача, размаўляе з "ценямі продкаў" як творца-пісьменнік, філосаф; ён параўноўвае "людскую сутнасць" з уяўна-прывіднымі вобразамі: напрыклад, з мройна-прыгожай "дзяўчынай у рабінавым вянку"...

Калі далей назіраць стылёвыя адметнасці архітэктурных краявідаў Н.Орды, то бачна, што яго жывапіс - умоўна імпрэсіяністычны. Стылёвы почырк Н.Орды імпульсіўна-эмацыянальны; прыродныя вобразы выклікаюць у мастака (як і ў чытача) самыя розныя асацыяцыі : дрэвы як людзі, людзі як лялькі; лес як мора... Паназіраем стылёвую мову малюнка "Сядзіба Кужанецкіх"(в. Дубой, Пінскі раён, Брэсцкая вобласць). Як вядома, сядзібна-паркавы ансамбль створаны ў 2-ой палове XVIII cт. у стылі барока. Да Кужанецкіх дом перайшоў ад пінскіх езуітаў. Гаспадар сядзібы (часоў Н.Орды) – Юзеф Кужанецкі, дзед знакамітай польскай пісьменніцы Марыі Радзевіч і муж Эміліі Орды - сястры мастака.

Свята-Духаўскі касцёл ў Язвіны. Малюнак Н. Орды.
Свята-Духаўскі касцёл ў Язвіны. Малюнак Н. Орды.

Шапацяць дрэвы. І бярозка, і сосны, і яліны, што на першым плане малюнка, выяўленча глядзяцца як адухоўленыя, рухомыя ад ветру. Да сядзібы Кужанецкіх вядзе, нібы з тканага палатна, шырокая алея, якая выбеленая сонцам. Але ж уся пакрылася ценем старая лясная вёска – быццам схавалася ад святла ў гушчы лесу. Людзі (пан і паненка) – паказаны маленькімі, сілуэтна аформленымі ў цень. Людзі – як "лялькі", як "статуэткі". Дрэвы – як людзі. І тыя і другія скіраваныя ў бок святла.

Нельга не заўважыць, што мастацкая творчасць Н.Орды ідэйна-тэматычна і стылёва набліжана да паэзіі А.Міцкевіча. З А.Міцкевічам Н.Орда зблізіўся ў Парыжы8, у час эміграцыі. Як і А.Міцкевіч, Н.Орда – рамантык у светаадчуваннях і адначасова раэліст. Як і А.Міцкевіч, Н.Орда быў палітычна з’арыентаваны да адраджэння Рэчы Паспалітай. Стварэнне архітэктурных пейзажаў прадыктавана патрыятызмам Н.Орды, жыццё якога было цесна злучана і з такой падзеяй, як паўстанне 1830-1831 г. , у якім мастак непасрэдна браў удзел. Таму засяродзімся яшчэ на адным малюнку Н.Орды:"Свята-Духаўскі касцёл":

На алоўкавым малюнку адлюстраваны Свята-Духаўскі касцёл, які знаходзіўся ў вёсцы Язвіны (цяпер Драгічынскі раён), недалёка ад Варацэвічаў. На малюнку надпіс: "8 чэрвеня 1861. Дзяды 1772". У 1769 г. каля Янава Аляксандрам Суворавым быў разбіты атрад канфедэратаў пад кіраўніцтвам Антонія Ажэшкі. Ля Язвінскага касцёла, напэўна, былі пахаваны барскія канфедэраты? Пасля разгрому Барскай канфедэрацыі адбыўся 1-ы падзел Рэчы Паспалітай (1772). Значыць, "Дзяды", пра якія ўпамінае Н.Орда, - гэта "Дзяды" па загінуўшай Рэчы Паспалітай. Шкада, але гэты барочны мураваны храм , пабудаваны ў 1750 г., быў разбураны ў сярэдзіне XX стагоддзя; ад яго засталіся толькі камяні.

Храм і сцежка ля храма паказаны ў светлай, казачна-лясной прасторы. А вось хваёва-яловы лясок і цяпер здзіўляе язвінцаў сваёй таямнічасцю. Язвінцы гавораць, што ў самай гушчы ельніка ляжыць невядома з якіх часоў заімшэлы камень. У народзе гэтае месца называюць "Ля Яна". Хто такі ЯН з легенды?

Жыў калісь у Язвінах Ян – прыгожы, мужны, багаты пан. Чуткі хадзілі, што ён быў першым фундатарам мураванага храма. Аднойчы Ян сустрэў у лесе мядзведзя, які павадзіўся хадзіць у Язвіны палохаць жыхароў і, найперш, – вясковых прыгажунь. Ян і мядзведь пачалі біцца. Хоць пан і прагнаў звера з лесу, але сам быў моцна паранены. Не выжыў... Яна пахавалі на тым месцы, дзе ён біўся з мядзведзем . І каб ушанаваць памяць пра Яна, вяскоўцы паклалі ля магілы вялізны камень. Такі ж камень быў закладзены і ў падмурак барочнага храма.

Алена Ігнацюк


1. Н.Орда шмат падарожнічаў па Беларусі, Літве, Польшчы і Украіне. У час сваіх вандровак робіць замалёўкі архітэктурных і гістарычных помнікаў, гарадоў і мястэчак, славутых мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю знакамітых людзей. Вынікам гэтых вандраванняў з’явіўся аграмадны збор мастацкіх твораў, гэта больш за 1150 малюнкаў, з якіх каля 200 прысвечаны менавіта Беларусі.

Для сваёй творчасці Н.Орда выбраў тэхніку алоўкавага малюнка, падмаляванага акварэллю,гуашшу ці сепіяй, якой дасканала валодаў. Менавіта гэта тэхніка малявання дазваляла аператыўна і найбольш дакладна адлюстраваць натурны архітэктурны краявід ва ўмовах падарожжа." (Кулагін А. Талент, аддадзены Радзіме // Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Мн., 2001.)

2. Н.Орда атрымаў мастацкую адукацыю ў Парыжы, у студыі вядомага майстра архітэктурнага пейзажу П’ера Жэрара.

3. Рэч Паспалітая, якая ўтварылася ў выніку Люблінскай уніі 1569 г., з’яўлялася федэратыўнай дзяржавай, куды ўвайшлі Польшча і Вялікае Княства Літоўскае. Кожная з гэтых дзяржаў мела сваю тэрыторыю, сваю эканоміку і фінансы, сваю армію, асобую адміністрацыю і заканадаўства. У другой палове XVIII ст. яна перажывала крызіс грамадскага і палітычнага ладу. Нарастала класавая барацьба сялян за сваё вызваленне. У 60-х гадах XVIII ст. была спроба арганізаваць правядзенне рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Прагрэсіўныя дзеячы імкнуліся прыстасаваць стары феадальны дзяржаўны апарат да новых эканамічных умоў... У 1767 г. праваслаўныя шляхцічы Беларусі абвясцілі ў Слуцку саюз (канфедэрацыю) з патрабаваннем ураўнавання ў правах праваслаўных і пратэстантаў з католікамі... У лютым 1768 г. у Варшаве быў заключаны дагавор з Расіяй, згодна з якім фармальна абвяшчалася роўнасць у правах праваслаўных з католікамі... Супраць Варшаўскага дагавору 1768 г. (аб ураўнаванні ў правах праваслаўных з католікамі) у г. Бары (Заходняя Украіна) была ўтворана канфедэрацыя, якая заклікала да барацьбы за аднаўленне пераваг каталіцкай рэлігіі, супраць умяшання замежных дзяржаў, за захаванне ўсіх правоў і прывілеяў шляхты.

4. Юльян Нямцэвіч (1757-1841 г.) нарадзіўся недалёка ад Бярэсця, у сядзібе Скокі. Яго бацькі былі ў сяброўскіх адносінах з магнатамі Чартарыйскімі. У 1776 г. юнак паступіў у кадэцкі корпус, з гэтага часу пачалася яго ваенная служба і вучоба. Пасля заканчэння вучобы ў кадэцкім корпусе Ю.Нямцэвіч служыў ад’ютантам у генерала зямлі Падольскай - Тадэвуша Касцюшкі. Разам с генералам ён быў актыўным удзельнікам паўстання 1794 г. у Рэчы Паспалітай .Трапіў у палон разам з генералам. Пасля двухгадовага зняволення, якое адбывалі ў Петрапаўлаўскай крэпасці , вязні былі вызвалены, і Ю.Нямцэвіч адправіўся ў Амерыку. Там ён купіў маёнтак і спакойна жыў у Штатах, але смерць бацькі заставіла яго вярнуцца на радзіму. Тут ён займаў пасаду сакратара сената, быў актыўным членам камісіі адукацыі. Апошнія гады Ю.Нямцэвіч правёў у маёнтку Урсулава, там і памёр 21 мая 1841 г. на 83 годзе жыцця.

5. У 1867 г. Напалеона Орду выпусцілі з кобрынскай турмы, і ён даў падпіску, што да канца вырашэння судовай справы будзе жыць у сваякоў, у маёнтку Моладава. Напалеон Орда мог быць хросным бацькам Канстанціна Скірмунта (1866-1949) – міністра замежных спраў Польшчы ў 20-я гады, ці Генрыха Скірмунта (1868-1939) - паэта і кампазітара.

6. "У 1927 г. інжынер Актаві Нелард падрыхтаваў і выдаў зборнік краязнаўчых матэрыялаў "Палессе ілюстраванае", у якім былі надрукаваны два артыкулы Рамана Скірмунта (1868-1939). У першым з іх ("Рысы адметнасці Палесся") утрымліваюцца звесткі пра этнаграфію Палескага краю, псіхалогію палешукоў і асаблівасці іх мовы, таксама падаюцца тэксты чатырох песняў. Р.Скірмунт спрабуе давесці, што палешукі ўяўляюць сабой адметную этнічную групу, якая не належыць ні да ўкраінцаў, ні да беларусаў ."(Ільін А. Раман Скірмунт у грамадска- палітычным і культурным жыцці Піншчыны ў 20-30 г. 20 ст. // Гістарычны альманах. Т. 8.)

7. Фёдар Одрач (1912-1964) – пісьменнік; нарадзіўся ў с.Мясяцічы, на Піншчыне. Аўтар твораў: "У дарозе" (1954), "Шчабятун" (1957), "Паўстанак за сялом" (1959) і інш. Памёр у Канадзе.

8. Н.Орда ў 1833 г. пераехаў у Парыж – тагачасны цэнтр рэвалюцыйна-дэмакратычнай эміграцыі. "Атмасфера Парыжа з яго бурлівым культурным жыццём, мастацкай і навуковай багемай паўплывала на развіццё шматбаковых здольнасцей творчай натуры Напалеона Орды, які ўжо вызначыў для сябе прафесійную цікавасць і арыентацыю да музыкі і жывапісу. Музычнае майстэрства ўдасканальваў у Фрэдэрыка Шапэна. Дасягнуў у гэтай галіне грунтоўных поспехаў. Яго музычныя творы (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), якія вызначаюцца меладычнасцю, драматызмам, віртуозным стылем, багаццем фактуры, лірычнасцю, былі ўхвалены Ф.Шапэнам, Ф.Лістам і С.Манюшкам. Н.Орда ствараў рамансы і песні на словы С.Вітніцкага і А.Плуга, выдаў "Альбом твораў польскіх кампазітараў" (1838), "Граматыку музыкі" (Варшава, 1873). У сярэдзіне 1840-ых гг. быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. (Кулагін А. Талент, аддадзены Радзіме //Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Мн., 2001.)

На галоўную старонку