На галоўную старонку
 


Васіль Лiцьвiнка - беларускi фалькларыст

12 ліпеня 2007 г. раптоўна, у вышэйшай ступені нечакана, пайшоў з жыцця знаны беларускі фалькларыст, нястомны збіральнік і апантаны прапагандыст народнай творчасці, энергічны арганізатар яе фіксацыі, архівацыі, вывучэння, а таксама папулярызацыі ў самых розных сферах грамадскага жыцця краіны Васіль Ліцьвінка.

Васіль Лiцьвiнка

Ён нарадзіўся 7 снежня 1941 г. ў сяле Верхні Церабяжоў Столінскага р-на Брэсцкай вобл. і з маленства ўвабраў у сябе (пераважна ад маці Лідзіі Андрэеўны і дзядзькі Аляксандра Андрэевіча – знакамітага мясцовага выканаўцы палескіх песень) ўсё багацце традыцыйнай культуры гэтага кутка Заходняга Палесся, але асабліва яе песеннай плыні. Пасля заканчэння сярэдняй школы ўчарашні вучань быў накіраваны на педагагічную працу ў сямігодку столінскай вёскі Лука, дзе ў 1958–60 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру, а сярод шэрагу іншых прадметаў таксама спевы.

Наступныя чатыры гады служыў у савецкім ваенна-марскім флоце, прычым падчас Карыбскага крызісу 1962 г. знаходзіўся на крэйсеры "Дзяржынскі" ля берагоў Кубы. Пасля заканчэння тэрміну службы ў 1964 г. паступіў на філалагічны факультэт БДУ і скончыў яго ў 1970 г. Літаральна з першага курса навучання ён пачынае збіральніцкую дзейнасць, якую спачатку накіроўвае Вера Захарава, якая ў тыя часы была на чале філфакаўскай фалькларысткі.

З 1966 па 1971 год Васіль Ліцьвінка ўзначальвае універсітэцкі студэнцкі клуб, арганізуе рэпетыцыйны перыяд і канцэртную дзейнасць нешматлікіх у той час, але добра вядомых у рэспубліцы самадзейных калектываў універсітэта, большасць з якіх, у значнай ступені дзякуючы яго руплівасці і спрыту, якраз у той час атрымалі ганаровыя званні народных. Віравала ва універсітэце і гастрольная канцэртная дзейнасць. Дастаткова ўзгадаць, што адзін з першых канцэртаў тут далі славутыя ў хуткім часе "Песняры". Былыя студэнты – аматары народнай творчасці, тыя, хто памятаюць маладога Васіля ў тыя далёкія гады, сведчаць, што папулярнасць яго як кіраўніка студэнцкай самадзейнасці была, безумоўна, параўнальная з папулярнасцю тагачаснага рэктара універсітэта акадэміка А.Н. Сеўчанкі.

У 1971 г. Васіль вяртаецца на родны факультэт, дзе стварае першую ва універсітэце лінгафонную лабараторыю і амаль пяць год ёю кіруе. З верасня 1975 г. пераходзіць на выкладчыцкую работу на кафедру рускай савецкай літаратуры філфака, пачынае выкладаць фальклор. Забягаючы крыху наперад, варта адзначыць, што ў розныя гады ён чытаў лекцыі па фальклору таксама ў Беларускім педагагічным універсітэце, Беларускай акадэміі мастацтваў, Беларускім універсітэце культуры, шэрагу інстытутаў удасканалення кваліфікацыі, вёў спецкурс па методыцы збірання фальклору ў Гродзенскім універсітэце.

З 1982 г. наступае найбольш плённы перыяд арганізацыйнай і творчай дзейнасці Васіля Ліцьвінкі. Менавіта са студзеня гэтага года на філфаку пачынае працаваць створаная яго і тагачаснага дэкана Аляксея Воўка намаганнямі спачатку група па даследаванню беларускага фальклора, а неўзабаве – адпаведная навукова-даследчая лабараторыя, загадчыкам якой Ліцьвінка быў прызначаны. Якраз тут знаходзіць поле для прыкладання неўтаймаваная Васілёва энергія збіральніка фальклора, пільнага даследчыка і нястомнага папулярызатара народнай творчасці, разгортваецца мэтанакіраваная фалькларыстычная праца. Не будзе перабольшваннем зазначыць, што на працягу двух дзесяцігоддзяў НДЛ фальклора універсітэта была сапраўдным цэнтрам беларускай практычнай фалькларыстыкі, з якога ў свой час, у 1991 г., выйшаў Беларускі саюз фалькларыстаў. І тут ініцыятарам стварэння выступіў Васіль Ліцьвінка, які таксама ўзначаліў новае творчае аб'яднанне.

Перш за ўсё, у лабараторыі была разгорнута праца па фіксацыі сучаснай фальклорнай традыцыі і звестак па традыцыйнай духоўнай культуры ў межах тэмы па этналінгвістычнаму даследаванню Палесся. Пры гэтым адным з самых актыўных збіральнікаў быў сам загадчык. Наогул за часы сваёй палявой работы ён кіраваў прыблізна 30 навуковымі экспедыцыямі студэнтаў і адмыслоўцаў, зрабіў (часткова разам са студэнтамі) каля 200 тысяч тэкставых і 50 тысяч аўдыёзапісаў фальклору. Разам са спецыялістамі-тэлевізіёншчыкамі запісаў і пракаментаваў у кадры 246 відэафільмаў пра абрады і святы, сярод якіх – усе, без выключэння, важнейшыя самабытныя фальклорна-этнаграфічныя з'явы айчыннай традыцыйнай культуры. Улічваючы аб'ём ім зробленага, трэба канстатаваць, што Васіль Ліцьвінка быў адным з самых буйных збіральнікаў беларускай народнай творчасці ў мінулым стагоддзі. Яго запісы ўвайшлі ў шэраг тамоў акадэмічнай серыі "Беларуская народная творчасць". Назапашаныя за гэты час матэрыялы стварылі аснову фальклорнага архіва навукова-даследчай лабараторыі, які мае рэгіянальны і жанравы часткі, дзе захоўваецца блізу 4 мільёнаў тэкстаў і больш за 500 тысяч адзінак аудыёзапісаў. Лабараторыя з'яўляецца калектыўным членам Міжнароднай арганізацыі па фальклоры ЮНЕСКА (IOV) і членам яе камісіі рэгіянальнага даследавання фальклору.

На працягу 1987–2003 гг. Васіль Ліцьвінка вёў тэлепраграму Беларускага тэлебачання "Запрашаем на вячоркі", якая ў гэтыя часы была, відаць, самай рэйтынгавай і пазнаванай у Беларусі. За гады існавання праграмы ў ёй выступілі амаль усе вядомыя ў краіне самадзейныя калектывы і асобныя выканаўцы, а сам вядучы аб'ездзіў з групай, якая стварала перадачу, фактычна ўсю краіну.

З 1972 г. Васіль Ліцьвінка актыўна друкуецца. За творчае жыццё ён апублікаваў некалькі манаграфій, сярод якіх прысвечаныя каляндарным святам і абрадам "Зімовыя святкі", "Веснавыя святы і абрады" (абедзве ў 1995 г.), тры выданні (1997, 1998, 2001) "Святаў і абрадаў беларусаў"; зборнікі фальклору: Гомельскай і Мінскай абласцей серыі "Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры" (1989, 1995; аўтарскія раздзелы, рэдагаванне), "Песні партызанскай славы" (1984; 2-е выд. 1988), "Калыханкі і забаўлянкі" (1992), "Спадчына маёй маці" (1993) і інш. Асобнае месца належыць двум апошнім кнігам: «"Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года Яна Чачота" 1842–1844 гадоў – гістарычны эпас беларусаў» (2004), у якой аўтар пераканаўча абгрунтоўвае сваё бачанне няпростага пытання аб беларускім гістарычным эпасе, і "Фальклор і этнакультура Чарнобыля. З нагоды 20-годдзя сусветнай катастрофы" (2006), дзе абагулены шматгадовы вопыт, у тым ліку асабісты, даследавання палескай традыцыйнай культуры.

Васіль Ліцьвінка з'яўляўся найбольш дасведчаным знаўцам творчасці Рыгора Шырмы, з якім яго звязвалі сяброўскія адносіны. Плёнам гэтай сферы цікаўнасці з'явіўся падрыхтаваны ім зборнік артыкулаў Р.Р. Шырмы "Песня – душа народа" (1976; 2-е выд. 1993) з каментарыямі, бібліяграфіяй, летапісам жыцця і творчай дзейнасці Шырмы, а таксама кандыдацкая дысертацыя "Р.Р. Шырма – фалькларыст", паспяхова абароненая ў 1984 г. у акадэмічным Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора імя Кандрата Крапівы.

Пяру даследчыка належыць таксама каля 380 навуковых, вучэбна-метадычных і навукова-папулярных друкаваных прац, сярод якіх варта вылучыць вялікую колькасць артыкулаў, напісаных для энцыклапедычных даведнікаў "Беларуская этнаграфія" (12) і "Беларускі фальклор" (46), дзевяці тамоў гісторыка-дакументальнай хронікі "Памяць" (фальклорная спадчына Астравецкага, Баранавіцкага, Валожынскага, Горацкага, Дзятлаўскага, Докшыцкага, Любаньскага, Ляхавіцкага і Столінскага р-наў), а таксама серыю з 13 артыкулаў, апублікаваных у 80-90 гады мінулага стагоддзя ў часопісе "Мастацтва Беларусі"/"Мастацтва", створаных разам з этнамузыказнаўцамі, сярод якіх былі такія абазнаныя адмыслоўцы, як Генадзь Цітовіч і Уладзімір Раговіч, прысвечаных паслядоўнаму і дбайнаму аналізу варыятыўных структур, тэкставых і музычных, асобных беларускіх песень. Дарэчы, да 85-годдзя з дня нараджэння Г.І. Цітовіча, старэйшага шчырага сябра і аднадумцы, Васіль Ліцьвінка таксама надрукаваў некалькі артыкулаў у газеце "Голас Радзімы" (май–жнівень 1995 г.). На працягу 13 год з 1994 па 2006 прыстойным накладам выходзіў яго добра вядомы насценны "Каляндар свят і абрадаў беларусаў".

У 2003 і 2005 гг. ён арганізаваў і правёў дзве буйныя міжнародныя фальклорна-этналінгвістычныя канферэнцыі: першая была прысвечана памяці і 80-годдзю з дня нараджэння славутага расійскага даследчыка духоўнай культуры Палесся акадэміка РАН М.І. Талстога, а другая – з нагоды 220-годдзя Зарыяна Далэнгі-Хадакоўскага. Выдадзеныя матэрыялы абедзвюх канферэнцый рэдагаваліся Васілём Ліцьвінкам.

Пасля канчатковага выхаду на пенсію ў 2006 г. Васіль захапіўся ідэяй стварэння ў сваіх мясцінах на Століншчыне фальлорна-этнаграфічнага цэнтра заходнепалескай традыцыйнай культуры з наладжанай сістэмай турыстычных экскурсій, маладзёжных вандровак і да т.п. і зрабіў ужо пэўныя захады для здзяйснення задуманага, прычым раённыя ўлады вельмі яго ў гэтым падтрымалі. Няма сумнення, што і гэту справу ён бы наладзіў. На жаль, заўчасная смерць перашкодзіла новаму працягу яго плённай фалькларыстычнай і этнакультурнай дзейнасці.

Пахавалі Васіля Ліцьвінку на сціплых могілках роднага сяла.

У гэты дзень да паўдня без перапынку ішоў дождж, як, дарэчы, два папярэднія тыдні. Але перад самым вынасам труны ён пакрысе сцішыўся, і нават вызірнула сонейка, каб, падалося, развітацца – цяпер назаўсёды – з выдатным сынам столінскай зямлі, у бялютка-жоўты пясочак якой яго, адпеўшы, паклалі.

Мікола Антропаў

На галоўную старонку