На галоўную старонку
 


Літаратуразнаўца з Мясяціч

16 кастрычніка 2008 г. пайшоў з жыцця вядомы беларускі вучоны-лінгвіст, літаратар – Іван Сцяпанавіч Шпакоўскі - плённы руплівец на ніве літаратуразнаўства і выдатны педагог. Нарадзіўся Іван Сцяпанавіч 14 жніўня 1936 г. у вёсцы Мясяцічы (мясц. Мíсятычы) Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям'і нашчадкаў праваслаўнай шляхты (герба "Сас"). Мясяцічы – былая шляхецкая вёска. Знаходзіцца яна ў 30 км на паўднёвы ўсход ад Пінска.

Iван Сцяпанавiч Шпакоўскi, фота 1967-1968 гг.
Iван Сцяпанавiч Шпакоўскi,
фота 1967-1968 гг.

Яго бацька, Сцяпан Васільевіч Шпакоўскі, быў ад прыроды чалавекам адароным. Складаныя жыццёвыя калізіі (паездка на заробкі ў Аргенціну, актыўны ўдзел у партызанскай барацьбе і ў грамадска-палітычным жыцці пасля вайны) давалі шмат матэрыялу для ўспамінаў. Расказы яго вызначаліся вобразнай непаўторнасцю, што заўседы прыцягвала да яго шмат слухачоў. Гэты неаспрэчны талент своеасаблівага вобразнага бачання свету і перадаўся сыну Івану. Сцяпан Васільевіч скончыў чатыры класы царскай школы, а ў савецкія часы – кароткія настаўніцкія курсы. Затым некаторы час працаваў вясковым настаўнікам.

Маці Івана Сцяпанавіча, Елізавета Феадосьеўна (па-вясковаму – Саве́та, дзявочае прозвішча – Палхоўская), паходзіць з суседняй вёскі Шаломічы, таксама шляхецкай. У Мясяцічах і Шаломічах прайшло па-свойму шчаслівае дзяцінства Івана Сцяпанавіча. Жыхары Мясяціч і Шаломіч, па словах дзядзькі Івана Сцяпанавіча, "жылі, як звычайныя сяляне, але шляхецкія звычаі нярэдка ўспаміналі". У свой час Іван Сцяпанавіч паказваў сямейнікам нейкія дакументы, якія знайшоў у дзеда і якія тычыліся шляхецтва яго роду. Дакументы (з яго слоў) здадзены ў архіў НАН Беларусі. Сваякі Івана Сцяпанавіча (бацькі, сёстры яго маці) – гэта людзі, аб якіх ён заўсёды ўспамінаў з вялікай цеплынёй, удзячнасцю і захапленнем. Гэта, сапраўды, былі носьбіты выдатных якасцей народа (як бы ні зацягана было гэта слова): высокай маральнасці, практычнага розуму, самаахвярнасці і грамадскага нераўнадушша да сучаснага і мінулага свайго краю. На свеце іх няма, а памяць пра іх ёсць. Учытайцеся ў адно з пісем цёткі Івана Сцяпанавіча Вольгі Феадосьеўны: з якой душэўнай заклапочанасцю расказвае яна пляменніку пра помнік, пастаўлены ў іхнім краі пасля аднаго з паўстанняў (сяляне лічылі, што помнік нагадвае пра барцьбу супраць цара і ў пэўны час яго схавалі). Як рупліва яна дапамагае яму збіраць "залацінкі" народнай мудрасці – песні, прыказкі, прымаўкі, загадкі. А як чэсна і заўзята маці і бацька Івана Сцяпанавіча працавалі на калгаснай ніве. Апошні вынік іх сумесных намаганняў перад смерцю – помнік на мясцовых могілках у памяць пра усіх жыхароў вёскі Шаломічы і навакольных вёсак, хто загінуў у полымі вайны.

Змалку гадаваўся Іван Сцяпанавіч у дзядулі Тадося і бабкі Насты'ці. З тых часоў успамінаў ён пра прывабны выгляд шляхецкай сядзібы: утульны драўляны будынак, вуллі-калоды на высокіх грушках, хлявы, паветку, калодзеж з чысцюткай вадой, разнастайныя рыбацкія прылады. Дзядуля Івана Сцяпанавіча – Тадось (Феадосій) – быў майстрам на ўсе рукі: вырабляў, рамантаваў сельскагаспадарчыя прылады, плёў з лазы адмыслова розныя рэчы і г.д. З асаблівай цеплынёй успамінаў Іван Сцяпанавіч душэўную далікатнасць дзядулі, якая яскрава праявілася ў канцы запіскі да ўнука, тады яшчэ студэнта: "С почтением, дедушка".

Маці Івана Сцяпанавіча была з глыбока веруючай сям'і, імкнулася перадаць гэта дзецям (Іван Сцяпанавіч меў яшчэ тры сястры), збіраючы іх перад абразамі і навучаючы малітвам. Бязмежна любячы сваю маці і беражучы памяць пра яе, ён заўсёды з прыкрасцю ўспамінаў, як аднойчы, ужо будучы падлеткам, прыйшоўшы са школы, бракнуў: "А Бога няма", прынёсшы гэтым душэўную боль дарагому чалавеку.

Час ішоў, хлопчык Іван бегаў з сябрамі ў гай па ягады і грыбы, лавіў кашамі уюноў і іншую рыбу з дзядзькам, які быў на пару год старэйшы за яго (Антон Феадосьевіч зараз жыве ў г. Барысаве).

Вайна прайшлася і па гэтым краі, апаліўшы Іванава дзяцінства. Бацька быў партызанам. Сям'і даводзілася хавацца ад карнікаў і ў сямейным партызанскім лагеры, і ў хаце дзядулі. У тыя гады хапала ўсялякіх прыгод, але адзін выпадак урэзаўся вялікім страхам у дзіцячую памяць назаўсёды: у вакно маці заўважыла, што да вёскі набліжаюцца вазы з паліцаямі. Яна зграбла дзяцей, зачыніла хату і падалася да сваякоў. Усё, што было ў хаце, паліцаямі было знішчана, перабіта, ператаптана. Другім разам хата карнікамі была-такі знішчана. Пасля чаго каты паехалі ў суседнюю вёску, там сямейнікі іншага партызана аказаліся менш шчаслівыя: перабілі ўсю сям'ю. Яшчэ, успамінаючы гэтую пару, Іван Сцяпанавіч з добрай усмешкай згадваў, як ён бацькоўскі падарунак, добрую шапку, памяняў на горшую, але з чырвонай стужкай, партызанскую.

Пачатковую школу будучы вучоны-філолаг закончыў у вёсцы Мясяцічы, а сямігодку – у вёсцы Лемяшэвічы Пінскага раёна. Прага да чытання праявілася рана. Перачытаў усё, што дзе можна было ўзяць да чытання. Але пасляваенны час быў скупаватым на "чтиво", асабліва ў вёсцы. Успамінаў, як аднойчы на высушаны аір (для лекаў) вымяняў у гандляра кніжку пра каларадскага жука. Іншага нічога не было. Іван не толькі шмат чытаў, але і збіраў і запісваў тое, што мы называем фальклорам. Нават спрабаваў рыфмаваць.

Сярэднюю школу Іван Сцяпанавіч закончыў у г. Лунінцы ў 1954 г. Туды лёс занёс сям'ю ў сувязі з працай бацькі. Маці цяжка хварэла на ныркі, ляжала ў Брэсце ў бальніцы. Каб быць бліжэй да маці, Іван Сцяпанавіч змяніў свае намеры паступаць у Мінск, і паспяхова паступіў у Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна на філалагічны факультэт, які скончыў у 1959 годзе.

Самымі любімымі і цікавымі месцамі ў час вучобы ў інстытуце былі для хлопца бібліятэкі. Там ён праводзіў увесь свой вольны час. Кніжак на яго рабочым стале былі стосы, здавалася, што гэты "ачкарык" хацеў даведацца пра ўсё. Працаваў досыць мэтанакіравана. Мабыць, часткова ахвяруючы праграмным матэрыялам, ён шукаў тое, што наталяла яго душэўную прагу да ведаў. Цягнуўся да маладых і цікавых выкладчыкаў. У прыватнасці, усё жыццё з павагай і ўдзячнасцю ўспамінаў тады яшчэ маладога Уладзіміра Калесніка. З вялікай павагай успамінаў таксама пра такіх выкладчыкаў, як Антон Ус, Ісідар Бас, Ядвіга Чарняўская, Аляксей Рубцоў. Менавіта гэтае, набытае тады ўменне працаваць з кнігай, быць на строме апошніх падзей у літаратурным працэсе, жаданне падзяліцца сваімі думкамі з іншымі ён пранёс праз усё жыццё. Уваходзіў у літаратурныя гурткі, літаб'яднанне пры газеце "Заря". Тады ж з'явіліся яго першыя публікацыі, пераважна публіцыстычныя нарысы. А яшчэ ён заўсёды быў удзячны гэтай установе за тое, што яна добра падрыхтавала яго як настаўніка, а набытыя там веды дапамагалі ў жыцці.

Пасля заканчэння інстытута, са жніўня 1959 г. і да жніўня 1960 г. працаваў настаўнікам і дырэктарам Грыўковіцкай сямігодкі, што ў Пінскім раёне. Са жніўня 1960 г. па жнівень 1961 г. Іван Сцяпанавіч – літаратурны супрацоўнік маларыцкай раённай газеты "Сцяг перамогі". Адначасова вёў урокі ў Маларыцкай вячэрняй сярэдняй школе. Са жніўня 1961 года – настаўнік, а са жніўня 1962 г. – дырэктар і настаўнік Маларыцкай вячэрняй сярэдняй школы.

З 14.10.1964 г. па 1.02.1965 г. – старшы выкладчык кафедры рускай літаратуры Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна. Уваходзіў у літаб'яднанне, якім кіраваў Уладзімір Калеснік. Публікаваў у мясцовай газеце "Заря" карэспандэнцыі, замалёўкі, нарысы, літаратуразнаўчыя артыкулы пра творчасць берасцейскіх паэтаў, а таксама рэцэнзіі на спектаклі і кінафільмы.

З 1.01.1965 па 1.04.1966 г. вучыўся ў аспірантуры Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта на стацыянары, а раней завочна. Вучыўся натхнёна, з вялікай зацікаўленасцю.

З 30.04.1966 г. – асістэнт, а з 16.11.1967 па 1.06.1968 г. – старшы выкладчык на кафедры рускай і зарубежнай літаратуры Нежынскага педагагічнага інстытута (Чарнігаўская вобласць, Украіна). Працуючы тут, у 1967 г. абараніў кадыдацкую дысертацыю па тэме "Умоўна-асацыятыўная вобразнасць і пытанні майстэрства". Як выкладчык Іван Сцяпанавіч пакінуў у студэнцкім асяроддзі досыць глыбокі след. Да яго цягнуліся студэнты і выкладчыкі. У час навучання ў аспірантуры і працы ў Нежыне Іван Сцяпанавіч па-сапраўднаму захапіўся ўкраінскай культурай, паэзіяй, публікаваў у перыядычных выданнях рэспублікі артыкулы, рэцэнзіі пра творчасць украінскіх паэтаў. Але цягнула на Радзіму.

З 21.03.1968 г. па 20.03.1969 г. Іван Сцяпанавіч выконваў абавязкі дацэнта кафедры рускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага універсітэта. З 16.10.1969 па 17.01.1989 ён працаваў ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, спачатку малодшым, а з 3.12.1971 г. – старшым навуковым супрацоўнікам. Паспяхова распрацоўвае шэраг навуковых тэм па літаратуразнаўству і гісторыі беларускай літаратуры. Часта выступае на старонках не толькі беларускіх газет і часопісаў, але і ва ўсесаюзным друку: часопісы "Дружба народов", "Радянське літературознавство" ды іншыя. Ён быў прызнаны адным з лепшых беларускіх спецыялістаў па тэорыі лірыкі і метадалогіі аналізу вершаванага твора.

З 1.02.1989 па 31.08.1989 г. Іван Сцяпанавіч – дацэнт кафедры рускай мовы і літаратуры Пераяслаў-Хмяльніцкага філіяла Кіеўскага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага. 1 верасня 1989 г. прыняты на пасаду старшага выкладчыка кафедры беларускай літаратуры Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (08.09.1993 г. пераўтвораны ў Мінскі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка). Працаваў на гэтай пасадзе да выхаду на пенсію (31.08.2006 г.). Праводзіў вялікую пазалекцыйную работу са студэнтамі. Імкнуўся ўзбагаціць іх ведамі па гісторыі беларускай літаратуры, узбудзіць цікавасць да нацыянальнай культуры. Кансультаваў аспірантаў і студэнтаў і пасля выхаду на пенсію. Студэнты і калегі адзначаюць, што яго лекцыйны матэрыял насіў наватарскі і творчы характар. У апошнія гады жыцця Іван Сцяпанавіч шмат сіл аддаў складанню праграм па беларускай літаратуры для педагагічнага універсітэта. Пры яго непасрэдным удзеле былі створаны тыповыя праграмы па тэорыі літаратуры і па гісторыі літаратуры ХІ-ХІХ стст. Згодна зместу праграмаў, выкладчыкі атрымалі магчымасць уключаць у падручнікі і хрэстаматыі творы пісьменнікаў, якія раней не вывучаліся. Сярод іх польскія пісьменнікі, творчасць якіх цесна звязана з Берасцейшчынай: Ф. Карпінскі, М. Матушэвіч, Ю. Нямцэвіч, Ю. Крашэўскі, Э. Ажэшка, М. Радзевіч, Ф. Віславух.

Дзесяткі вучняў Івана Сцяпанавіча абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі. Навуковыя здабыткі, роздумы над літаратурным працэсам выліліся ў больш за 170 навуковых прац. Сярод іх манаграфіі: "Структура вершаванага вобраза: умоўная асацыятыўнасць у сучаснай савецкай паэзіі" (1972), "Тыпізацыя ў лірыцы: формы і сродкі" (1980), зборнік крытычных артыкулаў "Узрушанасць: артыкулы пра сучасную беларускую паэзію" (1978). Іван Сцяпанавіч – адзін з аўтараў калектыўных манаграфій: "Пытанні паэтыкі" (1974), "Адзінства і ўзаемаўзбагачэнне" (1980), "Паэзія абноўленага свету" (1981). У 2001 г. у сааўтарстве з М. Мішчанчуком выдаў падручнік "Беларуская літаратура ХХ стагоддзя". Іван Сцяпанавіч ніякавеў, калі яго работы хвалілі і цытавалі, але ў той жа час і радаваўся гэтаму.

Іван Сцяпанавіч знаходзіў вялікую радасць, падтрымку, узаемапаразуменне і ў сям'і. Побач з ім паўстагоддзя ( яшчэ са студэнцкіх часоў) па жыццёвым шляху крочыла жонка Ірына Іванаўна Шпакоўская (дзявочае прозвішча – Дзюрыч), блізкі па духу чалавек, шчыры і добры сябар. Разам радаваліся яны поспехам свайго сына Ігара. Зараз ён кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Ён абраў у навуцы блізкі да бацькавага шлях, але ўсё ж самастойны: даследуе не паэзiю, а прозу. Выкладае старажытнарускую літаратуру. З'яўляецца аўтарам некалькіх кніг. Карыстаецца вялікай павагай калег і студэнтаў. З яго жонкай Святланай Васільеўнай – выкладчыцай рускай мовы і літаратуры адной з мінскіх школ – Iван Сцяпанавiч заўсёды любіў пагутарыць спагадлівы свёкар пра жыццё, пра навіны ў школьнай педагогіцы. І калі ў школе вырашылі, што кожны настаўнік напіша пра цікавага чалавека Савецкага раёна, яна выбрала якраз кандыдатуру Івана Сцяпанавіча.

I яшчэ былі светлыя часіны ў жыцці Івана Сцяпанавіча – штодзённыя сустрэчы з унукамі. Унукі – гэта яго вялікая любоў і клопат, надзея і гонар. Старэйшы, Раман, студэнт ужо чацвёртага курса. Вывучае міжнароднае права на факультэце міжнародных зносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Разумны і досыць перспектыўны хлапчына. Гэтым суцяшаўся і дзядуля. Унучка Кацярына стала студэнткай ў 2008 годзе. Вывучае фінансы і банкаўскую справу ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Да яе любоў дзеда насіла іншае адценне: была трапятной, напоўненай трывогай за яе будучыню. Унукi з радасцю сустракалі дзеда з работы, залазілі на плечы і з такой "пірамідай" дзед шыбаваў ў свой кабінет. Калі яны падраслі, Іван Сцяпанавіч спецыяльна павёз унукаў і нявестку на сваю радзіму, каб паказаць, адкуль пайшоў іх род, пазнаёміць са сваякамі, якія яшчэ былі жывыя, паказаць магілы продкаў. Шмат увагі прыдзялілі і знаёмству з Пінскам.

Шмат жыццёвых задумак і спадзяванняў было ў Івана Сцяпанавіча. Не думаў ён так хутка пакідаць гэты свет. Але застаецца светлая памяць у душах родных, вучняў і калег па рабоце, якія напісалі такія словы:

Ваш вобраз незабыўны,
Шматзначны – неабдымны
Жыве ў кожным з нас;
І ў будні, і на святы
Ёсць адчуванне страты:
Нам не хапае Вас.

Іван Сцяпанавіч Шпакоўскі – гарачы патрыёт роднага краю – Піншчыны і Заходняга Палесся. Калі ў 1995 г. узнікла прапанова стварэння заходнепалескага навукова-краязнаўчага таварыства, Іван Сцяпанавіч адзін з першых адгукнуўся на яе. 28 снежня 1995 г. таварыства створана пад назвай "Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства "Загароддзе". Іван Сцяпанавіч прысутнічаў на Устаноўчым сходзе. 6 чэрвеня 1996 г. таварыства афіцыйна зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь са статусам рэспубліканскага грамадскага аб'яднання. Іван Сцяпанавіч Шпакоўскі ўвесь час з дня стварэння таварыства з'яўляўся членам Праўлення гэтай грамадскай арганізацыі, з 28 снежня 1995 г. па 7 мая 1999 г. быў адным з 2-х намеснікаў старшыні аб'яднання, з 7 мая 1999 г. па 28 снежня 2000 г. з'яўляўся старшынёй Мінскага аддзялення таварыства. Іван Сцяпанавіч быў актыўным членам гэтай грамадскай арганізацыі. За рэдкімі выключэннямі (да цяжкай хваробы) прысутнічаў на семінарах, якія праводзіла таварыства, актыўна выступаў у дыскусіях.

Па яго ініцыятыве 22 сакавіка 1996 г. на танкаўскіх чытаннях у Мінскім педагагічным універсітэце працавала секцыя "Спецыфіка літаратурнага працэсу Беларусі. Рэгіянальныя асаблівасці". Шэсць дакладаў было прысвечана палескай тэматыцы. Сярод іх даклад І.С. Шпакоўскага "Рэгіянальныя асаблівасці літаратуры Беларусі – унікальнасць літаратурнага працэсу". Прысутнічала каля 90 студэнтаў, члены таварыства "Загароддзе" і інш. Ён выкарыстоўваў ўсялякую магчымасць, каб зафіксаваць на сваёй роднай Піншчыне хоць нейкую часцінку яе духоўнага багацця. Гэта словы з мясцовых гаворак, асобныя фразы, якія гэтыя словы тлумачаць, прыказкі, прымаўкі, тэксты. Гэта фрагменты руска-палескага слоўніка. Усё гэта склала яго "Палескі архіў". Апублікаваны артыкул: І.С. Шпакоўскі, "З лексікі паўднёвай Піншчыны" // Народная лексіка. Мінск: Навука і тэхніка, 1977, с. 104—119. Гэта таксама запісы на магнітафонную стужку песень на Піншчыне, і расшыфраваныя ім тэксты гэтых жа песень. Прывядзем тэкст песні, што запісаў Іван Сцяпанавіч Шпакоўскі ў в. Шаломічы Пінскага раёна.

Ой, чарочка, ты, чарочка выновая,
Ой, чарочка, ты, чарочка выновая,
З кым тыбэ я буду пыты, молодая?
   Ой, чарочка, ты, чарочка выновая,
   З кым тыбэ я буду пыты, молодая?
Ой, пойду я з мылэнькым у садочок,
Ой, пойду я з мылэнькым у садочок,
Нашчыплю я вышынёк-ягодочок;
   Ой, пойду я з мылэнькым у садочок,
   Нашчыплю я вышынёк-ягодочок.
Гнула, гнула вышэньку, ны нагнула,
Гнула, гнула вышэньку, ны нагнула,
Розослала шовков платок да й заснула;
   Гнула, гнула вышэньку, ны нагнула,
   Розослала шовков платок да й заснула.
Розослала шовков платок да й заснула,
Разослала шовков платок да й заснула,
Як прыйіхав мылынькый, то й ны чула;
   Разослала шовков платок да й заснула,
   Як прыйіхав мылэнькый, то й ны чула.
– Й устань, устань, моя мыла, пробудыса,
(– Ой, устань, устань, мыла, пробудыса,)
– Й устань, устань, моя мыла, пробудыса,
Да й на мою колясочку подывыса;
   Й устань, устань, моя мыла, пробудыса,
   Да й на мою колясочку подывыса.
Ой, у мынэ колясочка ны простая,
Ой, у мынэ колясочка ны простая,
Ой, у мынэ колясочка золотая;
   Ой, у мынэ колясочка ны простая,
   Ой, у мынэ колясочка золотая.
Ой, у мэнэ коныкы вороныйі,
Ой, у мэнэ коныкы вороныйі,
Ой, у мэнэ кучырыкы золотыйі;
   Ой, у мэнэ коныкы вороныйі,
   Ой, у мэнэ кучырыкы золотыйі.
Ой, у мэнэ кучырыкы золотыйі,
Ой, у мэнэ кучырыкы золотыйі,
Ой, у мынэ літа молодыйі;
   Ой, у мэнэ кучырыкы золотыйі,
Ой, у мынэ літа молодыйі.

Ірына Шпакоўская
Фёдар Клімчук

На галоўную старонку