Некаторыя нататкі аб картэзіянскім кляштары
ў Бярозе Картузскай

Канец Сярэднявечча і пачатак новага часу, як і пратэстанцкая Рэфармацыя, былі вельмі неспрыяльнымі для картэзіянскіх манастыроў, размешчаных у Цэнтральнай Еўропе. Амаль усе манастыры ў гэтым рэгіёне былі разбураны на працягу 30 гадоў: Gratia Dei ў Шчэціне быў зачынены ў 1525 г., Corona Mariae ў Дарлава (Ругенвальд) у 1534 г., Misericordiae Dei у Франкфурце-на-Одэры ў 1540 г., Lapis Refugii у Лецянкоў у 1543 г., Passio Christi у Легніцы ў 1548 г., Pacis Dei у Швідзвіне (Шывелбейн) у 1552 г. і Vallis s. Antonii у Лечніцу ў 1567 г. Картэзіянскі кляштар у Картузах, паблізу Гданьска (Данцыг), таксама сутыкнуўся з цяжкасцямі ў 1525 годзе. Ён падвергся нападу і быў разрабаваны беднымі жыхарамі Гданьска. Манахі, аднак, часу не гублялі і дамагліся пэўных прывілеяў (упрошваннем польскіх каралёў Сігізмунда I і Сігізмунда Аўгуста), якія зацвердзілі іх маёмасць. У сваім жыцці манастыр перажыў даволі цяжкі час ранняй Рэфармацыі. Але картэзіянцы знаходзілі пагадненні з пратэстанцкай гарадской управай Гданьска.

Вельмі неспадзявана для картэзіянскага манастыра ў Картузах прагучала прапанова аб яго закрыцці, якую ўнёс каталіцкі дзеяч Каспер Гэшкаў. Ён займаў пасаду абата ў Цыстэрцыянскім абацтве ў Аліве. Гэшкаў пераконваў у гэтым рашэнні аднаго за другім караля Сігізмунда Аўгуста, Папу, Эдмунда Круса (наведвальніка з польскай цыстэрцыянскай правінцыі) і, нарэшце, прыёра картэзіянскага кляштара Андрэаса Газмана, які тады быў цыстэрцыянам. Кляштар у Картузах далучылі да Цыстэрцыянскага абацтва Алівы ў 1581 г., што з'явілася канцом картэзіянства ў Цэнтральнай Еўропе.

Газман пакінуў цыстэрцыянаў праз некалькі месяцаў і накіраваўся ў Рэйх. Ламберт Нінгл, прыёр картэзіянскага манастыра ў Майнцы і наведвальнік правінцыі Райн, натхнёны польскім біскупам Янам Разражэўскім і падтрымліваемы Газманам, прыклаў намаганні да пачатку аднаўлення картэзіянскага жыцця ў былым манастыру. У 1589 годзе, пасля прыбыцця ў Памеранію, Нінгл быў азнаёмлены з Картузамі вышэйзгаданым біскупам Разражэўскім і назначаны на пасаду рэктара. 12 жніўня 1591 г. пад ціскам нунцыя Ганібала з Капуі, цыстэрцыянскі абат Давід Канарскі падпісаў пагадненне з Ламбертам Нінглам. Дзякуючы гэтаму дакументу, картэзіянцы зноў вярнулі свае манастыр і маёмасць. Праз два гады Нінгл становіцца прыёрам. Такім шляхам картэзіянскае жыццё ў Польска-Літоўскай дзяржаве было адноўлена.

Нягледзячы на тое, што спробы заснаваць такі ж картэзіянскі кляштар абмяркоўваліся каралём Уладыславам Ягеллонам у 1424-1425 гадах, а затым архібіскупам і гісторыкам Янам Длугашам у 1478-1480 гадах, картэзіянскі манастыр так і не быў заснаваны ў межах сярэдневяковай Польшчы. Дзякуючы другой мірнай дамове ў Торуню ад 1466 года, ужо існуючы картэзіянскі кляштар Paradisus В.М.V. у Картузах быў далучаны да Польшчы. Гэты манастыр быў, без сумневу, адным з найбольш дзейных картэзіянскіх манастыроў гэтай частцы Еўропы. Картэзіянскія кляштары ў Дарлава, Швідзвіне і Грыпсхольме ў Швецыі бралі свой пачатак у Сярэднявеччы з манастыра ў Картузах. Такія падзеі мы можам назіраць і ў новы час.

Па прапанове Яна Шчэнснага Гербурта, старасты Мосьціцэ, і Мацея Пстраконьскага, біскупа Пшэмысля, рабіліся спробы заснаваць новы картэзіянскі кляштар у 1600-1602 гг. У выніку папярэдніх перамоў і абмена лістамі паразумення, Ламберт Нінгл нанёс персанальны візіт у Пшэмысль - месца для заснавання новага кляштара. На няшчасце, у час яго зваротнай дарогі ў Картузы, Нінгл памёр і быў пахаваны ў касцёле Пшэмысля. Пстраконьскі ў 1604 годзе заняў пасаду біскупа ва Ўлацлавеку. Ян Шчэнсны Гербурт паглыбіўся ў палітыч-ныя справы і адхіліў гэтыя планы. Так скончыліся намеры заснаваць картэзіянскі манастыр на Ўкраіне.

Сусанна Пшэрэмбска, удава шляхціча Яна Алескага, была наступнай, хто дамагаўся заснавання картэзіянскага кляштара. Ян Алескі займаў пасаду ў Памераніі і Сусанна, што найбольш верагодна, сустракалася там з картэзіянцамі. У 1641 годзе яна ахвяравала ім 7 вёсак у якасці асновы для будавання новага манастыра. Пасля вырашэння юрыдычных пытанняў з Якубам Задзікам - кракаўскім біскупам і Мацеям Любеньскім - архібіскупам з Гнезна, картэзіянцы з Картузаў надумалі заснавацца ў Гідлі, што ў некалькіх кіламетрах ад Чэнстохвы. Яны атрымалі пацвярджэнне прывілеяў, дадзеных каралём Уладыславам IV і архібіскупам у 1644 годзе.

Першы цвёрды намер заснаваць у Вялікім Княжастве Літоўскім новы манастыр можа быць датаваны 1646 годам. У гэтым годзе картэзіянцы з Картузаў адправілі Казімеру Льву Сапезе ліст, у якім азнаёмілі яго з гісторыяй картэзіянскага ордэна і далі некаторую інфармацыю пра свае найбольш значныя і раскошныя кляштары, уключаючы манастыры ў Вітхам (Англія), Гамінгу, Маўэрбаху, Трыеры і, нядаўна заснаваны манастыр у Валдзіцу, што ў Маравіі. Яны таксама паспрыялі таму, каб заснаванне картэзіянскага кляштара ўвайшло ў яго планы. Мы яшчэ ведаем з гэтага ліста, што картэзіянцы мелі кантакт з Сапегай праз Эмануіла Еўстахія Бржастоўскага - мясцовага чыноўніка са Слонімскай акругі і асабістага сакратара прынца Сапегі. У наступным годзе Бярозу наведаў Філіп Больман, прыёр Картузаў, і агледзеў месца, адведзенае для залажэння новага манастыра. Больман дабіўся дазволу на гэтую задуму ў генеральнага капітула. І ў той жа самы час Сапега атрымаў адабрэнне ад мясцовага біскупа Андрэаса Гембінскага з Луцка. Нарэшце, новы манастыр ужо мог будавацца. Больман адправіў двух сваіх манахаў (Каспера Кахеліюса і Яна Любетоўскага) у Бярозу. А генеральны капітул на пасаду рэктара нядаўна заснаванага картэзіянскага кляштара назначыў Ёгана аб Хагена. Краевугольны камень быў закладзены нунцыям Джыаванні дэ Торрэсам. Касцёл і іншыя пабудовы планаваліся невядомымі італьянскімі архітэктарамі (ingeniosus Italis), якія прыбылі ў Бярозу з Варшавы ў 1648 годзе. Рашэнне Сапегі было падтрыманае мясцовай шляхтай, і ён ахвяраваў картэзіянцам вялізную суму грошай. Афіцыйна дакумент аб заснаванні кляштара быў складзены прынцам Сапегай 3 студзеня 1650 года ў Варшаве пад час паседжання парламента. Адпаведна з воляй заснавацеля, касцёл атрымаў назву Святога Крыжа, Св. Казіміра і Св. Язэпа. Кароль Ян Казімір зацвердзіў гэта ў той жа самы дзень, склаўшы асобны дакумент.

Перыяд 1648-1651 гг. азначаны пашыранай вайной паміж казакамі і Польскай дзяржавай. На гэтую вайну таксама прыйшоўся пачатак Польска-Рускай вайны. А ў 1655 годзе пачалася крывавая Польска-Шведская вайна. Сапега браў удзел у гэтых кампаніях і не мог клапаціцца аб сваім картэзіянскім кляштары. Ён памёр 19 студзеня 1656 года перад асвячэннем кляшторнага касцёла ў Бярозе. Але ён завяшчаў картэзіянцам вялікую суму грошай, дазваляўшую закончыць будоўлю манастыра. Нарэшце, 6-га чэрвеня 1666 года Аляксандр Сапега, біскуп Самагіціі і сваяк заснавальніка, асвяціў касцёл. У час гэтай падзеі адбылася жалобная цырымонія па перазахаванню цела Казімера Льва Сапегі ў манастырскі склеп.

Мы маем справаздачу наведвальнікаў, напісаную пры канцы асвячэння касцёла. Яны, здзіўленыя ўстройствам касцёла, пісалі: "ob sui magnificentiam simile non habemus in nostra Provincia Rheni" ("з прычыны свайго хараства не мае падобных у нашай правінцыі Рэйн" - М.С.). Касцёл вызначаўся вельмі падоўжанай прэсвітэрыяй і кароткім галоўным нэфам. Васьмігранным вестыбюлем з купалам наверсе і вялізнай званіцай, якая з'яўлялася галоўнай воссю не толькі касцёла, але таксама і ўсяго манастыра разам з шырокім манастырскім дваром. Келлі манахаў былі размешчаны ў трох баках кляштарнага двара. Першыя шэсць з іх былі пабудаваны ў 1666 г., астатнія - у 1689 годзе.

Жыццёвыя ўмовы ў Бярозаўскім кляштары былі цяжкімі з самага пачатку, і ён, практычна не мог выжыць без падтрымкі другіх картэзіянскіх манастыроў. Шмат розных фактараў садзейнічала таму. Я лічу, што найбольш значнымі з іх былі працяглыя войны, якія вяліся Польска-Літоўскім Звязам з суседзямі ў перыяд паміж 1600 і 1721 гадамі. Сярод іх былі войны з іншаверцамі: шведамі лютэранамі, мусульманамі татарамі і туркамі, кальвіністамі венграмі з Трансільваніі, а таксама праваслаўнымі рускімі і казакамі.

У гэтых вельмі складаных умовах картэзіянцы прысвячалі свае жыцці вечнаму Богу. Хронікі манастыра, напісаныя вікарыям Францішкам Пасекай, і, якія зараз захоўваюцца ў бібліятэцы Польскай Акадэміі Навук у Корніку, паведамляюць нам пра выпадкі цудоўных вылячэнняў пад час малітваў Святому Крыжу. Гэтыя падзеі павялічвалі папулярнасць картэзіянцаў у Вялікім Княстве Літоўскім.

Мікалай Кшываблоцкі, літоўскі шляхціч, стаў першым мясцовым манахам, даўшым свой зарок 25-га кастрычніка 1669 года - праз 20 год пасля заснавання манастыра.

Картэзіянцы вельмі хутка наладзілі кантакты з бенедыкцінцамі з Гарадзішча, брацтва якіх было заснавана там у 1677 годзе. Манахі ордэна Св. Бруно былі таксама ў добрых адносінах з Грэка-Каталіцкімі базыльянамі з суседняга манастыра ў Жыровіцах (Св. Бруно - заснавальнік ордэна картэзіянцаў - М.С.). Але адна характэрная асаблівасць у тым, што картэзіянцы не падтрымлівалі сувязей з цыстэрцыянскім абацтвам у Выстычах, якое было не вельмі далёка ад Бярозы.

Значная перамена для картэзіянскага кляштара адбылася ў выніку рашэння Генеральнага Капітула у 1677 годзе, згодна з якім тры польскіх кляштара (Картузы, Гідль і Бяроза) былі пераведзены з правінцыі Райн у правінцыю Alemania superioris. Гэтае рашэнне змяніла межы рэгіёна, з якога набіраліся замежныя манахі.

Рэлігійнаму жыццю картэзіянцаў часта перашкаджалі разныя арміі. 28 красавіка 1706 года, у час 3-й Паўночнай вайны (1700-1721 гг.), шведскі кароль Карл XII увайшоў у манастыр. Ён узяў у заложнікі 3-х манахаў і патрабаваў выкуп у памеры 300 імперыялаў (залатых дукатаў), у адваротным выпадку пагражаючы забіць заложнікаў. Картэзіянцы заплацілі неабходную суму і тры манаха жывымі вярнуліся ў манастыр. Праз два дні, 1-га мая, польскі кароль Станіслаў Лешчынскі наведаў Бярозу разам са сваім дваром і правёў там некалькі дзён. Картэзіянцы запрасілі яго in ostio ecclesiae cum cantico Ambrosiano. У той жа самы год, 1О-га верасня, манастыр наведаў другі польскі кароль - Аўгуст II Саксонскі. У гэты час Польшча знаходзілася ў стане грамадзянскай вайны і мела двух каранаваных каралёў - Станіслава Лешчынскага і Аўгуста ІІ-га. З гэтай нагоды манастырскія летапісы паведамляюць: fuerunt ergo hoc anno in hac cartusia tres reges.

Праз два гады, у 1708 годзе, шведскія войскі ізноў увайшлі ў Бярозаўскі кляштар і захапілі трох другіх манахаў. На гэты раз яны запатрабавалі выкуп у памеры duorum milium florenorum Polonicorum (дзве тысячы фларынаў польскіх - М.С.). За свабоду гэтых братоў картэзіянцы аддалі частку свайго сярэбранага літургічнага начыння. Акрамя непрыемкасцей з-за рэгулярных войскаў, другой навалай для картэзіянцаў сталі банды дэзерціраў, якія рабавалі манаскія землі.

Такія грамадскія і палітычныя ўмовы не спрыялі развіццю сузіральнага шляху жыцця. Таму колькасць манахаў павялічвалася марудна. Першыя кананічныя выбары прыёра адбыліся ў 1728 годзе, праз 80 год пасля заснавання манастыра. На пасаду прыёра быў абраны Фердынанд Білінг, які на той час быў прыёрам Гідля.

Наступны шэраг бедстваў наваліўся ў 1733 годзе з пачаткам грамадзянскай вайны ў Польшчы пасля смерці караля Аўгуста ІІ. 31 кастрычніка вялікі атрад казакаў абрабаваў манастыр, горад Бярозу і вёскі, што належалі картэзіянцам. Тое ж паўтарылася і 14 лістапада.

З іншага боку погляду, картэзіянскі манастыр размяшчаўся ў мульцінацыянальным і мульцікультурным рэгіёне. У вёсках, належачых кляштару, большасць насельніцтва была беларусамі, у той час, як у гарадах, было, пераважна, яўрэйскае насельніцтва. Манастыр Sanctae Crucis у Бярозе быў, без сумневу, адным з багацейшых кляштараў у Вялікім Княстве Літоўскім. Аднак палітычныя падзеі рабілі выкарыстанне вялікай манастырскай зямельнай уласнасці немагчымым. У архіве Віленскага Ўніверсітэта зараз знаходзіцца значная частка былых архіваў кляштара. Дзякуючы ім, мы маем магчымасць даведацца амаль пра ўсё. што тычыцца эканамічнай дзейнасці картэзіянцаў, і, таксама, пра цяжкасці вядзення іх гаспадаркі.

У 1734 годзе паблізу кляштара адбылася бітва паміж літоўскімі і рускімі войскамі. Вынік гэтага канфлікта быў няўдачны для літоўцаў і рускія разрабавалі манастыр яшчэ раз.

З тых часоў да нас дайшла адна значная цытата. Яна адлюстроўвае думку аднаго з прыёраў Ла Гранд Чартруз, які пісаў прыёру картэзіянскага кляштара Paradisus B.M.V. у Памераніі: "Si carentur mihi 30 domus cum prediis et proventibus, crastino die posidendis in vestra patria, certim non acceptarem, non probarem."

У 1743 годзе кляштар наведалі Дом Георг Швенгель, адзін з найвялікшых і найбольш знакамітых гісторыкаў картэзіянскага ордэна, і Дом Сікстус Рагіус, прыёр картэзіянскага манастыра ў Гідлі. У час візіту Швенгель сустрэўся з Францішкам Пасекай, летапісцам Бярозы, які тады стаў айцом духоўнікам. Пасека нарадзіўся ў Маравіі і прыехаў у Бярозаўскі кляштар у 1737 годзе. Ён напісаў дзве хронікі, прымеркаваных да 100-годдзя заснавання манастыра: "Historia centum Annorum Carthusiae Sanctae Crucis prope Berezam in Lithuania sitae" ("Тісторыя 100-гадовага існавання картузіі Святога Крыжа паблізу Бярозы, у Літве размешчанай" - М.С.) і скарочаную версію "Saeculum Carthusiae Berezanae" ("Стагоддзе Бярозаўскай картузіі" - М.С.). Швенгель знаў абодва гэтыя летапісы і цытаваў іх у сваіх "Apparatus ad annales" і "Propago Sacri Ordinis Cartusiensis". Ён таксама завяршыў іх архіўнымі матэр'яламі са свайго манастырскага дома ў 1750 годзе.

Рэлігійнае і эканамічнае жыццё манастыра радыкальна змянілася пасля 3-га падзелу Польшчы ў 1795 годзе. Тэрыторыя, на якой знаходзіўся кляштар, адышла да Расіі. Усялякія сувязі з кіраўніцтвам замежнага ордэна былі забароненыя царом, які стварыў у Пецярбургу так званую Духоўную Калегію. Кожны каталіцкі ордэн і біскуп былі падпарадкаваны гэтай Калегіі. У 1798 годзе Калегія змяніла межы дыяцэзій. З гэтага года кляштар адышоў да раёна, які падпарадкоўваўся біскупу Вільні. Кожны манаскі кляштар быў цалкам падначалены ўладзе мясцовага біскупа.

Паводле картэзіянскіх даных, страты іхняга манастыра ў час Француска-Рускай вайны 1812 года склалі 35000 рублёў.

Пасля кангрэса ў Вене цар Аляксандр I аслабіў сваю антыкаталіцкую палітыку і манаскія ордэны ў Расіі ў 1819 годзе змаглі правесці агульны бенедыкціна-цыстэрцыяна-картэзіяна-камедаліцкі сход. Аднак ён не спыніў унутраны развал гэтых манастыроў. У пачатку XIX стагоддзя назіраюцца несканчаемыя судовыя разборы паміж картэзіянцамі з Бярозы і біскупам Вільні.

Да нас дайшлі нататкі аднаго з вялікшых польскіх гісторыкаў і палітычных аглядальнікаў Юліяна Урсына Нямцэвіча, які жыў у канцы ХVІІІ - пачатку ХІХ стагоддзяў. Ён наведаў картэзіянскі манастыр у Бярозе ў 1819 годзе і апісаў свае ўражанкі ў дзённіку. У час падарожжа праз Літву ён вырашыў наведаць Бярозу, таму што тут быў пахаваны адзін з ягоных продкаў. Нататкі Нямцэвіча не ствараюць картэзіянцам добрай рэпутацыі. Прыёр настойліва схіляў яго да выпіўкі і, болей таго, другі манах не мог знайсці ключ ад бібліятэкі.

Рэлігійнае жыццё манастыра ажыло ў 1820 годзе. Служэнне Богу і цяжкая праца дазволілі зноў вярнуць былую раскошу. Пасля выбрання на пасаду прыёра Геніюша, кляштар наведаў біскуп з Вільні. Гледзячы справаздачу, складаецца ўражанне, што манастыр у Бярозе цалкам змяніўся. Дзякуючы апісакню гэтага візіта, мы дакладна ведаем тагачасную сітуацыю. Картэзіянцы валодалі 4000 акрамі зямлі, 5 вятракамі, 8 броварамі, некалькімі заезнымі дамамі і адной цагельняй. Дадаткова яны мелі ў касцёлу і рызніцы 116 рыз, 57 стыхароў, 157 антымінсаў, 16 каштоўных стыхароў, 10 далматыкаў, 3 накідкі і 7 грэка-праваслаўных рыз. Больш таго, картэзіянцы аказвалі фінансавую падтрымку школе і аптэцы ў горадзе Бяроза. Яны таксама пабудавалі 6 капліц у аколіцах кляштара. Манастырская бібліятэка складалася амаль з 2500 тамоў не толькі тэалагічных і філасофскіх прац, але і твораў тагачасных вучоных, прысвечаных біялогіі і астраноміі. На падставе гэтай справаздачы можна меркаваць, што кляштар у Бярозе быў адным з багацейшых манастыроў таго часу.

У лістападзе 1830 года на тэрыторыях, акупіраваных царскай імперыяй, пачалося антырасійскае паўстанне. Картэзіянцы з Бярозы падтрымлівалі польскіх інсургентаў рознымі шляхамі, напрыклад, праз продаж некаторага сярэбранага сталовага начыння. Такая пазіцыя ў адносінах да польскіх патрыётаў вызвала ў жніўні 1831 года закрыццё манастыра, згодна з царскім указам. Некаторыя з 16 манахаў падвергліся арышту за тое, што былі духоўнікамі ў польскіх атрадах. Астатнія размешчаны па іншых манастырах. Картэзіянская маёмасць была канфіскаваная, а касцёл ператварылі ў парафіяльны. Бібліятэку вывезлі: частку ў Пецярбург, частку ў Гродна. Некаторыя з кніг знаходзяцца зараз у Варшаве і Познані. Большасць архіўных спраў, як ужо згадвалася, захоўваюцца ў архіве Віленскага Ўніверсітэта. Перад апошняй вайной некаторыя дакументы знаходзіліся ў Бенедыкцінскім абацтве Дзевы Марыі ў Любліне, але былі згубленыя ў час ваенных падзей. У 1866 годзе расійскі ўрад вырашыў разабраць касцёл і іншыя пабудовы манастыра. Тады ж 11 целаў членаў роду Сапегаў і 53 цела знакамітых асобаў, пахаваных у былым картэзіянскім касцёле, былі перанесены на могілкі. Цэгла выкарыстана на будаўніцтва новай праваслаўнай царквы ў Бярозе.

У міжваенны перыяд польскі ўрад заснаваў у Бярозе палітычны лагер, выкарыстаўшы пад яго некаторыя гаспадарчыя пабудовы манастыра. Апошнія з іх былі разбураныя Савецкай арміяй у 1940 годзе пасля анексіі ўсходняй часткі Польскай дзяржавы. Такім быў канец картэзіянскага манастыра Sanctae Crucis у Бярозе, які з'яўляўся ўсходняй мяжой "картэзіянскага свету".

Нядаўна беларускія археолагі пачалі сістэматычнае даследаванне месца, на якім знаходзіўся манастыр.

Рафапь Віткоўскі

Пераклаў з англійскай мовы
Мікалай Сінкевіч.
Scripta Minora № 1, 1996 г., с.271-279