На галоўную старонку
 


Урсын Нямцэвіч

Падарожжа да Літвы - 1819 г.

Нямцэвіч (Niemcewicz) Юльян Урсын (1758 - 1841) - польскі пісьменнік і публіцыст, гісторык. Нарадзіўсяў в. Скокі Брэсцкага раёна. Вучыўсяў Брэсцкім езуіцкім калегіуме, Варшаўскім кадэцкім корпусе. У час вызваленчага паўстання 1794 г. ад'ютант і сакратар А. Т. Касцюшкі. За ўдзел у паўстанні зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. 3 1796 г. у ЗША. У 1807 вярнуўся на радзіму, падарожнічаў па Беларусі (1809, 1816, 1819). Удзельнік вызвяленчага паўстання 1830-31 гг. У 1833 г. у эміграцыі. Аўтар шматлікіх твораў па беларускай тэматыцы. У кнігах "Дзённікі маіх часоў" і "Гістарычныя падарожжы па польскіх землях, што адбыліся ад 1811 да 1822 гг." апісаў шэраг беларускіх гарадоў, іншых населеных пунктаў, жыццё беларускіх сялян.

Спыніўся на нач у Слоніме. Яго від болей заможны. Навокал зямля буйная, шчодра пакрытая жнівом. Рака Шчара, суднаходная сама і злучаная з іншымі суднаходнымі рэкамі, цячэ праз горад. Вуліцы шырокія, досыць упарадкаваныя і чыстыя. Люднасць (кожны разумее, што размова ідзе аб жыдоўскай) даволі шматлікая; прыкметы нават нейкай прамысловасці. Шум некалькіх млыноў і тартакоў дае якісь выгляд жыццядзейнасці і руху. Прыйшла нават адна вялізная брыка з кірмашу варшаўскага, нагружаная сухімі таварамі. У другіх краях такая ўвага была б смешнай, тут яна значная. Сярод прыціснутых, спячых у гэтым краі прамысловасці і гандлю, найменшае прамысловае зрушэнне з'яўляецца важным. У якім стане бачыў Слонім у 1778 г., а ў якім знайшоў яго сёння! 40 гадоў таму ён быў месцам жыхарства заможнага багацтвам і магутнасцю гетмана Агінскага. Шматлікі і выдатны двор, натоўп гасцей з усёй Літвы, тэатр польскі і італьянскі, спевакі, музыкі, вялізныя сталы, залатое і сярэбранае начынне. Сёння ўсё ў развалінах. Палац ператвораны ў шпіталь, рамантуюцца і толькі стаяць муры, дзе спявалі італьянскія музыкі; зарослы пустазеллем сад, зарослыя сітнікам каналы; усюды самотна стаяць калоны, а таксама напалову аголеныя палы муроў.

Не мінуў Ражаны без наведвання яшчэ раз палацавай кнігарні і агляду змешчаных там манускрыптаў: усё, што ў іх змяшчаецца, арыгінальнае і вельмі важнае; падзякаваў Богу, што яе ад столькіх разбояў і рабункаў усцярог. На пошце зноў непамерная трывога з-за маючага адбыцца пераезду; ледзь атрымаў коней да першай пошты. Добрая то была нядзеля, тэрміновыя працы ўздоўж дарог; дзіўна, што ў ліпені елкі па абодва бакі высажваюць. Не жадаю патрапіць на вялікі двор, таму ў Міхаліне, у самотнай карчме, сярод вялізнага лесу, наняў коней да Бярозы картузскай і да Песак, маёнтка слонімскага маршалка Пуслоўскага.

А чацьвёртай гадзіне папалудні спыніўся перад слаўным кляштарам ордэна Картузаў. Акрамя шуму высачэнных дрэў, што калыхаліся над вярхом цудоўнай святыні і вялізным кляштарам пустэльнікаў, ні чалавечы, ні звярыны голас не дасягнуў вушэй маіх. Замкнуты быў касцёл, каб не ўваходзілі. Увайшоў у першы дзядзінец, тая ж самая цішыня. Убачыўшы адчыненыя дзверы, апынуўся ў калідоры. Па абодва бакі віселі старажытныя партрэты Сапегаў, заснавальнікаў гэтага канвенту. Праз адчыненыя ў канцы калідора дзверы выйшаў да касцёла. Што за пагодная весялосць, якая прытым надзвычайная, урачыстая ва ўсім гмаху паважнасць! Уражвае вялізны, выдатнага пэндзля, абраз у вялікім алтары; уся сям'я Казімера Льва Сапегі, жонкі яго Радзівілаўны, намаляванай у выглядзе багамолкі. Дзіўная рэч, што Сапега той не меў валасоў ні на барадзе, ні ў вусах, якім яго малююць усе тагачасныя партрэты, так падае вусная традыцыя. Не меней выдатнымі былі і астатнія ўпрыгожанні. Вельмі зацікавіў гмах той, таму што пахаваны ў ім прах прапрадзеда майго Самуэла Урсына Нямцэвіча, у 1648 годзе памерлага. Памятаю, што сорак гадоў таму, бачыў ягоныя партрэт і надгробак. Шукаў яго ўважліва па ўсіх сцянах, па ўсіх капліцах. Глухі водгалас маіх крокаў разносіўся па святым гмаху; чуў яго, магчыма, ужо два стагоддзі схаваны ў цемры труны прах дабрадзейнага продка; але не адгукнуўся ніводзін голас людскі, знік партрэт і надгробак. Доўга хадзіў і выйшаў зноў у калідор, які абкружаў увесь прамавугольны гмах. Тая-ж самая цішыня, тое-ж самае маўчанне. Стаў ужо прыходзіць у роспач, калі перад маімі вачыма, у дальнім цёмным закутку, мільганула белая раса законніка. Падвоіў свае крокі і неўзабаве дагнаў маладога клерыка. Выгляд яго быў бледны і сухарлявы, але выклікаў прыхільнасць да сябе ветлівасцю і прыемнасцю. На маё пытанне, чаму канвент, такі абжыты і людны ў былыя гады, такім глухім і запушчаным стаў сёння, малады законнік адказаў: мы наблізіліся да скону нашага; па трыццаць нас раней бывала, зараз толькі адзін галоўны каплан, двое другіх паехалі да пецярбурскага сіноду; галоўны так моцна хворы, што для адпраўлення імшы мусім трымаць чужога законніка. Нас пяць клерыкаў, але яны некалькі гадоў чакаюць высвячэння; вялікі ёсць замах на скасаванне нас, сінод хоча маёмасць нашу забраць сабе, войска квапіцца на кляштар, Сапегі слушна, як аб першапачатковай сваёй уласнасці адзываюцца аб ім. Мы адзіныя закону нашага ў правінцыі літоўскай, без генерала, без апекуна, паслалі двух капланаў, каб у манарха правы нашыя баранілі; Бог ведае, ці даб'юцца чаго і калі вернуцца. Прасіў, каб правёў мяне да галоўнага; зрабіў гэта. Знайшоў галоўнага ляжачым на ложку, як толькі пачуў, што ўваходзім, адразу прыкрыўся і адвярнуўся. Вярнуліся з тым клерыкам на калідор, гаварылі аб статуце і правілах закону. Жорсткія Св. Брунона правілы; а гадзіне адзінаццатай вечара ідзём да хору і молімся да другой гадзіны; адтуль на адпачынак; зноў падымаемся а шостай да касцёла і малітвы; далей на перамену ручныя гульні альбо медытацыя, аб адзінаццатай абед, а шостай вячэра. Капланы распачынаюць боскую ахвяру, у памяць малітвы Збавіцеля нашага ў Агруйцу, затым каплан кладзецца перад алтаром бокам на зямлю і нейкі час застаецца ў гэтай позе ў роздуме. У ежы законнікі трымаюцца ўсёй суровасці сваіх правілаў; ніколі не есці мяса, акрамя рыбы, мучных і раслінных страў; водныя куркі, бабры, чарапахі - гэта ім дазволена; напоі: два разы ў тыдзень віно, два мёд, астатняе піва. Кожны з законнікаў жыве і есць асобна; у пэўных толькі днях і гадзінах ходзіць да агароду альбо трапезнай, і ў той час ім можна размаўляць. Відаць, мэтай Св. Брунона было зусім сваіх законнікаў адасобіць ац свету, прысвяціць іх цалкам малітве і прыгатаванню да вечнасці. З апостальскага боку погляду, ад іх не столькі карысці, як ад іншых духоўных асоб. Не трымаюць curam animarum, не слухаюць споведзі, не маюць казаняў, словам, занятыя толькі ратаваннем уласных душ і пакутамі. Калі хто не расстаўся шчыра з людзьмі, калі хто цалкам не расчараваўся ў свеце, калі хто якіх-небудзь успамінаў памятаць і шкадаваць не перастаў, няхай еябе не замыкае ў тых глухіх самотных будынках. Але, хто кубак жыцця ўжо глыбока перакуліў, хто пазнаў нікчэмнасць крывадушнасці свету, хто сябе заняволіў у сяброўства і любоў, хто глядзеў на здраджаную, скрываўленую, знішчаную, абдзёртую айчыну сваю, хто дасведчыў, як мала трэба спадзявацца ў Польшчы на справядлівасць, слушнасць, словам, на ўсё тое, што зяўляецца чалавечым шчасцем; хто пераканаў сябе, нарэшце, ў нязначнасці і нікчэмнасці ўсяго, той у гэтых глухіх пустэльнях можа знайсці астатняе для чалавека дабро - забыццё. Ах, стакроць лепш добраахвотнае адрачэнне ад вольнасці, чым падманлівыя свабоды!

Калі былі паглыбленыя ў гэтыя роздумы, зноў бледны цень мільгануў перад вачыма; быў то пасланец ад ксяндза прыёра Аскіркі з запрашэннем накіравацца да яго. Сівы і знямоглы старац прыняў мяне грэшнага. На пытанне, навошта партрэт і помнік продка майго выкінуў з касцёла, адказаў, што адзін з пераемнікаў яго адабраў продкам маім дадзенае кляштару уладанне Левашкі; і яны, кіруючыся справядлівым пакараннем і памяццю, адправілі гэта на рэчавы склад: партрэт быў паказаны мне на складзе. Акрамя гэтага, фундаваная ім жа імша з музыкай Св. Казімеру, з таго часу спынілася.

Tantoene animis coelestibus iroe!..

Прасіў прыёра аб дазволе паглядзець бібліятэку; не дазволіў, усё ж мусіў выпіць два кілішкі непрыемнага віна з Адэсы. Спатрэбілася шмат часу, пакуль знайшлі ключ ад кнігарні. Стары кляшторны слуга за правадніка, ён і знайшоў ключ пад верхам самой бібліятэкі. Тое вельмі моцна прыгадала адну думку з Monachomachyi сцэны.

Бібліятэка не адпавядала маім чаканням. Акрамя невялікай колькасці даўніх кляшторных эдыцый, астатнія кнігі асцэнтычныя, шмат пропаведзяў і медытацый у рукапісах. У папярэднія гады значная частка законнікаў была немцамі. Яны аставілі доказы сваёй прыроджанай працавітасці. Многа засталося мэблі, гадзіннікаў, зробленых імі. Гадоў сорак таму, сам яшчэ памятаю аднаго законніка, немца, які два разы цэлую Святую Біблію перапісаў.

Прыемная дарога з Бярозы да Песак. Зялёныя гаі, нівы, усюды пакрытыя буйным ураджаем, разнастайнасць іх па гатункам; ужо пазалочаныя сонечнымі праменнямі каласы пшаніцы і жыта, зялёныя яшчэ ячменю і аўсу, белыя грэчкі, гронкі развесістага проса - прыносяць заможнасць і ўзнагароджваюць земляроба, надаюць мілы від наваколлю. Не меней уражлівы і жылы дом уладара Песак. Дом вялікі, з прыгожай пярэдняй, дастойныя пакоі. Аматар вытанчанага выяўленчага мастацтва, Юзэф Серакоўскі, узяў на сябе аздабленне іх прыгожымі, набытымі ў Італіі, карцінамі. У іх ліку былі і выдатныя. Усе вокны ад дзядзінца суцэльныя, з аднаго ліста шкла. Якім прыемным было захапленне, калі праз тыя шыбы ўбачыў неаглядны вокам крышталь празрыстай вады. Возера было такое наўкол шырокае, што яго супрацьлеглы бераг здаваўся бледнай галубой тасьмой, дзе-нідзе перарванай зялёным гаем. Той від мора прыемна зачараваў даўняга марака. Крык і пад'ём белых крачак, ветразі рыбацкіх лодак у далечыне, пазней - рабізна вады пад парывамі ветру, згортванне яе ў невялікія хвалі, - дапоўнілі ілюзію. Шматлікая сям'я родных і дамачадцаў, стол з дастаткам, набраная з уласных слуг аркестра, а болей усяго - ветлівасць і гасціннасць гаспадара; знаходжанне ў тым доме было вельмі прыемным.

Ля чвэрці мілі ад дома паставіў маршалак Пуслоўскі прыгожы касцёл з абразамі ў алтарах, якіх мала ёсць у Літве. Акрамя гасціннага прыёма, добры гаспадар захацеў мне яшчэ паказаць цікавы не толькі на Літве, але і за яе межамі, горад Пінск. Тое падарожжа ў яго таварыстве было надта прыемным.

У панядзелак рана рушылі. За паўмілі ад Песак пачынаўся зараснік, званы Мхі; яго перасякае рака Ясельда з шкоднымі для сплаваў млынамі. Мястэчка Хомск, уладанне некалі Нарушэвічаў, пазней князёў Дольскіх, далей Вішнявецкіх і Агінскіх, змяшчае сёння найзначненшую ў Літве сукенную майстэрню, заснаванную маршалкам Пуслоўскім. Болей за 300 маладых сялян і сялянак працуе на ёй; вырабляюць да 1500 скруткаў сукна, ад рубля да 4 рублёў срэбных за локаць. У бок Хомска ёсць рэшты моцнага замку з назвай Забеж. У ім у 1706 годзе польская каманда астудзіла гарачнасць Карла ХІІ. Кароль, будучы без штурмавых гармат, не мог хутка ўзяць сілай тую крэпасць. На няшчасце, яму гэта ўдалося шляхам подкупу. Кіраваў у замку нейкі Ботман, немец, які знаходзіўся на нашай службе; ён за 2000 дукатаў прадаў замак і добрую славу. Калі адчынілі браму і Ботман, на чале войска, аддаў каралю ключы, Карл ХІІ не мог стрымаць сваёй пагарды да здрадніка і шпагай ударыў Ботмана па галаве.

Пераклад з польскай мовы
Мікалая Сінкевіча

На галоўную старонку