На галоўную старонку
 


А. П. Квітніцкая

Кляштар ў Картузскай Бярозе
(Друкуецца са скарачэннямі)

Да нас дайшлі толькі рэшткі колісь выдатнага комплексу мураваных будынкаў. Ад касцёла захавалася, ды і то не цалкам, званіца, якая даўней прымыкала да хору. Ацалелі рэшткі агароджы з некалькімі вежамі і некаторыя дваровыя будыніны. Ужо больш як сто год назад сцены касцёла былі ў расколінах, скляпенне ледзь ліпела. Аднак тады яшчэ можна было ўбачыць там-сям то кавалак сцяны з выдатнымі колісь упрыгожаннямі, то рэшткі цудоўнай разьбы па дрэве. У другой палове XII ст. разьбяром тут быў Аляксандр Фольтман, а мастаком - Харлінскі, манах-картэзіянец, які на сродкі кляштара атрымаў адукацыю ў Італіі.

У 1915 кляштар згарэў, а касцёл быў разбураны. Асталіся руіны касцёльнай вежы, захаваліся ўязная брама і фасадная частка кляштара.

У Цэнтральным дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве Масквы (ЦДВГА) захоўваюцца абмеркыя чарцяжы кляштара, ліквідаванага ў 1831 г. У 1835 г. у будынку былога кляштара вырашылі размясціць штаб пяхотнага палка. На адным з чарцяжоў ёсць адпаведны надпіс. Такім чынам, можна меркаваць, што чарцяжы былі зроблены недзе каля 1835 г. Яны выкананы вельмі прафесіянальна, абведзены тушшу і расфарбаваны акварэллю. Абмерныя чарцяжы складаліся з генеральнага плана кляштара, трох фасадаў і планаў першага і другога паверхаў.

Дадаткам да чарцяжоў можна лічыць не вельмі дакладны ў дэталях малюнак Напалеона Орды. Яшчэ больш зразумелыя стануць чарцяжы, калі супаставіць іх з апісаннем кляштара, зробленым Марыяй Папоўскай на падставе сабраных ёю шматлікіх дакументальных звестак.

Рэзідэнцыя картэзіянцаў мела "выгляд горада", акружанага ровам і ўмацаванага абарончай сцяной, на зломах якой размяшчаліся васьмігранныя крэпасныя вежы з байніцамі. У часы, калі будаваўся кляштар, шмат якія духоўкыя і свецкія рэзідэнцыі ўзводзілі на ўзор крэпасці.

Увесь картэзіянскі комплекс, уключаючы і касцёл, падзяляўся на дзве часткі: цэнтральную, прызначаную для самотнікаў (отшельников), і навакольныя будыніны, дзе жылі манахі, што трымалі сувязь са знешнім светам: вярхоўныя манахі на чале з прыёрам-ігуменам кляштара, простыя манахі, што выконвалі ўсю цяжкую работу ў кляштары, і паслушнікі.

Самотнікі жылі ў 15 асобных мураваных дамках, што выходзілі да калідора, які акаймоўваў прамавугольны двор. Кожны дамок меў тры пакоі: спальню, малельню і рабочае памяшканне (манахі-самотнікі сталярнічалі, перапісвалі і перапляталі кнігі). Ля кожнага дамка быў невялічкі палісаднік з кветкамі, пасярод палісадніка - студня.

Ежу самотнікам перадавалі праз адмысловы зігзагападобны канал, размешчаны ў сцяне, павернутай да калідора; самотнікі не бачылі не толькі твару, але нават і рук чалавека, які прыносіў ежу. Манахі шмат часу аддавалі малітвам, прыхопліваючы нават і ночы.

Кожны дамок з палісаднікам быў абгароджаны высокай сцяной: нават з кляштарнага саду ніхто не мог убачыць самотніка. У касцёл яны так-сама ішлі праз спецыяльны ход, дзе іх ніхто не бачыў. Касцёл быў падзелены на дзве часткі: для самотнікаў і для звычайных набожных людзей, якія маліліся ў пярэдняй частцы касцёла, ля галоўнага уваходу.

Правіламі ордэна каталіцкі аскетызм быў даведзены да самай крайняй мяжы. Толькі ў нядзелю і ў святочныя дні самотнікі маглі выходзіць у кляштарны сад, бываць у агульнай трапезнай і размаўляць.

Капліца. Малюнак А. Маразюка

Капліца. Малюнак А. Маразюка

Касцёл картэзіянцаў уяўляў сабою велічную трохнефную базіліку. Відаць, італьянскі архітэктар, які будаваў касцёл, дагаджаў густам картэзіянцаў, што прыехалі з-пад Гданьска - горада, у якім на той час моцна адчуваўся ўплыў нідэрландскага барока. (З Нідэрландамі Гданьск падтрымліваў інтэнсіўныя гандлёвыя сувязі). Тагачасная гданьская мода адчуваецца найперш у касцельнай вежы, размешчанай, як у барочных цэрквах Бельгіі, за хорам галоўнага нефа. Дэкор касцёла таксама прымушае ўспомніць накладныя дэкаратыўныя аздабленні нідэрландскай архітэктуры, якія падзяляюць на часткі асноўнае поле будынка. Фасад падзелены пілястрамі, нішамі і гарызантальнымі цягамі; вокны і нішы акаймаваны даволі складанай ліштвою. Невялічкія вежы на фасадзе нагадваюць фіялы бельгійскіх цэркваў. Перад уваходам у касцёл - гранёны бабінец, асаблівасць, характэрная для беларускіх храмаў. Вежа-званіца, размешчаная ззаду касцёла, здзіўляе сваёй масіўнасцю. Спіральная лесвіца, што вяла на званіцу, была схавана ў тоўшчы сцяны, пакідаючы вольнымі міжпаверхавыя перакрыцці, на якіх у час бою маглі размяшчацца абаронцы. Магчыма, вежы-званіцы прызначалася некалі роля данжона - апошняга сховішча абаронцаў кляштара-крэпасці.

Калі касцёл разам з дамкамі - келлямі самотнікаў - ствараў рэгулярна спланаваны комплекс будынкаў, дык астатнія збудаванні выклікалі ўражанне выпадкова пастаўленых адно ўзбоч другога.

Праз масіўную галоўную браму з байніцамі наведнік трапляў на вялікі прамавугольны падворак, утвораны двухпавярховымі будынкамі рознага прызначэння. Паабапал галоўнай брамы месціліся аптэка, аптэкарскі склад і гасціная. Пад прамым вуглом да гэтых будынкаў размяшчаўся шпіталь-багадзельня на 1О чалавек. Аптэка паявілася тут у 1744 г., шпіталь - у 1748 г. Што было раней на іх месцы - невядома. Далей, з правага боку ад брамы, на другім паверсе былі пакоі ўладароў кляштара, а на першым - калідор, які вёў да келляў самотнікаў, а таксама летняя і зімовая трапезныя і "посная" кухня (манахі не елі мяса і сала). У сутарэнні быў прадуктовы склад.

З левага боку ад брамы стаяў двухпавярховы палац Сапегаў. Тут жылі, прыязджаючы ў кляштар, фундатар з сям'ёю. Над уваходам у палац была адмысловая капліца. У тыя даўнія часы беларускія і польскія магнаты, што падтрымлівалі сваімі сродкамі той або іншы кляштар, мелі за звычай падоўгу гасцяваць у манахаў. Таму непадалёк ад палаца ў Бярозе стаяла спецыяльна збудаваная "мясная" кухня. Характэрна, што вялікая карціна, на якой былі намаляваны ўкленчаны Казімір Леў са сваёй сям'ёю, вісела на самым ганаровым, "святым" месцы касцёла - у вялікім алтары.

На процілеглым ад галоўнага ўваходу баку размяшчаліся келлі звычайных манахаў, што абслугоўвалі кляштар. Найчасцей гэтыя манахі (амаль усе) былі непісьменныя. Нават сваім адзеннем, шэрым, кароткім, яны моцна розніліся ад астатніх манахаў, апранутых у доўгія белыя шарсцяныя расы з вялікімі капюшонамі. Абапал келляў звычайных манахаў месціліся розныя службы і майстэрні.

З двух бакоў да келляў манахаў-самотнікаў прымыкалі рэгулярна распланаваныя сад і гарод, за якія адказваў сдоўнік, што меў таксама асобны невялічкі дом. У далёкім кутку саду была вялікая сажалка, у якой гадавалі рыбу на посны стол; улетку вадою з сажалкі палівалі грады. У цэнтры забрукаванага двара была студня з помпаю.

Увесь комплекс кляштарных будынкаў уяўляў сабою феадальны маёнтак, заснаваны на прыгоннай працы. Ад іншых кляштараў картэзіянскі комплекс розніўся толькі келлямі манахаў-самотнікаў і своеасаблівай структурай інтэр'ера касцёла, што таксама было прадыктавана неабходнасцю адасабляць самотнікаў.

Па-сапраўднаму карысталіся ўсімі дабротамі жыцця ў кляштары толькі некалькі галоўных манахаў, у чыіх руках было ўсё кляштарнае багацце. Яны не грэбавалі нават ліхвярствам, з асабліваю ахвотаю даючы грошы пад заклад маёнткаў. Так, напрыклад, ужо ў 1666 г. пазычылі Сапегам 39 тыс. злотых пад заклад двух маёнткаў у Гродзенскім павеце.

Звонку самай прыгожай часткай кляштару быў падыход да галоўнага ўваходу ў касцёл. Якраз гэтае месца і паказана на малюнку Н. Орды: заходні, найбольш упрыгожаны фасад касцёла і пад вуглом да яго - парадная ўязная кляштарная брама, дэкараваная падобна касцёлу. Хоць касцёл размешчаны ў кутку малюнка, ён - асноўны кампанент ансамбля, дзякуючы сваім памерам і пышнаму дэкору. На другім плане вылучаўся фасад лёгкай, прарэзанай аркадамі аранжарэі, за якою ўзвышалася самая магутная абаронная вежа. Розныя вышынёй і даўжынёй збудаванні гэтай часткі комплексу, скампанаваныя вакол напаўзамкнутай плошчы ля касцёла, мелі выгляд гарадскога ансамбля. Маляўніча размешчаныя будынкі аздабляла зеляніна саду, што падыходзіў да самай агароджы.

Магутныя крапасныя вежы з байніцамі, што стаялі ўздоўж усёй агароджы, былі, як і касцёл, падзелены на часткі плоскімі гарызантальнымі і вертыкальнымі цягамі. Аднолькавы дэкор надаваў адзінства ўсім часткам кляштара.

На адным з участкаў крапасной сцяны захавалася дагэтуль капліца ў выглядзе масіўнай калоны, на вяршыні якой прымацаваны невялікі ліхтар з абразом св. Бруна, заснавальніка картэзіянскага ордэна. Падобныя капліцы былі калісьці шырока распаўсюджаны на тэрыторыі краю. А яшчэ большае распаўсюджанне мелі драўляныя капліцы. Гэтая традыцыя ідзе ад паклонных крыжоў, якія звычайна ставілі па абяцанні, у ахвяру. Збудаванне капліцы значыла сабою пэўную падзею: канец пошасці, неўраджаю і г.д. Часам капліца нагадвала нават касцёл у мініяцюры.

"Помнікі гісторыі і культуры Беларусі"
№ 4, 1973 г.


Заўвага

Цікавы, грунтоўны артыкул. Але, сярод досыць падрабязнага апісання пабудоў кляштара і манаскага жыцця, прыцягвае ўвагу адзін сказ. Вось ён: "У 1915 г. кляштар згарэў, а касцёл быў разбураны." Усё атрымліваецца вельмі проста, калі не ведаць таго, што і кляштар , і касцёл былі разбураны па загаду царскіх улад на паўстагоддзя раней - у 1860-70 гг., а з іх цэглы пабудаваны затым Чырвоныя казармы. Сумніўна, што такой даследчыцы, як А. Д. Квітніцкая не быў вядомы сапраўдны лёс кляштара. У гэтым выпадку мы сустракаемся са свядомай фальсіфікацыяй гістарычных фактаў, што і ня дзіўна - артыкул напісаны ў 1973 годзе.

А разбуранне працягваецца і па сённяшні дзень. На фотаздымках 1970-х гадоў уцалелыя кляштарныя пабудовы стаяць яшчэ з дахамі. Зараз дахаў ужо няма. Як і няма каплічкі, якую Вы бачыце на малюнку, але ў тым жа 1973 г. маглі бачыць і на кляштарных мурах.

На галоўную старонку