На галоўную старонку
 


Краіна замкаў



Палац Пуслоўскіх, Косава, 1938 Палац Пуслоўскіх, Косава, 1938

І яшчэ - цэркваў, касцёлаў, вежаў, манастыроў. Знатных ваяроў, рыцараў, волатаў, вольных грамадзян. Менавіта так можна было назваць Беларусь у мінулым...

Сапраўды, калі падарожнічаеш па краіне сёння, то на кожным кроку сустракаеш помнікі былой велічы, магутнасці і заможнасці. Некаторыя з іх уцалелі ў віхуры войн, былі рэстаўрыраваныя і знаходзяцца ў адносна добрым стане. Але большасць дайшла да нашага часу ў выглядзе руін. Ад некаторых засталіся толькі земляныя валы ды падмуркі. Ад іншых - крыху болей.

Да ліку апошніх можна аднесці косаўскі палац Пуслоўскіх. Пабудаваны ў стылі англійскіх замкаў, схаваны зараз у маладым сасняку, што вырас на месцы колішняга парка, ён і цяпер уражвае падарожніка сваёй нейкай казачнай узнёсласцю, раптоўпа пераносіць яю ў сярэднявечча. Гэтай мэты, відаць, і хацеў дасягнуць заснавальнік палаца Вандалін Пуслоўскі. А стварыць праект яму дапамаглі знакамітыя архітэктары Францішак Яшчалд і Ўладыслаў Марконі. У 1838 годзе воля першага і талент двух другіх пераўтварыліся ў гэты неагатычны цуд.

На здымках, зробленых праз стагоддзе, у 1938 годзе, вы бачыце палац усё такім жа прыгожым, багата аздобленым. А праз чатыры гады, у 1942-м, ён будзе спалены партызанамі. Чым яны кіраваліся, здзяйсняючы замах на не проста хараство, а архітэктурны помнік, - невядома. Стаяць толькі сёння, бы маўклівы дакор нашчадкам вольных грамадзян, тыя каменныя муры. І нікому няма да іх справы ў былой краіне замкаў, у сённяшняй краіне руін.

Рэдактар

На галоўную старонку