На галоўную старонку
 


В.А. Сцяпановіч:
"Я ганаруся сваёй школай"

13 чэрвеня Першамайская сярэдняя школа Бярозаускага раёна адзначае своеасаблівы юбілей - 50-ы выпуск. 3 нагоды гэтай падзеі сваімі успамінамі аб школе дзеліцца былы яе выпускнік, а цяпер - рэктар Брэсцкага Дзяржаунага Універсітэта Сцяпановіч Васіль Аляксеявіч.

- Васіль Аляксеявіч, калiсьцi Вы былі вучнем Першамайскай школы, сёння Вы - рэктар Брэсцкага Дзяржаўнага Ўніверсітэта. Таму цікава было б пачуць Вашыя ўражанні аб гадах свайго вучнёўства.

- Я вучыўся ў Першамайскай школе ў 1951-61 гг. Самыя яркія ўражанні звязаны перш за ўсё з імёнамі маіх настаўнікаў. I я лічу, што школа была маёй другой сям'ёй, акрамя той першай, у якой я вырас. Ведаў, якія я набыў у школе, аказалася дастаткова, каб атрымаць вышэйшую адукацыю, знайсці сябе ў навуковай працы.

3 вялізным задавальненнем успамінаю ўсіх маіх першых настаўнікаў яшчэ па пачатковай школе. Гэта Марыя Антонаўна Барушка, Вольга Іосіфаўна Осіпава, Яўгенія Міхайлаўна Цюшкевіч, Надзея Пятроўна Пукала. У розныя гады ўсе яны вучылі мяне ў пачатковых класах. Імёны ўсіх пералічыць зараз наўрад ці магчыма, але я іх вельмі часта ўспамінаю. Добра памятаю таксама ўрокі, якія давалі Іван Міхайлавіч Шляпін, Лідзія Матвееўна Цюшкевіч, Уладзімір Васільевіч Савельеў, Ганна Аляксандраўна Торапава, Вольга Ільінічна Канасевіч, Іван Аляксандравіч Букрэеў...

- Школа неяк паўплывала на выбар Вашай прафесіі?

- У прынцыпе, не. Мне доўга прыйшлося шукаць свой шлях. Паступіў я на хімічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, затым абставіны вымусілі мяне пераехаць у Брэст. Але хімічнага факультэта ў нас не было, таму прышлося вучыцца на матэматычным. Скончыў яго я з адзнакай, хоць не магу сказаць, што матэматыка ў школе была маім любімым прадметам. Мне болей падабаліся гуманітарныя дысцыпліны: біялогія, хімія, мовы. Але так склаўся лёс... Стаў матэматыкам, а пасля заканчэння ВНУ абараняў дысертацыю па філасофіі. На працягу дваццаці год займаўся самымі рознымі праблемамі. Сёе-тое зрабіў, сёе-тое напісаў. Быў на розных пасадах кіраўніцтва педінстытутам, які з'яўляецца маім равеснікам. Нядаўна вярнуўся са Злучаных Штатаў, дзе знаходзіўся па праграме вывучэння вопыту кіравання амерыканскімі ўніверсітэтамі.

- Ці можна, на Ваш погляд, неяк параўнаць тую, Вашую, школу са школай сучаснай?

- У кожнага пакалення свая школа і для кожнага яна - як бы самая лепшая. Параўноўваць нават не хацеў бы, бо лічу, што сучасныя школьнікі болей адукаваныя, чым мы калісці. Былі свае радасці і ў нашай школе. У чымсці было лягчэй, у чымсці - цяжэй. Але школа і тады і сёння, у маім уяўленні, гэта галоўны рэсурс нашай краіны, таму што з дапамогай сваёй адукаванасці нашае грамадства можа пераадолець усе цяжкасці, якія зараз маем. Гэта нават болей значны рэсурс, чым тыя, што знаходзяцца ў зямлі. Я маю на ўвазе карысныя выкапні. Таму я на поўнай падставе магу сказаць, што ганаруся сваёй школай. Яна дала нашай краіне шмат вядомых людзей, навукоўцаў. Не кожная гарадская школа можа пахваліцца такой плеядай вучоных, якія выйшлі з Першамайскай школы. Толькі з тых, што я ведаю, каля дваццаці кандыдатаў і дактароў, былыя яе выпускнікі. Некаторыя з іх працуюць і ў нашым універсітэце. Так, кафедрай лёгкай атлетыкі заведуе Аляксандр Сяргеявіч Галёнка, кандыдат педагагічных навук. Па лёгкай атлетыцы абараняе таксама кандыдацкую дысертацыю Віктар Рыгоравіч Ярашэвіч.

- І напрыканцы, Вашыя пажаданні Першамайскай школе.

- Мне даволі цяжка рабіць вывады аб сучасным стане школы. Я даволі даўно там ня быў. Але, калі азірнуцца ў гісторыю, то "Так трымацца!", падтрымліваць традыцыі, якія былі закладзены ў тыя гады, калі яшчэ я вучыўся ў Першамайскай школе.

- Дзякуй!

Размаўляў М. Сінкевіч

На галоўную старонку