На галоўную старонку
 


"О навагрудскі край - мой родны дом..."

Усё прагрэсіўнае чалавецтва ў верасні-снежні 1998 года будзе адзначаць 200-я ўгодкі з дня нараджэння вялікага паэта, імя якога ЮНЕСКА ўнесена ў спіс знамянальных дат. І хоць Адам Міцкевіч лічыцца польскім пісьменнікам, ён, як вядома, з'яўляецца ўраджэнцам Беларусі, які змалку спазнаў жыццё беларускага народа, ведаў яго вусную народную творчасць, культуру, высока цаніў яго мову, называў заўсёды сябе ліцвінам (што значыць беларусам), а Радзімай лічыў Літву (Вялікае княства Літоўскае). Такім чынам, у гэты юбілейны год наспеў час прызнаць класіка польскай літаратуры сваім таксама, як гэта было зроблена, напрыклад, з асобай паэта-лацініста ХVІ стагоддзя Міколы Гусоўскага. Відаць, неразумна вызначаць нацыянальнасць пісьменніка толькі па яго мове. Пара ўжо павучыцца ў тых самых суседзяў-палякаў, якія не адлучаюць ад сваёй культуры тых творцаў, што па розных прычынах пісалі па-нямецку, французску, ці англійску.

Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое:
Не цэнім, маючы, а страцім залатое -
Шкада, як і красы твае, мой родны краю.
Тугою па табе тут вобраз твой ствараю.

А. Міцкевіч. "Пан Тадэвуш".
(Пераклад Я. Семяжона)

0, мне дажыць бы да гэткай уцехі,
Каб мае трапілі кнігі пад стрэхі,
... Каб і мае ўзялі кнігі сялянкі,
Простыя кнігі, як іх калыханкі.

А. Міцкевіч. "Пан Тадэвуш".
(Пераклад М. Танка)

Такім бачылі Міцкевіча яго сучаснікі.

Вось якім убачыў упершыню паэта-выгнанніка Ў Швейцарыі тады малады польскі паэт Зыгмунт Красінскі: "11 жніўня 1830 года Міцкевіч вельмі ветліва мяне прыняў. Ён вельмі бледны і слабы, невысокага росту, з худым тварам, але з цудоўнымі спакойнымі меланхалічнымі рысамі... Халодны, пануры, выглядае вельмі разважлівым чалавекам..." Значна пазней, у Францыі, у 1849 годзе, рускі крытык Аляксандр Герцэн запомніў Адама Міцкевіча такім: "Шмат думак і пакутаў баразнілі яго хутчэй літоўскі, чым польскі воблік твару. Яго фігура, галава з пышнымі сівымі валасамі і стомленым поглядам выяўвлялі перажытае няшчасце, унутраны боль..."

З радавога дрэва Міцкевічаў.

Радавы герб "Порай"

Радавод Міцкевічаў бярэ пачатак з XVIII стагоддзя, калі прадзед пісьменніка са сваёю сям'ею пакінуў Лідскі павет і асеў на Навагрудчыне, дзе купіў невялікі фальварак. Паступова гаспадарка з-за падзелаў меншала, і род страціў усялякія доказы сваёй прыналежнасці да шляхты (дваранства).

Бацька Адама, Мікалай Міцкевіч, спачатку працаваў у якасці каморніка (чыноўнікам па зямельных справах), а пазней займаў пасаду адваката. Дзякуючы гэтай пасадзе ён дабіўся звання шляхціца. Маці, Барбара Маеўская, таксама была шляхцянкай. Гадаваць дзяцей бацькам дапамагалі нянька Гансэўская і стары слуга Блажэй.

Сям'я Міцкевічаў ганарылася і сваім радавым гербам пад назвай "Порай" - яркім сведчаннем іх шляхецтва. Аднак сама па сабе прыналежнасць да знатнага роду не давала сродкаў да існавання, таму пяцера сыноў Мікалая Міцкевіча здабывалі свой жыццёвы хлеб уласнай працай, сваім інтэлектам: Францішак служыў падпаручнікам, Адам быў настаўнікам і паэтам, Аляксандр юрыстам, Ежы - медыкам.

"Дзяцінства край, ты з намі да сканання,
чысты, светлы, як першае каханне..."

Нарадзіўся Адам Міцкевіч 24 снежня 1798 года, на куццю, напярэдадні каталіцкіх Каляд, у фальварку Завоссе (цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці).

Адам Міцкевіч Адам Міцкевіч

Праўда, дакладнае месца нараджэння канчаткова яшчэ не высветлена: называюць і вёскі Літоўка, і Асавец, але выбрана Завоссе. Тут, дарэчы, 11 верасня 1998 года адкрыўся музей-сядзіба паэта.

Дом Міцкевіча амаль нічым не адрозніваўся ад сялянскіх хат: "Высокая саламяная страха, ганачак на драўляных слупах, пад вокнамі ў агародчыку кветкі. Недалёка ад хаты свіронак, крыху збоку - прасторны хлявец. Побач высока ў неба нацэліўся калодзежны журавель. На прыгуменні бярозы, а за імі гумно. Палявая сцяжынка за гумном уздымаецца на ўзгорак, а адтуль накіроўваецца на навагрудскі гасцінец". Так апісаў фальварак у сваім нарысе беларускі літаратуразнавец Сцяпан Александровіч.

Па рэлігійным веравызнанні Міцкевічы былі католікамі. Свайго сына Адама бацькі хрысцілі 22 лютага 1799 года ў навагрудскім фарным касцёле, што быў заснаваны яшчэ ў XIV стагоддзі вялікім князем Вітаўтам. Пабудова захавалася да нашага часу і знаходзіцца побач з Замкавай гарой.

Вера ў Бога яшчэ больш умацавалася ў сямейнікаў Адама Міцкевіча пасля аднаго здарэння, якое расказаў свайму сябру А. Адынцу сам паэт. Аднойчы, калі Адам быў яшчэ зусім маленькі, ён незнарок выпаў з акна і страціў прытомнасць. Напалоханая няшчасцем, маці на руках з напаўжывым сынам пабегла маліцца да цудадзейнага абраза Замкавай святой дзевы ў Навагрудку. Пасля матчынай размовы з Богам хлопчык ажыў. Вось як сам Адам Міцкевіч упісаў гэтую гісторыю ў пачатак паэмы "Пан Тадэвуш":

Паненка, ... што горад замковы
бароніш Навагрудскі з верным ягоным жа людам!
Вось так, як мяне да здароўя вярнула ты цудам
(тады, як ад плакаўшай маці табе пад апеку
я ахвяраваны, падняў амярцвелу павеку
і зараз жа мог да святыняў тваіх да парогу
йсці пешкі, за вернута жыцце падзякаваць Богу),
так нас ты цудоўна павернеш пад родны блакіты...
(Пераклад Б. Тарашкевіча)

У 1804 годзе бацька будучага паэта з Завосся пераехаў у Навагрудак, дзе купіў маленькі домік. Праз тры гады Адам паступіў вучыцца ў навагрудскую школу (да сённяшніх дзён ад будынка захаваўся толькі падмурак), якая прымыкала да касцёла Святога Міхаіла. Кіравалі навучальным працэсам дамініканскія манахі. Скончыўшы школу, юнак атрымаў атэстат, у якім запісана: "Усім увогуле і кожнаму асобна, хто ведаць аб гэтым павінен, падаем, што спадар Адам Міцкевіч у нашай публічнай навагрудскай школе на працягу года шосты клас наведваў. Да ўсіх прадметаў адносіўся дбайна і старанна, вёў сябе прыстойна, а набожнасцю і беззаганнасцю свяціў".

Тут, у дамініканскай школе, пачалася дружба вялікага польскага паэта з будучым пачынальнікам новай беларускай літаратуры фалькларыстам Янам Чачотам. Сваю дружбу яны пранеслі праз усё жыццё. Не заўсёды хлапчукі былі ідэальнымі ў паводзінах: таксама лёталі па школьных калідорах, лупцавалі, бывала, па прычыне і без яе сваіх равеснікаў, карысталіся шыфраванай мовай у час адказу настаўніку, але дапамагалі адзін аднаму, стаялі адзін за аднаго гарой.

Ужо пазней, калі сябры былі студэнтамі, на дзень нараджэння Яна Чачота Адам склаў свой прывітальны верш, у якім з замілаваннем успомніў сумесныя гады вучобы і дружбы:

Яне! Музы наперабой бляск твайго верша ўслаўляюць,
Мне ж намагчы не хочуць - я сам заспяваю.
Са мной ты заўсёды - дома я ці ў прыволлі:
Каго ж больш люблю я, хто ж мілейшы мне болей?
Яшчэ на парозе жыццёвым, у голасе вуліц,
Адны ў нас навукі былі, перапалкі і гулі.
Хто ж, апроч нас з табой, Яне, гэтак сваволіў,
Што аж трэсліся сцены, бывала, у школе?
(Пераклад К. Цбіркі.)

У гады вучобы ў навагрудскай школе ў падлетка і зарадзілася цікавасць і любоў да літаратуры, творчасці. Выконваючы заданні настаўніка рыторыкі і паэтыкі, хлопчык шмат чытаў, пісаў байкі і эпіграмы. Свой першы верш Адам напісаў пад уражаннем вялікага пажару, які аднойчы здарыўся ў Навагрудку.

Дзіцячыя і юнацкія захапленні Адама.

З дзяцінства захапіўся Адам Міцкевіч гістарычным мінулым свайго краю. Па-першае, сведкам жывой гісторыі быў бацька хлопчыка - удзельнік паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам славутага генерала Тадэвуша Касцюшкі. Безумоўна, Мікалай Міцкевіч мог шмат цікавага расказаць свайму сыну і яго сябру Яну Чачоту. Пазней, вывучыўшы гістарычныя падзеі і факты, вялікі паэт напрыканцы свайго жыцця напіша славутую паэму ў гонар Касцюшкі і гераічных паўстанцаў - "Пан Тадэвуш".

Другой прычынай, відаць, былі гістарычныя славутасці роднага Навагрудка. Нямала яркіх падзей звязана з яго старажытнай Замкавай гарой, на якой дзесьці ў XII стагоддзі быў узведзены замак. У 1250 годзе ў горадзе князь Міндоўг прыняў хрысціянства, і да канца XIII стагоддзя Навагрудак становіцца сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Праўда, пасля шматлікіх войнаў на гары ад замка засталіся толькі разбураныя сцены. Яны пазней і натхнілі паэта напісаць паэму "Гражына", якая стала сапраўдным гімнам Навагрудку:

Ля Навагрудка, на ўздыбленых горах, -
Замак у месяца срэбным зіхценні;
Вал здзірванелы схаваўшы, сувора
Волатаў-вежаў ламаныя цені
Падалі ў роў, дзе між вечнай цясніны
Дыхалі воды, затканыя цінай.
(Пераклад С. Дзяргая.)

Адам са сваімі равеснікамі бегаў да замка, любаваўся яго вежамі, з цікавасцю слухаў аповяды дзядоў пра гераізм сваіх землякоў, што мужна адбівалі атакі татарскіх ордаў і крыжакоў. Усё гэта і нараджала ў душы падлетка гонар за свой свабодалюбівы народ.

Трэцяе, што абуджала ў Міцкевіча захапленне гісторыяй, гэта чытанне старажытных летапісаў і кніг у адной з найбагацейшых бібліятэк Беларусі - шчорсаўскай бібліятэцы графа Храптовіча. Тут, у Шчорсах, у паэта ўзнікла задума паэм "Гражына" і "Конрад Валенрод".

Беларуская народная песня і мова
ў жыцці паэта.

Паэтычная натура Адама Міцкевіча фарміравалася і на беларускіх народных казках, песнях, паданнях і легендах. З вуснай народнай творчасцю паэт пазнаёміўся значна раней, чым з польскай кніжнай літаратурай.

Таварыш па Віленскім універсітэце Ігнат Дамейка ўспамінаў пра зацікаўленні Адама і Яна: "Два нашы студэнты Навагрудскай школы з гадоў маленства добра ведалі наш літоўскі (г.зн. беларускі. - М.Ж.) люд, палюбілі яго песні, прасякнуліся яго духам і паэзіяй, да чаго, вядома ж, прычынілася і тое, што малое мястэчка Навагрудак не шмат чым адрознівалася ад нашых вёсак і засценкаў. Школьнае жыццё было, хутчэй, сельскае. Сябры хадзілі на кірмашы, yа царкоўныя ўрачыстасці, бывалі на сялянскіх вяселлях, дажынках і хаўтурах. У тыя школьныя часы ўбогая страха і народная песня распалілі ў абодвух першы паэтычны агонь. Адам хутка ўзнёсся да высокай сферы сваіх цудоўных твораў. Ян жа да смерці застаўся верны народнай паэзіі..."

Пад уплывам беларускіх паданняў пісьменнікам былі створаны балады "Свіцязь", "Свіцязянка", "Рыбка", "Курганок Марылі" і іншыя.

У свае творы Адам Міцкевіч шырока ўводзіў і беларускія словы: зажынкі, дасеўкі, вечарынка, покуць, рунь, бульба, пацеркі. глячок і іншыя. Паэт не толькі добра ведаў беларускую мову, мог вольна на ёй мець стасункі, але і высока цаніў яе: "...З усіх славянскіх народаў русіны, гэта значыць сяляне Пінскай, часткова Мінскай і Гродзенскай губерняў, захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рыс. У іх казках і песнях ёсць усё. Пісьмовых помнікаў у іх мала, толькі Літоўскі Статут напісаны іх мовай, самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай". І яшчэ: "На беларускай мове, якую называюць русінскай або літоўска-русінскай ... гаворыць каля дзесяці мільенаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваей дыпламатычнай перапіскі".

Чаму ж Адам Міцкевіч, які быў узгадаваны на глебе беларускасці, стаў пісаць па-польску?

Прычынай паслужыла, мажліва, тое, што ў сям'і Міцкевічаў практычна ўсе размаўлялі па-польску, - гэта было адметнай рысаю шляхецтва. Акрамя таго, у сувязі з трэцім, апошнім падзелам Рэчы Паспалітай (1795 г.) Беларусь была канчаткова далучана да Расіі. З гэтага часу афіцыйнай мовай на Беларусі стала руская. Улічваючы палітычнае становішча канца XVIII - пачатку XIX стагоддзяў, мастак слова, калі хацеў набыць сабе вядомасць, мусіў пісаць альбо па-руску, альбо па-польску. У адваротным выпадку яго магла напаткаць доля Паўлюка Багрыма, які не здолеў разгарнуць свой паэтычны талент.

Варта звярнуць увагу і на той факт, што апрача беларускай, польскай і рускай моў Адам Міцкевіч валодаў нямецкап, французскай, італьянскай, англійскай, лацінскай і грэцкай.

Характарыстыка гістарычнага адрэзка часу
канца XVIII - пачатку XIX стагоддзяў.

Як вядома, ход гістарычных падзей уплывае на індывідуальны лёс асобных людзей. Трэба зазначыць, што ў другой палове XVIII стагоддзя Рэч Паспалітая ўступіла ў эпоху Асветніцтва, што значна паўплывала на развіццё яе навукі і разняволянне грамадскай думкі. Усё гэта выклікала патрэбу сацыяльных, эканамічных і палітычных рэформ. Такія дэмакратычныя пераўтварэнні ў Рэчы Паспалітай не падабаліся суседнім манархічным дзяржавам, сустракаліся варожа. Манархі Расіі, Прусіі і Аўстрыі задумалі падзяліць між сабою радзіму Адама Міцкевіча. Гэтыя падзелы адбыліся ў 1772, 1793 і 1795 гадах. Палітыка гвалтоўнага захопу зямель Рэчы Паспалітай у прагрэсіўных людзей выклікала нацыянальна-патрыятычны рух за сваю незалежнасць і адзінства, што вылілася ў вызваленчае паўстанне 1794 года.

Як ужо адзначалася, бацька паэта, Мікалай Міцкевіч, прымаў непасрэдны ўдзел у паўстанні супраць прыгнёту расійскага самадзяржаўя. Паўстанне было падаўлена: многія са змагароў загінулі, трапілі ў ссылку, эмігравалі. Але бунтарскі рух у народа застаўся. Мікалай Міцкевіч стараўся выхоўваць у сваіх сыноў пачуццё патрыятызму. Незадоўга да сваёй смерці бацька вітаў у 1812 годзе ўступленне ў Польшчу Напалеона, спадзеючыся на хуткае вызваленне сваёй Радзімы. Вядома, што падлетак Адам і яго браты цікавіліся лёсам вялікай французскай арміі і на ўсё жыццё запомнілі ілюзіі бацькі аб вызваленчай місіі Напалеона ад расійскага прыгнёту.

У гэты напружаны гістарычны перыяд склалася нават так, што некаторыя беларусы добраахвотна далучаліся да французскай арміі (пераважна ўраджэнцы Віленшчыны і Навагрудчыны) і ішлі ваяваць з расійскім войскам, у складзе якога было таксама больш за сто тысяч беларусаў з Полаччыны, Віцебшчыны і Магілёўшчыны. Такім чынам, у Айчыннай вайне 1812 года пралівалася братняя кроў.

Філаматы і філарэты.

У 1815 годзе Адам Міцкевіч паступіў у Віленскі універсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, але праз год ён перайшоў на гісторыка-філалагічны, які скончыў у 1819 годзе. Ва ўніверсітэце будучы паэт атрымаў грунтоўную філалагічную адукацыю і заахвоціўся працамі і творамі сусветных філосафаў і пісьменнікаў. З цікавасцю чытаў Вальтэра. Русо, Шэкспіра, Гётэ, Байрана.

На той час Віленскі ўніверсітэт быў самай прэстыжнай навучальнай установай, у якой лекцыі студэнтам чыталі вядомыя вучоныя і грамадскія дзеячы. Некаторыя з іх пазней стануць актыўнымі ўдзельнікамі паўстання 1830-1831 гадоў.

У гады вучобы ва ўніверсітэце Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ігнат Даменка і іншыя студэнты - ураджэнцы Навагрудчыны - уваходзілі ў тайнае таварыства філаматаў - сяброў навукі, якое затым было перайменавана ў таварыства філарэтаў - сяброў дабрачыннасці. Як вядома, усе тайныя арганізацыі строга забараняліся царскімі ўладамі, таму філаматы і філарэты былі вельмі асцярожнымі ў падборы новых членаў. Прымаліся самыя надзейныя і здатныя да навукі і творчасці студэнты. Таму таварыства было нешматлікім: спачатку ў яго ўваходзіла 19 чалавек, пазней - 26.

Першапачатковую мэту сваёй арганізацыі філаматы бачылі ў маральным выхаванні асобы і аказанні ўзаемнай дапамогі ў набыцці адукацыі:

... Коварство, ложь, тунеядство -
Об этом средь нас ни звука.
Основа нашего братства:
Отчизна, доблесть, наука.
(А. Міцкевіч. "Песня Адама".)

Затым, у 1818 годзе згодна з новым статутам задачы таварыства пашыраліся - усебакова займацца краязнаўствам і весці культурна-асветніцкую працу сярод насельніцтва, агітаваць моладзь у тайныя патрыятычныя згуртаванні з мэтай будзіць у народа імкненні змагацца з расійскім царызмам.

Збіраліся студэнты-аднадумцы недалека ад Тугановічаў ва ўрочышчы Кут ля вялізнага каменя, які меў даўжыню каля чатырох метраў, вышыню - каля трох і шырыню - каля двух метраў. За валуном да сённяшняга часу замацавалася назва "камень філарэтаў".

На жаль, дзейнасць членаў таварыства філаматаў і філарэтаў была выкрыта царскімі ўладамі. У І823 годзе пачалося следства, Адам Міцкевіч, Ян Чачот і іншыя члены былі арыштаваны і зняволены. Дваццаць удзельнікаў асуджаны і сасланы ў ссылку ў глыб Расійскай імперыі. Такі лёс напаткаў і Міцкевіча, які ў 1824 годзе вымушаны быў назаўсёды пакінуць сваю Навагрудчыну, родную Літву-Бацькаўшчыну.

"Ніколі, нідзе не магу я растацца з табою!.."

Ніколі, нідзе не магу я растацца з табою!
Ідзеш ты па моры, па сушы ў дарогу са мною,
Сляды твае бачу па схілах, высокіх і слізкіх.
І чую твой голас у шуме каскадаў альпійскіх;
Наўкол азірнуся, і страх валасы падымае:
Баюся сустрэцца з табой, але прагна жадаю...
(Пераклад М. Калачынскага.)

Гэтыя пранікнёныя радкі паэта прысвечаны Марыі Верашчацы, дачцы шляхціцаў з Туганавічаў. Сюды ўпершыню Адам Міцкевіч

Марыля Верашчака Марыля Верашчака

прыехаў са сваім сябрам і калегам па Віленскім універсітэце Тамашам Занам, які быў знаёмы з Міхалам і Юзафам Верашчакамі - братамі Марыі. Юнакі прыехалі ў Туганавічы якраз у дзень імянінаў Марыі - у жніўні 1820 года. Для каталіцкай дзяўчыны гэта быў дзень, калі яна ўшаноўвала свайго анёла-ахоўніка, хаця нарадзілася Марыя, як і Адам, 24 снежня, толькі ў 1799 годзе. (Ці не знак гэта лёсу?)

Марыля (так называў яе паэт) была адукаванай і вельмі шматграннай натурай: яна шмат чытала (па-французску - у арыгінале), ведала яшчэ нямецкую і італьянскую мовы, пісала вершы і п'есы, іграла на фартэпіяна. Захапленне дзяўчыны беларускімі народнымі песнямі перадалося і закаханаму ў яе Адаму, які любоў да вуснай беларускай творчасці захаваў на ўсё жыццё.

Ігнат Дамейка ўспамінаў: "Яна не была прыгожай, у тым значэнні слова, якое звычайна прыдаюць яму людзі: невысокая, з круглым тварам, вялікімі блакітнымі вачыма і светлымі валасамі, мела незвычайную прывабнасць у вуснах і поглядзе... Яе прыгажосць была не ў форме, але ў душы". Відаць, унутраная духоўная прыгажосць дзяўчыны і захапіла Адама. Адам і Марыя шмат гулялі па алеях Туганавіцкага парка, разам чыталі і абмяркоўвалі вершы, раманы, разважалі пра спрадвечны сэнс жыцця. Да сённяшняга дня яшчэ эахавалася старая ліпавая альтанка, дванаццаць высажаных у круг ліп, якія нагадваюць пра тое далёкае каханне:

Альтанка! Шчасця майго калыбель і магіла!
Тут спаткаўся, тут і развітаўся...
(А. Міцкевіч. "Дзяды")

Так, закаханыя не змаглі злучыць свае лёсы: гэтаму была перашкодай недастатковая матэрыяльная забяспечанасць маладога паэта. Бацькі выдалі дзяўчыну замуж за багатага графа.

Вобраз Марылі Верашчакі знайшоў сваё адлюстраванне ў такіх вершах Міцкевіча, як "Да М..." ("Прэч з воч маіх..."), "Да *** (Марылі)", "Няўпэўненасць", "Сон", "Курганок Марылі", "Сябрам", "Люблю я" і іншых.

Зразумеўшы, што каханне страчана, у кастрычніку 1822 года паэт піша замужняй Марыі наступнае пісьмо: "...Каханая Марыя, я цябе шаную і абагаўляю, як багіню. Каханне маё такое ж бязвіннае і нябеснае, як і сам яго прадмет... Ты мой анёл-захавальнік усюды прысутны... Але я не магу ўтрымацца ад страшэннага хвалявання, калі ўспамінаю, што я страціў цябе назаўсёды, што я буду толькі сведкам чужога шчасця, што ты забудзеш мяне; часта ў адну і тую ж хвіліну я малю Бога, каб ты была шчаслівая, хаця б і забылася пра мяне, і адначасова гатоў закрычаць, каб ты памерла... разам са мной!... Дарагая, адзіная мая! Ты не бачыш прорвы, над якой мы стаім!.."

Толькі на трыццаць шостым годзе жыцця, калі паэт знаходзіўся на эміграцыі ў Парыжы, ён ажаніўся на Цэліне Шыманоўскай. У іх сям'і народзіцца шасцёра дзяцей. Першую дачку Адам Міцкевіч назаве Марыяй.

"Калі ж дазволіш, Божа, мне ў той край вярнуцца з
выгнання горкага, каб дома апынуцца..."

Як ужо адзначалася, настаўнік Ковенскай павятовай школы і паэт Адам Міцкевіч быў высланы з Літвы ва "ўнутраныя" губерніі Расіі. У 1824 годзе ён назаўсёды пакідае сваю Навагрудчыну і становіцца эмігрантам. Спачатку паэт па этапе прыехаў у Пецярбург. Тут ён пазнаёміўся і зблізіўся з паэтамі-дзекабрыстамі К. Рылеевым і А. Бястужавым. За пяць гадоў вандравання па Расіі пісьменнік наведаў яшчэ Крым, Адэсу і Маскву.

Восенню 1826 года ў Маскве Адам Міцкевіч пазнаёміўся з А. С. Пушкіным, які толькі што вярнуўся з міхайлаўскай ссылкі, куды быу сасланы пасля падаўленага паўстання дзекабрыстаў (1825 год). "Два поэта встретились,

Цэліна Шыманоўская Цэліна Шыманоўская

как два брата. Поэзия н большая взаимная симпатия сблизили их. Особенно восхищали Пушкина изумительные импровизации Мицкевича... Во время одной из таких импровизаций в Москве Пушкнн, в честь которого был дан этот вечер, вдруг вскочил с места и, ероша волосы, почти бегая по зале, воскликнул: "Какой гений! Какой священный огонь! Что я рядом с ним!" И, бросившись Адаму на шею, обнял его и стал целовать, как брата..." - пісаў у сваёй кнізе "Всё волновало нежный ум" А. Гесэ.

У 1829 годзе Адам Міцкевіч пакідае Расію і спешна адпраўляецца ў Заходнюю Еўропу, дзе праводзіць астатнія 26 гадоў свайго жыцця. Пісьменнік некаторы час жыў у Германіі, Францыі, Швейцарыі, Італіі, Турцыі.

За мяжою сродкі на сваё існаванне, а таксама сваей сям'і паэт здабывае пераважна выкладчыцкай дзейнасцю: чытае курс лекцый па лацінскай літаратуры ў Лазане (1839 г.), выкладае славянскія літаратуры ў Калеж дэ Франс у Парыжы (1840-1844 гг.),рэдагуе газегу "Трыбуна народаў" (1849 г.).

У 1848 годзе А. Міцкевіч едзе ў Італію, каб садзейнічаць арганізацыі з эмігранцкай моладзі легіёнаў для барацьбы з Аўстрыйскай імперыяй. Паэт і патрыёты-эмігранты дапамагалі вызваляць не толькі італьянцаў, але і іншыя народы, перш за ўсё славянскія. Міцкевічаўскі легіён абараняў ад французскай арміі і вольны Рым.

У час Крымскай вайны(1853-1856 гг.) Міцкевіч выязджае ў Канстанцінопаль з мэтай сфарміраваць легіёны для барацьбы з Расіяй на баку Турцыі. Але тут ён захварэў на халеру і 26 лістапада 1855 года памёр. У 1856 годзе прах Міцкевіча быў перавезены ў Парыж, а ў 1890 - у Вавельскі замак у Кракаве.

Мікола Жуковіч,
дырэктар сярэдняй школы №1 Бярозы Брэсцкай вобласці,
лаўрэат абласнога конкурсу "Настаўнік года-92".
"Настаўніцкая газета" 29 жніўня 1998

Друкуецца са скарачэннямі.


Яўген Савельеў

Паэт заўсёды бунтар

Пясняр ці паэт,
Верш ці трыялет?..
Мелодыя гучыць праз вякі
Адзін з Расеі,
Другі ў Літве
Праўдзе спявае гімн.

   0 Адаме, славуты польскі паэт,
   Чаму ж ты славіў Літву?!
   Аляксандр Сяргеевіч,
   Стварыўшы "санэт",
   Пецярбургу сказаў: "Adieu".

Слова зброя
На вайне за душы:
Калі моцнае - трапіць у цэль:
Закон Сусвету ніхто не парушыць,
Калі на Пегасе паэт.

   Мінаюць стагоддзі
   Над возерам Свіцязь,
   І мара аб шчасці жыве.
   Як вечнае Слова
   Да Ісціны кліча -
   Сапраўдны паэт не памрэ!

Паэт заўсёды бунтар,
Дзе б ён ні быў, дзе б ні жыў:
Адам - за Літву змагар,
Аляксандр - сумленне Расеі...
А паэту цар - толькі Бог,
Песняру Айчына - Свабода!
Праз пакуты цярнёвых дарог
Адраджэнне Душы народа.

На галоўную старонку