На галоўную старонку
 


Вацпаў Чарнецкі

У Бярозе Картузскай

Знаходжуся ў Бярозе Картузскай. Не ў якасці "палітычнага злачынцы" ці "разбуральніка" грамадскага ладу, але як журналіст, што прагне пабачыць, як той лагер выглядае зблізку.

У адлегласці 324 км ад Варшавы ў трохкутніку паміж Брэстам, Пінскам і Баранавічамі ляжыць мястэчка Бяроза Картузская. Убогая, брудная, яўрэйская мясціна з небрукаванымі вуліцамі, рынкам, на якім стаяць вялікія лужыны багна ды ходзяць козы, гэта месца, куды сагнаны з усёй Польшчы людзі. "небяспечныя" для ладу і парадку. Першая мая сустрэча з кандыдатамі ў лагер адбылася ў Брэсце на станцыі, у тым гістарычным Брэсце, дзе калісь ужо было заснавана крыху іншае "мейсце одособненя".

Перад ад'ездам цягніка на пероне на некалькі хвілін утварылася мітусня. Праз бакавыя дзверы вакзала ўвайшла група людзей ў атачэнні паліцэйскіх. "Вязняў" было чацьвёра, паліцэйскіх каля сямі. Хутка да вагона 3-га класа правялі цэлы шэраг людзей. Палова гэтага вагона адведзена пад арыштантаў і строга ізалявана ад астатніх пасажыраў. Не змог ўсё добра разглядзець, бо экспедыцыя адбывалася нязвыкла шпарка, здолеў толькі заўважыць, што ў большасці гэта маладыя людзі і, што толькі адзін з іх нёс пад пахай нейкі клунак. Астатнія - ва ўбранні без паліто і шапак.

З'яўленне гэтай групы зрабіла вялікае ўражанне. Людзі замоўклі і разглядалі ідучых. Калі арыштаваныя і паліцыя зніклі ўнутры вагона, пачуў ля сябе голас:

- Штодзённа прывозяць іх па некалькі дзесяткаў асоб. Сёння выключна мала.

У вагоне каля мяне сядзелі дзве пані. Заплаканыя. Кандуктар правяраў білеты, аказалася, што яны едуць да Бярозы Картузскай. У хуткім часе гэтае багністае мястэчка стане месцам паломніцтва з усёй Рэчы Паспалітай.

Даехалі да месца. Станцыя "Бяроза Картузская" аддаленая ад горада на 5 кіламетраў і мае ўласную назву "Блудзень". Убогія палескія хаткі.

Паліцэйскія выправаджаюць арыштаваных з вагона. Адзін з канваіраў ачышчае перон ад публікі, астатнія абкружылі адзінаццаць вязняў шчыльным колам.

Штыкі на карабінах, засяроджаныя твары, па ўсім відаць, што паліцэйскія гатовыя выкарыстаць зброю ў выпадку нават найменшага "падазронага руху".

Сядаю на сялянскі воз і еду да Бярозы. Па дарозе мінаю вязняў. Толькі цяпер магу іх добра разглядзець. Усе брудныя, няголеныя, але горда глядзяць уперад. У аднаго на галаве студэнцкая шапка, а да лацкана пінжака прышпілены "гладыёлус" - знак O.N.R. Відавочна, што забылі загадаць зняць яго.

Сярод падканвойных ёсць два старэйшыя чалавекі гадоў каля сарака. З выгляду падобныя на ўкраінскіх сялян. Ёсць таксама тры яўрэя. Астатнія - людзі маладыя, па дваццаць з нечым гадоў. Дапытліва ўглядаюцца ў мяне, быццам жадаюць нешта сказаць, але, відавочна, іх стрымлівае грозны канвой. Я таксама не магу адазвацца да іх, бо селянін, што мяне вязе, папярэдзіў - за спробу размаўляць з падканвойнымі - арышт.

У адлегласці кіламетра ад Бярозы Картузскай на шашы відзён нейкі натоўп. Пад'язджаю бліжэй і бачу перад сабой працуючых жыхароў "лагера".

Пан прэм'ер Казлоўскі заявіў, што "ізаляваныя" будуць працаваць. Так яно і ёсць.

Па абодвух баках шашы знаходзяцца каля 70 чалавек. Кожны трымае лапату ці молат і працуе на рамонце шашы. Усе вязні ў сваім адзенні, а дакладней - у лахманах. Нягледзячы на тое. што надвор'е вельмі гарачае, большасць паздымалі кашулі і працуюць напалову цела распранутымі. Некалькі чалавек замест убрання маюць толькі кароткія штонікі.

Сярод працуючых вельмі шмат маладых хлопцаў, што могуць мець навышэй дваццаць годоў, а ёсць і людзі за пяцьдзесят год! Худыя, бледныя, відаць, не хапае ім сілы для гэтай цяжкай працы. Некаторыя штохвілінна папраўляюць акуляры, якія спадаюць пры капанні рова і выкіданні зямлі.

Канвой маюць добры. На каждых 2-3 працуючых прыходзіцца адзін паліцэйскі, што стаіць у іх за плячыма і таксама мае штык на карабіне. За імі правільным паўколам, у густым ланцугу праз 5-6 крокаў, абкружаюць іх другія паліцэйскія. Пільнуюць вязняў аж двайным кардонам.

З абодвух бакоў шашы стаяць паліцэйскія на конях.

Калі воз, на якім я ехаў, параўняўся з групай вязняў, адзін з паліцэйскіх падскочыў да мяне і загадаў:

- Праязджаць хутчэй, не разглядаць!

Вознік сцебануў каня. Пад'язджаем да горада.

Што бачыў наш карэспандэнт.

На ўездзе ў горад пружанскай шашой стаіць белы паркан высатой каля 4-х метраў. Па верху паркана ў два ярусы працягнуты калючы дрот. Паркан аддзелены ад дарогі дротам, у "калідоры" між парканамі і дротам праходжваюцца паліцэйскія з карабінамі, да якіх прычэплены штыкі.

За гэтым парканам месціцца ізаляцыйны лагер, які афіцыйна называецца "Мейсцэм одособненя".

Гэта вялікая тэрыторыя плошчай некалькі гектараў. Тут жа за парканам узвышаецца вялізны трохпавярховы будынак з чырвонай цэглы, выкананы ў казарменным стылі. Будынак прасторны, франтальная сцяна налічвае 32 акны на кожным паверсе, столькі ж вокан і з тылу. Па шырыні дом мае 5-6 вокан.

Перпендыкулярна да галоўнага будынку ляжыць другі казарменны дом такой самай велічыні. Ззаду, за казармамі, ёсць яшчэ нскалькі таксама трохпавярховых драўляных дамоў.

Перад вайной у гэтых будынках размяшчалася расійская армія, некалькі год таму - школа падхарунжых рэзерву.

"Мейсцэ одособненя" можа ўмясціць каля трох тысяч чалавек.

Вознік, які вёз мяне ад станцыі, не хацеў ехаць дарогай ля галоўнай брамы лагера. Баяўся. Сказаў, што завязе мяне бакавой дарогай каля могілак.

Але акалічнасці спрыялі мне: тут жа за станцыяй нас затрымаў нейкі мяснік і ўручыў майму возніку кош з мясам, прызначаным для паліцэйскіх.

- Мусіш гэта завезці зараз да лагера, бо там чакаюць! - паведаміў ён.

Воляй-няволяй, мусіў селянін ехаць каля галоўнай брамы і даставіць кош паліцэйскім. Такім чынам, скарыстаўшы аказію, я пад'ехаў да самога лагеру.

Ля брамы працавала другая партыя вязняў. Воз спыніўся побач з імі.

З-за таго, што ніводзін з паліцэйскіх не захацеў пакінуць пост і занесці кош у лагер, бедны селянін мусіў зрабіць гэта сам. Ён знік за парканам на якіх 10 мінут, а я за гэты час змог зноў прыгледзецца, як выглядаюць тыя "разбуральнікі грамадскага парадку і бяспекі".

Тут, так жа сама, як і ля шашы, праца выконвалася пад наглядам моцнага эскорту паліцыі. Паліцэйскіх амаль што столькі, колькі і вязняў; адны трымаюць карабіны са штыкамі ля нагі, другія - на рамяні праз плячо.

Вязні капалі роў і вынятай зямлёй умацоўвалі знізу паркан. Кожны меў у руках лапату выключна вялікіх размераў, быццам бы спецыяльна для таго, каб болей стамляўся працай. Сярод 50-60 "ізаляваных" не было ніводнага, хто б не працаваў з напружаннем. Нават дужыя і прызвычаеныя да цяжкай фізічнай працы ўкраінскія сяляне згіналіся пад цяжарам здабытай зямлі. Другія, з выгляду "інтэлігенты", слабыя і пазбаўленыя мускулаў, а таксама хударлявыя яўрэі, мелі цалкам мокрыя ад поту плечы.

Не выдалі ім ні турэмнага адзення, ні вайсковай спецвопраткі. Кожны працаваў без кашулі ў адных штанах і нейкіх сандалях набасанож, некаторыя зусім босыя.

Побач з украінскім селянінам, плячо ў плячо з яэўрэям, працуе знаёмы мне з Варшавы член O.N.R. Ва ўсіх змучаныя, худыя твары, толькі час ад часу кідаюць поўныя папроку позіркі на пільнуючых іх паліцэйскіх.

Калі воз, на якім я ехаў, затрымаўся ля брамы, некалькі лапат апусцілася і "работнікі" пачалі разглядаць мяне. Паліцэйскія тут жа падбеглі да "спыніўшыхся" і лапаты зноў паглыбіліся ў зямлю...

За ўвесь час, што адсутнічаў мой вознік, праца рабілася рытмічна, без усялякіх перапынкаў і адпачынку.

Колькі гадзін у дзень доўжылася праца? Не ведаю. Магу толькі сказаць, што партыя зняволеных, якую ранкам спаткаў на працы ля шашы, працавала яшчэ ў 7-ай гадзіне вечара. Такім чынам, палажэнне аб 8-гадзінным працоўным дні не выконваецца на работах, што адбываюцца пад апекай пана Костка-Бернацкага.

З другога месца мне ўдалося зазірнуць за паркан, які абкружае лагер. Там таксама працуюць вязні: раўняюць зямлю, носяць ваду, капаюць нейкія равы і валы. За кожным стаіць альбо ходзіць паліцэйскі.

Паліцэйскія аддзелы, прызначаныя для пільнавання "ізаляваных", прайшлі спецыяльны адбор. Усе паліцэйскія маюць на пагонах літары "K.G.", што азначае іх прыналежнасць да Камендатуры Галоўнай у Варшаве. Мясцовыя паліцэйскія да "працы" па варце вязняў не дапускаюцца.

Камендантам "лагера" з'яўляецца падінспектар Ян Грэфнер з Познані. Ён і вырашае лёс вязняў.

Маю намер звярнуцца да яго, каб атрымаць інфармацыю аб распарадку, харчаванні і г.д. у лагеры для "разбуральнікаў".

У "штабе" лагера у "каменданта" Грэфнера.

Падінспектар Дзяржаўнай Паліцыі Ян Грэфнер, былы намеснік каменданта паліцыі горада Познань, міністрам Унутраных Спраў быў назначаны на пасаду каменданта "Мейсца Одособненя" ў Бярозе Картузскай. Накіроўваюся да яго, каб атрымаць дазвол наведаць лагер і паназіраць, у якіх умовах жывуць і працуюць "ізаляваныя".

Некалькі мінут па поўдні. Падыходжу да паліцэйскага, які стаіць на варце перад галоўным уваходам у лагер. Вязняў ужо няма, відаць, пайшлі на абед.

Паліцэйскі затрымоўвае мяне. Выясняе, што я маю асабістую справу да каменданта лагера. Доўга і скрупулёзна вывучае мае дакументы, нарэшце аддае іх мне назад.

Даведваюся, што каменданта зараз у лагеры няма, будзе толькі ў пятнаццаць гадзін.

Стараюся меней хадзіць па горадзе, каб не звяртаць на сябе ўвагу паліцэйскіх, якіх тут нязвыкла многа. Тры гадзіны, што мне трэба чакаць да сустрэчы з камендантам лагера, правожу ў адзіным гарадскім рэстаране.

У 15 гадзін ізноў стаю перад лагернай брамай. Вязні працуюць зноў пад такой жа чулай апекай шматлікіх паліцэйскіх.

Яшчэ раз прабягаюся позіркам па тварах вязняў. Усе яны маюць адбітак зморанасці і апатыі. Лапаты без перапынку заглыбляюцца ў зямлю і выкідаюць яе да паркана.

У тую хвіліну, калі я ўжо падышоў да вартаўніка ля брамы, з'явіўся нейкі падкамісар паліцыі. Бліжэйшы да яго вязень, чалавек сталы, даволі рослы бландын у акулярах, звярнуўся ў бок ідучага падкамісара са словамі:

- Пане камісару. Гэтая лапата зацяжкая для мяне, ці магу я папрасіць якую іншую прыладу працы?

Адказу не пачуў. Паліцэйскі, пільнуючы вязняў, зрабіў нейкі рух рукой і "ізаляваны" зноў узяўся за сваю працу.

Мне паведамілі, што камендант лагера знаходзіцца ў будынку на процілеглым боку шашы. Гэта даўнейшае вайсковае казіно, невялікі чырвоны домік, абкружаны паркам. Зараз тут размяшчаецца "канцылярыя" лагера і гарадскі аддзел вайсковай падрыхтоўкі. Так, прынамсі, напісана на прыбітай ля брамы шыльдачцы.

Свежы надпіс перад уваходам засцерагае: "Уваход строга забаронены".

Дом робіць уражанне зусім нежылога. Усе калідоры пустыя, пакоі, здаецца, таксама. З аднаго боку сяней знаходзіцца тэлефонны камутатар, з другога - апартаменты пана Грэфнера.

Паліцэйскі паказаў мне дарогу. Пакой каменданта лагера размяшчаецца на другім паверсе.

Перад дзвярыма няма вартаўніка, стукаю, уваходжу. У пана тры асобы. За вялізным сталом сядзіць рослы мужчына прыблізна саракагадовага ўзросту з усмешкай на шырокім поўным твары. Апрануты ў мундзір падінспектара паліцыі. На супрацьлеглым боку стала - малодшы пан у цывільнай вопратцы са свідруючымі вачыма. Трэці пан сядзіць воддаль.

- Ці магу я паразмаўляць з інспектарам Грэфнерам? - звяртаюся да прысутных.

Пан у паліцэйскім мундзіры крыху прыпадняўся над сталом і пранікліва агледзеў мяне.

- Пан з Варшавы?

- Так, журналіст з...

- То мы тут ужо пана чакаем! - сказаў падінспектар, - Я даў даручэнне, каб пана да нас запрасілі.

На маё пытанне, выражаючае здзіўленне, адкуль я раптам стаў прадметам гэткай заклапочанасці, адкуль увогуле вядома пра маё прабыванне ў Бярозе, пачуў адказ:

- Мы ведаем!

Маім суразмоўцам з'яўляецца інспектар Грэфнер.

Знаёмлю з мэтай свайго прыбыцця. Прашу аб дазволе наведаць лагер, кажу, што хацеў бы азнаёміцца з умовамі працы вязняў, а таксама атрымаць адказ на тры пытанні:
1) якім распарадкам рэгулюецца жыццё вязняў;
2) якое яны атрымліваюць харчаванне;
3) ці абследуюцца вязні доктарам перад пачаткам прымусовых работ.

Інспектар маўчыць хвіліну і адказвае з усмешкай:

- Я пану дазволу на наведванне лагера не дам і адказу на гэтыя пытанні таксама! Але магу пану параіць: няхай пан звернецца з гэтым да пана ваяводы Костка-Бернацкага!

Я ўсміхнуўся.

- Думаю, - сказаў інспектар, - што пан гэтым не скарыстаецца.

Спрабую пераканаць пана Грэфнера, што дазвол наведаць лагер павінен уваходзіць нават і ў яго інтарэсы, бо, калі нічога дрэннага вязням не робіцца, то лепей паінфармаваць аб гэтым грамадства. Але мае высілкі не мелі поспеху.

Тут у пакой увайшоў паліцэйскі і хацеў нешта паведаміць. Інспектар перабіў яго:

- Пан не знайшоў пана рэдактара, а тым часам ён сам тут з'явіўся!

Паліцэйскі апраўдваўся.

Інспектар Грэфнер увесь час усміхаецца, вясёлы і дасціпны. Калі размова кранулася харчавання вязняў, паведаміў з усмешкай:

- На снеданне яны маюць шакалад і булкі...

У "штабе" ізаляцыйнага лагера для палітычных вязняў, сасланых адміністрацыйна, без суда, на работы ў палескія балоты, пануе вясёлы настрой.

Астатнія гадзіны знаходжання
ў Бярозе Картузскай.

Маю яшчэ некалькі гадзін вольнага часу, які выкарыстоўваю на наведванне руін кляштара картузаў. Вечарам, каля шостай гадзіны, вяртаюся ў горад.

На рынку падыходзіць да мяне паліцэйскі:

- Папрашу Вашыя дакументы.

Даю сваё пасведчанне, якое ён доўга і старанна вывучае. Ведаю, дакумент "у парадку", таму справядліва лічу, што праз хвіліну паліцэйскі аддасць мне пасведчанне і ветліва адсалютуе.

Аднак памыляюся. Наступае допыт:

- Адкуль пан прыехаў?

- З Варшавы.

- Навошта?

- Хачу вырашыць тут адну справу.

- Якую справу?

- Пан вельмі цікаўны. Я лічу, што маіх тлумачэнняў дастаткова. Нарэшце, пан не мае права мяне выпытваць.

Паліцэйскі задумаўся, але маё пасведчанне працягваў трымаць у руках. Урэшце сказаў:

- Дзіўна. Акурат з Варшавы пан мае інтарэс да нашага горада.

Я рассмяяўся. Паліцэйскі падкупаў сваёй... наіўнасцю. Прадстаўнік улады рызыкуе запытаць у мяне яшчэ раз:

- А кім пан цікавіцца ў нашым горадзе?

- Магу пану адказаць. Інспектарам Грэфнерам!

Паліцэйскі паглядзеў на мяне з недаверам, але праз хвіліну загадаў:

- Вымушаны затрымаць пана. Пан пройдзе са мной у гарадскую Паліцэйскую Ўправу. Паставы №394 палічыў мяне за "падазронага".

Па дарозе пытаю:

- Навошта пан мяне затрымаў? Ці я ў чым падазраюся?

І атрымліваю на гэта неспадзяваны адказ:

- У нашым горадзе затрымліваецца кожны, хто ні прыедзе.

На ўчастку мяне перадалі другому паліцэйскаму, а той у свой чарод - нейкаму пану ў цывільнай вопратцы. Камісар альбо шэф бяспекі?

Зноў адказваю на пытанні: хто, адкуль, куды, навошта, чаму, калі... Адказваю, што меў інтарэс да пана Грэфнера, каменданта ізаляцыйнага лагера, уладзіў свае справы і зараз маю намер ад'ехаць. Мой суразмоўца пытае:

- Ці інспектар Грэфнер даў пану якую інфармацыю?

- Аб гэтым пана найлепей паінфармуе сам інспектар.

- Я пытаю таму, - працягвае камісар, бо ведаю, што ніякай інфармацыі даваць не дазваляецца.

Адсюль я даведваюся, што пан не з'яўляецца звычайным камісарам, а хіба што шэфам бяспекі.

Доўга цягнулася размова. Мой суразмоўца пытаўся, ці спадабаліся мне руіны, хоць я і не казаў яму, што там быў; стараўся мяне пераканаць, што я прыбыў сюды не сам, а ў таварыстве двух пані. Ён дасканала азнаё'млены з тым, што я рабіў на працягу дня.

Затым, калі я звярнуў яго ўвагу на нязвыклыя паводзіны паліцыі, арыштаваўшай мяне толькі за тое, што я "чужы", пачуў адказ:

- У нас надзвычайныя правы!

Праз гадзіну на маё пытанне, ці з'яўляюся я арыштаваным і за якое злачынства, ён сказаў:

- Нічога падобнага. Мы пана затрымалі толькі часова.

За ўвесь час нашай "размовы" мой незнаёмы пан быў нязвыкла ласкавы, вельмі далікатна вёў "размову". Дагэтуль я не бачыў у паліцыі так добра выхаваных людзей... Перад адыходам ён даў мне яшчэ параду, дзе можна знайсці коней, ад'язджаючых да станцыі:

- Там, дзе пан сёння абедаў.

Аказваецца, і аб гэтым ведаў.

Нарэшце пакідаю Бярозу Картузскую, астаўляю лагер, вязняў, працуючых на будаўніцтве дарог, умацаванні сваёй вязніцы і асушванні балот, усёведных паліцэйскіх.

Першы ў незалежнай Польшчы "ізаляцыйны лагер" знікае з вачэй...

"Рабочы" (Варшава) за 13, 15, 17, 18 Ліпеня 1934 г.

На галоўную старонку