На галоўную старонку
 


За калючым дротам...

(Уласная карэспандэнцыя)

Па просьбе рэдакцыі пан Мгр. З. Л., знаходзячыся на адпачынку ў Пружанскім павеце напісаў гэты цікавы артыкул.

Калі некалькі тыдняў таму я ехаў на летні адпачынак у маёнтак сваіх знаёмых, які знаходзіцца ў Пружанскім павеце, у аколіцах Бярозы Каргузскай, то не мог нават і падумаць, што на гэты глухі закутак будуць скіраваны вочы не толькі ўсёй Польшчы, але і культурнага, цывілізаванага свету. Не спадзяваўся таксама, што ў блізкім суседстве ад мяне будзе столькі знаёмых, калег з універсітэцкай лавы.

Адбылося гэта неяк неспадзявана. Бо з хвіліны майго прыбыцця з горада на адпачыпак я страціў усялякія кантакты са светам: радыё сапсавалася, а з рамонтам ніхто не спяшаўся, газет жа не выпісвалі з прычыны ашчаднасці.

Я не вельмі шкадаваў аб сваім разрыве са светам; ніколі мяне не захапляла і не прываблівала вялікая палітыка, а ўступныя артыкулы і вялікія палітычныя агляды я звычайна не чытаў. Урэшце адчуў часовую агіду да друкаванага слова і, у прыватнасці, да прэсы.

Цэлымі днямі я сядзеў у лодцы, над ракой, вандраваў па палях і лугах, альбо гарцаваў на кані. Нейкага дня зусім выпадкова даведаўся ад непаседлівага арандатара Шмула Валацёнга аб лагеры. Ён з трывогай паведаміў, што там трымаюць і некалькіх яўрэяў, але яны камуністы...

Адначасова ў вёсцы каля будынка гміны я ўбачыў а'бяву аб паведамленні палескага ваяводы Костка Бярнацкага "Аб месцы адасаблення для затрыманых разбуральнікаў грамадскага парадку і бяспекі".

Уваходжу ўнутр і з цікавасцю пытаюся ў пана войта аб падрабязнасцях паведамлення. З важнасцю, але і з вялікім хваляваннем пан войт дае паведамленне аб слушнасці ізалявання анкаголікаў (мелася на ўвазе алкаголікаў), авантурыстаў і тых, хто не плаціць падаткі. Ён, войт, таксама падрыхтуе спісы такіх асоб з гміны.

Праз некалькі дзён пасля гэтага прыйшлося нам наведаць Бярозу Картузскую і вырашыць там некалькі спраў. Селі мы на каней і паехалі ступою найкаротшым шляхам - праз пакрытыя вадою кілімы зялёных лугоў, праз пашы, межамі калыхаючагася збожжа. Куды ні кінь вокам - безнадзейная смутная раўніна, дзе-нідзе дрэмлюць толькі пахіленае самотнае дрэва ці прытоеныя ля зямлі карлікавыя кусты.

На гасцінцы прыпыніліся, каб даць адпачынак коням і, заадно, пачалі распытваць аб Бярозе Картузскай сустрэтага тут старога барадатага палешука. У першую хвіліну той нас падазрона, спадылба агледзеў. Ён меў шапку з прыгаршню і не хацеў размаўляць, але калі атрымаў папяросы і схаваў за пазухай цэлы пачак запалак - з-за агароджы яго зубоў пачалі вышмыгваць што раз, то болей слоў. Паляшук распавядаў нам пра душы, што пакутуюць у руінах кляштара картузаў, адкуль мясцовы люд рабункова расцягвае камень на будаўніцтва дамоў.

На месцы лагера да 1932 года была школа падхарунжых рэзерву, перад вайной у казармах кватаравалі расійскія войскі. Яшчэ дадаў, што сам часта ездзіць да лагера, бо дастаўляе туды драўніну.

Зараз там знаходзіцца шмат маладых людзей; жывуць яны ў трохпавярховым будынку з чырвонай цэглы. Уся тэрыторыя агароджана высокім парканам і дзвюма сцянамі калючага дроту. Між парканам і дротам нясуць варту паліцэйскія, узброеныя карабінамі з прычэпленымі да іх штыкамі.

Далей па дарозе с'устрэлі двух конных паліцэйскіх. Відавочна, што яны не на службе, бо едуць з паднятымі падбароднікамі і без шабляў. Здзіўлена пазіраюць на нас. Хочам завязаць размову распытваем пра дарогу. Маладыя паліцэйскія, з інтэлігентнымі выразамі твараў, ахвотна дзеляцца інфармацыяй і нават частуюць нас цыгарэтамі. Яны "хваравіта" нудзяць на сваёй службе.

У месцы зняволяння знаходзіцца ўжо каля 200 асоб і штодзённа прыходзяць новыя этапы з усіх рэгіёнаў Польшчы. У лагеры найболей тых, што носяць гладыёлусы Хробрага і ўкраінцаў. Ёсць так-сама яўрэі-камуністы, але іх найменей.

Распарадак у ізаляцыйным лагеры жорсткі. Ізаляваныя працуюць у полі, на рамонце дарог і нівеліроўцы тэрыторый. Ізаляцыя поўная - ніхто не можа іх праведаць, няма ніякіх ні газет, ні кніжак. Камендантам лагера з'яўляецца падінспектар Грэфнер. Ёсць таксама некалькі афіцэраў паліцыі і крыху болей служачых следчай паліцыі. Астатнія пераапранаюцца ў прыезджых купцоў, коміваяжораў і выконваюць свае служэбныя абавязкі ў горадзе і на чыгуначным вакзале.

Нарэшце, смеючыся, адзін з іх запэўніў нас: "Будзеце, панове, мець такога апекуна з рыжай барадой і ў скураным пінжаку".

- Пэўна, панове, маеце пры сабе пашпарты, бо зараз кожнага правяраюць.

Развітваемся. Ніякіх дакументаў з сабой не маем, але, нягледзячы на гэта, у добрым настроі едзем далей. Кожны сустрэчны падарожны падаецца нам за пераапранутага агента.

Уязджаем у славутае мястэчка. Вялікія, шырокія, досыць чыстыя вуліцы, часткова незабрукаваныя. Рады пераважна драўляных дамоў. На рынку стаяць вялікія лужыны балота. Па вуліцах ходзіць болей коз і птушак, чым людзей.

У крамах відныя барадатыя яўрэі ў чорных халатах і поўныя яўрэйкі. Прыглядаемся да ўсяго досыць хціва - хочацца шмат убачыць і запомніць. На рынку мой таварыш з усмешкай паказвае на апекунскую душу. Відавочна, крочыць за намі на добрай адлегласці асабіст, апісанне якога, дадзенае сімпатычнымі паліцэйскімі, цалкам адпавядае рэчаіснасці. Ідзём да заезнага дома, каб аставіць там каней.

Аглядаемся на пошце - бачым асабіста з рыжай барадой. Бадзяемся па вуліцах - ён увесь час за намі. Нарэшце, уваходзім у рэстаран паабедаць - зноў адчуваем позірк рыжабародага чалавека.

Нам становіцца весела, але робім выгляд, што нічога аб ім не ведаем. Рыжабароды займае столік побач з намі і нібыта чытае "I.К.С." - пап'е піва, час ад часу хціва наставіць вушы... Мы спецыяльна размаўляем ціха, шэптам. Мой прыяцель дэманстратыўна дастае свежы нумар "Газеты Варшаўскай" і нешта занатоўвае.

Выконваем яшчэ некалькі спраў, робім пакупкі - паўсюль за намі цень таямнічага пана з рыжай барадой, але зараз трымаецца ўжо бліжэй, відаць, мы з'яўляемся для яго загадкавымі, а можа і небяспечнымі. Адчуваем, што ў любую хвіліну ён можа наблізіцца да нас для прыемнай размовы...

Нарэшце забіраем з заезнага дома каней, ідзём яшчэ купіць папярос, а таямнічы пан уваходзіць у паліцэйскі участак. Вырашаем знікаць з яго вачэй. Вось будзе здзіўлены...

Рушым з месца рыссю і знікаем за першым паваротам. Выязджаем на шашу, а дакладней - на гасцінец. Раптам бачым у промнях заходзячага сонца вялікую групу людзей, працуючых на рамонце дарогі. Павольна пад'язджаем бліжэй.

Як гром з яснага неба ўражвае мяне від знаёмых твараў маіх калег. Адны трымаюць у руках лапаты, другія - кіркі, вілы. Разумеем... гэта ізаляваныя. Слёзы наварочваюцца на вочы, сэрца пранізвае нейкі боль. Гляджу... смуглы бландын - гэта Болек Пясецкі з юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта, далей - нізкі, з дзіцячымі, дробнымі рысамі твару і малымі вуснамі, жывымі вачыма - Уладзё Шнарбахоўскі, рэдактар "Акадэміка"; далей заўважваю Зыгмунта Дзярмагу - пачарнелага, схудалага, але на выгляд неяк дзіўна набыўшага высакароднасць... Загарэлыя дачарна, з вялікім (падобна таму, якім быў бы маршал Ю. Пілсудскі на высылцы ў Сібіры) шчаціннем. З адзежы на ізаляваных былі штаны і вельмі часта - студэнцкія шапкі.

Яны здзіўленыя і ўражаныя. Хваляванне не дае ім вымавіць слова. Бачу іншыя знаёмыя твары. Ці ж можна ў такую хвіліну прыпомніць столькі прозвішч. Столькі іх тут...

Адзываюцца галасы, але паліцэйскія, што дагэтуль безуважна ляжалі на траве па баках шашы, патрабуюць, каб мы хутчэй праязджалі. Доўга мы яшчэ азіраліся ўзад - на тых, што замест летняга адпачынку ў бацькоўскіх дамах пякліся на сонцы, рамантуючы дарогі... Яны таксама стаялі, углядаліся... у сонца. Адзін з іх, самы найменьшы, падняў руку, як бы не развітваючыся, а паздраўляючы нас...


У той жа дзень шалела бура. Па жолабам з шэлестам сцякалі струмяні вады. Я не мог знайсці сабе месца. Столькі ўражанняў, столькі перажытога.

У старой, запыленай бібліятэцы здымаю з паліцы першую-лепшую кніжку.

Кідаю вокам на першую старонку. На пажоўклым тытульным лісце надпіс:
"Дзяды - Частка Трэцяя".

Яшчэ сто год таму чыталі яе нашыя дзяды, лілі слёзы няшчасныя прабабкі. Паглыбляюся ў кніжку. Чытаю павольна... Разумею і трапятаннем сэрца чую сутнасць кожнага слова, кожнага сказа...

Тым часам зая'зджалі другія радам доўгім
Кібіткі; паставілі іх аднаго за другім,
І позірк кінуўшы на цесныя патоўпы,
На войска: усе твары бледныя як трупы:
А ў гэтым тлуме такая цішыня глухая,
Што чутны кожны крок іх, кожны ляск ланцуга...
І дзіўна рэч: усе адчувалі, якая то нялюдска кара...

Бура прайшла, а я ўсё чытаў пісаныя крывёю сэрца словы.

Мгр. З. Л.
ф. №98, воп. №3, спр. №6, л.33

На галоўную старонку