На галоўную старонку
 


У Бярозе Картузскай

Адзін з сябраў нашага выдання нядаўна быў на Палессі ў аколіцах Бярозы Картузскай, наведаў гэтае мястэчка і апісаў свае ўражанні, якія мы і друкуем ніжэй.

Палессе пасля праліўнога дажджу выглядае крыху незвычайна. Рэкі, што заўжды цякуць павольна, выйшлі з берагоў і залілі навакольныя палі і лугі, дарогі пераўтварыліся ў азёры альбо лужы, купы дрэў стаяць у вадзе; куды ні кінь вокам - лясы і вада, а таксама параскіданыя зрэдку людскія сялібы.

Пачынаючы з Брэста, еду гэтымі размоклымі палескімі раўнінамі да стаўшага нядаўна вядомым ва ўсёй Польшчы яўрэйскага мястэчка Бярозы Картузскай (Пружанскі павет). Высаджваюся на станцыі, з цікавасцю назіраю за тым, што робіцца на пероне. Ніякіх асаблівасцей не заўважваю: паліцэйскі, некалькі "разявак", чыгуначнікі. Так жа сама, як і на другіх станцыях. Толькі ўваход у будынак станцыі звязаны з невядомай, напэўна, у іншых месцах цырымоніяй. Паліцэйскі патрабуе прад'явіць пасведчанне асобы. Адчуваецца, што патрапіў на тэрыторыю, якая пільна ахоўваецца, што знаходжуся ў месцы адасаблення. Перад станцыяй стаяць некалькі фургонаў. Нейкі яўрэй, што жадае мяне заахвоціць да паездкі з ім, чула пытае:

- Пан да лагеру? Прашу сядаць.

- Да горада, а не да лагера, - буркнуў я ў адказ і пешшу пайшоў у бок мястэчка, якое знаходзіцца ў адлегласні 5-6 км ад станцыі.

Прыкладна на палове дарогі сустракаю некалькі дзесяткаў працуючых ссыльных. Яны капаюць роў уздоўж бакавой дарогі, якая прымыкае да галоўнага тракту. Адны мераюць, другія капаюць. Вакол паліцэйскія, а на канцах калоны ізаляваных - паліцэйскія на конях. Адзежа ці пінжакі працуючых складзеныя ў грамады. Ізаляваныя, сярод якіх знаходзіцца шмат нацыяналістаў, працуюць у поўнай цішыне. Паголеныя, абгарэлыя на сонцы, знясіленыя, выглядаюць, наогул, здаровымі, але моцна змучанымі. Нягледзячы на гэта, горда глядзяць перад сабой. Калі мінаю ізаляваных, паліцэйскі зноў правярае дакументы і загадвае хутчэй праходзіць. Азіраюся ўзад, каб яшчэ раз акінуць вокам групу адасобленых. Вылаяў мяне за гэта паліцэйскі і на развітанне кінуў:

- Я табе дам азірацца!

Не даходзячы да горада з левага боку бачу руіны вялізнага кляштара картузаў, заснаванага, як напісана на ўяздной браме, у 1682 г. З правага боку - да нядаўняга часу артылерыйскія казармы, цяпер - агароджанае ад свету дошкамі і калючым дротам месца адасаблення. Пасярэдзіне, паміж кляштарам і лагерам для ізаляваных, - могілкі, густа заросшыя дрэвамі.

Кляштар картузаў, манахаў, якія падпарадкоўваліся жорсткаму распарадку, належаў да тыпу абаронных кляштараў. Фундатар кляштара, князь Сапега, атачыў яго ровамі і высокім мурам з вежамі. Ззаду за кляштарам цячэ невялікая рэчка Крэчат, прыток Ясельды, над якой ляжыць Бяроза. Над гэтай рэчкай таксама працавалі ізаляваныя, паглыбляючы і рэгулюючы яе. На кляшторным дзядзінцы пахаваны палеглыя ў 1920 годзе ў часе баёў з бальшавікамі радавыя і падафіцэры 57 п.п.

Ізаляцыйны лагер ў Бярозе Картузскай

Месца адасаблення абнесена парканам са шчыльна збітых дошак. Самы быстры позірк не здоляе прабіць гэтай сцяны і адкрыць таямніцы ўнутранага жыцця сасланых у лагер. Па-над парканам працягнута два рады калючага дроту. Будынак з цэглы, у якім жывуць ізаляваныя, таксама атачоны калючым дротам і мае часткова забітыя дошкамі вокны.

Па вуліцах бярозы круціцца шмат паліцэйскіх. А таксама на кожным кроку яўрэі. Апошніх у Бярозе сустракаю паўсюль, як і ў любым ускраінным мястэчку.

Час ад часу па вуліцы Касцюшкі прамчыцца аўтамабіль з панам падінспектарам Грэфнерам. Гэта ўладар жыцця і смерці ізаляваных. Заўсёды ў руху, усюль паспявае: назіраць і дзейнічаць.

Заўважваю таксама дзве абявы, падпісаныя палескім ваяводай Костка Бярнацкім. Адна з іх перасцерагае жыхароў Бярозы і прыезджых ад кантактаў са ссыльнымі і спрыяння іхнім уцёкам. За гэта пагражае карна-судовая адказнасць, а ў выніку можна і самому патрапіць у месца адасаблення. Побач з гэтай абявай вісіць распараджэнне ваяводы, забараняючае: 1) перасячэнне лініі, што аддзяляе месца адасаблення ад горада; 2) зносіны з ізаляванымі; 3) фатаграфаванне. За гэтыя дзеянні пагражае 14 дзён арышту альбо 500 злотых штрафу.

Па гораду хутка ездзяць паны на веласіпедах, старанна абмінаючы прахожых. Такіх лепей не чапаць, нічога цікавага не скажуць.

У 5 гадзін вечара я ўбачыў калону ізаляваных з нумарамі на спінах, якія вярталіся з працы. Ішлі ў вайсковым самкнутым строю, абкружаныя і раздзеленыя паліцэйскімі; цягнулі кацёл і на плечах неслі лапаты. Спераду і ззаду маршыруючай калоны конныя паліцэйскія.

Маршыруючы ў магільным маўчанні на фоне цалкам апусцелай шашы, атрад ізаляваных рабіў жудаснае ўражанне. Шпаркім крокам шэсце прывідаў прайшло міма і знікла за паваротам шашы.

Гэта ўсё я ўбачыў, праязджаючы праз Бярозу, мястэчка, што знаходзіцца ў Пружанскім павеце, месца ссылкі некалькіх дзесяткау нацыяналістаў. Нашмат болей мог бы паведаміць аб жыцці ў палескім лагеры пан падінспектар Грэфнер. Але ці захоча аб гэтым калі-небудзь расказаць?

ДР. КР.
"Газета Равіцка" 18.08.34.
"Газета Любельска" 18.08.34.

На галоўную старонку