З сямейнай хронікі
Гэты артыкул - успаміны жыхаркі г. Бярозы А. А. Дзенісюк з жыцця сваёй сям'і. Невялікі ў гістарычным маштабе прамежак часу, адсутнасць у герояў нейкіх значных пасад. Прываблівае іншае - працавітасць, гонар, мэтанакіраванасць звычайных гараджан, вяскоўцаў, звычайных людзей. Чытаючы артыкул, міжвольна ўзгадваюцца словы паэта: "Дзе ж яна, тая годнасць, што была ў дзядоў?.."
Яніцкі І.К. Фота 1933 г.
| Мой дзед, Яніцкі Іван, нарадзіўся ў 1869 г. Ён быў з беднай мнагадзетнай сям'і. Таму адзіным шляхам, каб навучыцца якой-небудзь прафесіі ці атрымаць працу, было звяртанне да памешчыка.
Яго бацькі працавалі ў аднаго такога памешчыка, і апошні паспрыяў уладкаванню хлопца да свайго сябра - брата польскага пісьменніка Юзафа Ігнація Крашэўскага. І вось мой дзед, ва ўзросце 14-15 гадоў, стаў вучыцца на агародніка. Навучанне, стажыроўкі ў іншых памешчыкаў - і праз некалькі год ён працуе ў Крашэўскага ўжо ў якасці агародніка. Затым служыў у арміі, ажаніўся на маёй бабулі. Недзе ў той час, яшчэ да 1-й сусветнай вайны, уладальніку руін і зямлі былога кляштара картэзіянцаў спатрэбіўся агароднік. Дзед, відаць, быў ужо нядрэнным спецыялістам у сваёй справе, раз атрымаў гэтую пасаду, і працаваў там да 1933 г.
У 1925 г. яны з бабуляй купілі былую сядзібу нейкага жандара па цяперашняй вуліцы Альшэўскага - дом і гектар зямлі. Агароды даходзілі да самай рэчкі Крэчэт. Але жыць перайшлі сюды толькі ў 29-м годзе, бо трэба былі грошы, і дзед здаваў гэтую сядзібу ў арэнду яўрэям. Такім чынам мой дзед з мнагадзетнай беднай сям'і стаў гаспадаром дома і зямлі.
Ён быў вельмі працавіты, працу любіў, напэўна, больш за жыццё і яна была сэнсам ягонага жыцця. Трымаў каня, пасвіць якога не давяраў нікому, і ўвесь час працаваў у агародзе. Вырошчваў нават кавуны і арахіс. У нас быў 1 га зямлі - не так ужо і многа, але дзед яе вельмі разумна выкарыстоўваў, садзіў агародніну: моркву, капусту, радыску і г. д. Для радыскі дзед знайшоў добры рынак збыта. Мы вязалі яе ў пучкі, а на наступны дзень у 4 гадзіны раніцы дзед запрагаў каня і вёз яе на продаж ў Івацэвічы. Не ведаю, чаму так адбывалася, хіба там не расла радыска, альбо людзі былі вельмі "працавітыя", але мы завальвалі Івацэвічы сваёй радыскай і канкурэнтаў не мелі.
Багдановіч Уладзіслаў. Фота 1930-х гадоў.
| Другі мой дзед, па бацькоўскай лініі, Багдановіч Уладзіслаў паходзіў з вёскі Лазова (зараз гэта тэрыторыя аэрадрома). Ён працаваў у сваёй кузні і ва ўсіх навакольных вёсках лічыўся выдатным кавалём. Асабліва ж карысталіся поспехам і славіліся ягоныя сярпы з надпісам "Лазова". Па расказам старых людзей, для таго, каб атрымаць лазоўскі серп, трэба было некалькі начэй начаваць у Лазове - чакаць чаргі. Хоць у дзеда была вялікая сям'я - 7 сыноў, але сваім майстэрствам ён поўнасцю забяспечваў яе ўсім неабходным. Больш таго, сваёй жонцы Стэфанідзе падарыў доўгі залаты ланцужок.
Бацька мой, Аляксандр, скончыў настаўніцкую семінарыю ў Вільні, але працаваць настаўнікам не пайшоў. Відаць адыграла ролю сямейная традыцыя, а можа і гены. Ён купіў сабе кузню, яна стаяла на нашым участку ў Бярозе, і таксама стаў займацца кавальскай справай. Браў у памочнікі хлапчука 16-18 год, які хацеў падзарабіць і нечаму навучыцца, і рабіў з ім сярпы. Памятаю, у бацькі было шмат загатовак гэтых сярпоў. Можа і зараз яшчэ ў каго з вяскоўцаў захаваліся сярпы з маркай "Лазова" А бацька незадоўга перад вайной у выніку Багдановіч Стэфаніда. Фота 1930-х гадоў.
| няшчаснага выпадка ўтапіўся. Мая маці і мы, двое малых дзяцей, засталіся на ўтрыманні дзеда.
У 39-м годзе нас "асвабадзілі". Хутка пасля гэтага даведваемся, што мы "паедзем". А "паехала" ўжо шмат людзей. "Выязджалі" ноччу. Прачынаемся - няма Шыдлоўскай, што жыла насупраць, прачынаемся - няма суседа Дземідовіча і г.д. Многа нашых знаёмых "поуезжало" ноччу. Усе ведалі, што вывозяць. Нехта сказаў, што і мы ў хуткім часе далучымся да "выязджаючых", бо ўжо занесены ў спісы. Мы не паехалі, пачалася вайна.
Немцы нас не чапалі. Памятаю такі выпадак. Немцы выдалі загад здаваць усе скуры забітых жывёл, таму смаліць свіней забаранялася, трэба было лупіць. Мой жа дзед, забіўшы свінню, тут жа ў двары стаў яе смаліць. На пытанне бабулі, як да гэтага паставяцца немцы, ён адказаў: "Якое немцы маюць дачыненне да мае свінні? Што, яны яе гадавалі? Я сам гаспадар на сваім падвор'і і ніякія немцы мне не ўказ". Па вуліцы хадзілі нямецкія афіцэры, бачылі, што дзед смаліць свінню, але ніводзін не зайшоў, не прыслаў гестапаўцаў, усё абышлося... У 44-м годзе, праз два тыдня пасля прыхода савецкай арміі, памёр мой дзед-агароднік. І з-за гэтай падзеі нас не "вывезлі", таму што мама не была роднай дачкой дзеда-"эксплуататара". Затое абклалі страшэннымі займамі. Маці прадавала ўсё што было - бульбу, жыта, каб толькі выплаціць грошы па гэтых займах, бо за няўплату маглі таксама забраць хату і высяліць у Сібір ці Казахстан.
Потым, у 59-м, калі мая мама ад'язджала, мы з ёй спрабавалі абмяняць гэтыя кіпы аблігацый на грошы. Абмянялі нам не ўсё.
Звяртаемся да ўсіх чытачоў "Гістарычнай брамы". Калі ў Вас ёсць нейкія цікавыя звесткі пра сваякоў, сямейныя гісторыі, архівы, фотаздымкі, ці можа Вы склалі свой радавод - дасылайце, калі ласка, свае матэр'ялы нам. Мы іх з удзячнасцю надрукуем.
А. А. Дзенісюк
|