Слова пра дзеда
Сапраўды, багатая была наша зямля калісьці на годных і сумленных людзей. У кожным горадзе, у кожнай вёсцы былі і ёсць людзі, пра якіх не забыліся, памяць якіх ушаноўваюць мясцовыя жыхары.
І памятаюць іх не за нейкія гучныя пасады альбо за незвычайнае багацце, а перш за ўсе за сумленнасць і годнасць, за добрыя справы, зробленыя імі. Аб гэтым яскрава сведчыць артыкул А. Дзенісюк, надрукаваны ў нумары 6 (10) "Гістарычнай брамы".
Вось і я вырашыў таксама звярнуцца да гэтай тэмы і расказаць чытачам пра асобу свайго дзеда - Івана Казловіча.
На захадзе Бярозаўскага раёна працякае рэчка Вінец, ператвораная цяпер у меліярацыйны канал. Працякае Вінец па мяжы Бярозаўскага і Пружанскага раёнаў. Недалека ад вескі Лукомер, на "пружанскім" баку Вінца знаходзіцца невялікая весачка Загор'е. Там, у сям'і сялян Данілы і Ксеніі Казловічаў і нарадзіўся мой дзед - Іван Данілавіч Казловіч.
Гэта адбылося 31 мая 1915 года. Ішла першая сусветная вайна, і сям'я Казловічаў у хуткім часе выехала ў Расею, ва Уладзімірскую губерню.
Вярнуцца на радзіму давялося толькі ў 1921 годзе, калі Пружаншчына знаходзілася ўжо на польскім баку савецка-польскай мяжы. Але й на радзіме цяжка было жыць малазямельным сялянам Казловічам, асабліва пасля таго, як на свет з'явіўся другі сын у сям'і - Мікалай. А праз два гады, ў 1926 годзе, у сям'і Казловічаў нарадзіўся трэці сын - Аляксей.
Старэйшаму сыну Івану давялося з васьмі гадоў ісці працаваць, пасвіць кароў у заможных сялян весак Загор'е і Яцы - звычайная праца для сялянскага хлопчыка таго часу. Якраз у тыя дзіцячыя гады ў хлопца пачалі з'яўляцца думкі аб несправядлівасці, аб безабароннасці звычайнага селяніна. Хутка давялося падумаць і аб нацыянальным прыгнёце, калі Іван пачаў хадзіць у польскую школу.
Праз нейкі час Іван пачынае даведвацца аб дзейнасці на абшарах "Kresow Wshodnih" КПЗБ, БКРГ, ды іншых арганізацый, што ў цяжкіх умовах акупацыі вялі барацьбу з існуючым парадкам.
А ў хуткім часе сям'ю напаткала вялікае няшчасце: ад сухотаў памерла гаспадыня - Ксенія Дзмітрыеўна. Жыццё зрабілася яшчэ больш цяжкім, прыходзілася бацьку і хлопцам рабіць тую працу, якую заўжды выконвала маці. Праз некаторы час Даніла Мікалаевіч зноў ажаніўся, бо жыццё без гаспадыні ў хаце было задужа цяжкім.
І вось у 1931 годзе дзед далучаецца да КСМЗБ (Камуністычнага саюзу моладзі Заходняй Беларусі). На гэты выбар, відавочна, паўплывала масавасць арганізацыі, прастата і прывабнасць заклікаў і лозунгаў, блізкасць простым сялянам тых ідэй, за якія змагаліся камуністы. Як бы там ні было, але да канца жыцця мой дзед застаўся перакананым камуністам.
У гэтым месцы хацелася б зрабіць невялікае адступленне.
Сёння ад многіх, менавіта свядомых і дасведчаных людзей, можна пачуць разважанні такога кшталту: маўляў, усе камуністы - злачынцы, таму што яны падтрымлівалі Сталіна і яго вынішчальныя дзеянні супраць беларускага народа. Але сярод камуністаў было шмат і такіх людзей, якія дбалі аб шчасці і волі Беларусі, аб адраджэнні сваёй краіны. Што ж да камуністаў з КСМЗБ і КПЗБ, то яны ўвогуле вялі сваю дзейнасць за межамі СССР, ды змагаліся перш за ўсе за вызваленне Заходняй Беларусі ад польскага прыгнёту у супольнасці з такімі арганізацыямі, як БКРГ, ТБШ, і інш. Нягледзячы на рознасць палітычных поглядаў, гэтых людзей яднала агульная ідэя.
У 1933 годзе за актыўную дзейнасць у шэрагах КСМЗБ дзед быў упершыню арыштаваны. У ружанскай камендатуры ен трываў здзекі і катаванні паліцэйскіх, пасля чаго быў кінуты ў Пружанскую турму, дзе знаходзіўся да снежня 1933 г. Здзекі і гвалт у турме прывялі да таго, што пасля вызвалення ў снежні 1933 г. дзед цяжка захварэў і знаходзіўся ў непрацаздольным стане, што пры цяжкіх умовах сялянскага жыцця значна адбівалася на матэр'яльным становішчы сям'і.
У перыяд са снежня 1933 да мая 1934 г. выклікі ў паліцыю і здзекі неаднаразова паўтараліся.
19 мая 1934 года сакратар Пружанскага падрайкама КПЗБ Іван Казловіч быў прысуджаны польскім судом да 4 гадоў зняволяння. У верасні ён быў асуджаны завочна яшчэ на 4 гады па так званаму "працэсу Самайловіча", але два прысуды былі аб'яднаны ў адзін.
Каб больш шырока ўявіць маштабы дзейнасці майго дзеда ў шэрагах КСМЗБ і КПЗБ, дастаткова назваць некалькі іменаў яго сяброў па барацьбе. Вось некаторыя з іх:
Ясінскі Васіль Герасімавіч (1901-1972), жыў у в. Блудзень, сябра КПЗБ з 1924 года. У 1930-я гады ўзначальваў Бярозаўскі райкам КПЗБ, 7 гадоў правёў у польскіх турмах.
Труцько Сцяпан Аляксеявіч (1896-1966), жыў у в. Агароднікі, браў самы чынны ўдзел у дзейнасці падполля, ў 1937-38 годзе знаходзіўся ў канцлагеры Бяроза-Картузская.
Ходан Іван Васільевіч (1889-1973), жыў у в. Зарэчча, сябра КПЗБ з 1922 года, праводзіў актыўную падпольную працу ў Пружанскім павеце, сакратар Зарэчанскага падрайкама КПЗБ, правеў у турмах звыш сямі гадоў.
Імёны гэтых і многіх іншых людзей, з якімі дзеду давялося разам змагацца за волю, зараз шырока вядомыя на Бярозаўшчыне і Пружаншчыне,
Увосень 1934 г. асуджаны Іван Казловіч быў пераведзены з Пружанскай у Седлецкую турму. Там, у снежні 1934 года, увайшоў у шэрагі КПЗБ. У турме ён знаходзіўся да мая 1937 года, пасля чаго быў вызвалены па амністыі. Увесь гэты час здзекі з боку гвалтаўнікоў у паліцэйскай форме не спыняліся. Толькі чалавек з вялікай стойкасцю ды мужнасцю, бязмежна адданы сваей ідэі, мог вытрымаць гэта.
У 1937 годзе дзед узнавіў сваю дзейнасць, ужо ў якасці сябра КПЗБ: быў сакратаром парт'ячэйкі, сябрам рабочай тройкі Пружанскага райкама КПЗВ, адначасова непрацяглы час узначальваў Пружанскі РК КСМЗБ. Зарабіць на хлеб чалавеку, які быў асуджаны за падпольную дзейнасць, было вельмі цяжка. Дзед працаваў чорнарабочым на будаўніцтве меліярацыйнага канала Вінец, як і раней, сістэматычна падвяргаўся затрыманням.
Савецкая ўлада, ў якую так верылі і на якую спадзяваліся падпольшчыкі, нанесла свой першы ўдар яшчэ ў 1938 годзе, калі па ўказанню Сталіна была распушчана КПЗБ. Адразу значна ўскладнілася падпольная праца, роспуск самай масавай партыі ў Заходняй Беларусі не пакінуў амаль ніякіх спадзяванняў на змяненне існуючага становішча. Былыя сябры КПЗБ бачылі толькі адзін шлях - далучэнне да СССР. Менавіта на гэта і спадзяваліся расійскія бальшавікі, знішчаючы КПЗБ.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР, дзед працаваў на розных пасадах, у розных установах, быў на фронце. І ўсюды пакінуў пра сябе памяць, як пра сумленнага, адказнага, працавітага і спрвядлівага чалавека. І для мяне ён заўжды быў узорам сумленнасці і годнасці, мужнасці і адданасці сваёй ідэі.
Памёр дзед 14 лістапада 1990 года, але й цяпер людзі памятаюць яго і ягоныя справы.
Пройдзе час і паставіць усе на свае месцы. Людзей будуць памятаць перш за ўсе за іх справы, зробленыя на карысць Радзімы. А мой дзед, Іван Данілавіч Казловіч, кожную хвіліну свайго жыцця дбаў аб шчасці людзей свайго краю, горада Бярозы, дзе жыў з 1956 года, аб карыснасці сваёй дзейнасці для людзей і дзяржавы. Таму я і вырашыў распавесці пра яго на старонках "Гістарычнай брамы".
Ігар Гаравы, вучань 9 класа СШ №1 г. Бярозы.
|