Як Нясвіж для Радзівілаў, так Дзярэчын для Сапегаў

Улетку 1997 года ў Ружанах, Дзярэчыне, Зэльве і Бярозе Картузскай можна было пабачыць чалавека, яўна нетутэйшага на выгляд, які задуменна блукаў ля руінаў старажытных палацаў, што калісьці належалі магутным князям Сапегам. Некалькі ягоных спадарожнікаў размаўлялі па-польску, і нехта мог падумаць, што якія-небудзь панове з Варшавы прыехалі з экскурсіяй на колішнія "ўсходнія крэсы".

А насамрэч гэта быў князь Яўстах Севярын Сапега, прамы і, на вялікі жаль, апошні нашчадак славутай (прыгадайма Льва Сапегу!) княскай дынастыі, які інкогніта прыехаў на Радзіму з далёкай Кеніі, дзе пражыў апошнія паўвека свайго жыцця.

Ведаючы пра залішне панібрацкія адносіны кіраўніка беларускай дзяржавы да Сапегаў (аднаго з іх прэзідэнт аднойчы, і вокам не зміргнуўшы, назваў "таварыш Сапега"), "афрыканскі" князь падарожнічаў па Беларусі без вялікага розгаласу. І ўсё ж паважанага госця, які нарадзіўся ў Старой Спушы непадалёк ад Скідаля ў 1916 годзе, прымалі на Беларусі з адпаведнай пашанай.

Пра гэта можна прачытаць у нядаўна выдадзенай кнізе Міхася Скоблы "Дзярэчынскі дыярыюш". Аўтар нарадзіўся на хутары паблізу мястэчка Дзярэчын, а таму змог цікава, з веданнем справы распавесці пра амаль шасцісоттадовую гісторыю калісь слаўнага паселішча, якім тры стагоддзі валодалі Сапегі.

Пасля таго, як напрыканцы XVIII стагоддзя канцлер Вялікага княства Літоўскага Аляксандр Міхал Сапега перанёс родавую рэзідэнцыю з Ружанаў у Дзярэчын, апошні перажыў эпоху рэнесансу. Мяркуйце самі - у мястэчку дзейнічаў тэатр з трупай у 60 акцёраў, існавалі дзве спеўныя капелы, была заснаваная Вайсковая акадэмія, месціўся прыгожы палац з карціннай галярэяй і бібліятэкай, вялікі сад, які называўся "малым Версалем", звярынец...

Куды ж зніклі каштоўныя сапегаўскія калекцыі? Аўтар кнігі на падставе дакументаў, адшуканых у варшаўскіх і санкт-пецярбургскіх архівах, прасочвае шлях дзярэчынскіх скарбаў, сканфіскаваных у казну Расійскай імперыі пасля падаўлення паўстання 1830 года, актыўным удзельнікам якога быў адзін з прадстаўнікоў сапегаўскага роду.

Кніга "Дзярэчынскі дыярыюш" захапляе сваімі неверагоднымі, амаль дэтэктыўнымі падзеямі. Чытач даведаецца, як адзін з уладароў Дзярэчына Францішак Сапега вызваляў Тадэвуша Касцюшку з Петрапаўлаўскай крэпасці, як потым пераўзышоў імператара Напалеона ў амурных справах і спакусіў ягоную каханку Жазэфіну, як загінуў геройскай смерцю на дзярэчынскім гаспадарчым двары напалеонаўскі ад'ютант - у схватцы з... раз'юшаным кнырам...

Падобна рупліваму дойліду - па рысачцы, па фрэсцы, па цагліне - аўтар кнігі адраджае з забыцця гісторыю сваёй малой радзімы. І вось ужо чытач мае магчымасць прайсціся па старым бруку местачковых вуліц - Палацавай, Слонімскай, Ружанскай, пастаяць на Кірмашовай плошчы, прыцаніцца да тамтэйшых тавараў, прытаміўшыся, завітаць у "Зялёную таверну" на куфаль халаднаватага піва, палюбавацца на чырвань камяніц дамініканскага кляштара, пастаяць на самоце ля царквы Святога Спаса, заснаванай яшчэ ў XIV стагоддзі. А калі пашанцуе - трапіць і на пагасціны ў княскі палац, дзе ганаровым гасцям падносяць пад сто гарматных залпаў два кубкі з горнага крышталю, менаваныя "Іван" ды "Іваніха", напоўненыя іспанскім, італьянскім альбо кіпрскім віном, дзе на сталах можна пабачыць цалкам засмажаных дзікоў, залатарогіх аленяў, напханых смажанай заячынай ды цецерукамі...

Асабіста я доўга не мог пакінуць бібліятэку Сапегаў (па значнасці другую ў краі пасля радзівілаўскай), на паліцах якой зіхацелі пазалотай Арыстоцель і Вергілій, Ціт Лівій і Цыцэрон, стаялі Біблія Скарыны і Статут Вялікага княства Літоўскага.

А які старажытны замак без прывідаў і схаваных скарбаў? Не выключэнне і дзярэчынскі - па ягоных даўжэзных калідорах у поўнач блукае князёўна Палубінская, якая, паводле слоў таго ж князя Францішка Сапегі; раўнавала яго да ўсіх заезджых жанчын. Знаходзілі ў адносна нядаўні час у Дзярэчыне і скарбы старажытных манет - адной з іх, рымскаму аўрэўсу часоў імператара Комада, ажно паўтары тысячы гадоў!

Апрача ўсяго гэтага ў кнізе змешчаны эсэ пра Ларысу Геніюш, Наталлю Арсенневу, Рыгора Барадуліна ды іншых майстроў беларускага прыгожага пісьменства. Напісаныя яны лёгкай і самавітай рукой чалавека, бясконца закаханага ў родную зямлю пад белымі буслінымі крыламі.

Бела-бусліныя нябёсы згадаліся мне невыпадкова. Без перабольшвання, уражанні, якія засталіся ў мяне пасля прачытання "Дзярэчынскага дыярыюша" Міхася Скоблы, можна параўнаць толькі з тымі, што я перажыў пасля спаткання са знакамітай кнігай Уладзіміра Караткевіча "Зямля пад белымі крыламі".

"Дзярэчынскі дыярыюш" ілюстраваны старымі фотаздымкамі і каляровымі слайдамі, на якіх можна пабачыць гербы Сапегаў і шэдэўры еўрапейскага жывапісу, што калісьці зберагаліся ў Дзярэчыне. Застаецца дадаць, што кніга пабачыла свет у слынным выдавецтве "Беларускі кнігазбор" дзякуючы фундатарам Валянціну Дубатоўку і Віктару Каладзкаму, якія родам з дзярэчынскіх ваколіц.

Эдуард Акулін "Народная Воля", № 208 1999 г.