"Споры" Пракопія Кесарыйскага і Спорава
Пракопій Кесарыйскі - славуты візантыйскі гісторык, нарадзіўся паміж 490 і 507 гг. У сваіх шматлікіх творах (створаныя ў 530-550 гг.) ён шмат увагі ўдзяляе славянам1. Паводле яго сцверджанняў, славяне (славянскія плямёны склавіны і анты) спрадвеку мелі агульную назву - Vporoi (споры)2.
У сувязі з этнонімам Vporoi (споры) для нас цікавы наступны факт. У часы Пракопія Кесарыйскага мяжа паміж славянамі і балтамі праходзіла па тэрыторыі Палесся. Менавіта на тагачасным славяна-балцкім узмежжы, знаходзіцца Спораўскае возера (мясц. Споровськo'е o'зэро; у межах Бярозаўскага і Драгічынскага раёнаў Брэсцкай вобласці), вёска Спорава (мясц. Спo'рово; Бярозаўскі раён), Спораўскія балоты (мясц. Споровськы'йі болотa'; Бярозаўскі раён). Наваколлі Спораўскага возера ў той час былі заселены славянамі (па-тагачаснаму - спорамі). Далей на поўнач цягнуліся незаселеныя балотна-лясныя масівы. А ў раёне сучасных Івацэвіч пачыналіся ўжо пасяленні балтаў. Такім чынам, у эпоху Пракопія Кесарыйскага паміж сучаснымі населенымі пунктамі Спорава і Івацэвічы праходзіла этнічная балцка-славянская мяжа. У межах наваколляў Спораўскага возера канчалася краіна, якую засялялі славяне або, як іх называе Пракопій Кесарыйскі, - споры. У Панямонні, у тым ліку па рэчцы Грыўда, на якой размешчаны Івацэвічы, жылі тады балты. А ў басейне р. Ясельды пачынаўся ўжо край славянскі або, на мове таго часу, спораўскі.
Фёдар Клімчук
1 Свод древнейших письменных известий о славянах. Том І. (І-ІV вв.). М., 1991. С. 170-250.
2 Свод... С. 132, 185, 228.
|