Нацыянальна-культурная семантыка моўнай адзінкі "Русалка"
Пра сутнасць спрадвечных паняццяў "жыццё - смерць - вечнасць" задумваецца хоць раз у жыцці кожны чалавек. Даследуюць гэты таемны ланцужок як псіхолаг, філосаф, так і філолаг, і кожны па-свойму. Хвалявала гэтая праблема і нашых далёкіх продкаў. Можа таму і "нарадзіліся" і "дажылі" да нашых дзён шматлікія абрады і павер'і, у якіх у большай ці меншай ступені праяўляецца існасць паняццяў "жыццё - смерць - вечнасць". Рытуал "провадаў русалкі" з'яўляецца адным з такіх абрадаў, адной з задач якога было вывядзенне русалкі за мяжу жыцця, у свет вечнасці і бясконцасці.
Русальны тыдзень - наступны пасля Сёмухі тыдзень, багаты на рытуальныя дзеянні і песні. Звязаны з павер'ямі пра русалак. [Этнаграфія 1989: 433-437]. Сама русалка выступае як захавальніца і падаўца ўрадлівасці, адна з апекуноў пладаноснай зямлі і распарадчыкаў воднай стыхіі. Са старажытнасці славяне-язычнікі верылі, што дрэвы і расліны валодалі душамі, як і любы чалавек. Нашыя продкі спрабавалі з дапамогай гамеапатычнай, або імітатыўнай магіі (заснаваная на законе падабенства, згодна з якім падобнае выклікае падобнае або вынік падобны на яго прычыну) паскорыць рост дрэваў і раслін [Фрэзер 1998: 149]. З гэтай мэтай ладзіліся розныя абрадавыя ігрышчы, якія з'яўляліся магічнымі заклінаннямі, накіраванымі на тое, каб прымусіць лясы пакрыцца зеленню, травы - прарасці, пасевы - падняцца, кветкі - распусціцца. У нашыя дні гэтыя абрады ўспрымаюцца як звычайныя карнавальныя шэсці і відовішчы, пазбаўленыя магічнага сэнсу.
Абрад "провады русалкі" або Русаллі ці Розгары (Розыгры) праводзіўся на Русальны тыдзень - наступны пасля Сёмухі тыдзень, або восьмы пасля Вялікадня. Падрабязна рытуал апісаны ў працах Д.Н. Зяленіна, В.К. Сакаловай, Т.А. Крукавай, Н.П. Грынкавай, Л.Н. Вінаградавай. У межах Палесся ён лакалізуецца ў яго ўсходняй зоне (значная частка Гомельскай вобл., захоплівае пагранічныя раёны Брагінскай, Чарнігаўскай і Жытомірскай абл.) [Виноградова 1986: 108]. Палеская тэрміналогія каляндарных дат абраду "провадаў русалкі" звязана са з'яўленнем на зямлі ў траецка-русальны перыяд русалак "з таго свету" і вяртаннем назад "у могілкі": "Навська Тройца", "Трийця мерлых" (чацвер Русальнай нядзелі), Русалка, Русаллі (нядзеля або панядзелак пасля Русальнай нядзелі), "Розыгры" або "Проводы" - дзень адыходу русалак "на свае месцы".
Міфалагема "Навська" ("Намська") звязана з назвай русалкі ва ўсходнеславянскай (часцей украінскай) міфалогіі як "навкі" (маўкі, майкі, нав'і, малкі, мявкі, нявкі). "Навка" - душа дзяўчыны, якая памерла да хрышчэння. [Женщина 1992: 155, 188] Назва паходзіць ад прасл. *nav - ъk - a < navъ. У стараславянскай мове *навь значыць "нябожчык, труп". У балгараў "навянъ" і македонцаў "нави" маюць значэнне "нячысцікі" [ЭСБМ 1990: 264] Адсюль і назва "Навська труйца" (тройца, дзень памінання нябошчыкаў), "Намські вылыкдэнь" (вялікдзень нябошчыкаў). Параўнаем ст. чэшск. nav "магіла, пекла, той свет"; лтш. nave "смерць", гоц. naus "мёртвы" [Фасмер 1971: 35].
Некаторыя вучоныя мяркуюць, што ўсходнеславянскі абрад "провадаў русалкі" паходзіць ад рымскіх разалій, якія святкаваліся ў старажытным Рыме як толькі расцвіталі ружы, і спачатку перайшлі да славянскіх плямён на Балканскім паўвостраве, а адтуль ужо да нас. Абодва абрады звязаны адным і тым жа тэрмінам "Русаллі - разаліі", праводзіліся прыкладна ў адзін і той жа час і мелі аднолькавы асноўны атрыбут - вянок.
У энцыклапедыі "Этнаграфія Беларусі" [Этнаграфія 1989: 433] слова Русаллі выводзіцца ад лацінскай назвы антычнага свята руж (роз) - rosaria, rosalia, dies rosae. Этымалагічны слоўнік М. Фасмера тлумачыць міфалагему Русалка як вытворную ад ст.-руск. - "язычніцкае свята вясны", "гульні ў гэтае свята", "тыдзень перад Тройцай". Стараславянскае , ст.-сербск. , балг. РУСАЛИЯ - "тыдзень перад Тройцай", сербахарв. РУСАЉЕ - "Тройца" запазычаны ад лац. ROSALIA - першапачаткова "свята руж". [Фасмер 1971: 520]
К. Васільеў. Русалка.
| Хаця ў германскай міфалогіі значэнне лексемы "русалка" звязваецца з лацінскай назвай гарлачыка белага (ліліі) - Nymphaea alba, што значыць - німфея (Nymphaea) белая (alba). Згодна з грэчаскай былінай, белая вадзяная лілія ўзнікла з цела чароўнай німфы, што загінула ад нешчаслівага кахання і рэўнасці да Геркулеса, які быў абыякавы да яе. Ад німфы і атрымаў гарлачык сваю лацінскую назву. У г. Шварцвальдзе ў Германіі існуе вялікае прыгожае возера, якое носіць назву Муммельзе ад нямецкага слова "die Mummel" - німфа [Золотницкий 1994:157].
Заўважым, што ў славянаў існуюць як варыянты міфалагемы "русалка" словы "муммель" і "вадзяніца". У германскай так званай "низшей" міфалогіі вадзяныя істоты ніксы, або німфы-ніксы суадносяцца з русалкамі. Адзначым, што ў беларускай мове існуе слова мума - "уяўная змрочная істота, якою палохалі дзяцей", а ў польскай мове - mumacz, значыць "нячысцік, які жыве ў студні" [ЭСБМ 1991: 91].
Ул. Даль падае сярод іншых варыянтаў назваў русалкі паўн.-усх. "вадзяніца" [Даль 1980: 114]. Энцыклапедыя "Мифы народов мира" (т.2, С.390) назву "вадзяніца" прыводзіць як актыўнаўжывальную. Гэты ж тэрмін - вадзяніца - даецца і ў "Этымалагічным слоўніку беларускай мовы", але са значэннем "гарлачык" Nymphaea, што ўтварае сэнсавую паралель з нямецкім die Mummel [ЭСБМ 1980: 18].
Рымскія разаліі праводзіліся не раней чым 19-га красавіка і не пазней чым 19-га верасня (у пачатку мая - у Кампаніі, у сярэдзіне чэрвеня - у Апенінах, у ліпені - у горнай Італіі). Русальны тыдзень у беларусаў (і іншых усходніх славян) праводзіўся ў канцы мая - чэрвені. На Палессі гэты тыдзень меў варыянты назваў: "Троічный тыждэнь", "Русалочій тыждень", "Росальніца", "Гряная неделя", "Проводная неделя". На іншай тэрыторыі Беларусі ўжываліся яшчэ і назвы "Зялёны тыдзень", "Клечальны тыдзень", "Русальная седміца".
На першы погляд, не маюць сувязі з сутнасцю рытуальных дзеянняў словы "зялёны", "граны" і "клечальны".
Калі назвы з коранем "русалк" звязаны з існаваннем самой дэманалагічнай істоты, то этымалогія назваў "зялёны", "граны" і "клечальны" выводзіцца непасрэдна з мэты і атрыбутаў рытуальнага абраду "провадаў русалкі". А.А. Патэбня прыводзіць рэдкую ўкраінскую форму слова "зелен" - гряный і цытуе радок з русальнай песні: "На гряній неділі, на гряній неділі Русалки сиділи, сорочок просили" [Потебня 2000: 28].
Сема "клеч" мае значэнне "сцябло лёну, хмелю", "клеча" - "зелень для ўпрыгожвання на Тройцу і іншыя царкоўныя святы" [Фасмер 1967: 249]. У палескіх запісах менавіта вянкі і зелень з'яўляюцца асноўнымі атрыбутамі пераапранання "русалкі". Практычна ва ўсіх апісаннях абраду ўпамінаюцца сплеценыя спецыяльна для абраду "провадаў" вянкі. Часцей за ўсё ўказваецца, што яны робяцца з хмелю і іншай зелені. Адзначалася таксама, што "русалак" з галавы да ног упрыгожвалі хмелем (в. Харомнае, Гомельск. вобл.)
Асноўным рытуалам рымскіх "разалій" было пляценне вянкоў з руж. У палескай традыцыі менавіта вянкі з'яўляюцца найбольш устойлівым атрыбутам пераапранання "русалкі".
З усіх персанажаў усходнеславянскай дэманалогіі якраз русалкі заўсёды цікавілі як вучоных (фалькларыстаў і этнографаў), так і творцаў прафесійнага мастацтва.
У даследчай літаратуры, дзе аналізуецца гэты складаны і супярэчлівы вобраз, закранаюцца наступныя пытанні:
а) іх паходжання: дзеці, якія памерлі да хрышчэння; дзяўчаты, памерлыя да вяселля; жанчыны і дзяўчаты-тапеліцы; дзеці і дзяўчаты, якія нарадзіліся або памерлі на Русальным тыдні. Заўважым, што русалкі - істоты выключна жаночага полу;
б) знешняга вобліку: страшныя, немаладыя, брыдкія; прыгожыя маладыя дзяўчаты; паўжанчына-паўрыбіна; нейтральны тып (дзіця або жанчына з распушчанымі валасамі). Часцей русалку апісваюць абавязкова голай, зрэдку яна магла быць прыгожа апранутай або ў "белай сукенцы".
Па назіраннях Д.К. Зяленіна, паўднёваруская традыцыя паказвае русалак прыгажунямі, а паўночнаруская - брыдкімі, старымі жанчынамі [Зеленин 1916: 152-154];
в) месца іх знаходжання і з'яўлення на зямлі: вада; лес, дрэва; жытнёвае поле; могілкі. Інфарматары падкрэсліваюць, што русалкі пастаянна жылі ў вадзе і толькі на Русальны тыдзень выходзілі ў лес, на поле;
г) шкодных або карысных функцый: карысная - садзейнічаюць цвіценню жыта; ахоўваюць поле; забаўляюць дзіця; вяртаюць скаціну, калі тая прападзе; дапамагаюць прасці; шкодная - палохаюць, заманьваюць у ваду, топяць; (душаць) задушаць жалезнай "цыцкай"; могуць заказытаць да смерці; наслаць моцны вецер і град; шкодзяць пасевам; крадуць ніткі і кудзелю;
д) абавязковага атрыбута: таўкач (прач, пральнік, верацяно - на тэрыторыі Пінскага Палесся); жалезная "цыцка" (Івацэвіцкі і часткова Бярозаўскі раён Брэсцк. вобл.); грэбень (усходнеславянская тэрыторыя).
Спынімся на некаторых дэталях знешняга вобліку русалак і на сімвалічным значэнні гэтых дэталяў. У больш падрабязных апісаннях жыхары Заходняга Палесся паведамляюць, што ў русалак былі зялёныя вочы і валасы або блакітныя вочы [Леванцэвіч кк.84 -89]. М. Нікіфароўскі заўважае, што русалкі маюць "ласкавыя блакітныя вочы… валасы хутчэй падобныя на пасмачкі зялёнай тонкай асакі" [Никифоровский 1995: 64]. Або: русалка - "дэман-прыгажуня, з зялёнымі валасамі..." [Эремич 1868: 47].
Як і многія іншыя прадметы, значэнне колераў "прайшло" міфалагічны этап, і да нашых дзён колеры захоўваюць сімвалічнае значэнне. Ва ўжытку першабытных людзей колеры былі вельмі важнымі магічна-заклінальнымі сродкамі. Колер быў своеасаблівым словам - добрым або злым. Ён выконваў і важнейшую функцыю слова - падтрымліваць зносіны паміж чалавекам і яго "багамі" або духамі [Миронова 1984:20].
Лінгвістычныя даследаванні выявілі беднасць некаторых старажытных моў словамі, якія абазначалі сіні і зялёны колеры, а іншы раз нават поўную адсутнасць такіх Часта русалку апісваюць як жанчыну з распушчанымі валасамі, абавязкова голую, зрэдку - прыгожа апранутую.
| абазначэнняў колераў або ідэнтычнасць назваў сіняга і зялёнага, сіняга і жоўтага. Спачатку быў зроблены няправільны вывад аб непаўнацэннасці колеравага зроку ў старажытных народаў. Праціўнікі гэтай гіпотэзы ўказвалі на тое, што і старажытныя егіпцяне, і шумеры, і грэкі даволі часта выкарыстоўвалі сінюю, блакітную і зялёную фарбы ў выяўленчым мастацтве, што было б немагчымым пры слепаце да гэтых колераў. Яшчэ Леанарда да Вінчы заўважыў, што "зялёнае складваецца з жоўтага і сіняга [Миронова 1984: 27]. Дарэчы, лексема жоўты паходзіць ад індаеўрапейскага кораня *g'hel або *ghel, які на славянскім грунце дае значэнні зялёны, залаты [ЭСБМ 1985: 238]. Рускае слова "половый", якое паходзіць ад кораня *polv, у ХVІІ ст. абазначала то "жаўтаваты", то "блакітнаваты" [Фасмер 1971: 313]. Мова - структура другасная ў адносінах да пачуццяў і жыццёвай практыкі. Яна адлюстроўвае далёка не ўсе з'явы жыцця (што адзначыў яшчэ Арыстоцель), і далёка не ўсё выражае адэкватна. У кітайскай сістэме колераў сіні і зялёны таксама ўзаемазамяняльныя. Зялёны колер можа разглядацца як "порождение" сіняга, як такі колер, у якім сіні служыць састаўной часткай, а другая частка - жоўты.
Заўважым, што ўзбекі Зараўшанскай даліны называюць русалку "сарыкыз" - "жоўтая дзева", а ўсходнесібірскія татары - "сары чэч" - "жоўтавалосая дзева" [Женщина 1992: 18].
На Русальны тыдзень русалка з'яўляецца з "таго свету" і вяртаецца "на той свет", а шляхамі гэтага пераходу з'яўляюца "агонь - вада - дрэва" [Виноградова 1986: 120]. На нашу думку, тут можа якраз і праяўляецца сімвалічнае значэнне зялёнага колеру, бо ў колеравай сімволіцы хрысціянскага ўсходу зялёны - зямны колер, сімвал зямнога жыцця. Ён нагадвае пра зямное жыццё Хрыста. Культ Хрыста ў сваю чаргу ўспрыняў многія рысы старажытных культаў Асірыса, Атыса, Думузі і іншых багоў-злакаў, сімвалам якіх быў зялёны колер. Таму ён служыць сімвалам уваскрашэння і вясенняга абнаўлення. Нагадаем: "русалка - захавальніца і падаўца ўрадлівасці, адна з апекуноў пладаноснай зямлі" [Этнаграфія 1989: 435], звязана з вегетатыўным культам.
Літаратура:
Виноградова А.Н. Мифологический аспект полесской "русальной" традиции // Славянский и балканский фольклор, Духовная культура Полесья на общеславянском фоне. - Москва, 1986.
Даль В.И. Толковый словарь живого великорусского языка. В 4-х т. Т. 4. Москва, 1980.
Женщина в мифах и легендах: Энциклопедический словарь. - Ташкент, 1992.
Зеленин Д.К. Очерки русской мифологии. Вып. 1 - Умершие неестественной смертью и русалки. Пг., 1916.
Золотницкий Н.Ф. Цветы в легендах и преданиях. - Минск, 1994.
Колесов В.В. Древняя Русь: наследие в слове. Мир человека. - С-Петербург, 2000.
Леванцэвіч Л.В. Атлас гаворак Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Лексіка. - Брэст (у друку).
Миронова Л.Н. Цветоведение. - Минск, 1984.
Никифоровский Н. Нечистики, свод простонародных в Витебской Беларуси сказаний о нечистой силе. - Витебск, 1995.
Потебня А.А. Символ и миф в народной культуре. - Москва, 2000.
Фасмер М. Этимологический словарь русского языка. В 4-х т. Т. 1-4. М.,1964 - 1973.
Фрэзер Дж.Дж. Золотая ветвь. - Москва, 1998.
Эремич И. Очерки Белорусского Полесья. - Вильна, 1868.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. У 8-мі т. Т. 3, 6, 7. Мінск, 1985 -1991.
Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя. - Мінск, 1989.
Лена Леванцэвіч
|