Арышты; Бяроза і Воля
Паўлюкоўскі Уладзіслаў (псеўданім Улад Ініцкі) - нарадзіўся ў 1895 ў в. Ініца Наваградскага павета Мінскай губерніі ў мнагадзетнай сялянскай сям'і. Скончыў пачатковую школу, а потым і гарадскую ў Наваградку. У першую сусветную вайну служыў прапаршчыкам. Удзельнік грамадзянскай вайны, меў баявыя ўзнагароды. Пасля вяртання ў 1920 на радзіму і пераезда ў сярэдзіне 20-х гадоў у Вільню пачаў актыўна супрацоўнічаць з беларускімі арганізацыямі і выданнямі ("Маланка", "Шлях моладзі", "Авадзень" і іншыя). Як графік удзельнічаў у выданні каляндароў, кніжак, падручнікаў. Некаторы час быў звязаны з Беларускай Сялянска-Рабочай Грамадой, удзельнічаў у яе друку (1925-1927). У 1926 арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў віленскую турму на Лукішках, а ў 1927 пасля апеляцыйнага суда вызвалены з турмы. У 1939 арыштаваны другі раз і адпраўлены ў Картуз-Бярозаўскі канцлагер, адкуль выйшаў на волю пасля вызвалення Заходняй Беларусі. Сваё знаходжанне ў канцлагеры апісаў у 1940 ва ўспамінах "Арышты; Бяроза і воля". Вярнуўся ў Вільню і працаваў штатным супрацоўнікам Беларускага музея І.Луцкевіча. Пасля яго ліквідацыі працаваў дырэктарам Літаратурнага музея імя А. Пушкіна (1945-1947). У 1948 арыштаваны савецкімі органамі бяспекі і асуджаны ў Мінску на 10 гадоў лагернага рэжыму. Вярнуўся з лагеру ў 1953 невылечна хворы, спаралізаваны і ў 1955 памёр у Вільні. У 20-30-я гады даволі часта друкаваўся ў перыядычным друку; тады ж выйшлі ў Вільні асобнымі выданнямі яго кнігі "Сон Гаўрылы і розныя вершы", "Клім бабаю і іншыя жарты", "Апавяданні". Асноўныя матывы яго шматлікіх вершаў - сацыяльная няроўнасць і нядоля, імкненне да свабоды і справядлівасці. Найбольш вядомая праца ў 30-я гады - этнаграфічныя эцюды, прысвечанныя кожнаму месяцу года, - своеасаблівы народны каляндар, у якім апісваліся традыцыйныя народныя святы, звычаі, абрады, прыводзіліся народныя прыказкі, адпаведныя земляробчаму цыклу, тлумачыліся назвы месяцаў і іх першакрыніцы. Быў вядомы і як перакладчык. Асобнымі выданнямі ў Вільні выйшлі апавяданні Л. Талстога ў яго перакладзе."Беларускія пісьменнікі" (Біябібліяграфічны слоўнік), том 4
Арышты; Жнівень 1939 г.
Што новы дзень, то ўсё гразьнейшы й страшнейшы для людзей: няўхільна прыбліжалася вайна Нямеччыны з Польшай. Аж 30 жніўня, расклеенымі ўночы плакатамі, была абвешчана агульная мабілізацыя. Ускалыхнулася сталіца колішняй, Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Пачаўся нястрыманы многімі яшчэ нябачаны рух выпушчанае з моцных сьціскаў спранжыны, каторая шалёна круцілася ў няведамым кірунку й гучэла незразумелымі гукамі, а рэха іх адбівалася ў сьведамасьці людзей шматлітарным словам - мабілізацыя. І з людзей мо'ніхто ня быў такім чулым да яе й так не праймаўся ейнымі гукамі, як Беларусы.
У самы дзень мабілізацыі ў Вільні былі арыштаваны: дырэктар Беларускай гімназіі Анцукевіч, рэдактар "Калосься" Шутовіч, рэдактар "Шляху моладзі" Найдзюк і працаўнік Беларускай Друкарні А.Шутовіч. Вестка аб арышце іх маланкай разьняслася сярод Віленскіх Беларусаў і сабою зацьміла ўсе іншыя весткі, зроджаныя рухамі мабілізацыі. У агульным хаосе іх тая вестка вырастала ў нейкі патвор і душыла самапачуцьцё кажнага шчырага Беларуса, каторы сваім інстынктам і інтуіцыяй чуў пачатак яшчэ горшага палажэння й прасьледу беларускай народнай справы, якія ўжо дагэтуль перабыліся.
- Што будзе?- азіраючыся на ўсе бакі пыталі адзін аднаго Беларусы.- Што нас чакае?
- Кепска будзе,- адзін другому адказывалі Беларусы, паціскаючы плячыма, бо на другое пытаньне ніхто не хацеў адказываць, каб не агарчаць свайго брата з вялікай Беларускай Айчыны.
Аж 1-га верасьня абвешчана вайна... У горадзе грукат, стук, натоўпы людзей, беганіна падводы, аўты, жаўнеры і... ўзрыды, плач. Плакалі мацяркі, жонкі, сёстры, дзеці. Яны праваджалі сваіх карміцеляў і апякуноў "на дарогу магутнасьці найясьнейшай рэспублікі" , як гаварылі тыя пілсудчыкі, што заржавелі на нятыкальных мясцох дзяржаўнай машыны... Пад вечар гэтага дня - над Парубункам - нямецкі самалёт, страляніна па ім... Сапраўды, вайна!
А змрокам і па змроку таго-ж 1-га верасьня зноў сьлёзы адчайнага плачу, але ўжо ў беларускіх, украінскіх, літоўскіх, нямецкіх і ў жыдоўскіх кватэрах і хатах. Па ўсёй Польшчы адбываліся масавыя рэвізіі й арышты "інародцаў", коштам і працаю каторых польскія паны тварылі дабрабыт сабе ды сваім "родаком і пшыяцёлом".
Мяне арыштоўвалі сышчык з паліцыянтам, зрабіўшы павярхоўную рэвізію маіх кнігаў. Пры рэвізіі толькі забралі зьбіраныя праз даўжэйшы час карты, пры помачы каторых я маніўся ўлажыць для Музею альбом гістарычных зьменаў на тэрыторыі этнографічнай Беларусі, забралі рукапіс хронологіі Беларусі й некалькі кніжак і пазычаных украінскіх газэтаў, а так-жа рукапіс Беларускага Сялянскага Календара на 1940 год. Забіраючы-ж мяне, паліцыянт і сышчык не казалі нічога ні аб прычыне, ні аб мэце арышту, а толькі падганялі хутчэй зьбірацца. Думаючы, што возьмуць мяне на кароткі час, я сьпехам сабраўся - на босыя ногі абуў камашы, на кашулю апрануў летні халацік і ўзяў курыць, як толькі-толькі на дзень. Мімаходам, з усьмешкаю на вуснах, разьвітаўшыся з заплаканаю жонкаю, выйшаў я з хаты. Мяне пасадзілі ў чакаўшую нас дрынду (вазьніка) й павязьлі на Сьвятаянскую вуліцу, у Сьледчы аддзел паліцыі.
Тутака ў асобным пакою мае праважатыя пісалі пратакол рэвізіі, а я пазіраў, як міма мяне ў суседні пакой прыводзілі й выводзілі з яго розных людзей - і мужчын і жанчын. Былі ўсякія між імі - і панаватыя й прасьцейшыя, і з клумкамі й з пустымі рукамі, і лёгка апранутыя, як і я, нават без шапкаў, і ў плашчох і польтах. Пазіраў я на іх і ўсьцішна рабілася, тым балей, што электрычныя лямпачкі былі абкалпачаны сіняю папераю, - а сэрца так неспа-койна й трывожна трапяталася, а ў галаве так і круціліся цяжкія думкі: "хаця-б ня білі, хаця-б ня білі". Аб тым, што пішуць пратакол не на месцы рэвізіі ды не пры пастароньніх сьведках, нічога ня думалася. Калі я падпісаў прачытаны пратакол, мяне зараз-жа перавялі ў той суседні пакой, які ўжо для мяне зрабіўся страшным. Тутака пры вялікім стале сядзеў пажылы, апрануты па вайсковаму нейкі пан, каторы перабіраў кучу папераў. Да кожнай паперы была прыколата чырвоная картачка. 3 мейсца, дзе мяне паставілі ў тым пакою, я глянуў праз ягонае плячо і здолеў прачытаць загаловак аднае чырвонае картачкі: - Розпорзадзене інтэрнованю (Распараджэньне аб інтэрнаваньні)... Так і выбухнула пякучая ўсё нутро маё цяжкая думка: "Няўжо-ж гэта мяне?... Няўжо-ж не вярнуся дамоў?" Павёў я імглістымі вачыма па сабраных людзёх - нікога знаёмага ня ўбачыў. Яшчэ не абтросься ад дабіўшай мяне цяжкай думкі, як за дзьвярыма пачуў грознае слова: "эскорта!" Зьявіўся паліцыянт і мяне павёў... павёў у "Цэнтралку", на Ігнатаўскай вуліцы.
Было ўжо за поўнач.
Усіх вітаю, што жылі,
Што за справу боль пілі.
Я вітаю ўсіх, што крочаць
Проста ў косы, проста ў вочы
Патарочы цёмнай ночы...
А цягнік... чах-чах-чах... і з кажнай мінутай прыбліжаўся да Бярэзы.
У самай Бярэзе.
9 верасьня, каля гадз. 10-й, нас прывязьлі на ст. Бярэза-Картуская. Высадзіўшы з вагонаў, нас пералічылі й чацьвёркамі павялі ў лагер, як мы думалі. Да лагеру было кілёметраў 6, улева, як мы ехалі. Слабейшым, і ў каго было шмат рэчаў, паліцыя дазволіла наняць падводу; заплацілі за яе 6 злотаў, згары; грошы сабралі ў складку ад карыстаўшых. У палавіне дарогі зрабілі адпачынак. Пры дарозе сяляне капалі бульбу. Паліцыя загадала ім прынясьці некалькі вёдраў вады, за каторую арыштаваным запрапанавана было заплаціць "паводле сумленьня". Яшчэ мы аддыхалі й прагавіта пілі ваду, як міма нас з праціўнага кірунку прайшла вялікая грамада людзей, болей за 100. Ішлі яны чацьвёркамі, і, хоць былі акружаныя паліцыяй, але не ў такім ліку, як мы. Паміж іх пераважалі жанчыны, нават з дзяцьмі, меншымі й большымі. Ясна было, што гэта - выселенцы, а можа адпушчаныя з лагеру. Від іх быў сумны, твары худыя, толькі вочы блішчэлі, вопратка - лахманы, босыя, а калі хто быў абуты, то толькі для фасону... Па ўсім было відаць, што перажылі яны шмат гора, можа такога, якое й нас чакала...
- "Машыраваць!" - пачулася каманда, і мы пайшлі. Перад самым лагерам улева ад дарогі, віднеліся руіны нейкага муру й будынку... Прыпомнілася, што гэта руіны колішняга манастыра, заснаванага тутака езуітамі-картузамі, ад каторых і самая мясцовасьць назвалася Бярэзай-Картускай. Глядзеў я на тыя руіны й думаў аб дзівах часу... Бо-ж адгэтуль калісьці выходзіла сьвятло Хрыстовай навукі, прасякнутае любоўю да людзей, а цяперака побач з ім стала месца, куды хрысьціяне хрысьціянаў-жа вядуць на гібеньне, няма ведама за што.
Зьвярнуўшы ўправа і прайшоўшы кавалак пыльнай дарогі ўздоўж шчыльнага дошчак паркану, мы акружылі яго і ўзыйшлі на кобрынскую шашу - шырокую, з прысадамі й кветкамі з абодвух бакоў. Пазіраючы на галоўкі міленькіх астраў, гвазьдзікоў, мяне ахапіла ціхая прыемнасьць, але не надоўга, бо вось міма нас двух паліцыянтаў правялі групу самых праўдзівых бярэзаўскіх арыштантаў. Вопратка на іх была з шэрага зрэбнага палатна, на галовах мелі зрэбныя "лодачкі", як у польскіх жаўнераў-абозьнікаў. На плячах-жа, ва ўсю шырыню іх і вышыню лапаткаў, кажны меў вялікія, чорныя цыфры свайго нумару. Я, як мог, лавіў зрокам іхнюю лічбу й меней тысячы не заўважыў. На некаторых кашулі былі захварбаваныя крывёю...
Толькі пайшлі гэтыя нумараваныя ці апрячатаныя людзі, як мы сталі перад варотамі свайго месца быцця, каторае разьлягалася з абодвух бакоў шашы. 3 аднаго боку над варотамі віднеўся надпіс: "Мейсцэ одособненя в Бэрэзе Картускей", а з другога боку шашы, напроціў, бачыліся другія вароты ў такой-жа дашчатай і шчыльнай агарожы. Над імі быў надпіс: "Комэндант месца одособненя в Бэрэзе Картускей". - якія нявінныя словы, - падумаў я, акурат як "прыціснуты да муру!" Ціха й сумна стала.
3 першых варотаў выйшлі іншыя паліцыянты, з гумовымі палкамі, пагутарылі з нашымі й гэтыя адыйшлі набок. Бярэзаўскія паліцыянты адразу паказаліся грубейшымі й вастрэйшымі. Пачуліся іхнія каманды. Жанчынам загадалі стаць асобна й пералічылі іх. 3 другіх варотаў выйшлі паліцыянткі з гумовымі палкамі й павялі жанчын за тыя вароты. Пералічылі й нас, як нейкія мёртвыя рэчы, без назоваў, аднолькавыя, бо нават не спраўджалі па сьпіску. Загадалі рухацца ў першыя вароты, скамандаваўшы: "Бягом!"" Толькі я ўбег за вароты, як над галавою пачуў новы крык "бягом" і адначасна з ім удар па плячах. Не глядзеў я, хто й чым ударыў, а пабег... Бягу... паміж паліцыянтаў стаяўшых у два рады і біўшых тых, што беглі прерада мною. Паліцыянты крычалі "бягом" і білі... а мы, як хто мог беглі,.. беглі проста, у лукаткі, ад адного раду паліцыянтаў да другога, пераганяючы адзін аднаго, папіхаючы пярэдняга, каб даць сабе дарогу, - кажны, як мог, як знаў, так ратаваўся ад біцьця, не глядзеў на свайго таварыша... Ня было тутака літасьці й гуманнасьці паміж людзей, каторых спаткала аднолькавая нядоля... А паліцыянты толькі крычалі "бягом!" і білі... Білі гумовымі палкамі, прыкладамі стрэльбаў, каламі, палеччамі, хто што меў у руках... Білі ад усяго сэрца й душы, разьюшаныя жорсткаю злосьцю, бо ў некаторых ламаліся ў руках палкі й палеччы. Страшна было бегчы ад адного ўдару пад другі, але павароту ня было... І мы беглі, стагналі, крычалі, раўлі... Беглі й падалі, куляліся адзін цераз другога, адзін другога тапталі й так мо'якіх 100 мэтраў, уздоўж аднаго трохпаверхавага будынку... Аж узьбеглі на нейкую дарожку ўздоўж драцяной агорожы, потым паміж дроту на нейкі пляц, акружаны калючым дротам. Цяперака нас біў кажны стрэчны паліцыянт, які толькі йшоў па гэтай дарозе... Захрапліся, засапліся, пагублялі свае клумкі, шапкі, парассыпалі свае пайкі хлеба з "Цэнтралкі", парвалі вопратку аб драты, пераганяючы й папіхаючы адзін аднаго... Гэта было нешта жудаснае, і ня біцьцё, а катаваньне. Катавалі на Лукішках у 1926 і ў 1927 гг., гэтак-сама азьвярэлыя людзі, але тое катаваньне то не зраўнялася-б і з трацінаю цяперашняга.
На пляцы, дзе мы затрымаліся, да нас падыйшоў паліцэйскі сяржант і, называючы нас інтэрнаванымі, абвесьціў рэжым. Вось некаторыя пункты яго:
- бяспрэчная паслухмянасьць і ўважлівасьць як да паліцыі так і да "інструктароў" назначаных з пасярод нас;
- пісаньне і атрымліваньне пісьмаў забаронена;
- ніякія пасылкі, ні емінныя, ні з вопраткаю, да інтэрнаваных не дапускаюцца;
- дакупліваньне ежы - забаронена;
- найбліжэйшым начальнікам зьяўляецца "інструктар" - толькі ён можа дакладаць каманданту групы аб усякіх просьбах інтэрнаванага;
- вопратка й хусьцё інтэрнаваным не даецца і хто ў чым прыехаў, у тым і будзе да канца інтэрнаваньня...
Многія з нас пры гэтым пазайздравалі таму, хто прыехаў ў цяплейшай вопратцы і ў лепшым вобую. Бяда й гора чакалі босых і лёгкаапранутых - а іх, ой, шмат было! А восень ужо чулася ў паветры, асабліва раніцамі.
Далей сяржант загадаў аддаць у дэпозыт грошы, дакументы й наагул вартасныя рэчы, а ўсякую дробязь, як грабяні, партманкі, папяросьніцы, лісткі й інш. выкінуць вон.
Пасьля гэтага з нашай групы выклікалі лекараў. 3 Беларусаў аказаўся толькі Арсень Паўлюкевіч. Дактары аглядзелі стан здароўя прыбыўшых, аддзялілі ад нас калекаў, слабых і старых і адвялі іх некуды ў іншую групу...
На дакторскім аглядзе шмат у каго на плячах і на руках былі відаць жоўтыя паласкі - гэта былі сьляды біцьця, удараў палак. Каму папалася мацней, дык палоскі былі ня жоўтыя, а чырвоныя, з падцёкамі крыві. У мяне-то былі жоўтыя палоскі на абедзьвюх руках, вышэй локцяў.
Калі ўсё тое рабілася, я, як мог, навокал глядзеў, што нас акружае... Нічога ня ўбачыў, толькі платы з калючымі дратамі, а за імі людзі й людзі, - сотні, тысячы стаялі ў радох, як мы. Горда й важна паміж тых прыгнечаных людзей хадзілі паліцыянты... Яны крычалі, лаялі, махалі палкамі й білі...
Да дроту, каторы аддзяляў наш пляц ад суседняга, з таго боку падбягалі людзі й прасілі хлеба...
- Хоць кусочак... Восьмы дзень тутака,- казалі яны.
- А скуль?- ціханька пытаемся.
- 3 Галіччыны,- кажуць,- ёсьць з Валыні, з Лэмкаўшчыны...
- А Беларусы ёсьць?
- Ой шмат: з Горадні, з Вялейкі, з Маладэчна, із Слонімшчыны, з Ашмяншчыны, Трок, з Чарэтхі, з Палесься... адусюль,- казалі яны.
Неўзабаве да нашага шэрагу падыйшоў іншы паліцыянт і пачаў крычаць і лаяць нас за тое, што мы - здраднікі, ня ўмелі шанаваць загадаў Пілсудскага, а слухалі Гітлера, што ўсе чэсныя цяперака на фронце, а мы - шкурнікі й дарма хочам есьці польскі хлеб і г.д. у гэтым духу. Кажны сказ пачынаў і канчаў ён польскаю лаянкаю "з курвы сын". Падчас свае "навукі" аднаго запытаўся, што ён казаў, і акурат папаў на маладога Украінца, каторы зусім не разумеў яго.
- Што я сказаў?- пытаецца азьвярэлы паліцыянт. Украінец маўчыць.
- Ах ты, з курвы сыне, ня хочаш гаварыць са мною!- крыкнуў паліцыянт,- Нагніся! Украінец нагнуўся й паліцыянт прылажыў некалькі палак, аж бедны Украінец скруціўся й завыў нечалавечым голасам.
Зноў жа, пачуліся з шэрагу галасы, што ёсьць адзін із зламанаю нагою (зламалі яму пад час таго біцьця - "прыняцьця"), дык той паліцыянт, ходзячы перад нашым шэрагам і махаючы палкаю ці каго б'ючы ёю, кажа:
- Я віджу яго, але ня бачу й ягонага стогну ня чую,- але ўсёж-такі дазволіў вынясьці яго на руках да дактароў, каторыя былі ў другім канцы нашага пляцу.
Адзін інтэрнаваны на грудзёх меў стужкі ордэнаў, дык гэты паліцыянт пазрываў іх, кінуў на зямлю й топчучы нагамі крыкнуў:
- Такія, як мы на фронце бароняць гонар найясьнейшай рэчыпаспалітае... Тутака толькі здраднікі, шпегі, з к... сыны,- і з гэтымі словамі ахнуў палкаю па ягоных плечах.
Доўга "навучаў" нас той паліцыянт, аж ногі забалелі стоячы і толькі чуваць было між нас:
- Вось папаліся! Канец будзе!
Калі ўжо ён скончыў, далі нам вады, пасьля каторай бегам пагналі ў памешканьне, дзе таксама некаторыя атрымалі гумовыя палкі за тое, што ўбеглі ў шапках.
Усіх агарнуў страх і тропат. Думалі, што гэтак будзе штодня. Аказалася-ж, што гэтак нас толькі спатыкалі, бо назаўтра тое самае паўтарылася з новымі двума групамі, прыведзенымі ў Бярэзу.
У адной групе было, між іншым, трох клерыкаў і з іх аднаго так білі, што той падаў пад ударамі, а як падымаўся й хістаючыся прабягаў некалькі крокаў, яго даганялі й ударамі палак зноў валілі з ног. Бедны клерык! Праз ўсё жыцьцё сваё ён будзе ясна ўяўляць, як Езус падаў пад крыжам... Двух клерыкаў то зручна ўцякалі, падняўшы свае сутанны, але і ім дасталося палак. У другой групе так-жа спрытна ўцякалі два маладыя сьвяшчэньнікі, каторых так-жа бязлітасна білі, як і клерыкаў.
Ад 1 верасьня да якога 10-га ў Бярэзу было сагнана тысячы людзей. Ня было ў Польшы такога павету, каб у Бярэзе не аказалася ягоных прадстаўнікоў. Але найболей было Украінцаў і Беларусаў. Пазьней мы даведаліся, што ўсіх інтэрнаваных у Бярэзе было да 10000 чалавек. Былі ўсякія: і маладыя і старыя, і здаровыя й хворыя, нават калекі - кульгавыя, гарбатыя, сьлепавокія, заікі... хворыя на падачку, а ў нашай залі быў нат адзін вар'ят, і ўсе былі "залічаны" ў катэгорыю "здраднікаў!" А як яны даставаліся ў Бярэзу, ня лішнім будзе прыпомніць хоць кароткае апавяданьне інструктара Келецкай групы:
"Нас арыштавалі 1 верасьня й сагналі ў Страхавіцах. Тутака нас паскоўвалі па двух і пехатою павялі. Ішлі мы болей тыдня, і толькі ўночы. Першыя дні тры то йшлі скаванымі. Калі ж нямецкія самалёты пачалі лётаць над галовамі й абстрэльваць нас кулямётамі, тады раскавалі, каб маглі лепей хавацца. Усё-ж такі аднаго з нас бомбы забілі. Так дайшлі мы да Берасьця, адкуль цягніком прывязьлі нас сюды... Нацярпеліся мы голаду, а найбо-лей - страху," - цяжка ўздыхнуўшы закончыў інструктар..
Канец будзе
Улад Ініцкі Арышты; Бярэза і Воля (Вільнюс, 1940 г.)
Паклаў з лацінкі на кірыліцу Сяржук Русецкі. Стыль аўтара захаваны.
|