Як загінула Рэч Паспалітая(Заканчэнне. Пачатак у №1 за 2003 г.) Больш як два стагоддзі праіснавала ў цэнтры Еўропы дзяржава Рэч Паспалітая. Складалася яна з дзвюх частак: Княства – Вялікага княства Літоўскага, у склад якога ўваходзілі і сучасныя землі Беларусі – ды Кароны – Каралеўства Польскага. Найбольш спрэчак выклікала зацверджанне пагаднення аб другім падзеле. Дэвізам падзеі можа стаць вокліч: "Гора пераможанаму!" Тое, што адбывалася ў Новым каралеўскім палацы ў Гародні 22 ліпеня 1793 года, выклікала абурэнне нават у расійскага афіцэра Льва Энгельгардта, які ўсклікнуў: уладары Расіі і Прусіі крэмзаюць суседнюю дзяржаву паводле адзінага права - права моцнага! На вачах усяго свету гінула Рэч Паспалітая. Слязу пусціла нават Кацярына II. Што прымусіла яе так расчуліцца ? Яна, бач, толькі хацела "абараніць" прыгнечанае праваслаўе, трошкі зямелькі прыдбаць, а прыйшлося з прусакамі і аўстрыякамі дзяліцца... Расія замест саюзніцкай Польшчы ўжо ў ХIХ стагоддзі, паводле слоў гісторыка В.В. Ключэўскага, атрымала тры вайны з палякамі ды ліцвінамі ў 1812, 1830 і 1863 гадах. Гэтая краіна была арганічна ўплецена ў дыван тагачаснай Еўропы. Разбурэнне яе парушыла ўвесь узор, выклікала напружанасць і стала зачэпкаю для новых разбурэнняў. У 1793 годзе, ужо перажыўшы двойчы ганебныя падзелы, Рэч Паспалітая сваім аголеным нервам абвострана адчувала, як бурляць, уздымаюцца сілы, што запанавалі напрыканцы ХVIII стагоддзя. Роўны ход гадзіннікаў на сярэднявеччых ратушах пачаў збівацца на бег. Яе Вялікасць Гісторыя рыхтавала страшэнны выбух, у эпіцэнтры якога апынулася Еўропа. У назбіранай энергіі была такая разбуральная моц, што ад яе раптоўнага выхаду страсянуліся не толькі асобныя чалавечыя лёсы, але і цэлыя дзяржавы, нават кантыненты. Быццам нейкая рэвалюцыйная камета сустрэлася з Зямлёю і абудзіла вулканы з хрыпам агню і лавы ў жаролах. З яе утапічнымі лозунгамі жыло ўсё ХIХ стагоддзе, яе аслаблены імпульс адчуваўся і ў стагоддзі ХХ-ым. Калі забыцца на той час, не зразумела, як быў народжаны наш сённяшні энергічны, крыклівы, стракаты, як турэцкі цюрбан, і такі шалёны дзень. Так, гэты час быў незвычайны. Пра яго Андрэ Маруа гаварыў, што тады мужчына хутчэй рабіўся генералам, чым жанчына паспявала нарадзіць дзіцё. Угледзьцеся ў галерэю лёсаў Напалеона, Вашынгтона, Лафайета, Касцюшкі. Кожны з іх паасобку насіў "маршальскае жазло" ў салдацкім заплечніку. Колькасць "рэвалюцыйных генералаў" хутка стала большаю, чым трэба. Для іх не хапала армій. Ім бракавала новых войнаў, каб насыціць свае амбіцыі, каб таленты іх знайшлі выкарыстанне. Гэтыя людзі - іскры ад вогнішчаў "рэвалюцыйных войнаў". Вайна сталася іх звычкаю. Яны забыліся на свае сем’і. Сэнсам жыцця было змаганне. Гэта была адзіная стыхія, дзе яны пачуваліся моцнымі, здольнымі, патрэбнымі. Але народжаныя ў адной стыхіі, яны абралі розныя лёсы. Нехта стаў Напалеонам, нехта застаўся Касцюшкам... Гродзенскі сейм ускалыхнуў краіну. Тую "згоду" называлі здрадаю. Дэпутаты ўхвалілі павелічэнне іншаземных армій, а паспалітае войска скарацілася ўдвая. У гэты час у Варшаву прызначаецца новы пасол - расійскі барон Восіп Ігельстром. Галоўная яго мэта - прадухіліць у Рэчы Паспалітай распаўсюджанне "французскай рэвалюцыйнай заразы". Палякі ды ліцвіны з надзеяй глядзелі на Францыю, ахопленую Вялікай рэвалюцыяй. 17 студзеня 1793 г. з Лейпцыгу ў Парыж накіроўваецца генерал Тадэвуш Касцюшка, каб дамовіцца наконт дапамогі. Ён вязе план паўстання і ноту, дзе выкладаюцца задачы рэвалюцыі ў Рэчы Паспалітай: даць волю і роўнасць усім саслоўям, пашырыць выбарчыя правы, скасаваць прыгонніцтва, зліквідаваць уладу караля, сената, царквы. Але надзеі на дапамогу Францыі не спраўдзіліся. Нічога больш канкрэтнага, чым спачуванне, французскі бок не абяцаў. "Польшча заняпала, але яе супраціў выратаваў Французскую рэвалюцыю", - некалі заўважыў Фрыдрых Энгельс. Аднак яўная няўдача місіі Касцюшкі не спыніла смелыя надзеі патрыётаў Рэчы Паспалітай. Таму апошнімі днямі жніўня 1793 г. у Лейпцыг, дзе тым часам жыў Касцюшка, прыбыла дэлегацыя з прапановаю для яго ўзяць кіраўніцтва ў свае рукі. Згоду генерал даў, але рашуча аб’явіў:" За адну шляхту біцца не буду. Хачу вольнасці ўсяго народа і толькі для яе гатовы ахвяраваць жыццём".
Да пачатку паўстання Касцюшка хацеў упэўніцца, што яно цалкам прыспела, каб не кінуць зерне ў не падрыхтаваную глебу. Прыходзяць паведамленні з Кракава і Варшавы: гарады яшчэ не гатовыя прыняць удзел ва ўзбройным чыне. Касцюшка вагаецца і выказвае свой сумніў. Маўляў, трэба пачакаць да вясны 1794 г. каб не кінуць краіну ў вір безвыходнай авантуры... Між тым акупацыйныя ўлады робяць захады перадухіліць "мяцеж". Гарадзенскі сейм скарачае паспалітае войска да 17800 чалавек. Расійская тайная паліцыя таксама не дрэмле ў шапку: пацягнуўся ланцужок правалаў, ускрываюцца "патрыятычныя клубы" ў Польшчы і Літве. Але пасол Ігельстром паводзіць сябе ў гэтых абставінах надзвычай нядбала. Баляванні, паляванні, прыгожыя паненкі ўсыпілі ягоную асцярожнасць. Часамі Ігельстром робіць тэатразаваныя манёўры. Пры гэтым ягоны ўмоўны "супраціўнік" заўсёды паказвае спіну, і ўзрадаваны генерал цягне ўсіх удзельнікаў гэтага прадстаўлення да стала - змагаецца з курынымі кумпячкамі. Аднойчы здарыўся канфуз, бо госці ды сам гаспадар знайшлі на крэслах вершы наступнага зместу: Ці ведаеце, чаму генерал Ігельстром такі вясёлы? Ігельстром быў раз’юшаны. Але хоць і не дарма елі шпікі хлеб з ягоных рук, імя паэта генерал не даведаўся. Як і не заўважыў, што краіна, аб якую ён выціраў ногі, да лакейства яшчэ не прывучаная. Паўстанне выбухнула нечакана нават для яго арганізатараў. У сакавіку 1794 г. урады прапанавалі брыгадзіру Антоні Мадалінскаму раззброіць даручаныя яму войскі. Той рашуча адмовіўся выконваць загад і павёў сваю брыгаду на Кракаў - з надзеяй узняць на барацьбу кракавякаў. Як толькі чуткі пра выступленне Мадалінскага дайшлі да эміграцыі, на радзіму, як журавы з выраю, пацягнуліся генералы Заёнчык, Вейсенхоф, Касцюшка. Стыхійнаму хваляванню патрэбна было даць нейкую арганізаванасць.
Расійскі бок дамагаўся, каб вядомасць пра гэтыя падзеі не разляталася. Аднак безнадзейна рабіць таямніцы з сакрэтаў палішынэля. Энгельгардт прыгадваў амаль анекдатычную сітуацыю. "Смешна было, што на пытанні шматлікіх маіх знаёмцаў: "Адкуль?" я мусіў адказваць: "Не ведаю".- "А навошта прыехаў?"- "Не ведаю". Дарэмная засцярога, паколькі ўжо ўсе добра ведалі, што ў Польшчы здарылася рэвалюцыя."І не трэба далёка ехаць, каб дазнацца што вайна распачалася. Кожны памешчык, любы селянін цудоўна ўсведамляе гэта, бо раптоўна замест аднаго рэкрута ад пяцісот прыгонных загадана адпраўляць у армію пяцёх. І ўсе ведалі, што такія сілы патрэбныя не для таго, каб бульбу абрабляць! Адначасова і паўстанцы пачалі збіраць з пяцідзесяці хатаў па аднаму вершніку ды па аднаму пехацінцу з кожных пяці "дымаў". Таксама не клёцкі есці! Чацвёртага красакавіка ў бітве пад Рацлавіцамі, што доўжылася пяць гадзін, касцюшкаўцы атрымалі першую перамогу над войскамі генерала Аляксандра Тармасава. Іншыя расійскія военаначальнікі (Дзянісаў, Рахманаў ды Хрушчоў) нічога не зрабілі, каб дапамагчы апошняму. Пакуль Тармасаў біўся з паўстанцамі, яны спачатку нетаропка абедалі, потым пілі "кофій". Ужо бралася на змярканне, калі яны падцягнуліся, каб пагледзіць, што там засталося ад Тармасава войска. Зайздрасць з боку калег і грэбаванне "нікчомным непрыяцелем" ледзь не каштавалі Тармасаву галавы. 7 красавіка Кракаў святкаваў перамогу: у горад вярталіся паўстанцы, а разам з імі - 12 трафейных гармат, палонныя і сцяг пераможанага ворага. Рэха гэтай падзеі было аглушальным. Тым часам Ігельстром зачыніўся ў Варшаве і апынуўся перад дылемаю: ці бегчы адразу, ці трохі пачакаць.Была сабрана Рада "апошняга склікання". Кінуць Варшаву - значыла пакінуць арсенал, дазволіць злучыцца "мяцежнікам", здрадзіць сваім прыхільнікам, якія, як толькі паўстанне пераможа ў горадзе, пачнуць гойдацца на шыбеніцах. Вялікаю абузаю зрабіўся кароль Панятоўскі. Яго прыйдзецца цягнуць за сабою, бо гэтыя паскуды - варшавякі проста пад вокнамі распяваюць: Сёння носім фігу ў носе, "Чэрнь" буяніла. Яшчэ да світання 17 красавіка з арсенала выдавалі зброю варшавянам. Пачалася страляніна, польскія палкі пакінулі свае казармы. Паўсюдна чулася: "Да зброі! Ратуйце Айчыну !" Расійскія войскі страцілі сувязь і дзейнічалі, як сляпыя кацяняты. Кватэра Ігельстрома была атакавана з усіх бакоў. На дапамогу да яго прыбіліся нешматлікія атрады, з якімі пасол трымаўся ўвесь наступны дзень. Ігельстрома прасілі бегчы з горада, каб з’яднацца з прусакамі, што стаялі ў прадмесцях Варшавы. Аднак галоўнакамандуючы не разумеў, што манёўры скончыліся, а тое, што адбываецца - сапраўдная вайна.Тады маёр Батурын гнеўна кінуў прама ў вочы генералу: "Ідзіце за мною!" Раніцаю 19 красавіка не больш за чатыры сотні чалавек пакінулі горад, які ператварыўся для іх у сапраўднае пекла. Гэта былі апошнія манёўры Ігельстрома. Неўзабаве паспяшаў яму загад ехаць у свае інфляндскія вёскі, а справы перадаць генералу Івану ( Гансу-Генрыху ) Ферзену, які яшчэ ў 1788 г. заслужыў у царыцы пахвальную характарыстыку:"Герой, з часам будзе падпоркаю дзяржаве". Цяпер Кацярыне "падпорка" спатрэбілася. * * *
У ноч з 22 на 23 красавіка паўстала сталіца Вялікага княства. Начальнік Віленскага гарнізона генерал Арсеннеў быў закаханы ў панначку і нават слухаць не хацеў тых, хто яму ўводзіў у вушы пра набліжэнне бяды. Таму ён толькі пасмяяўся з ліста гетмана Шымана Касакоўскага. Гетман спяшаўся ў Вільню і ледзь не загінуў у дарозе, калі ягоны экіпаж пайшоў пад лёд. А як даехаў, то патрапіў на свой уласны суд, дзе рэвалюцыйны трыбунал палічыў яго за здрадніка і прысудзіў для ягомасці шыбеніцу, на якой напісалі:"Хто павінен вісець - не ўтопіцца". Уладу ў горадзе ўзяла Вышэйшая літоўская рада на чале з палкоўнікам Якубам Ясінскім. 4 мая ён звярнуўся да суайчыннікаў і запатрабаваў ад мясцовых уладаў збіраць сілы на барацьбу, якая можа скончыцца толькі тады, калі апошні чужынскі жаўнер пакіне Літву. Рада выправіла да Касцюшкі Юзафа Кацела, а той не пашкадаваў чарнаты, каб падаць Ясінскага ў самым благім свеце. Каб не дазволіць умацавацца самаўладдзю "дэмагога і тэрарыста", найвышэйшы Начальнік загадаў падзяліць вайсковую ўладу ў Літве. Ясінскі палічыў гэта за асабістую абразу і напісаў рапарт на звальненне з пасады. Як слушна заўважыў польскі гісторык Х. Масціцкі, адстаўка Ясінскага моцна пашкодзіла справе і паскорыла заняпад паўстання, бо ягоныя пераемнікі - Міхаіл Вяльгорскі, потым Станіслаў Макраноўскі - былі вайскоўцамі няздольнымі, пазбаўленымі ініцыятывы, энергіі, талентаў, патрэбных для перамог. "Літва! Слаўная змаганнем і грамадзянскасцю, доўга нешчаслівая ад здрады сваіх сыноў, абяцаю стаць сярод вас з удзячнасцю за давер ваш да мяне..."Гэтыя словы-папрок належаць Касцюшку. Горкія словы, але й справядлівыя, бо не можа мець шчасця айчына, якою гандлююць яе дзеці... Аднак сёлета край абудзіўся. Кіпіць "бунтаўшчыцкая Літва", насычаная "зборышчамі віленскіх мяцежнікаў". Князь Сяргей Галіцын налічыў "да дзесяці тысяч усякай сволачы". Непакоіцца стары фельдмаршал Румянцаў - Задунайскі, кіраўнік усімі расійскімі ўзброенымі сіламі ў польскай кампаніі. "Цэлая зямля змагаецца супраць нас", - скардзіцца ён у лісце. Вясною-летам на беларускіх землях адбыліся бітвы паўстанцаў з царскімі войскамі каля вёсак Паляны (7 мая), Ліпнішкі (27 мая), Солы (26 чэрвеня), Замосце (2 жніўня). У чэрвені і жніўні граф Міхал Клеафаст Агінскі са сваімі уланамі прайшоўся рэйдамі па Беларусі і на падтрымку Вільні. Аднак пятля ўжо зацягвалася. І 12 жніўня расійскія аддзелы пазаймалі сталіцу Вялікага княства. На падтрымку Польшчы разлічваць не прыходзілася. Пасля моцнай паразы ля мястэчка Шчакаціны (6 чэрвеня), Касцюшка быў вымушаны адступіць да Варшавы і адбівацца на ўсе бакі. 8 чэрвеня Заёнчык, заатакаваны рускімі генераламі Загражскім і Дэрфельдэнам, мусіў перайсці Віслу. А праз тыдзень прусакі ўзялі "калыску рэвалюцыі" Кракаў. Касцюшка вырашыў усялякім чынам утрымаць Варшаву ад аблогі. Фрыдрых-Вільгельм II Прускі каля двух месяцаў беспаспяхова трымаў у блакадзе польскую сталіцу, пакуль, на пачатку верасня, не вырашыў адысці да сваіх межаў. Расійскім войскам таксама выйшаў загад размяшчацца па кватэрах. Польская кампанія мусіла на гэтым скончыцца. ...І тут з’явіўся Сувораў са сваімі "цуда - волатамі".
* * *
Мы не будзем ламаць коп’і над тэмаю, кім быў Аляксандр Сувораў для Беларусі: жандарам, катам ці вызваліцелем і абаронцам. Да ягонай асобы ў нас іншы інтарэс. Ягоныя дзівацтвы весялілі ўвесь кацярынінскі двор, шмат хто кпіў над штукарствамі Суворава. Ён здаваўся вялікім арыгіналам, калі спаў на саломе, еў і піў стрымана, а з кабетамі паводзіў сябе вельмі асцярожна, нават прызнаваўся: "Жанчыны кіруюць гэтаю краінаю, як і паўсюдна... я баяўся іх..." Усё гэта ў вачах "света" было ненармальна, супярэчыла этыкету, тагачаснай маралі. Толькі ў ролі камедыянта, блазня, Сувораў меў шанц ужыцца ў гэтым асяродку і зрабіць сабе кар’еру. Аднойчы ён сказаў: "Каб дамагчыся нечага, трэба цярплівым быць, як раганосец". І насіў на твары маску прасцячка, каб не мець зайздроснікаў. Але зайздрасць - вечназялёнае дрэва, што квітнее на дрэнным полі і без па-ліву. Сувораў - слуга. Разумны, хітры, таленавіты, але слуга. Ён выхаваны ў свеце, дзе лепей быць ланцужным сабакам і кідацца, і рваць воўчую скуру, чым самому ў той скуры апынуцца.
Гэта было, як маланка на ўсё неба. * * *
30 верасня Касцюшка прыбыў у Гародню. На радзе было вырашана прыпыніць супраціў у Літве, які ўжо не меў вялікага сэнсу. Паўстанцы адыходзілі на абарону Варшавы. Начальнік таксама вярнуўся ў сталіцу, дзе 5 кастрычніка атрымаў звесткі, што войска Івана Ферзена апынулася ля Мацяёвіц, на правым беразе Віслы. Гэта з’яўлялася прамою пагрозаю для Варшавы. Касцюшка рушыў насустрач расійцам. Пад яго кіраўніцтвам было 9000 ваяроў, яшчэ тры з паловай павінен быў прывесці Адам Панінскі, але апошні "спазніўся". Спазніўся, бо не хацеў паспець. Да чатырох тысяч паўстанцаў заплацілі сваімі жыццямі за гэтую здраду. 1952 жаўнеры, 115 афіцэраў і генералы Серакоўскі, Камінскі, Князевіч патрапілі ў палон. Не пазбег гэтага і сам Касцюшка. У беспрытомнасці, шмат разоў паранены, абрабаваны казакамі, Начальнік быў пазнаны і перанесены ў намёт Ферзена, дзе тэрмінова атрымаў лекарскую дапамогу. Ферзен небеспадстаўна чакаў, што за злаўленне "галоўнага польскага бунтара" яго шчодра ўзнагародзяць. Мацяёвіцкая бітва, якая адбылася 10 кастрычніка, вырашыла канчатковы лёс паўстання. Шлях на Варшаву быў адкрыты. Хутка Ферзен злучыўся з Суворавым. Аб’яднаная армія падышла да варшаўскага прадмесця - Прагі. 4 лістапада ў неба ўзвіліся ракеты. Зараўлі гарматы. Расійскія палкі рушылі на пражскія ўмацаванні. "Каб уявіць карціну жудасці штурму...трэба быць ягоным відавочцам, - сведчыць удзельнік гэтай сатанінскай бойні Леў Энгельгардт. - Да самай Віслы на кожным кроку былі навалены кучы целаў забітых і паміраючых: воінаў, жыхароў, жыдоў, манахаў, жанчын і дзяцей. Ад жаху замірала сэрца і глядзець было брыдка на такое ганьбішча". Праз шэсць гадзін усё было скончана, для многіх - назаўсёды. На валах і ў Вісле загінула каля 15000 абаронцаў Прагі, яшчэ 15000 трапілі ў палон. Расійцы страцілі забітымі 580 чалавек. Што за дзіўны бой, у якім абаронцаў гіне ў 30 РАЗОЎ БОЛЕЙ, чым тых, хто ідзе на штурм?! І гэта не прыпіскі - недапіскі нейкіх штабных кручковых. Гляньце зноў разам з Энгельгардтам на бастыёны Прагі і берагі Віслы. Вам будзе зразумела, над кім так шыкоўна святкавалася перамога. Хрысціянскі звычай загадвае аддаваць нябожчыкаў зямлі без глуму. "Жадаючы перамагчы палякаў жахамі вайны", хрысталюбец Сувораў забітых і тапельцаў хаваць не дазволіў. І наступным днём дэпутаты з Варшавы "ішлі ў стаўку расійскага ваенаначальніка па кучах целаў". Так апісвае гэтыя падзеі біёграф Суворава Дзмітрый Бантыш-Каменскі. Палкаводзец дэманстраваў сваю "міралюбнасць": скінуў перад дэпутатамі шаблю і выгукнуў: "Мір, цішыня, спакой!"Аднак калі тыя пачалі прасіць восем дзён на роздум, рэзка перапыніў: "Ні хвіліны!" 7 лістапада ад караля Аўгуста прыехаў граф Патоцкі, каб дазнацца пра ўмовы капітуляцыі, на гэтае Сувораў адказаў: "З Польшчаю у нас вайны няма". Аднак як вымаўляецца мілагучна: увесь гэты час - з сакавіка да лістапада - НЕ БЫЛО ВАЙНЫ! І калі далей Сувораў дадаваў, што толькі знішчаў натоўпы "мяцежнікаў", ён хітра блытаў Касцюшкаўскае паўстанне з Пугачоўшчынаю... У той самы дзень камандуючы даслаў Кацярыне радасную навіну: "Ура! Варшава наша!" Царыца адгукнулася яму ў тон: "Ура! Фельдмаршал Сувораў!" Такім чынам ваенаначальнік апярэдзіў адразу дзевяцёх генерал-аншэфаў, якія перад ім стаялі ў чарзе за фельдмаршальскім жазлом. Гэтую падзею ён адсвяткаваў вельмі па-сувораўску: загадаў паставіць у ЦАРКВЕ дзевяць крэслаў і па-заліхвацку скакаў праз іх!
* * *
Баларусь зрабілася "трафеем" царскай арміі. Вайскоўцы, што паклалі край пад ногі Кацярыны, чакалі, калі на іх пальецца залаты дождж. Яны не памыліліся. І шмат хто дачакаўся ўзнагарод. Але зноўку вернемся да ўспамінаў Льва Энгельгардта. Мы даем ім веру, бо аўтар сам быў сведкам і ўдзельнікам згаданых падзей. Яго нельга лічыць заўзятым прыхільнікам "польскай рэвалюцыі". Аднак ён з’яўляўся сапраўдным салдатам і не лічыў за гонар зневажаць мужнага праціўніка. Нарэшце, ён быў проста сумленным чалавекам. І гэта галоўнае, паколькі быць сумленным не заўсёды бывае проста... Пад час вайсковых дзеянняў Энгельгардт аднойчы апынуўся каля нейкага ўніяцкага манастыра, у якім захоўваліся чатыры гарматкі (з іх стралялі ў царкоўныя святы). Спадарожнік Энгельгардта прапанаваў рухацца хутчэй, "каб ніхто не вырашыў, што мы збіраемся прыпісаць сабе гонар захопу гэтай "страшэннай батарэі". "Але ўявіце сабе маё здзіўленне, - абураецца Энгельгардт, - Калі я пабачыў у рэляцыі, што тую батарэю ўзяў маёр Шапялёў, за што атрымаў георгіеўскі крыж. Як абразліва начальству рабіць гэткае злоўжыванне і няславіць такі паважаны ордэн! На няшчасце, гэта быў не адзіны выпадак. Людзі дастойныя і сапраўды заслужаныя заставаліся без падзякі, паколькі не хацелі рабіць подласці, а самахвалы і гадкія падлізнікі абсыпаліся пашанаю..." Амаль праз год, у кастрычніку 1795 года, кароль Станіслаў Аўгуст падпісаўся пад адрачэннем. Расійская імператрыца, што некалі дапамагла яму надзець карону, цяпер сама яе і скінула. Па іроніі лёсу здарылася гэта на дзень святой Кацярыны...Няшчасны Панятоўскі стаў вязнем. Падцвердзіліся словы нейкага дасціпніка:"У Раіі баба за караля, а ў нас кароль за бабу..."Панятоўскага пад аховаю павезлі ў Пецярбург. Коні хутка неслі ягоны экіпаж па землях Расійскай імперыі. Яшчэ зусім нядаўна гэта былі абшары Рэчы Паспалітай, а ён сам быў каралём гэтых абшараў. Лёс паспалітае дзяржавы быў вырашаны канчаткова. Аднак даволі лёгка перасунуць памежныя слупы. Значна цяжэй выцягнуць з гісторыі цэлыя старонкі, каб не разарвалася "повязь часоў". Анатоль Бензярук |