Адгукнулася мінулае словам-успамінам
(рэпартаж з адкрыцця мемарыяльнай капліцы ў памяць аб загінуўшых у Крупчыцкай бітве 1794 года)
210 гадоў назад – 17 верасня 1794 года – блізу сённяшняй вёскі Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна, на Вялікім Крупчыцкім полі адбылася самая значная на беларускіх землях бітва часоў паўстання, узначаленага нацыянальным героем Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі Андрэем Тадэушам Банавентурай Касцюшкам, ад роду – Сяхновіцкім.
Зышліся ў той дзень у крывавай сечы 26 палкоў. 16 тысяч адважных ваяроў вялі пад сваімі ўладнымі далонямі ў немінучае супрацьстаянне генералы Караль Серакоўскі ды Аляксандр Сувораў.
Гэтыя мясціны сталі ўжо часткаю сусветнай гісторыі. Бо тут вырашаўся лёс усёй нашай краіны, усёй Еўропы, у сэрцы якой жыла і жыве дагэтуль Беларусь – славутая зямля пад белымі крыламі.
За гадзіну да поўдня 23 верасня 2004 года на тым месцы, дзе некалі быў вялікі бой, распачалася ганаровая цырымонія адкрыцця і асвячэння цудоўнай капліцы.
Наваколлі быццам напоўніліся і патанулі ва ўзнёслых гуках шляхетнай музыкі, блізкай тым часам, калі біліся пад Крупчыцамі ваяры. Раптоўна чароўныя і няспешныя крокі паланеза абрываюцца нарастаючым грукатам барабанаў. І трывожная, бы ўсподых агнявіцы, нота гучыць, як фон словам:
Успыхнулі лясы, лугі, бы свечы.
Схіснуліся адразу ваяры.
На дыбу ўзышлі вялікай сечы.
І мір вайною стаўся пакалечан...
І ўстаў знявечаны, прастрэлены Усход.
А супраць – Захад, ранены карцеччу...
... І сонца – яркі і гарачы яблык –
Кацілася над гэтаю бядой,
Разбуджанай гарматнаю гульнёй,
Казацкай шабляй,
Точаным клінком,
Адзінай куляй,
Кінутай у яго...
Гэтыя словы сімвалізавалі моцны, бязлітасны бой і ахвярных байцоў, якія гінулі 210 гадоў назад. А ўслед – высока, гожа ўзняслася над полем у выкананні мужчынскага ансамбля "Каларыт", якім кіруе Мікалай Зіноўеў, песня "Было ў салдата два полі". Як яе словы клаліся на рэчаіснасць! Адное поле – поле працы і жыцця, другое – поле вайны і гібелі, але гібелі дзеля выратавання Айчыны...
І ўсплеск музыкі ўзняў да неба новую хвалю пачуццяў. Паколькі ўсім прысутным раптам падалося, што на нейкую хвіліну яны самыя зрабіліся сведкамі Крупчыцкага бою. Усіх тых дзесяці гадзін, калі набухалі крывёю берагі Трасцяніцы.
 | 
23 верасня 2004 г., в. Чыжэўшчына, цырымонія адкрыцця і асвячэння капліцы
|
...А калі патухла дзённае сонца. І ўзышоў месяц сярповы, стаміліся рукі салдат ад ваеннага жніва. І прыйшлі жанчыны ды манахі, каб узняць забітых, каб загоіць раны знявечаных...
На гэтых словах да капліцы няспешна, абараняючы ад ветру полымя ў сваіх далонях, накіраваліся дзяўчаты са свечкамі.
Калі агеньчыкі з чыстых дзявочых рук зазіхацелі на прыступках капліцы, яны прыгожа па-беларуску, па-польску і па-руску звяртаюцца да загінулых ваяроў. І быццам рэха адгукаецца: "Слава Вам навечна!" – "Чэсьць Вашэй паменці!!" – "Слава погибшим бойцам!" А надалей пачынаецца самая ўрачыстая частка цырыманіялу. Слова даецца старшыні Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта Мікалаю Токару. У сваёй прамове ён падкрэслівае,што ў шэрагах ваяроў 1794 года былі хрысціяне, мусульмане, іудзеі. І сённяшняе значнае мерапрыемства прызвана прымірыць іх душы між сабою. А нашую памяць перад гісторыяй. Каб больш ніколі насенне варожасці не ўзрасло на гэтым полі. І ўвенчвае капліцу цудоўны крыж нябеснай заступніцы Беларусі Ефрасінні Полацкай. Крыж, які прысутнічае як у праваслаўнай, так і ў каталіцкай царкоўнай традыцыі. Надалей свае словы ўдзячнасці героям слаўных касцюшкаўскіх часоў прамаўляюць намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык, поль-скі консул Аліна Чарняўска, ваенны камісар Жабінкаўскага раёна Сяргей Ненартовіч. Пасля ягонага выступлення, згодна старадаўняй воінскай традыцыі, памяць загінулых байцоў 1794 года ўшаноўваюць салдаты-абаронцы сённяшняй незалежнай Беларусі. Яны моцна і чынна праходзяць да помніка, ускладаюць пад стрэлы салюта вялікую гірлянду з жывога ядлоўца. А потым настае пранізлівая хвіліна маўчання. І людзі сярод гэтай цішыні, быццам углядваюцца ў твары герояў былых часоў, тых ваяроў, што адчайна смела пакрыжоўвалі свае шаблі з варожымі... Эпагеем цырыманіялу стала асвячэнне помніка-капліцы, якое здзейсніў настаяцель мясцовага Чыжэўшчынскага храма айцец Анатоль. Ён благаслаўляў зямлю і людзей, што паклалі свае жыцці дзеля свабоды і незалежнасці Айчыны. І як узнёсла загучалі ў гэты момант словы беларускага пісьменніка Расціслава Бензерука, выбітыя на плітах:
Памолімся: хай Бог грахі даруе
І тым, хто па-геройску лёг у бітве,
І тым, хто ісціну
па-свойму перайначваў,
І тым, хто сёння на зямлі жыве!
А побач са словамі верша – пералічаны ўсе тыя палкі, што зышліся ў памятны дзень 17 верасня на Крупчыцкім вайсковым полі. Ім у гонар і ў шанаванне – жывыя кветкі ад удзячных нашчадкаў. Бо Памяць нашая вяртаецца нарэшце з глухога забыцця.
* Надпісы на Крупчыцкай капліцы (архітэктар С.Я. Кандрацюк).
З фронту: "За нашу і вашу волю" 17 верасня 1794 года. КРУПЧЫЦЫ. Найвялікшая бітва часоў касцюшкаўскага паўстання на землях Беларусі.
Злева: РЭЧПАСПАЛІТЫЯ ПАЛКІ І АДДЗЕЛЫ (генерал Караль Серакоўскі). 3-ці і 4-ты палкі пярэдняй стражы літоўскай, Драгічынскі, Літоўскі, Гарадзенскі палкі, 5-ты пяхотны аддзел, 2-я Пінская брыгада, Каронная гвардыя, Берасцейскі батальён, Кобрынскія стральцы, Берасцейская і Драгічынская павятовыя міліцыі.
Справа: РАСІЙСКІЯ ПАЛКІ І АДДЗЕЛЫ (генерал Аляксандр Сувораў). Альвіапольскі, Чарнігаўскі, Кінбурнскі, Ражскі, Марыупальскі, Александрыйскі, Маларасійскі, Азоўскі, Херсонскі, Пераяслаўскі, Смаленскі, Глухаўскі палкі, 2-і і 3-ці Беларускія, 2-і і 7-ы Ліфляндскія батальёны.
На апошняй пліце, умацаванай ззаду, змешчаны пад выяваю Божай Маці ўжо згаданыя радкі Расціслава Мацвеевіча Бензерука, якія з’яўляюцца завершаннем верша “Канец легенды".
Да гэтага патрэбна яшчэ дадаць пералік асобаў, без чыёй дапамогі і актыўнага ўдзелу Крупчыцкая капліца не з’явілася б на нашай зямлі. Хочацца выказаць ім удзячнасць, паколькі ў гісторыю найчасцей трапляюць разбуральнікі, чым стваральнікі. І гэта адзіная несправядлівасць, якую дапускае гісторыя.
Таму назавём імёны.
Мы дзякуем спадарам Леаніду Несцерчуку – за ідэю і настойлівасць у яе ажыццяўленні; Сяргею Мартысюку, Аляксандру Калядзе і Мікалаю Токару – за прыхільнасць да гістарычнага мінулага і фінансавую падтрымку; Сцяпану Кандрацюку – за цудоўны праект і справу, за якую перажываў душой і сэрцам; Паўлу Волаху – за ўвасабленне ідэі і праекта ў жыццё; Юрыю Кадолічу – за сумленныя адносіны да справы.
Яшчэ ўдзячныя словы дорым Вользе Гардзейчык, Васілісе Каралец, Аляксею Гарбацюку, Мікалаю Зіноўеву, Алегу Храмцову і ўсім тым, дзякуючы каму адкрыццё і асвячэнне капліцы адбылося чынна і прыгожа.
І, нарэшце, асабліва цёплыя словы прамаўляем у гонар спадарыні Святланы Іванаўны Майсейчык – за слова, дадзенае аднойчы, і стрыманае, а таксама за асабістую ўвагу і прыхільнасць.
Анатоль Бензярук
|