Скрыжаванні лёсаў
Што можа быць лепш Гісторыі, калі яна чытаецца займальней за самы цікавы раман? Часам хітраспляценні лёсу аб’ядноўваюць людзей і падзеі неверагодным чынам. І тады раптам пачынае нараджацца сумненне: ці то легенда зрабілася сапраўднасцю, ці то быль пераўтварылася ў паданне? Героі нашага аповяду даўно зышлі ў зямлю, лёсы іх склаліся, надпісы на іх дамавінах вынішчылі час, людзі, войны. Але не ўсе сляды іх зямнога жыцця параслі быллём. Нешта дажыло да нашых дзён. Навошта? Каб мы данішчылі? Ці каб у памяці захавалі?...
"Міністр Францыі,
віноўнік рэвалюцыі 1830 года"
Каталіцкія Каляды 1899 года выдарыліся надзвычай суровымі. Вялікія снежныя завеі перакрывалі знакамітую Маскоўска-Варшаўскую шашу, інакш званую проста "Варшаўкаю".
Менавіта ў гэты час - такі неспрыяльны для падарожнага - ля колішняй Крупчыцкай паштовай станцыі прыпыніліся сані. З іх лёгка саскочыў афіцэр і накіраваўся да станцыйнай каморы - шукаць наглядчыка.
Крупчыцкая станцыя, на якой калісьці меў начлег сам расійскі імператар Аляксандр I1, цяпер перажывала не лепшыя свае часы: з пабудоваю ў 40-я гады "Варшаўкі", яна апынулася ў баку ад галоўнага шляху і паціху прыходзіла ў заняпад, дажывала свой нядоўгі век.
З падарожнай незнаёмца вынікала, што ён быў капітанам 2-га Брэст-Літоўскага фартыфікацыйнага пяхотнага батальёна. Даверанасць палкоўніка генеральнага штаба Барысава дазваляла капітану, якога клікалі Філіпам Казіміравічам Харкевічам, займацца нейкім дзіўным вышукам: распытваць тутэйшых жыхароў пра падзеі, якія мелі месца адбывацца тут... сто гадоў назад! Разам з Харкевічам прыехаў ягоны сябар штабс-капітан Высоцкі, "узброены" фатаграфічным апаратам. Паноў афіцэраў цікавіла ўсё, што тычылася Крупчыцкай бітвы 6(17) верасня 1794 года. Яны збіраліся занатаваць успаміны тубыльцаў пра тыя старадаўнія падзеі і скласці фотаальбом "Сувораўскіх палёў бітваў". Крупчыцкія сяляне правялі капітана Харкевіча да месца, дзе быццам ляжаў "міністр Францыі, віноўнік ліпеньскай рэвалюцыі 1830 года". Даследчык пабачыў рэшткі цэментнага помніка на магіле чалавека, які знайшоў сабе прытулак і вечны пакой "далёка ад сваёй слаўнай радзімы". На пліце яшчэ можна было прачытаць прозвішча памёрлага - Polignac (Паліньяк)...
З заўвагі рэдакцыі "Варшаўскага ваеннага часопіса", якая ўзялася выдаваць працу Філіпа Харкевіча, вынікала, што на нашай зямлі сканаў ніхто іншы, як Агюст Жуль Арман Мары дэ Паліньяк (1780-1847) - асабісты сябар і міністр караля Карла Х, той самы Паліньяк, які сваімі непапулярнымі мерамі выклікаў так званыя "тры славутыя дні", калі ўвесь Парыж у імгненне вока быў перагароджаны барыкадамі. Той самы Паліньяк, з-за якога Аляксандр Пушкін праспорыў Пятру Вяземскаму бутэльку шампанскага. Паэт сцвярджаў, што міністра абавязкова пакараюць смерцю, але ў Паліньяка толькі забралі чыны, узнагароды ды ўвязнілі ў турму. Таму 2 студзеня 1831 года Пушкін адпісаў сябру: "Днямі буду ў цябе, з задавальненнем прывязу і шампанскае - цешуся, што бутэлька ад мяне. З Паліньякам я памірыўся".
Але сенсацыі не адбылося. Князь Агюст дэ Паліньяк ніякага дачынення да Беларусі не меў.
Аднак пытанне, якое з’явілася нечакана, заставалася нявырашаным: хто ж быў пахаваны ў Крупчыцах?
Крупчыцкі Паліньяк
У горадзе Адэсе павагай, гонарам і славай карыстаецца француз Арман Эманюэль дзю Плесі дэ Рышэльё (1766-1822), які шмат зрабіў, каб гэты чарнаморскі горад расквітнеў. У 1805-1814 гадах герцаг Рышэльё быў на генерал-губернатарстве Наваросіі, меў шматлікія валоданні на поўдні імперыі. (Дарэчы, менавіта ў ягоным доме ў Гурзуфе жыла сям’я дзекабрыста Раеўскага. Тут прыпыняўся Аляксандр Пушкін. Над гэтым агромністым домам-замкам у свой час падцвіліў і Мураўёў-Апостал: "Замак гэты даказуе, ... што самы вытанчаны добры чалавек можа мець такі дрэнны густ у архітэктуры").  Царква Мікалая Цудатворца (1867) ў в. Азяты
| Але ж досвед і імпэт Армана Рышэльё зрабілі вельмі шмат для Адэсы. Шаноўнаму іншаземцу ўдзячныя адэсіты нават збудавалі помнік, які любоўна клічуць Дзюкам ("Герцагам").
Прычына, якая вымусіла і Рышэльё, і Паліньяка пакінуць родныя межы, - аднолькавая. Калі напрыканцы XVIII стагоддзя ў Францыі выбухнула Вялікая буржуазная рэвалюцыя і над галовамі арыстакратаў узвілася жахлівая гільяціна, прадстаўнікі шматлікіх дваранскіх сем’яў, блізкія да каралеўскага двара, вымушаны былі шукаць паратунку ад якабінскага тэрору на эміграцыі.
Менавіта пасля гэтых падзей у нашых мясцінах з’явіўся малады граф Луі Арман дэ Паліньяк (1779-1832), сын Луі Эркюля Мельхіёра Армана дэ Паліньяка, пасла ў Швейцарыі.
Калі напрыканцы 1795 года з еўрапейскай карты была вынішчана ўся Рэч Паспалітая, разабраная паміж мацнейшымі суседнімі дзяржавамі, расійская імператрыца Кацярына ІІ пачала шчодра раздорваць беларускія землі і сялян сваім прыхільнікам. Сярод агромністага рэестра, які сведчыў аб вялізнай удзячначці самадзержацы, можна знайсці наступныя радкі: "... перадаць былому каралеўскай французскай службы генерал-дырэктару пошт Дзюку дэ Паліньяку - 1933 душы /мужчынскага і жаночага полу. - А.Б./ у Брэсцкай эканоміі, у Азяцкім і Востраўскім ключах". На думку брэсцкага краязнаўцы А. Ільіна, гэтым неназваным па імені дзюкам (герцагам) з’яўляўся Жуль Франсуа дэ Паліньяк (1745-1817), былы пасол у Аўстрыі, які з дзецьмі і братамі пераехаў у межы Расійскай імперыі. Ён быў сводным братам Луі, якому, хутчэй за ўсё, і адпісаў Азяты з Востравам.
Азяты, якія дасталіся ў валоданне французу, зваліся Вялікімі і Каралеўскімі, бо на працягу шмат стагоддзяў гэты маёнтак уваходзіў у склад каралеўскіх земляў. Розныя каранаваныя асобы надавалі Азяты ў пажыццёвае карыстанне свім служэбнікам. Гэтая традыцыя цягнулася ад часоў вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога, які першым 27 студзеня 1516 года выдаў прывілей на Азяты сваёму служэбніку Сідару Гайку. Так і пераходзіў маёнтак з рук у рукі да Гайкаў, Звераў, Сумарокаў, Пясецкіх, Сакалінскіх, Дуніных-Раецкіх, Бжастоўскіх і Нестаровічаў, пакуль Кацярына Вялікая не адпісала Азяты Вялікія Дзюку дэ Паліньяку, а той у сваю чаргу не перадаў гэтыя берасцейскія валоданні Луі. Такім чынам, герцаг Жуль Паліньяк зрабіўся дванаццатым дваранінам, які ўзяў пад сваю руку Азяты, а ягоны зводны брат стаў трынаццатым уладарам гэтых мясцін. Новага азяцкага і востраўскага ўладальніка хутка перахрысцілі ў Людовіка Іракліевіча. У сваіх беларускіх маёнтках ён, здаецца, вёў бы жыццё бесклапотнае, пераклаўшы ўсе абавязкі па гаспадарцы на плечы ўпраўляючых, калі б не надарыўся 1812 год.
Набліжэнне Вялікай французскай арміі нічога добрага не абяцала французскаму эмігранту. Ратуючыся ад напалеонаўскага нашэсця, ён паспяшыў за адступаючымі расійскімі войскамі - на Усход. Дзесьці на дарогах гэтай вайны Людовік Іракліевіч сустрэўся са сваім братам Эркюлем.
"Надта забаўны чалавек"
Поўнае імя малодшага Паліньяка было Агюст Габрыэль Эркюль, але ў Расіі яго хутка перайначылі ў Іраклія Іракліевіча.
Ён нарадзіўся 2 жніўня 1788 года ў Манпелье. Хлопчыку споўнілася толькі сем гадоў, калі фельдмаршал Аляксандр Сувораў-Рымнікскі залічыў яго ў склад Стараінгерманландскага палка. (Мімаходзь заўважым, што менавіта ў 1795 годзе Сувораў і старэйшы Паліньяк сталі суседзямі па сваіх берасцейскіх уладаннях: француз, як мы ўжо бачылі, атрымаў ад Кацярыны ІІ Азяты, Востраў, а Сувораў уступіў у валоданне Кобрынскім Ключом з 6922 душамі мужчынскага полу ў прыдачу).
Праз два месяцы Паліньяк быў зроблены ад’ютантам камандзіра Шлісельбургскага пяхотнага палка, але да месца службы не з’явіўся, за што быў выключаны са спісаў.
Сапраўдную службу ў чыне паручніка Паўлаўскага грэнадзёрскага палка малады француз распачаў з 1803 года. А першае баявое хрышчэнне Іраклій Паліньяк атрымаў у аўстра-руска-французскіх войнах 1805-1807 гадоў. На заканчэнні гэтай сваёй першай вайсковай кампаніі малады афіцэр дачакаўся і першай значнай узнагароды: 30 лістапада 1807 года грудзі ягоныя ўпрыгожыў Залаты Крыж. У лістападзе 1811 года ў званні капітана ён быў пераведзены ў славуты Літоўскі полк і прыняў пад сваю каманду першую роту.
Улетку 1812 года маладому афіцэру споўнілася 24 гады - той самы цудоўны час у жыцці чалавека, калі кожнаму салдату мроіцца маршальскае жазло ў заплечніку.
Іраклій Паліньяк быў адчайна смелы і ў бітвах не хаваўся за спіны сваіх ваяроў. Пад Барадзіном ён атрымаў кантузію галавы. За гэты бой быў узнагароджаны ордэнам Ганны 1-ай ступені з дыяментамі.
На пачатку 1813 года Іраклій Іракліевіч зрабіўся палкоўнікам, а наступным годам стаў камандзірам Апшаронскага пяхотнага палка. Палкоўнік Паліньяк удзельнічаў у замежных паходах расійскай арміі, біўся на палях пад Люцэнам, Баўцэнам, Дрэздэнам, Кульмам, Лейпцыгам, быў яшчэ раз паранены і зноў узнагароджаны /ордэнам Уладзіміра 3 ступені/. Паліньяк вярнуўся на радзіму - у Францыю - у якасці пераможцы Напалеона, пад рускімі сцягамі.
У 1818 годзе палкоўнік Паліньяк звольніўся са службы. Хутчэй за ўсё гэты ягоны крок быў звязаны са шлюбам на Клацільдзе /Лізавеце Карлаўне/ Бетці-Пеці дэ Вэйр’ер.
Маладая сям’я пераехала ў Гродзенскую губерню. Людовік Іракліевіч ветліва прыняў брата і ягоную жонку ў Азятах і Востраве. Тут 7 ліпеня 1820 года ў Паліньякаў нарадзіўся сын Аляксандр. Пятага дня немаўля было ахрышчана ў мясцовым Крупчыцкім кармеліцкім касцёле. Неўзабаве ягоны бацька вырашыў зноў прасіцца на службу, але Паліньякаў рапарт імператар Аляксандр І пакінуў без усялякай увагі.
У такіх абставінах Іраклій Іракліевіч бліжэй знаёміцца з будучымі дзекабрыстамі. Ён і раней шмат з кім быў у добрых стасунках. З маёрам Мікалаем Лорэрам Паліньяка аб’ядноўвалі служба ў Літоўскім палку, 1812 год і замежныя паходы. А палкоўнік Васіль Львавіч Давыдаў (таксама ўдзельнік антынапалеонаўскіх кампаній) прыходзіўся французу "праяцелем і амаль сваяком". Яшчэ шмат з кім Іраклій Іракліевіч сустракаўся на вялікасвецкіх імпрэзах, баляваннях, прыёмах. Таму не дзіва, што на сваім допыце дзекабрыст Уладзімір Ліхароў даў графу Паліньяку характарыстыку прыстойнага, ветлівага, "надта забаўнага чалавека".
Са сведчанняў арыштаваных Сяргея Мураўёва-Апостала, Міхаіла Бястужава-Руміна і Аляксея Юшнеўскага вынікае, што ў 1824 годзе Іраклій Іракліевіч быў урачыста прыняты ў тайнае Паўднёвае таварыства. Планавалася, што граф, які ў хуткасці збіраўся ва Францыю, перадасць нейкія звесткі пра развіццё падзей у расійскіх землях засакрэчаным французскім арганізацыям (такім чынам напярэдадні выступлення дзекабрысты хацелі заручыцца падтрамкаю за межамі імперыі).
У поспех гэтай місіі Васіль Давыдаў не верыў ад самага пачатку, хоць менавіта ў ягоным доме ў вёсцы Каменка, якая месцілася ў Чыгірынскім павеце Кіеўскай губерні, граф Паліньяк далучыўся да дзекабрысцкай суполкі. Прыём новай асобы ажыццяўляў сам галава Паўднёвага таварыства палкоўнік Павел Песцель, які ўзнёсла распавядаў графу пра поспехі асветы ў Расіі, пра магутнасць рэвалюцыйных арганізацый, пра магчымасць пераўтварэнняў у краіне без крывавых разборак французскай рэвалюцыі. У доме Давыдава Паліньяк пазнаёміўся з выняткамі "Рускай праўды", распрацаванай Песцелем. Гэты рукапісны экзэмпляр быў выкананы на французскай мове Сяргеем Мураўёвым, "які па-французску разумеў нават лепш, чым па-руску"2. Цікавая акалічнасць: Паліньяк кватэраваў у тым самым доме, дзе да яго прыпыняўся Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. (Паэт двойчы прыязджаў у Каменку між 1820 і 1822 гадамі. Тут яго сябры жартаўліва прымалі ў Тайнае таварыства, тут Пушкін паставіў апошнюю кропку ў "Каўказскім палонным"). Таму ў час прыбывання Іраклія Паліньяка ў доме Давыдава ўсё яшчэ жыло ўспамінамі аб вялікім паэце, усе помнілі ягоны ўзрыўны характар, натхненне і імпэт, памяталі, як днямі-начамі, схіліўшыся над більярдным сталом, па якім былі рассыпаны паперы, Пушкін безадрыўна пісаў, пісаў, пісаў. І вершамі сваімі ствараў бессмяротную гісторыю рускай літаратуры...
Напрыканцы 1824 года Іраклій Паліньяк з жонкай і сынам накіраваліся ў Францыю. Але ніякай рэальнай дапамогі расійскім рэвалюцыянерам за мяжой граф аказаць не змог.
Праз год, 14 снежня 1825 года, тыя, каго гісторыя пазней назаве дзекабрыстамі, выйшлі на Сенацкую плошчу... А далей лёс, як вецер лісце, расцерушыў іх: каго на вісельню, каго на катаргу, каго ў астрог ці пад кулі каўказцаў...
Нашчадак маскоўскага цара
Людовік Паліньяк сустрэў 1826 год у цяжкім стане. Даўгі, натуральна, гнулі яго да зямлі. Ён перастаў выязджаць у свет, падоўгу сядзеў у Азятах, рабіў спробы адбіцца ад крэдытораў, спрачаўся за землі з суседнім старасельскім памешчыкам Антонам Лангам, распутваў старыя грашовыя справы, якія мучылі, што хвароба.
Каб хоць трохі палепшыць становішча, Людовік Іракліевіч вымушаны быў звярнуцца па дапамогу да двараніна Віталіса Пятровіча Шуйскага, якому перадаверыў усю гаспадарку ("як чалавеку выпрабаванаму ім праз шматлікія гады ў добрым сумленні").
Віталіс Шуйскі (1793-1849), які сам сябе называў князем, асоба вельмі цікавая. Нейкая сапраўдная іронія лёсу звязала гэтага чалавека не толькі з маёнткам Азяты, дзе ён жыў з маленства, але і з імем маскоўскага цара часоў "Смуты" пачатку XVII стагоддзя Васілём IV Іванавічам Шуйскім (цараваў у 1606-1610 гады). Як вядома, цар Васіль быў скінуты з трона масквічамі і памёр праз два гады ў польскім палоне.
 Васіль Шуйскі
| Некаторыя ягоныя родзічы раздзялілі лёс гаспадара, частка Шуйскіх была вывезена ў Літву-Беларусь, атрымала на Берасцейшчыне землі, была прынята за роўную тутэйшым дваранствам і нават атрымала ад мясцовай шляхты свой уласны дваранскі герб. (Можа каму гэта надасца неверагодным, але беларускія Шуйскія карысталіся ў якасці свайго знака "Пагоняй"!)3.
Гісторык і этнограф XIX стагоддзя Адам Кікор на старонках "Жывапіснай Расіі" пісаў: "У Кобрынскім павеце... да гэтых часоў жывуць князі Шуйскія, нашчадкі маскоўскіх баяраў, але ўжо каталікі па споведзі. Адзін з Шуйскіх, які ехаў з царом Васілём Іванавічам Шуйскім у Варшаву, захварэў у дарозе і потым зусім пасяліўся ў Літве. Ад ягоных нашчадкаў пайшоў род літоўскіх князёў Шуйскіх"4.
Віталіс Шуйскі быў са збяднелай галіны ўслаўленай радзіны. Ягоны бацька Пётр служыў у паспалітым войску. Сам Віталіс вымушаны быў з маленства знаходзіцца пры двары Паліньяка: спачатку ў якасці пісарчука, потым зрабіўся ўпраўляючым усіх графскіх земляў.
12 чэрвеня 1831 года Людовік Паліньяк заняў у Віталіса 2000 рублёў серабром. Ад гэтага часу граф павінен быў перадаверыць усе справы ў Азятах і Востраве сваёму ўпраўляючаму.
Стары француз яшчэ меў надзею расплаціцца з ім, каб вярнуць свой Востраў, "згублены сярод палескіх балотаў". Аднак 28 студзеня 1832 года Паліньяк раптоўна памёр у Азятах. Праз тры дні цела яго было аддадзена зямлі на крупчыцкіх могілках.
Азяцкі Ключ нябожчык адпісаў сваёму пляменніку Аляксандру. Кобрынская дваранская апека з-за адсутнасці нашчадка, які ахвотней жыў у Парыжы, чым дбаў пра свае беларускія маёнткі, перадала кіраванне спадчынай апякунскаму савету. У склад савета ўваходзілі тутэйшыя памешчыкі Станіслаў Ягмін, Павел Шмятоўскі, Іван Дзяконскі і Віталіс Шуйскі.
Мінула сем гадоў. 5 кастрычніка 1839 года Аляксандр дэ Паліньяк разам з бацькам Іракліем прыехаў з Францыі, каб уступіць у паўнапраўнае валоданне Азятамі і Востравам. Але малады парыжанін не меў ніякага жадання станавіцца вясковым памешчыкам. Калі ён азнаёміўся са справамі, то хутка аформіў патрэбныя на продаж дакументы і, атрымаўшы грошы, выехаў з Азят, каб больш ніколі сюды не вяртацца.
З цягам часу забыліся пра французскіх эмігрантаў і мясцовыя жыхары.
Былыя апекуны раскупілі землі Паліньякаў. Віталіс Шуйскі прыдбаў Востраў. У 1845 годзе ён ажаніўся на суседняй памешчыцы Эміліі Бельскай. Брат нявесты, кобрынскі павятовы суддзя, абяцаў даць у пасаг 3000 рублёў серабром, але тых грошай Шуйскі так і не дачакаўся.
22 снежня 1847 года ў Востраве нарадзіўся сын Віталіса Шуйскага, якому пры хрышчэнні далі адразу тры імя - Віталіс Пётр Ігнацій (1847-1860). І ў гэты самы час Шуйскі-старэйшы апынуўся "пад каўпаком" сакрэтнай паліцыі. Царская ахранка занадта старанна вышуквала "сляды ўсялякіх змоваў" у нашым краі. Па даручэнні гродзенскага грамадзянскага губернатара справай Віталіса Шуйскага заняўся сакратар губернскай канцылярыі Развадоўскі. Апошні правёў вельмі стараннае следства: распытаў сялян, эканома, нават улез у ліставанне Шуйскага з родзічамі і знаёмымі. "Кампрамату", аднак, не хапіла. З рапарта пана Развадоўскага вырысоўваўся вобраз чалавека ціхага, бязвольнага, нават бесхарактарнага, "пра якога ўсе ў адзін голас гавораць толькі добрае".
І ўсё ж прадчуванні ўлад не былі зусім дарэмнымі. Пасля таго, як згасла кобрынская галіна радзіны Шуйскіх, нечакана "крамола" і "бунт" супраць расійскага самадзержца з’явіліся ў Востраве...
Новы востраўскі гаспадар
20 лютага 1860 года на крупчыцкіх могілках мясцовы ксёндз Іаан адпеў цела дванаццацігадовага Віталіса Пятра Ігнація. Хлопчык, над магілаю якога самкнулася зямля у той студзёны ранак, быў нашчадкам у ХХХ (трыццатым) калене вялікага і легендарнага Рурыка, заснавальніка старажытнай Рускай дзяржавы. Гісторыя быццам нягучна перагарнула яшчэ адну са сваіх шматлікіх старонак, а снег хутка прыцерушыў маленькі помнічак на магіле некалі вялікага роду. Пасля берасцейскіх Шуйскіх не заставалася прамых нашчадкаў. Таму ўладанні іх былі падзелены між далёкімі сваякамі.
Улетку 1862 года востраўскія сяляне віталі свайго новага ўладальніка. Яму было 36 гадоў. Афіцэр, удзельнік самых жорсткіх баёў Крымскай вайны, ён меў тонкія рысы твару, высокі лоб, густыя бровы, шыкоўныя чорныя вусы. Ягоны позірк амаль заўсёды заставаўся спакойным, разважлівым, трохі іранічным. Ладная вайсковая выпраўка нікуды не знікла, толькі пераапрануўся адстаўны падпалкоўнік расійскіх войскаў у элегантны цывільны касцюм, гальштук-"бабачку" ды рагавыя круглыя акуляры...  Рамуальд Траўгут
|  Эліза Ажэшка
|
Клікалі навага востраўскага гаспадара Рамуальдам Людвікавічам Траўгутам (1826-1864).
Ён нарадзіўся 4(16) студзеня 1826 года ў вёсачцы Шастакова сучаснага Камянецкага раёна ў сям’і Людвіка і Алаізы Траўгутаў. Рана (у двухгадовым узросце) страціў маці, таму сапраўднаю выхавацелькаю хлопчыка зрабілася бабуля Юстына Блоцкая. У 1836-1842 гадах малады Траўгут паспяхова займаўся ў знакамітай Свіслацкай гімназіі. А з 1845 года быў залічаны на вайсковую службу ў 3-і сапёрны батальён.
Узімку 1849 года з радзімы прыспешыла горкая навіна: у родным доме памёр стары бацька. Людвік Якубавіч не паспеў вырашыць усе свае маёмасныя спрэчкі. Таму цяжар іх пераклаўся на сынавы плечы. Малады Траўгут даведаўся, што памешчык Карл Ігнатавіч Нарбут быў даўжніком ягонай сям’і. Нарбут трымаў за сабою маёнткі Шпіталі і Сенькавічы (цяпер у Жабінкаўскім раёне). Каб пакрыць доўг, суд прымусіў К. Нарбута перадаць Р. Траўгуту восем сялян. Кожная сялянская "душа" была ацэнена ў 105 рублёў серабром. Калі былі вырашаны ўсе фармальнасці па спадчыне, малады прапаршчык накіраваўся ў свой сапёрны батальён.
Як слушна адзначыў даследчык Барыс Клейн у сваім гістарычным абразку "Слава пераможаным!": "Траўгут выбраў вайсковую службу. Але яна ўсё далей выносіла яго ў вадаварот падзей, ператварыла ў інструмент чужой жорсткай волі. Адразу пасля вяртання з водпуску малады афіцэр у складзе сваёй часці павінен быў выступіць на падаўленне венгерскай рэвалюцыі..."
Пасля той кампаніі Траўгут зрабіўся падпаручнікам. У наступнай, Крымскай вайне ён вызначыўся як таленавіты і смелы вайсковец. З 1857 года быў пераведзены ў Санкт-Пецярбург - у Корпус ваенных інжынераў, дзе атрымаў званне капітана. Траўгута цікавілі прыборы, што маглі выклікаць выбухі мін на адлегласці. З вялікай ахвотай ён наведваў лекцыі па фізіцы і электратэхніцы знакамітага Эмілія Ленца (1804-1865).
Побач з гэтымі поспехамі ў службе і навучанні цяжкімі выпрабаваннямі для Траўгута сталі смерці блізкіх яму людзей: жонкі, дзяцей, бабулі. У лютым 1860 года Рамуальд Людвікавіч даведаўся пра смерць малодшага Віталіса Шуйскага. Бацька апошняга быў братам Юстыны Блоцкай, роднай Траўгутавай бабулі. Таму Рамуальд зрабіўся адным са спадкаемцаў Вострава.
Аднак уступіць у поўныя правы маёнткам Траўгут змог толькі з 1862 года, а да гэтага нейкі час бавіў у Кобрыне, у вядомым "Доміку Суворава". Дарэчы, гэты дамок імя атрымаў выпадкова. Дзякуючы нейкаму непаразуменню "Дом Суворава" ў людской традыцыі стаў атаясамляцца з імем расійскага палкаводца. Хоць той мешкаў у іншай частцы Кобрына, і ад сапраўднага "Дома Суворава" цяпер не засталося і следу. (У Кобрынскім парку любы экскурсавод з ахвотаю пакажа месца, дзе некалі той стаяў). А памяшканне, якое цяпер займае музей, прысвечаны генералісімусу, па праву павінна было звацца "Домікам Траўгута". Нельга таксама не звярнуць увагу на цікавы лёс Сувораўскіх валоданняў у Кобрыне. Пасля смерці военачальніка яны адышлі ягонаму сыну Аркадзю Аляксандравічу, які прадаў Кобрынскі Ключ 7 мая 1808 года маёру Густаву Гельвігу. У 1858 годзе спадчыннікі Гельвіга вымушаны былі канчаткова адмовіцца ад гэтых валоданняў на карысць прафесара Аляксандра Міцкевіча, роднага брата вялікага паэта Адама Міцкевіча. Прыгожае пахаванне прафесара і цяпер захоўваецца не мясцовых могілках. Амаль побач з ім ляжаць і апошнія прадстаўнікі роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, таксама ўладароў часткі Кобрынскага Ключа.
Відаць, пасля адстаўкі Рамуальд Траўгут марыў зажыць у цішы і спакоі, гадаваць сваіх дзяцей, працаваць у навуцы, якая займала ўсе ягоныя думкі. У адным з пакоеў востраўскай сядзібы Траўгут уладкаваў сапраўдную лабараторыю з чатырма электрычнымі машынамі.
 Дом Рамуальда Траўгута ў Кобрыне сёння завецца "Домам Суворава"
| Падзеі, аднак, не далі яму ціхага жыцця. "Ён, унук паўстанца 1794 года, які заслужыў за храбрасць пахвалу Тадэвуша Касцюшкі, знаёміцца з жанчынай, чыё імя штодзённа напамінала пра гераічнае мінулае, - пісаў Б. Клейн. - Антаніна Касцюшка, нашчадак вялікага бунтара, стала жонкай Рамуальда Траўгута якраз тады, калі ён набліжаўся да самых крутых паваротаў свайго жыцця."
1863 год высвеціў усе таленты Р. Траўгута. Пра адчайна смелага кіраўніка Кобрынскага паўстанцкага атрада напісана ўжо шмат. Пра ягоныя перамогі і паражэнні. У ліпені, пасля шэрагу няўдачных баёў, Рамуальд Людвікавіч распусціў атрад, а сам, паранены, знайшоў прытулак у маёнтку Людзвінава (сучаснага Драгічынскага раёна). Гаспадыня маёнтка Эліза Ажэшка (1841-1910) даўно супрацоўнічала з атрадам, перадавала паўстанцам патрэбныя звесткі. Пазней, будучы ўжо вядомай пісьменніцай, яна лічыла гэтыя падзеі сваім жыццёвым універсітэтам, які выхаваў і абудзіў у ёй прагу пісьменніцтва. (Часам лёс пакрыжоўвае людзей самым незвычайным чынам: айчым Элізы Ажэшкі Канстанцін Відацкі з’яўляўся... родным сынам Яна Відацкага - уладара Крупчыцаў, што гасцінна прымаў у сябе імператара Аляксандра Паўлавіча). З дапамогай пані Элізы Рамуальд Траўгут дабраўся да Варшавы, дзе ўзначаліў штаб паўстання. Яму хапіла волі і мужнасці, каб праняць уладу над збройным чынам у цяжкі час. Ён рабіў адчайныя спробы ўзмацніць і ўпарадкаваць сілы, што заставаліся яшчэ пад ягоным началам. Але ўсе асноўныя бітвы былі ўжо прайграныя. І галоўны пройгрыш - быў згублены давер народа. Сяляне не падтрымалі "шляхецкі рух", а царскае золата (ці то сярэбранікі) шмат каму засляплялі вочы: былі выпадкі, калі сяляне гналі кіямі ды косамі галодных, змучаных інсургентаў, лавілі і здавалі іх вайскова-палявым судам...
У хуткасці Рамуальда Траўгута арыштавалі ў Варшаве. Яго апошнім жаданнем было развітацца з роднымі. Але суддзі адмовілі яму і ў гэтым. 24 ліпеня 1864 года разам з чатырма сваімі паплечнікамі паўстанцкі генерал быў павешаны.
Сустрэча перад развітаннем
Сённяшняе лета зноў спякотнае. Пыл і пыл. Толькі раптам кране зямлю лёгкі дожджык, рэдзенькі, як валасы дзіцяці. І адразу гэтыя пырскі знікаюць...
Я зноў еду ў Крупчыцы. Але няма ўжо такой вёскі на Жабінкаўшчыне. Цяпер завецца яна Чыжэўшчынаю. Амаль усё змянілася тут з часоў Паліньякаў, Шуйскіх ды Траўгутаў...
Раптам на ўзбочыне каля новага ФАПа кідаецца ў вочы нешта, што прымушае прыпыніцца. Падобна на перакулены магільны помнік, зарослы травой... Гэта незвычайна!!! Я адразу і не ўцяміў, што на помніку напісана па-польску:
Віталіс
Шуйскі
Памёр
1 чэрвеня
1849 года
гадоў 56
Кола быццам замкнулася... На скрыжаваннях дарог людзі спрадвеку ладзілі крыжы. На скрыжаваннях лёсаў усіх тых, пра каго наш расказ, - гэты забыты, загублены помнік...
Цяпер можна ставіць кропку.
Ці шматкроп’е?..
 Павалены помнік В. Шуйскаму ў Чыжэўшчыне (канец ліпеня 1994 г.).Бачна выява герба з Георгіем Пераможцам; у 2004 г. умураваны ў Крупчыцкую капліцу, прысвечаную загінулым байцам 1794 г. Фота Анатоля Бензерука
1 Больш падрабязна пра наведанне Крупчыц расійскім самадзержцам распавядае артыкул "З гісторыі Крупчыц". (Заўвага аўтара).
2 Заўвага да следчай справы дзекабрыста ад 1826 года. Дарэчы, да вайны 1812 года расійскае дваранства цалкам было франкамоўным. І нават у турмах дзекабрысты перастукваліся па-французску. (Заўвага аўтара).
3 Інфармацыю гэту падае гербоўнік XVIII стагоддзя Каспара Нясецкага, апошнія Шуйскія, дакладна, ужывалі ўжо за герб выяву Георгія Пераможцы, вельмі падобную на "Пагоню". (Заўвага аўтара).
4 Патрэбна ўдакладненне: першыя Шуйскія з’явіліся на Берасцейшчыне значна раней расійскай "Смуты". Але А. Кіркор, магчыма, пра гэта і не ведаў. (Заўвага аўтара).
Анатоль Бензярук
|