Нашчадкі Апалона

Глава 1, у якой Каменны Паліньяк
з усмешкаю паглядае на стагоддзі

   Калі ў нас раней нядобрае зычылі, то казалі: "Хай жа табе камяні на Крэўскі замак катаць!" - бо ведалі, з якіх крывавых мазалёў нараджаюцца грозныя фартэцыі.

   Падобныя праклёны ведаюць і французы...

   Каменны замак Паліньяк нават цяпер глядзіцца моцным сведкам-пераможцам над вякамі. Цвердзь узнялася на скале - быццам востры зуб убіўся ў неба.

Апалон Бельведэрскі. Сярэдзіна IV ст. да н. э.
Апалон Бельведэрскі.
Сярэдзіна IV ст. да н. э.

Аблокі цапляюцца за данжон, а восеньскі вецер сіпіць у байніцах. І Каменны Паліньяк фанабэрыста звысок пазірае на краявіды. Гэтак, можа, сярэднявечы рыцар са свайго сядла глядзеў на згібелага перад ім селяніна...

   Скала, што зрабілася пастаментам замка, утварылася сотні тысяч гадоў назад ад неўтаймаванага дзеяння вулкана: у дагістарычныя часы ён раззявіў сваё жарло, і зямля раступілася, апаленая магутнай вогненай лавай.

   Мінулі стагоддзі. Рымляне - стваральнікі тагачаснай "сусветнай" дзяржавы - на вулканічнай платформе заснавалі паселішча, прысвечанае богу Апалону, - АПАЛІНІЯКУМ.

   Апалон увасобліваў самое Сонца. Тое Сонца, што праз цяпло і свет надае жыццё. І тое Сонца, што ў бязлітасную спёку нішчыць пасевы, сушыць у попел зямлю - пазбаўляе жыцця...

   Эліны, здатныя ў прыгожым мастацтве, і рымляне, грозныя на вайне, свята верылі ў прароцтвы Апалона. Таму звалі яго Кіраўніком Лёсаў, Заступнікам і Лекарам Душы. Слава аб цудоўным капішчы Апалона ў гальскай зямлі хутка разляцелася па ўсім Міжземнамор’і. У 45 годзе нашай эры, каб даведацца тайны будучага, Апалініякум наведаў сам імператар Клаўдзій. Белы камень з доўгім надпісам сведчыць пра сустрэчу Ціберыя Клаўдзія Цэзара Аўгуста, уладара зямлі, з нябесным бажаством.

   Рымскі імператар насіў імя Аўгуста - і памятаў, як ягоны папярэднік Аўгуст тросся ад жаху і пад белай тунікай заўжды насіў жалезны панцыр. Імператар назваўся Цэзарам - і да смерці згадаў, як аднаго Цэзара зарэзалі ў Сенаце, а другога - ва ўласным палацы. (Клаўдзій бачыў гэты смяротны ўдар, схаваны за парцьеру). Ён быў Ціберыем - і ведаў, як іншага Ціберыя прыдушыў раб у сне...

   ...Як варажыць на будучыню? Дастаткова ў раскрытую пашчу грывастага аракула Апалона ўкласці сваю пісьмовую просьбу, і той выдасць прароцтвы.

   Што прасіў Клаўдзій? Мы не падслухоўвалі. Але, відаць, шчасця, пра што любы смяротны просіць.

   Што рыкнуў у адказ медны бог? Не маўчалі ягоныя вусны, але імператар пакінуў Апалініякум у трывозе. Хутка яго напаткала смерць ад атруты...

   І доўга яшчэ аракул прадракаў беды-няшчасці, а калі ён змоўк - зніклі рымскія легіёны, як знікла і дзяржава, якую яны баранілі.

   Надышло сярэднявечча. І на месцы колішняга Апалініякума паўстаў Каменны Паліньяк.

   Сеньёры з Паліньяка, як кожны паважаючы сябе род, выводзілі пачаткі свае ажно з ІV стагоддзя нашай эры. Продкам сваім лічылі ГАЯ СОЛІЯ МАДЭСТА АПАЛІНАРЫЯ СІДОНІЯ (430-483/485). Гэты паважаны чалавек паходзіў з гальскай арыстакратычнай сям’і, пісаў узнёсла-манерныя вершыкі (як было прынята ў модзе таго часу), зрабіўся зяцем рымскага імператара Авіта, якому прысвячаў свае творы. Адзін з наступнікаў Авіта зрабіў паэта граданачальнікам Вечнага Горада і надзяліў патрыцыянствам. У рэшце рэшт Апалінарый Сідоній, у імені якога выразна гучала памяць пра Апалона, стаў біскупам Арверна - аракулам новай, хрысціянскай веры.

Глава 2, у якой Паліньякі сваволяць

   Паўторымся: надышло сярэднявечча, якое не зусім заслужана клічуць "цёмным" і "змрочным". Лепш усё ж сярэднія вякі зваць стракатымі, настолькі вылучаліся яны сваімі колерамі, зусім не толькі шэрымі і чорнымі. Менавіта тады нараджалася наша сучасная Еўропа. І што паробіш, калі нараджалася яна ў спрэчках?..

   У чарадзе шматлікіх баронаў-разбойнікаў, якія карысталіся поўнай вольніцай у тыя не самыя мірныя часы, Паліньякі не з’яўляліся нечым адметным: рабаўніцтвам на сярэднявечых дарогах займаліся асобы і больш важныя.

Chateau de Polignac (Haute-Loire) - вось ён, Каменны Паліньяк!
Chateau de Polignac (Haute-Loire) - вось ён, Каменны Паліньяк!
Сучасны выгляд

Прыкладам, кароль Людовік VI, якога храністы за вялікае чэрава абазвалі Тоўстым, а за ваяўнічасць - Задзірыстым, не цураўся выходзіць на вялікую дарогу, каб уладкаваць свае фінансавыя праблемы. А паколькі праблем год ад году не меншыла, дык і выхады былі занадта рэгулярнымі. Таму і не дзіўна, што такі прыклад свайго сеньёра натхніў ягоных шматлікіх васалаў.

   Для свайго наваколля Паліньякі пакінулі глыбокія зарубкі на памяць. Актыўна захоплівалі, рабавалі і збівалі ў чорны яблык усіх, хто меў неасцярожнасць ісці-ехаць міма іх логава.

   У ХІІ стагоддзі асабліва "праславіўся" ў гэтай справе ПОНС ПАЛІНЬЯК, які нішчыў без разбору прахожых ды праезджых. Прычым, увогуле не зважаў, хто перад ім: сялянскі каўпак, баронскі шышак ці папоўская хламіда.

   Паміж 1158 і 1163 гадамі суседнія з Паліньякамі епіскапы дэ Пюі Понс ІІ ды Пьер ІV не на жарт устрывожыліся: ручаёк прыбыткаў, які цёк у іх кішэні ад збору дзесяціны, раптам перасох. Святары спрабавалі весці барацьбу з гэтым ліхвярствам. Драпежныя паводзіны сеньёраў з Паліньяка нахабна абіралі царкоўную скарбонку. У літаральным сэнсе слова прыйшоў час біць у званы. І Пьер ІV накіраваў слёзную скаргу ў Парыж. Богалюбівы кароль Людовік VІІ азваўся надзвычай аператыўна.

   Вядома, вайна заўсёды была апошнім довадам каралёў. (Для Людовіка яна была і першым довадам). Хутка ягонае войска дзідамі і мячамі пагрукала ў вароты Каменнага Паліньяка.

   Кароль рашуча запатрабаваў ад Паліньякаў прынесці клятву на тое, што яны прыпыняць свае горныя засады. Людовік ушчуваў, а Паліньякі кляліся. Аднак як толькі каралеўскае войска скіравалася на поўнач, хцівыя бароны адразу забыліся на свае крыжацалаванні і зноў вярнуліся да свайго звыклага "горнага промыслу".

   Рассерджаны кароль вярнуўся, аблажыў замак, паланіў Паліньякаў, забраў незгаворлівых мяцежнікаў з сабою ў Парыж, а ў цвердзі размясціў каралеўскі гарнізон.

   Гэтак Паліньякі ўпершыню (хоць і не па сваёй волі) апынуліся пры двары. І трэба сказаць: гэтае жыццё ім хутка спадабалася.

Глава 3, у якой Нашчадкі Апалона заваёўваюць
Парыж, Пюі, Рым і Варшаву

   Аднак мінуў пэўны час, пакуль прышчэпленая галіна Паліньякава радавога дрэва прыжылася ў сталіцы.1 І толькі ў ХVІІ стагоддзі на ёй пачалі з’яўляцца па-сапраўднаму моцныя плады.

   У часы шэвалье д’Артаньяна кожны амбітны правінцыял жадаў "пакарыць Парыж", каб ператварыць свайго канька "невядомай масці" ў шыкоўнага скакуна і на ім узляцець на Алімп улады.

   У маркіза АРМАНА ДЭ ПАЛІНЬЯКА (каля 1630-1692) было двое сыноў. Жыццёвыя ролі для іх бацька разлажыў згодна традыцыі, прынятай у асяродку вяльможнага дваранства: старэйшаму - меч і плашч, малодшаму - посах і сутана.

Мельхіёр дэ Паліньяк, кардынал і паэта
Мельхіёр дэ Паліньяк, кардынал і паэта

Іншымі словамі, СЦЫПІЁНУ СІДОНУ АПАЛІНЭРУ ГАСПАРУ, віконту ДЭ ПАЛІНЬЯКУ (? - 1739) была прызначана вайсковая дарога, а яго меншаму брату - шлях абата.

   Першанец,сярод імёнаў якога вылучаліся Сцыпіён (у гонар вялікага военачальніка) і Сідон Апалінэр (у гонар вялікага продка), са сваёй задачай справіўся бліскуча. Даслужыўся не толькі да генеральства, але і вярнуўся ў Пюі, што некалі гэтак нядобра паставіўся да ягоных продкаў, у званні каралеўскага намесніка.

   Братаву славу прыўмножыў МЕЛЬХІЁР ДЭ ПАЛІНЬЯК (1661-1742), якому было наканавана стаць сапраўдным Нашчадкам Апалона - паэтам, "аракулам Францыі", па словах вялікага Вальтэра2.

   Малодшы Паліньяк атрымаў бліскучую адукацыю і падвязаўся на дыпламатычнай службе. Ужо ў 28 гадоў здабыў пахвалу самога папы Аляксандра VІІІ, які быў у захапленні ад маладога дыпламата: "Мне заўсёды падаецца, што Вы падзяляеце мае думкі, але ў канцы канцоў верх бяруць Вашыя".

   Пасля вяртання ў Парыж Паліньяк быў скіраваны з важнай місіяй да караля Рэчы Паспалітай Яна ІІІ Сабескага. І калі праз тры гады польскі трон апусцеў, менавіта Паліньяк распачаў справу аб прыдбанні новай кароны для чарговага французскага прынца.

   Прастол паспалітай дзяржавы заставаўся вакантным цэлы год. Кароль Францыі Людовік XIV, зразумела, падтрымліваў свайго кузена Канці. Расійскі цар Пётр І, у сваю чаргу, вітаў бы за ўладара Літвы і Польшчы саксонскага электара Фрыдрыха Аўгуста. Каб аргументацыя расійскага самадзержца выглядала больш важкаю, да літоўскай мяжы былі падцягнуты 11 тысяч рускіх салдат.

   У гэты час Людовік дасылае Паліньяку ў Варшаву ліст: "Маёмасці, якой валодае ва Францыі мой кузен прынц Канці, дастаткова, каб выканаць усе абавязацельствы, якія Вы возьмеце ад ягонага імя".

   27 чэрвеня 1697 года - стала гістарычным днём. У Варшаве адбыліся выбары, на якіх перамаглі луідоры. Абвесцілі абодвух кандыдатаў. Але важкі ўзнос Мельхіёра Паліньяка ў кішэню прымаса Польшчы кардынала Радзіеўскага перацягнуў шалі на бок француза.

   Час прыспешваў. Канці знаходзіўся ў Версалі. І яму было патрэбна неадкладна ехаць у Варшаву, каб замацаваць дыпламатычны Паліньякаў поспех. Але прынц не спяшаўся. Другі раз у гісторыі француз павінен быў каранавацца ў Польшчы і Літве, аднак Канці ўсё адцягваў падарожжа ў Вільню і Варшаву, мабыць, зважаючы на нядоўгае цараванне пад аховай белага арла і белага конніка Генрыха Валуа.3

   Акрамя таго прынц быў у палоне ... прыгожых ручак сваёй каханкі. Гэта Парыж каштуе месы... А ці Варшава каштуе Версаля?..

   Між тым Мельхіёр Паліньяк не губляў надзеі. Ён выступіў з палымянай прамовай у Сейме, падпісаў дамоўленасці з кардыналам і магнатэрыяй. Паўмільёна ліўраў пайшло на тое, каб гэтыя мерапрыемствы праслізнулі бы па маслу. Столькі намаганняў...

Марыя Ляшчынская, жонка Людовіка XV
Марыя Ляшчынская, жонка Людовіка XV

   ... А Канці ўсё марудзіў.

   Міналі месяцы. Скончылася лета, а прынц усё заставаўся ў межах Францыі.

   Першым не вытрымаў Людовік XIV. 1 верасня ён прызваў да сябе кузена і ўшчуваў яго, як дрэннага вучня. Кароль выдаў для небаракі яшчэ два мільёны і безліч бясплатных саветаў.

   Гісторыя яшчэ не ведала прыкладу, каб нехта гэтак упіраўся рукамі-нагамі, калі яго цягнуць на прастол.

   Атрымаўшы грошы, Франсуа Луі Канці да свайго незадавальнення зразумеў, што непрыемнага падарожжа ў свае новыя ўладанні не пазбегнуць. Паколькі сухапутны шлях праходзіў праз Германію (а гэта было небяспечна, бо саксонец Фрыдрых Аўгуст мог паланіць свайго суперніка), вырашылі плыць морам. І 6 верасня прынц узняўся на палубу карабля знакамітага карсара Жана Барта.4

   Ваяж французскага прынца заняў амаль 20 дзён. Канці меў намер сысці на зямлю ў Гданьску, але гараджане не дазволілі яму гэта зрабіць. Цэлы месяц новы польскі кароль стаяў на марской мяжы сваёй дзяржавы і ў манокль пазіраў на сваіх падданых. Нарэшце, 29 кастрычніка - праз чатыры месяцы пасля свайго абрання - дэ Канці гучна грымнуў дзвярыма. (Хоць лепей было б сказаць: адчаліў па-англійску). Ён дакараў паспаліты люд за негасціннасць, але ў душы толькі радаваўся гэткаму зыходу справы, у якую ён не верыў ад самага пачатку. Надзеі Францыі бачыць на троне Рэчы Паспалітай француза былі перакрэслены раз і назаўсёды.

   Людовік Вялікі - Кароль Сонца, які лічыў сябе гаспадаром усёй Еўропы, палічыў гэта за ўласную абразу. На пернікі атрымалі ўсе ўдзельнікі гэтай трагікамедыі. (Акрамя разявакі Канці). Палякі выплацілі кантрыбуцыю Францыі, быццам прайгралі ёй у вайне. (А хутчэй - вярнулі змарнаваныя на выбары грошы плюс маральную няўстойку самому Людовіку). Асноўны гнеў караля абрынуўся на галаву Паліньяка. Мельхіёра выклікалі ў Версаль, але толькі каб перадаць, што ён адлучаны ад двара і выгнаны кіраваць дробным абацтвам.

   Сярод манаскай цішы былы дыпламат быў вымушаны заняцца філасофіяй і паэзіяй. Ягоная паэма "Анці-Лукрэцый" - завочны спор з Лукрэцыем Карам.

   Паэт пісаў і перапісваў сваю паэму да смерці, але так і не паспеў паставіць у ёй апошнюю кропку...

   У 1704 годзе Мельхіёр дэ Паліньяк быў абраны ў Французскую Акадэмію - стаў "бессмяротным" ужо пры жыцці. Да гэтага часу сцішылася і каралеўская няміласць. Паліньяк зноў вярнуўся ў Версаль, а значыцца, і ў вялікую палітыку. У хуткасці мы можам бачыць яго сярод стваральнікаў Утрэхцкага міра, патрэбнага французам як паветра. Пад час перамоваў з галандцамі слынны дыпламат паказаў свой характар, калі кінуў у твар тым, хто быў з другога боку стала: "Мы тут былі, ёсць і застанемся назаўсёды!"

   Не мінула і года пасля Утрэхту, як Паліньяк нарэшце дачакаўся чырвонай кардынальскай шапачкі. Ужо пасля смерці Людовіка Вялікага ён зрабіўся паўнамоцным прадстаўніком Французскага каралеўства ў Ватыкане. Уезд новага пасла ў Вечны Горад быў абстаўлены з надзвычайнай пампезнасцю. Ён зноў бліскуча выканаў сваю місію і саслужыў добрую службу яшчэ аднаму Канці, які стаў папам Інакенціем XIII.

   Нарэшце, у 1730 годзе Мельхіёр Паліньяк пакінуў справы і вярнуўся на адпачынак у абдымкі муз.

   Смерці кардынал-паэт дачакаўся ў Парыжы. Аднойчы яго знайшлі схіленым над белаю папераю з тонкім пяром ад гускі ў руцэ. Ён быццам спаў... Але заснуў навечна...

Глава 4, у якой некалькі разоў узыходзіць і заходзіць сонца

   У галантным веку Францыя брала прыклад са старажытнасці. А ўся астатняя Еўропа ахвотна пераймала французскія прыдумкі.

   Версаль - пышны, модны, напудраны - стаў залатой вяршыняй пампадурства. Разбэшчаны двор жыў дэвізам: "Апасля нас - хоць патоп!" Балі, паляванні, феерыі масак, велічныя тэатры на сцэне і ў жыцці...

   Паўсюдна - культ спакусы, рэзкі пах парфуму, уладанні Апалона. Ён тут знайшоў прытулак, гэты насмешлівы залаты бог... Ён ужо ляціць на свой Алімп праз Версальскі парк! Кіруе моцнай далоняй чацвёркаю сонечных коней. Яго статуя - частка велічнага фантана, што ў гожы дзень кіпіць струменямі воднага серабра...

Людовік XV
Людовік XV

   Францыя падбірае пад сябе паўсвета. Яе калоніі - на ўсіх кантынентах. Сонца, як раней у Іспанскай імперыі, ніколі не заходзіць над землямі, падуладнымі французам.

   Версальскія насельнікі жывуць, быццам у казцы. Але гэтая бестурботная пастараль хутка скончыцца. І канец у яе будзе нядобры, няказачны...Толькі хто цяпер пры залатым двары Людовікаў дбае пра гэта?

   Вось - у шчодрым ззянні - закацілася сонца Людовіка XIV. Але ўзыходзіць услед ужо сонца Людовіка XV, маладога, набожнага караля-надзеі для змучанай бясконцымі войнамі краіны. Новы ўладар пад руку вядзе да французскага трона маладую сваю жонку - Марыю Ляшчынскую, дачку колішняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава І. За нейкія дзесяць год яна нараджае мужу ажно... дзесяць дзяцей. Кожныя роды прыносяць вялікія пакуты. Але галоўнае - Францыя ўжо больш за шэсць дзесяцігоддзяў чакае нашчадка лілей - каралеўскага дафіна. Аднак толькі чацвёртым дзіцём стаў хлопчык (вядома, Людовік!) - спадзяванне ўсяго сямейства Бурбонаў. А затым з’яўляецца Андрэ - малодшы сын - спадзяванне Ляшчынскіх на працяг іх роду на паспалітым троне.

   Быццам, усё складваецца цудоўна: надзея, памножаная на надзею, павінна прынесці шчасце. Але хутка малодшы сын гіне ад хваробы. А кожныя новыя роды ўсё больш прыносяць Марыі фізічныя і душэўныя пакуты. Аднойчы яна не вытрымлівае: "Ваша Вялікасць, у мяне больш няма сіл увесь час хадзіць чараватаю. Малю Вас - завядзіце каханку!"

   Але ж чаму адну? - па-каралеўску рашае каранаваны юрлівец і заводзіць гарэм! А прыклад манарха - ёсць закон для тых, хто ашываецца пры двары. І вось, кавалеры ўжо змагаюцца за тытулы, грошы і дам, паколькі дамы аддаюць перавагу сеньёрам з гербам на карэтах і золатам у партманетах.

   Хоць і самыя дамы не застаюцца адное толькі размаляванымі прынадамі для хцівых кавалераў. Вось вам прыклад! ДЫЯНА ДЭ ПАЛІНЬЯК выклікала на дуэль сваю суперніцу, якая мела неасцярожную смеласць пераманіць у яе прыгажуна-афіцэра!

   Раней панцырам жанчын быў толькі веер. І шпількі былі іх шаблямі. Цяпер гучыць: "Шпагі ў похвы, мадам, шпагі ў похвы!!!"

   ... Вось і бесклапотнае сонца Людовіка XV скацілася долу.

   Кароль памёр - віват кароль!

   Чарговы Людовік ідзе на царства. І яно абяцае быць доўгім і шчаслівым. ...Калі толькі не напрарочыць нечага медны бог. Калі не зрынецца ў Сену Каменная Бастылія. Ці Каменны Паліньяк не вынішчыць гнеўны вулкан.

Глава 5, у якой карты гавораць праўду

   Карты, некалі прыдуманыя для вар’яцкага караля5, пакладзены на сукно. І гульня распачалася.

   Малады палкоўнік граф ЖУЛЬ ФРАНСУА ДЭ ПАЛІНЬЯК (1745-1817) падняў віновую даму. І выйграў на ёй шалёныя грошы. Але, ахоплены палымяным азартам, не кінуў банкаваць. І ўвечары развітаўся - пусты.6

   Толькі ў жыцці гульня працягваецца. Вось - новая раздача...

   У 1767 годзе палкоўнік працягвае руку ў царкве ІАЛАНЦЕ МАРЦІНЕ ГАБРЫЭЛЕ ПАЛЯСТРОН (1749-1793). Нявеста робіцца дамай ДЭ ПАЛІНЬЯК. І чыя ў тым віна ці варажба, што дама зноў віновая?!

   Гэтая шэрая мышка пакуль рэдкая госця ў Версалі - надта мізэрны яе прыбытак, каб шыкаваць пры двары. Аднак з фартунай сваёй Габрыэля хутка сустрэнецца.

   Аднаго разу на маладую жанчыну звярнула ўвагу Марыя-Антуанета, жонка новага караля Людовіка XVI. (У каралёў заўсёды бракуе сяброў. Лісліўцаў, падхалімаў, каханцаў, нарэшце, - удосталь. Сяброўскае месца - векавечна некаранаванае).

Марыя Антуанета з дзецьмі
Марыя Антуанета з дзецьмі

   Аўстрыячка (гэтак хутка "ўдзячныя" французы пачнуць клікаць сваю гасударыню) здзівілася, калі не пабачыла маладзенькую графіньку на сваім вяселлі. І Габрыэля прызналася, што адзіная перашкода гэтаму - пустая кішэня ў камзоле яе мужа. Каб мацней прывязаць да сябе новую фаварытку, каралева зараз жа пачала выпраўляць несправядлівасці лёсу. На графіню паліўся залаты дождж. Яна робіцца гувернанткай "дзяцей Францыі" - каралеўскіх атожылкаў. Ёй прызначаецца пенсія ў 80000 ліўраў - абсалютны рэкорд сярод прыдворных. І слабенькі Паліньяк, які ўвесь час выглядаў з-за спадніцы жонкі, шпарка пайшоў у гору. У 1780 годзе ён становіцца герцагам. Выйграе зноў на сваёй віновай даме, але ці зможа ў час прыпыніцца?..

   ...А Габрыэля падтрымлівае ўсялякія шаленствы каралевы, нават натхняе яе на скандальныя растраты. У час, калі большасць французаў не ведае, які пах у хлеба, Марыя-Антуанета цярушыць мільёнамі. І набывае ад сваіх падданых сумны тытул "Мадам Дэфіцыт". А ў прыдворных мядовых альковах, у версальскай павуце распаўзаюцца непрыстойныя чуткі, якія аб’ядноўваюць імёны каралевы і яе фаварыткі. І на чале плеткароў - графы Артуаскі і Праванскі - браты караля. Ім ёсць што хаваць.

   Бо ў новым коне гульні граф д’Артуа (будучы Карл Х) і граф дэ Праванс (будучы Людовік ХVIІI) - казырныя валеты.7 Таму гуляюць азартна, з каралеўскім размахам. Першы напладзіў даўгоў на 23 мільёны. Другі - не на шмат у чым адстае. І ўся іх "рызыка" пакрыта за кошт казны.

   Таму з першымі павевамі рэвалюцыйнай буры, усю гэтую кампанію вецер выкінуў за французскія межы. У першы дзень, калі ўжо абрынулася турма Бастылія, а кароль Людовік яшчэ не зразумеў да канца ўсю глыбіню катастрофы, Габрыэля ўжо прадказвала вынікі трагедыі. Манархі малілі і загадвалі сваім верным слугам і сябрам пакінуць краіну. І тыя паехалі прэч, пакінуўшы сваіх уладароў пад ударам.

   Гульня падыходзіла да канца. Толькі замест белага сукна стол пакрылі чырвоным...

   А Томас Карлейль, знакаміты гісторык Французскай рэвалюцыі, з ціхім асуджэннем успамінаў нашых герояў: "Замак Паліньякаў усё яшчэ пагардліва хмурыцца са свайго "дзёрзкага і агромністага кубічнага ўцёса" сярод квітнеючых палёў, апяразаны блакітнымі гарамі Аверні, але ні герцаг, ні герцагіня Паліньяк не глядзяць з ягоных вокнаў: яны збеглі... яны не вернуцца."

Глава 6, у якой лепш памаўчаць

   Яшчэ год назад залатыя лілеі квітнелі на блакіце. Яшчэ год таму горда лунаў белы сцяг каралёў...

   Цяпер Людовік адкажа за ўсё! Толькі ягоная галава скоціцца ў кашолку. Шаснаццаты Людовік, каранаваны як надзея нацыі, дажывае свае дні сярод агульнай нянавісці. Нехта клікаў яго Жаданым, цяпер яго не жадае ніхто. Нават гнеўная Аўстрыячка крычыць яму: "Я лічыла, што пашлюбіла караля, а не буржуа!"

   Некалі мірныя і паслухмяныя падданыя цяпер крычаць яму: "Віва, рэвалюцыя! Далоў тыранаў!" Яны ўжо ў самым палацы: "Каралі ядуць булкі, а мы гінем! У іх ёсць мука, а мы пухнем з голаду. Смерць тыранам!"

   Народ арыштоўвае свайго манарха і абозам цягне яго ў рэвалюцыйны Парыж, які бродзіць, бы цеста ў дзежцы... Гэты хлеб замешаны ў пячы Гісторыі. І хутка нож гільяціны парэжа яго на кавалкі. Бо рэвалюцыя ўжо склала сваю "Марсельезу". І свабода ўжо ўзышла на барыкады. І ўжо ўзведзена лязо гільяціны, як вышняга пакарання.

   ... Белае віно прыгубілі на снеданне, чырвонае віно налілі для вячэры... Гэтак і белы тэрор разліўся чырвоным тэрорам... Жахлівыя карціны братазабойства і прадчуванне грамадзянскай вайны. Вось, што кожнадзённа бачыць Парыж. Вось да чаго прызвычайваецца ўся Францыя...

   І рэвалюцыянеры - не вынаходнікі гільяціны. Яны толькі запусцілі (колькі мажліва) гэтую бязлітасную машыну. Яны яе ўславілі і каранавалі. Яны складалі і спявалі ёй гімны.

"Прыгажун" Эро дэ Сяшэль
"Прыгажун" Эро дэ Сяшэль

   У гільяціны - крывы зуб. Гэта - вялізная сячкарня для галоў. Сам Людовік удасканаліў яе. А якабінцы толькі стварылі яе культ. Вось іх ухваленні...

   Сен-Жуст, здраднік-дваранчык, выпеставаны на пухнатых пярынах, названы Архангелам Смерці: "Святая Гільяціна ў бліскучым дзеянні і дабрадзейны тэрор ствараюць цуды, якія ад розуму і філасофіі прыйшлося б чакаць цэлы век."

   Яму ў тон пяе свае крывавыя песні Пясняр Гільяціны - дэ Вьезак. Не адстае ад іх яшчэ адзін перабежчык - малады Алківіад Рэвалюцыі МАРЫ ЖАН ЭРО ДЭ СЯШЭЛЬ (1759-1794), кузен нашай гераіні Габрыэлі дэ Паліньяк. Ён - адчайная галава! - адным з першых урываецца ў Бастылію, у кампаніі з рознымі пазадкамі кшталту Мэцью Галаварэза - таго, што ўласнаручна адрывае галовы сваім ворагам... Гэта ўжо не прадчуванне грамадзянскай вайны. Грамадства рассечана крывавым нажом на кавалкі. Ужо вайна ўсіх супраць усіх распачалася...

   А кузіна Эро дэ Сяшэля пані Габрыэля, падхопленая моцнай хваляй эміграцыі, бяжыць прэч.

   У Вене яна даведалася аб трагедыі сваіх апекуноў, накіраваных у абдымкі да смерці. Каралеўская сям’я таксама тайна спрабавала бегчы за мяжу. Аднак уцекачы былі пазнаныя. Кажуць, віною таму стаў залаты луідор з профілем няшчаснага Людовіка. Калі сям’я вярталася ў Парыж, яе сустракала жудасная цішыня. Парыжанам было загадана: таго, хто славіць караля, - чакае смерць; таго, хто не паважае караля, - чакае смерць! І ўся дарога да Парыжу пагрузілася ў гэтую бязлітасную цішыню. Людовік скурай сваёй адчуваў гэтую грозную цішыню, якая ашчацінілася супраць яго, нібыта вострыя пікі... Потым быў доўгі брудны суд, які кінуў лілеі пад сякеру.

   Гэтая навіна параніла Габрыэлю. Яшчэ не скончыўся 93-ці год, як былая фаварытка згасла, пайшла ўслед за сваёю каралеваю. Свечку і яе жыцця загасіла рэвалюцыйная бура.

   Схараніўшы жонку аўдавелы Жуль Франсуа вырашыў ехаць яшчэ далей, ад атручанай "рэвалюцыйнай заразай" Францыі. Пад яго апекаю засталіся трое сыноў8 ды яшчэ два малодшых сводных брата, дзеці колішняга пасла ў Швейцарыі графа ЛУІ ЭРКЮЛЯ МЕЛЬХІЁРА АРМАНА ДЭ ПАЛІНЬЯКА (? - 1792).

   Клан Паліньякаў вырашыў шукаць прытулку ў Рэчы Паспалітай. Аднак пакуль герцаг пакаваў рэчы, паспалітая дзяржава згінула з еўрапейскай карты, і напачатку 1795 года Паліньякі перасяклі ўжо межы Расійскай імперыі.9

Глава 7, у якой Паліньякі трапляюць у край "азіятаў"

   Расійская ўладарыня Кацярына Вялікая сталася шчодраю благадзецелькаю для французскіх эмігрантаў. Паліньякі таксама не былі абнесены царскаю ласкаю.

Жонка Напалеона мадам Жазэфіна. Гравюра Гопвуда з 1-й паловы ХІХ ст.
Жонка Напалеона мадам Жазэфіна. Гравюра Гопвуда
з 1-й паловы ХІХ ст.

   Сярод шматлікіх уладанняў, набытых у новай радзіме, Жулю Франсуа дасталіся і нашыя Азяты. Імя сваёй берасцейскай вотчыны герцаг чулліва прамаўляў як "Азіяты" - з асцярожным французскім акцэнтам.

   Аднак у хуткасці парыжанін абраў на сталае жыццё расійскую сталіцу. Таму "азіяцкія" валоданні яго не надта цешылі. У рэшце рэшт Жуль Франсуа перадаў усе правы на Азяты з суседнім Востравам сваёму своднаму брату графу ЛУІ АРМАНУ ДЭ ПАЛІНЬЯКУ (1779 - 1832), які надоўга прыжыўся на памежжы сучасных Жабінкаўскага і Маларыцкага раёнаў Брэсцкай вобласці.10

   Пра лёс Людовіка Іракліевіча, як звалі яго ў Беларусі і Расіі, ужо даволі падрабязна распавядалася намі ў артыкуле "Скрыжаванні лёсаў". Таму адсылаем цікаўнага чытача да той публікацыі, змешчанай у гэтым нумары "Гістарычнай брамы". Там ён зможа падрабязней пазнаёміцца таксама і з жыццяпісам Людовікава брата АГЮСТА ГАБРЫЭЛЯ ЭРКЮЛЯ (ІРАКЛІЯ ІРАКЛІЕВІЧА) ДЭ ПАЛІНЬЯКА (1788 - 1871), удзельніка антынапалеонаўскай вайны, дзекабрыста, які "бунтаваў" за тысячы вёрстаў ад Сенацкай плошчы.

   Гэты апошні пражыў доўгае жыццё - ад Вялікай Французскай рэвалюцыі да Парыжскай Камуны. Неаднойчы гасцяваў у Азятах, дзе ў яго нават нарадзіўся адзін з сыноў - АЛЯКСАНДР ДЭ ПАЛІНЬЯК. Пасля вяртання на радзіму Іраклій Іракліевіч быў прызначаны камендантам каралеўскага палаца ў Фантэнбла. У жніўні 1846 года ён даслужыўся да маршальскага жазла, стаў камандорам ордэна Ганаровага легіёна. А Аляксандр, як народжаны на беларускай зямлі, зрабіўся апошнім з Паліньякаў, што валодаў Азятамі.

   У 1839 годзе ён прадаў усе свае валоданні на Брэстчыне. І назаўсёды з’ехаў са сваёй малой радзімы на радзіму продкаў, якая на той час паспела ўжо перажыць другую рэвалюцыю і шпарка рыхтавалася да трэцяй.

Глава 8, у якой на дапамогу братэрскай любoві
прыходзіць напалеонаўскае каханне

   Увосень 1802 года двое з сыноў герцага Паліньяка АРМАН ЖУЛЬ МАРЫ ЭРКЮЛЬ (1771-1847) і КАМІЛ АНРЫ МЕЛЬХІЁР (1781-1855) неяк непрыкметна перабраліся на туманны Альбіён, бліжэй да радзімы. У галовах маладых арыстакратаў блукалі крамольныя думкі. Ціха, амаль без залішняй мітусні, яны ўзяліся плясці тканіну змовы. І ўсё атрымоўвалася лёгка і лагічна, пакуль ішла лонданская "рэпетыцыя".

    Як толькі гульня была перанесена на сапраўдную сцэну, усё пакацілася як кола з гары. У 1804 годзе Арман і Каміл пераплылі Ла-Манш і адразу падключыліся да змовы, арганізаванай Кададулем, скіраванай сваім вастрыём супраць першага консула Францыі Напалеона Банапарта. Напалеон на той час ужо амаль афіцыйна, не хаваючы сваіх намераў, пачынаў прымерваць на сябе імператарскую карону. Былы рэвалюцыйны генерал "элегантна" паспеў абскакаць усіх палітычных гульцоў і сканцэнтраваў у сваіх руках дастатковую моц, каб з лёгкасцю выявіць і пакараць Кададуля і кампанію. Адным з першых, хто патрапіў у рукі напалеонаўскай паліцыі быў Арман Паліньяк, асуджаны на смерць. Каміл, які душы не чуў у браце, палымяна прасіў суддзей дараваць яму права ўзысці на плаху разам з братам. Толькі дапамога Жазэфіны, жонкі Напалеона, якая ўступілася перад дзяржаўным мужам за братоў-змоўшчыкаў, усмірыла суровы нораў новага імператара французаў. Банапарт дараваў сваю літасць.

   Паліньякі пераходзілі з турмы ў турму. А пасля паражэння Напалеона ў Расіі путы на іх руках настолькі аслаблі, што браты з лёгкасцю змаглі збегчы са сваёй чарговай вязніцы. Хутка іх можна было сустрэць побач з графам Артуа.

   Нарэшце дзень іх вяртання надышоў. У 1814 годзе Бурбоны на чале з Людовікам XVIII прытабарылі ў Парыж. "Веронскі кароль", як доўгі час клікалі гэтага "кaраля эмігрантаў" насмешнікі, ізноў узлез на прастол, вакантны пасля гібелі Людовіка ХVI (быў яшчэ, праўда, адзін эпізод, які зваўся "Людовікам Семнаццатым", але ў таго акрамя імені і нумара больш не было нічога).

   Новы манарх прыхільнасці ад сваіх падданых гэтак і не дачакаўся. Тоўсты, абжорлівы, з хворымі нагамі, амаль прышпілены да крэсла, ён не выклікаў залішняга піетэту, чаму і ўвайшоў у гісторыю з абразлівымі мянушкамі: Груша і Крэсла.

Глава 9, у якой мінаюць Сто дзён

   Гісторыя, якая падаецца часам у ролі лялечніка, намуляла свае пальцы... Хіба ж лёгка бывае кіраваць цацкамі? Дасылаць у бой драўлянага Банапарта з шабелькай, ці садзіць на трон анучнага Бурбона з бразготкамі на галаве.

   У гісторыі свае насмешкі. Яна кідае на край Свету пыхлівага імператара і мяняе яго на таўстуна, здольнага махаць толькі лыжкай.

   Імператар яшчэ спрабаваў спадзявацца на цуда вяртання. Але вярнуўся толькі на Сто дзён, каб потым назусім зысці з гістарычных падмосткаў, абрынутым на полі Ватэрлоа.

   Аднак колькі перасудаў і жахаў выклікала гэтае часовае вяртанне! Як ізноў уздрыгануліся арыстакраты, як зноў рынуліся да аўстрыйскай мяжы... О! Гэты жах яны надоўга цяпер не забудуць, як і словы-прароцтвы аднаго з тых, каму моцна не пашанцавала:"Рыхтуйцеся! Цэзар яшчэ прыйдзе!"

Глава 10, у якой наступаюць вясёлыя дзянькі

   Французская гісторыя ўвогуле ніколі не была журботнаю, але гэтыя тры дні нават самі парыжане празвалі "трыма вясёлымі дзянькамі". І адзін з Паліньякаў спрычыніўся да гэтых падзей самым непасрэдным чынам.

   Пасля канчатковага падзення Напалеона Паліньякі шчыльненька наблізіліся да прыступкаў трону. Ласкаю караля Арман і Каміл зрабіліся брыгаднымі генераламі. А вось сярэдняга іх брата АГЮСТА ЖУЛЯ АРМАНА МАРЫ ДЭ ПАЛІНЬЯКА (1780-1847) чакаў такі высокі ўзлёт, што няхітра было б і галаве закружыцца...

   Пасланы ў Рым з дыпламатычнай місіяй, ён вярнуўся з княжацкім гербам на карэце.11 Неўзабаве новавыпечаны князь зрабіўся пэрам Францыі і перабраўся зноў праз Ла-Манш - паслом у Лондан. Як толькі Паліньякаў дабрадзей граф д’Артуа ператварыўся ў Карла Х, Агюсту была прапанавана пасада першага міністра. Аднак усе разумелі, што прыход да ўлады гэткага кансерватара выкліча цэлую буру ў грамадстве, таму кароль толькі праз пяць гадоў асмеліўся ўручыць сваёму фаварыту партфель міністра замежных спраў, а затым і пасаду прым’ер-міністра. Чым падпісаў сваёй манархіі прысуд...

   Горшага выбару і прыдумаць было немагчыма. Агюсту дэ Паліньяку ад гісторыі дасталася незайздросная роля рэтраграда; чалавека, няздольнага перадухіліць катастрофу, зусім незразумеўшага свой час і памкненні свайго народа. Больш за тое, князь толькі прыспешыў выбух рэвалюцыі, калі паставіў свой квяцісты подпіс пад гэтак званымі арданансамі. Ці разумеў ён тады, што сваімі дзеямі качаткова разбурае старую Францыю, якая спрабавала кіраваць светам, не падымаючыся з крэсла?

   Калі і разумеў сваю бездапаможнасць, дык паламаць свае застарэлыя прынцыпы быў ужо не ў сілах. Як не ў ягонай моцы было ачысціць Парыж ад барыкад, якія ў адну ноч выраслі на вуліцах сталіцы.

   Гэта былі тыя тры ліпеньскія дні 1830 года, якія скінулі трон Карла Х. Тыя "тры слаўныя дні", што назаўжды паслалі на тры вясёлыя літары і караля, і яго двор, і яго бесталентнага першага міністра.

   Скора Парыж і ўся Францыя віталі новага караля Луі-Філіпа. Чарговаму ўладару Паліньякі дэманстратыўна адмовіліся прынесці прысягу, не жадаючы працягваць руку каралю, больш падобнаму на звычайнага буржуа, чым на сапраўднага манарха.

   Паліньякі зноў зведалі смак турэмнага хлеба. Агюст пакінуў сваю вязніцу па амністыі толькі праз сем гадоў, дажываў астатак жыцця ў далечы ад палітычных узрушэнняў, нарадзіў пяць сыноў, у тым ліку ЖУЛЯ АРМАНА ЖАНА МЕЛЬХІЁРА (1817-1890), да якога ў 1847 годзе перайшло права тытулавацца князем, АЛЬФОНСА АРМАНА ШАРЛЯ МАРЫ (1826-1862), артылерыста і паэта адначасова, ЛЮДОВІКА (1827-1904) ды КАМІЛА АРМАНА ЖУЛЯ МАРЫ (1832-1913), найбольш ваяўнічага сярод наступнага пакалення Паліньякаў, які паспеў паваяваць у Крыму, Нікарагуа і Злучаных Штатах, а таксама ЭДМОНА МЕЛЬХІЁРА (1834-1901).

   Па-ранейшаму Нашчадкі Апалона трымаліся сямейных традыцый і нараджалі дыпламатаў, афіцэраў, паэтаў.

Глава 11, у якой мінае сто гадоў

   Мінула сто гадоў...

Глава 12, у якой Паліньякі зноў ля трона і спадніцы

   ХХ стагоддзе не спрыяла ўмацаванню еўрапейскіх манархій. Большасць з іх перажылі глыбокі крызіс, не вытрымалі новых хваляванняў і назаўжды адышлі ў гісторыю.

   Бурбоны, якім доўгі час вераю-праўдаю служылі Паліньякі, усё ж захавалі за сабою некалькі паважаных прастолаў - у Іспаніі і Люксембургу. Акрамя таго, яны ўсё яшчэ не губляюць канчаткова надзеі ўкаранавацца і ў іншых дзяржавах, дзе некалі мелі валоданні. Першаю ў спісе, вядома, стаіць Францыя. Аднак свой шанц вярнуцца сюды на белым кані Бурбоны страцілі яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Краіна, дзе ўжо паспяхова існуе пятая па ліку рэспубліка, зусім не зацікаўлена мяняць трыкалор на залатыя лілеі.

   А вось самым Паліньякам у ХХ стагоддзі выпаў унікальны шанц каранавацца. Адзін з іх настолькі наблізіўся да трона, што нават змяніў сваё славутае прозвішча на яшчэ больш вядомае.

   На самым цудоўным узбярэжжы Міжземнамор’я ўжо стагоддзі шчасліва існуе, быццам прыгожая жамчужына, княства Манака. Старадаўняя невялічкая дзяржава мае доўгія традыцыі, а князь манакскі лічыцца ледзь не багацейшым чалавекам Еўропы і Свету. Ён традыцыйна паходзіць з роду Грымальдзі.

   Аднак у першай чвэрці мінулага стагоддзя перад дробненькай манархіяй узніклі дынастычныя праблемы. Князь Луі ІІ, на якім перарвалася прамая мужчынская галіна роду Грымальдзі, вымушаны быў прызнаць спадчынніцай сваю пазашлюбную дачку Шарлоту Луізу Жульету. 30 мая 1919 года Шарлота афіцыйна была прылучана да дынастыі, а 19 сакавіка наступнага года адбыўся шыкоўны яе шлюб з графам ПЬЕРАМ ДЭ ПАЛІНЬЯКАМ (1895-1964). Пьер зрабіўся герцагам Валенцінуа і прыняў прозвішча Грымальдзі.

   Роўна праз дзевяць месяцаў маладыя падаравалі свету дачку Антуанету. А яшчэ праз тры гады нарадзіўся доўгачаканы спадчыннік княжацкага прастола ЛУІ АНРЫ МАКСАНС БЕРТРАН, якому было наканавана з 1949 года і па сённяшні дзень пад імем РАНЬЕ ІІІ займаць маленькі, але такі багаценькі трон на цёплым узбярэжжы.

   Аднак, калі Ранье было толькі дзесяць гадоў, шлюб яго бацькоў даў адчувальную трэшчыну, настолькі моцную, што ўжо не здолеў захавацца. У выніку чаго Пьер Валенцінуа страціў назаўсёды права звацца Грымальдзі і зноў вярнуў сабе родавае прозвішча Паліньякаў.

   Што зробіш, Нашчадкі Апалона, заўсёды прыхільныя манархам, не заўжды захоўваюць вернасць жанчынам...

Глава 13, у якой прапануецца добра бавіць час

   Даўно ўжо не існуе магілы Паліньяка на беларускай зямлі. Але працягвае жыццё старажытны род, што падараваў Свету шмат значных постацей. Некаторых мы прыгадалі. Некаторыя яшчэ чакаюць сваіх біёграфаў. Далі-бог – дачакаюцца. Паколькі і ў XXI стагоддзі , і ў наступныя вякі будуць нараджацца нашчадкі ў Нашчадкаў Апалона.

   І хіба сённяшнія спадчыннікі традыцый славутай сям’і не пажадаюць, каб нашая гісторыя ніколі не перарвалася? Бо гэта іх гісторыя!

   А чытачу, стомленаму доўгім аповядам, пажадаем аднойчы ў жыцці на ўласныя вочы пабачыць Паліньякаву зямлю, дзе некалі Каменны Паліньяк звысок паглядаў на стагоддзі. Абавязкова напоўніць да краёў кілішак дарагушчага каньяка "Князь Юбэр дэ Паліньяк"12. І згуляць партыю "Паліньяка", дзе не патрэбна баяцца Дам, але пажадана асцерагацца Валетаў.

   І вось толькі тады - услед за Пушкіным - вы зможаце сказаць: "А з Паліньякам я памірыўся".

Анатоль Бензярук

1 У XVI стагоддзі пэўную славу набыла АНТУАНЕТА ДЭ ПАЛІНЬЯК, каханка Карла Ангулемскага, бацькі будучага французскага караля Францыска I. Пані Антуанета таксама нарадзіла "прынцу крыві" дзвюх пазашлюбных дачок Жану і Мадлен. (Заўвага аўтара).
2 У Францыі і цяпер існуе літаратурная прэмія Паліньяка. (Заўвага аўтара).
3 Маюцца на ўвазе падзеі XVI стагоддзя. Абраны ў каралі Рэчы Паспалітай Генрых ужо праз год збег на радзіму, як толькі даведаўся, што вызвалілася французская карона. (Заўвага аўтара)
4 Барт (барада) - ягоная мянушка, якая ўспрымаецца як прозвішча. Гэта адзін з першых у гісторыі піратаў, якому паставілі помнік - у тым самым Дзюнкерку, адкуль ён адплыў з прынцам Канці. (Заўвага аўтара).
5 Ёсць трывалая думка, што карты з’явіліся ў часы Карла VI Вар’яцкага, каб хоць неяк суцешыць ягоны душэўны боль. (Заўвага аўтара).
6 Дарэчы, Паліньякі даравалі сваё імя адной з картачных гульняў. У "Паліньяк" гуляюць утраёх, калодаю з 52 карт, пакуль нехта з гульцоў не набярэ 20 ачкоў са знакам плюс. (Заўвага аўтара).
7 Яшчэ раз – дарэчы: у гульні "Паліньяк" усе непрыемнасці для гульцоў – ад валетаў! (Заўвага аўтара).
8 Ад іх паходзяць існуючыя і цяпер княская, герцагская і графская галіны Паліньякаў. (Заўвага аўтара).
9 Слова "клан" пашыралася і на даволі вялікую світу, якая прыехала разам з Паліньякамі. Амаль усе яны назаўсёды засталіся ў межах імперыі. Прыкладам, у 1839 годзе адзін з першых падарожнікаў па Расіі - "французік з Бардо" са здзіўленнем у Разані сустрэў даму з Паліньякавай світы. Яна выхоўвала "ў лепшых манерах" будучую разанскую губернатаршу. (Заўвага аўтара).
10 Менавіта гэты Нашчадак Апалона перасяліў пад Азяты Фаму Крачкоўскага, бацьку вядомага беларускага і расійскага этногафа і гісторыка Юльяна Фаміча Крачкоўскага (1840-1903).
11 Княжацкую годнасць Агюст атрымаў з рук папы Пія VII 24 мая 1822 г., пазней тытул гэты быў пацверджаны папам Львом XII і прызнаны ў Францыі каралём Людовікам XVII. (Заўвага аўтара).
12 Поўная назва маркі каньяка - "Князь Юбэр дэ Паліньяк" - узята ад імя князя ЮБЭРА МАРЫ АНРЫ ДЭ ПАЛІНЬЯКА (нар. у 1918 годзе), прапраўнука першага князя гэтага імя. (Заўвага аўтара).